|
XXXII Самыя цяжкія і самыя страшныя хвіліны, якіх яшчэ ніколі не перажываў Саўка Мільгун, былі для яго тыя хвіліны, калі выносіў яму свой прысуд дзед Талаш. Калі б дзед Талаш сказаў: "Смерць Саўку!" – то гэта не так уразіла б, як уразілі яго простыя, звычайныя словы суровага, але па істоце добрага, бясхітраснага чалавека: "Ідзі! Ідзі прэч, каб цябе не бачылі мае вочы!" і яго апошняе слова: "Жыві!" Саўка так цяжка змучыўся за час свайго допыту ў засценні польскай контрразведкі і асабліва за той час, калі яго змусілі паказаць дарогу ў лес, каб знайсці страшны салаш, дзе прыпыніўся паўстанцкі атаман са сваім сынам і са сваім таварышам, што ён зусім атупеў і ўжо слаба ўспрымаў усе далейшыя падзеі: неспадзяваны выбух агнёў, страшныя постаці ўзброеных людзей, вынырнуўшых з цемры, і іх мітусенне ў бляску агнёў, суд, залпы расстрэлаў і ўсё іншае. Але гэты момант, калі дзед Талаш зірнуў яму, Саўку, у вочы сваімі цёмнымі вострымі вачыма, і яго словы, даваўшыя Саўку волю і жыццё, – моцна, без краю глыбока патрэслі Саўку. "Ідзі! Ідзі прэч!" I яшчэ, што ўрэзалася ў Саўкаву памяць, – Мартын Рыль, маўклівы і трохі пануры, той самы Мартын, якога важыўся прадаць Саўка войту і яго прыяцелям, падышоў да Саўкі, і сваімі рукамі, як жалезнымі абцугамі, зламаў наручнікі і вызваліў Саўкавы рукі. Перад Саўкам расчынілася цёмная багна, і абняла яго страшная пустэля. Ён – жывы і вольны, перад ім той самы вялікі і шырокі прастор, якога ён не заўважаў раней, як бы не бачыў яго і толькі цяпер адчуў яго бяскрайнасць, але таксама адчуў ён, што ў гэтай бяскрайнасці яму няма месца... "Ідзі, ідзі прэч!" Пустэля і адзінота агарнулі Саўку сваёй цемраю. Не падымаючы вачэй, з апушчанай галавой рушыў Саўка з лесу. Суровыя партызаны моўчкі правялі яго вачыма. I толькі ў самога Саўкі вырваліся словы. Вырваліся самі, без усякай надуманасці: – Даруйце мне, вінаваты перад вамі! Ён быў дужа стомлены, атупелы, безуважны, прыбіты. У яго не было акрэсленай мэты. Ён проста ішоў куды вочы глядзяць, бо яму не было тут месца. "Ідзі, ідзі прэч!" – стаялі ў вушах гэтыя словы і гналі яго. Маўклівая, глухая ноч абнімала стары лес. Змоўклі людскія галасы. Патухлі агні, і Саўка апынуўся ў поўным адзіноцтве. Доўга блукаў ён без дарогі па лесе. Сухія галіны чапляліся за вопратку, білі па твары. Ногі западалі і вязлі ў снезе, ён натыкаўся на пні, правальваўся ў яміны. Нарэшце выбіўся на дарогу. Ішоў, покі не пачуў, што далей ісці не можа. Спыніўся, азірнуўся па баках. Ноч, глухмень, цёмнае неба над галавою, лес і балоты навокал. "Ідзі, ідзі прэч!" I ён пасунуўся далей, ледзь перастаўляючы ногі і разглядаючыся па баках. Непадалёку ад дарогі на балоце між хмызу цьмяна вырысоўваецца з мроку цёмны сілуэт стога. Саўка звярнуў з дарогі, пайшоў пад стог і спыніўся. Тут можна і адпачыць. Выскуб у стозе нару і зашыўся ўнастыўшае на холадзе сена. Саўка адчуў усім сваім стомленым целам і ныўшымі ад болю касцьмі ўсю слодыч адпачынку. Яму цяпер болей нічога не трэба, толькі б ляжаць, ляжаць бясконца і не варушыцца. I Саўка заснуў крэпкім і цяжкім сном без меры стомленага і змучанага чалавека. Спаў ён доўга, спаў моцна, як забіты, і калі прачнуўся і глянуў на свет, то было зусім светла, і дзень, відаць, пачаўся даўно. На адзін момант Саўка дужа здзівіўся, што ён ляжыць у сене, але гэты часовы прарыў і пустата ў яго памяці борзда і востра запоўніліся ўспамінамі, і ўсе