РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
VIII
        
VIII

        
        Не ведаў падлетак Панас, што яго асобаю цікавяцца, і не абы-якія людзі, а сам войт Васіль Бусыга. Войту трэба ведаць, хто ў які лес глядзіць. Войту трэба прасачыць і выведаць, куды пралаў дзед Талаш і што ў яго на думках. Войт – начальства. А начальства носіць у галаве такія мыслі, што не ўсім падначаленым аб іх можна ведаць і асабліва аб іх не павінен ведаць такі разбэшчаны чалавек, як дзед Талаш. Дзед Талаш у грош не ставіць паноў і начальства, на чужое дабро галіцца. Дзед Талаш наогул варожа ставіцца ў дачыненні да такіх гаспадароў, як Васіль Бусыга, Кандрат Бірка і шмат да якіх паважаных асоб. Гэта ён званіў сярод галадранцаў, што за заможнікаў трэба ўзяцца ды пакроіць іх палеткі. У дзеда Талаша стаяў на кватэры бальшавіцкі камандзір. Дзед Талаш нарэшце з сякерай кідаўся на польскіх салдат. Карацей сказаць – дзед Талаш нанюхаўся і прасяк бальшавіцкім духам. I цяпер ён напэўна злыгаўся з бальшавікамі. Хто можа паручыцца за тое, што ён не навядзе сюды чырвоных? Не, покі дзед Талаш туляецца невядома дзе, невядома з якімі намысламі, да таго часу не будзе мець пакою пан войт, Васіль Бусыга. Гэта не значыць, што ён, войт, баіцца дзеда Талаша. Не: войт – начальства і стаіць на варце закону і парадку. Недарма ж наказ яму дан ад вышэйшага начальства, ад павятовага "камісаржа" – сачыць і браць на заметку таго, хто абуяны духам непаслушэнства і бунту. А што да чырвоных, то Васіль Бусыга спакойны на гэты конт: паляк не адзін – за яго спіною Францыя і Ангелька стаяць. Не, адспявалі сваю песню бальшавікі. Але клопату нарабіць яны яшчэ могуць, тым болей, што да войтавых вушэй даходзяць чуткі: па лясах бадзяюцца цёмныя людзі, змаўляюцца, да чагось рыхтуюцца і на нешта наважваюцца. Засцярога тут не пашкодзіць. I няма нічога дзіўнага, што начальніцтва не такая ўжо простая рэч, як гэта, можа, здаецца каму збоку.
        У першую чаргу трэба за дзеда Талаша ўзяцца.
        З аднаго боку і добра, што Талашова хата стаіць наводшыбе: кожны, хто ідзе туды або адтуль, заметней у вочы кідаецца. Але ёсць тут і нязручнасць адна: калі ты сам будзеш каля яе пакручвацца, то таксама будзеш у вочы кідацца. Прыглядаючыся сяды-тады да Талашовай хаты, Васіль Бусыга заўважыў, што Панас час ад часу адлучаецца з дому. Цікава – куды ён ходзіць? Дагадваецца войт, што Панас і ёсць той ключ, якім можна адамкнуць месца туляння дзеда Талаша. З Панаса і трэба пачынаць, але як? Даручыць хіба каму прасачыць, прыставіць спецыяльнага чалавека? Войт памеркаваў і знайшоў гэты спосаб нязручным; і рызыкоўна замешваць сюды трэціх асоб: трэція асобы лішнія сведкі супраць яго самога. I затым няма ўпэўненасці, што ўсё гэта застанецца ў сакрэце. Васіль Бусыга спыніўся на новым плане. Ён даложыць куды трэба, даложыць, як і праз каго можна даведацца пра дзеда Талаша, а там няхай дапытваюцца самі. I сена будзе цэла, і козы будуць сыты.
        Напярэдадні таго дня, калі Панас меўся спаткацца з бацькам пад тоўстым дубам каля Сухога поля, сярод ночы раптам пачуўся стук у дзверы Талашовай хаты. Першая прахапілася бабка Наста. У трывозе падняла галаву, прыслухалася. Стук паўтарыўся з большаю сілаю і настойлівасцю.
        – Ой, хто ж гэта стукае? – голасам, поўным страху, азвалася бабка Наста.
        Максім, накінуўшы кажух, босы выбег у сені.
        – Хто там?
        – Адчыняй! – уладна і сярдзіта закамандаваў хтось з двара.
        – А хто там? – дапытаўся Максім.
        – Адчыні, Максім: гэта – паны, "польская ўлада".
        Максім у гэтым голасе пазнаў суседа Мікіту Цэлеха і адсунуў засаў.
        Некалькі пар ног загрукала ў сенях, і разам з адчыненымі дзвярамі ў хату ўварваўся цэлы пук белага святла. Адкормлены, рыжавусы, таўстаморды чалавек зверскага віду трымаў у руках электрычны ліхтарык, асвятляючы хату і яе ўбогую абстаноўку. Максім запаліў газоўку. Чорны цені, здавалася, яшчэ шчыльней нагусціліся каля сцен і па кутках нізенькай хаткі. Асмялеўшыя ўночы прусакі тлумна падаліся бліжэй да печы, хаваючыся ў шчылінах. Відаць, і іх напалохаў гэты страшны пан сваім электрычным ліхтарыкам. Нечаканых гасцей было чацвёра: трое палякаў у вайсковай форме, а чацвёрты Мікіта Цэлех, узяты за панятога.
        Бабка Наста, трасучыся, як у ліхаманцы, нацягнула на сябе дзяружку і пужлівым недаўменным поглядам азірала невядомых вайскоўцаў. Панас ляжаў нерухліва, агорнуты цёмным неакрэсленым страхам.
        – Хто начуе тут