нядаўнія падзеі ўсталі перад ім у сваёй страшнай сапраўднасці. Колькі хвілін паляжаў Саўка ў сваёй нары, каб трохі ачухацца і прыйсці да поўнай прытомнасці. Сон падмацаваў яго, жахі перажытай ночы і ўсяго таго, што здарылася з ім нядаўна, у святле дня адсунуліся трохі далей, страцілі сваю вастрыню і ўжо не налягалі на яго такім балючым цяжарам, як учора. Саўка ляжаў і думаў. У такім цяжкім беспрасветным стане ён не быў ніколі. Куды ж яму падацца і што рабіць? Дзе ён цяпер прыткнецца?.. Успомнілася камера допыту, следчыя і страшны Адольф. Шустры, і доўгі, і гэты самы кат Адольф у лес не паехалі. Яны засталіся, і гора будзе Саўку, калі пападзецца ён ім у рукі. Яго запытаюць, чаму расстралялі польскіх агентаў, а яго пакінулі? Ад гэтых думак Саўку прабіраў холад. I чаму не вярнуўся ён тады, як ішоў з лесу, пабачыўшыся з дзедам Талашом, і не расказаў Цімоху Будзіку ўсё, не прызнаўся яму, што ён за партызан? Гэтага Саўка не можа цяпер дараваць сабе. Цімох Будзік, стары знаёмы яго, запыніў на сабе Саўкавы думкі. За Цімоха Будзіка ўхапіўся ён цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт, каб зачапіцца за яе рукамі і не апусціцца з галавою ў цёмнае прадонне багны. Саўка, лежачы ў сваёй нары, угледзеў цяпер маленькую прагалінку, і яна пацягаула яго да сябе, як нейкая яшчэ не зусім ясна акрэсленая надзея. Некалькі дзён туляўся Саўка ў Карначах і яго ваколіцах, каб сустрэць Цімоха Будзіка. Цярпліва каравуліў ён тую дарогу, якою не так даўно вёў яго Цімох да дзеда Талаша. Пры зручным здарэнні распытваў сяго-таго з карначоўцаў пра Цімоха, але Цімох не паказваўся. Саўка ўсё ж не траціў надзеі знайсці Цімоха. Нарэшце ранічкаю, калі не зусім яшчэ развіднелася, Саўка асмеліўся зайсці ў Цімохаў двор. Сустрэў ён Цімоха на двары каля клуні. За гэтыя дні згрызот Саўка пахудзеў і асунуўся. Хударлявы без таго, цяпер ён меў выгляд чалавека, знятага з крыжа. – Здароў, Цімох! – з вінаватаю ўсмешкаю, саромеючыся глядзець Цімоху ў вочы, прывітаў яго Саўка. Цімох зірнуў на Саўку і здрыгануўся, як бы перад ім стаяў не Саўка, а яго цень з таго свету. Момант стаяў ён моўчкі і нерухліва, потым падазрона азірнуўся па баках. "Скуль ты ўзяўся і якая халера прынесла цябе сюды і чаго?" – у думках запытаў Цімох Саўку, а ўголас: – Чаго табе трэба? – суровасць чулася ў Цімохавым голасе. – Не злуйся, Цімох, я зараз пайду. Хачу толькі пагаварыць з табою. Я шукаю цябе ўсе гэтыя дні. Цімох зірнуў на Саўку спасцярожліва, адчуўшы няясны непакой. – А што табе трэба ад мяне? – усё тым жа халодным тонам запытаў Цімох. – Я не такі вінаваты, як вы думаеце. – Ну дык што ж з гэтага? Цябе ж пусцілі. – Я хачу, каб вы ведалі праўду. Цімоху не ўсё было ясна ў гэтай справе, і таму ён запытаў болей лагодна: – Якую праўду? – Я, Цімох, не буду апраўдвадца: я ўзяўся за гадкую, паскудную справу. Мяне нанялі войт і яго сябры, каб я стаў фалынывым партызанам і даносіў ім на вас.Талашоў Максім накіраваў мяне к табе: я распытваў Максіма, як вас знайсці. Наўперад ён не гаварыў мне пра вас нічога. А потым... – А потым сам стары Талаш сказаў Максіму, каб ён паказаў табе дарогу да мяне, – перабіў Саўку Цімох. – Сам Талаш? – здзівіўся Саўка. – I я табе скажу праўду: перш чым ты прыйшоў да нас у лес на разведку, мы ведалі ўсе твае сакрэты і тваю змову з войтам. Саўка здзівіўся яшчэ болей, а Цімох яшчэ і туману пусціў у вочы. – Дзівак ты, – сказаў ён, – ды мы ж ведаем, як чые думкі шаволяцца ў галовах, асабліва здрадніцкія думкі. I мы ведалі, што ты прывядзеш сваіх паноў да нас. Цімох засмяяўся д'ябальскім смехам. Саўка зусім растраціўся і ў здзіўленні глядзеў на Цімоха. Цяпер сцяміў Саўка, чаму так дружна і гладка сустрэлі там у лесе "паноў", як называе іх Цімох. – Калі вы ўсё ведаеце, – пачаў збіты з тропу Саўка, – то вы павінны ведаць і пра тое, што я адступіўся ад войта і ад свае службы ім. – Аднак з панамі ты прыйшоў, – заўважыў бязлітасны Цімох. Саўка апусціў галаву: што скажаш супраць праўды? – Але ты, Цімох, не ведаеш, чаго каштавала гэта мне. Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў. Ні войту, ні там на допыце. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Мне расцягвалі жылы і косці. I пасля гэтага я не прызнаваўся. Але калі ізноў паставілі мяне на кабылку, я не вытрываў, змогі не было вытрываць. Але і гэтыя словы не кранулі суровага Цімоха. – Значыцца, ты няцвёрды чалавек, – сказаў ён. I супраць гэтага доваду нічога не мог запярэчыць Саўка. – Тады, калі я варочаўся з лесу, як вадзіў ты мяне ў салаш, я хацеў вярнуцца да цябе і прызнацца, што мяне падаслаў войт і яго сябры. – Але ж ты не вярнуўся. – У мяне не хапіла смеласці прызнацца: самому мне агідна стала мая справа, мой учынак. I я не думаў, што ўсё гэта павернецца ў такі бок. Біўся з імі. Войту бок нажом прапароў. Уцёк быў ад іх, вырваўся. Каб мяне тады не злавілі і не аддалі ў рукі катаў, я прыйшоў бы да вас. Напэўна прыйшоў бы. – Тады б іншая была справа, – суха азваўся Цімох. Саўка спадзяваўся, што яго прызнанне і каянне хоць злёгку кране Цімоха, што Цімох паспагадае яму, зразумее яго і падтрымае яго ў цяжкую часіну. Але Цімох паставіўся суха і нават варожа ў дачыненні да Саўкі і не азваўся ні словам спагады. Тая бяздонніца, што пралягла між Саўкам і імі, заставалася такою ж цёмнаю і непарушнаю. Гутарка змоўкла. Аб чым жа яшчэ гаварыць? Саўка пастаяў трохі, а потым сказаў: – Ну, я пайду. – Ну што ж... – азваўся Цімох, абы толькі азвацца. Саўка замяўся. – Можа б, ты даў мне хоць кавалачак хлеба ў дарогу? – нясмела папрасіў ён Цімоха. – Што ж, можна... Пойдзем! Падышлі да Цімохавай хаты. Саўка прыпыніўся на двары каля хаты. Цімох вынес ёмкі кавалак хлеба. Саўка ўзяў хлеб, падзякаваў. – Ну, бывай жа здаровы. – Бывай. Саўка ступіў крок, спыніўся. – Болей ад мяне ніякага ліха вам не будзе, не будзе, Цімох. Мне сорамна цяпер пазіраць вам у вочы, але я выкуплю сваю віну перад вамі, выкуплю чым толькі змагу. Скажы гэта старому Талашу і Мартыну Рылю. Саўка расчуліўся. Вочы яго набеглі слязьмі. Яшчэ хацеў штось сказаць, але голас яго абарваўся. Ён цяжка ўздыхнуў. – Чалавекам стаць хачу, – сказаў ён. – Ну-ну, – мягчэй азваўся Цімох. У гэтым "ну-ну" Саўка пачуў нотку спогадзі, і яму стала лягчэй. Хударлявая і высокая постаць яго заківалася і знікла ў глыбі двара за будынкамі і дрэвамі. Цімох пастаяў трохі і правёў яго вачыма. "Можа, і сапраўды чалавекам стане", – падумаў ён. Даволі доўгі час пра Саўку не чуваць было нічога. Ні ў Вепрах, ні ў Прымаках яго не бачылі. Аб ім хадзілі супярэчлівыя чуткі. Адны гаварылі, што Саўкі няма жывога, што яго забілі партызаны. Другія даводзілі, што Саўку забралі палякі і задушылі ў астрозе. Трэція трымаліся таго погляду, што Саўку і сам чорт не возьме, што такія людзі, як Саўка, не прападаюць. Іх погляды грунтаваліся на тым, што Саўка не першы раз прападае цэлымі месяцамі. I яны не памыліліся. Як толькі растаў снег і сышла паводка, а зямля трохі прасохла, Саўка вярнуўся потайкам у сваю хату і нават прынёс сякія-такія гасцінцы жонцы і дзецям. Ён строга-настрога даў наказ дзецям і жонцы нічога не гаварыць аб ім, як бы яго і на свеце няма. Дома сабраў ён весці пра войта і пра яго прыяцеляў. Цэлымі днямі Саўка дзесь прападаў і нікому не паказваўся на вочы. У Саўкі была важная камбінацыя, над якой ён і ламаў цяпер сваю галаву. Саўка не забываў сказаных на развітанні Цімоху слоў, што ён хоча стаць чалавекам. Наўперад Саўка высачыў месца, дзе пераважна збіраліся партызаны. Гэта складала частку яго задуманага плана. Калі ён дайшоў гэтага, то зараз жа прыступіў да ажыццяўлення ўсёй камбінацыі ў цэлым. Для гэтага яму прыйшлося папрацаваць болыпую палавіну ночы. Без шуму, як цень, увайшоў Саўка ў двор Кандрата Біркі. Наставіў адно вуха, потым другое, паслухаў – ціха, вёска спіць глыбокім сном. Біркаў сабака, загадзя ўлагоджаны Саўкам, прыязна памахваў яму хвастом, а з хлява даносілася пырханне заводскага жарабца, красы, гордасці і гаспадарскай уцехі. Але вароты ў хляве былі дзябёлыя і крэпкія, замкнёныя моцным унутраным замком. Саўка зайшоў з другога боку хлява. У яго ўжо быў на прымеце камень пад падрубаю. Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлі і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы, а дзірку пракапаў, расшырыў і нырнуў у яе. Праз хвіліну ён быў у хляве і гладзіў жарабца. А потым падышоў да варот і ціхенька адсунуў засоў. Без шуму і скрыпу расчыніў вароты і вывеў жарабца на двор, дваром – у загуменне, адтуль – у лес. Але Саўкава работа была яшчэ не ўся. У войта і Бруя было па пары ладных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. I трудна сказаць, чые валы лепшыя, войтавы ці Бруевы, тым болей трудна, што і самі іхнія гаспадары не сходзіліся поглядам у іхняй ацэнцы. З валамі справа была шмат лягчэйшая. Саўка пачаў па парадку. Выгнаў наўперад Бруевых валоў. Потым задворкамі зайшоў у двор Васіля Бусыгі. Яго якраз і дома не было. Яшчэ звечара паехаў ён да пана Крулеўскага па войтаўскіх справах. А дзед Купрыян ляжаў на палатках і падводзіў падрахункі пражытаму жыццю. Войтавы валы былі болей упартыя і не хацелі сярод ночы выходзіць з хлява. Але ім паказаў дарогу і паддаў ахвоты бычок-пярэзімак. Утрох яны пайшлі весялей, а калі Саўка далучыў да іх і Бруевых рагалёў, то ўсе яны зусім дружна рушылі ў паход разам з Саўкам. Яшчэ да ўсходу сонца дзве пары валоў, бычок-пярэзімак і заводскі жарабец былі на месцы. Саўка пусціў іх на добрую пашу, жарабца навязаў, а сам пайшоў хадзіць па лесе. Яго зараз жа затрымаў вартавы партызан і адвёў у партызанскі штаб. А Саўку гэтага якраз і трэба было. Здзівіліся дзед Талаш, Будзік і Рыль, убачыўшы Саўку. – З чым жа ты прыйшоў цяпер? – запытаў яго дзед Талаш. – Не гневайцеся, дзядзька, і вы, браткі: я прывёў вам жарабца вашага і майго цяпер ворага Кандрата Біркі, прыгнаў пару войтавых валоў і з імі бычка-пярэзімка ды пару валоў Сымона Бруя. Я хачу чалавекам стаць, і не думайце пра мяне, што я вораг ваш. Дзед Талаш, Мартын Рыль і Цімох Будзік пераглянуліся. У іх вачах заіскрыліся ўсмешкі. – Саўка застаўся Саўкам, – смяяліся яны потым. А Саўка, выходзячы з лесу ад іх, вышэй трымаў галаву, адчуваючы, што ён зрабіў вялікі крок наперад для таго, каб "стаць чалавекам".
|
|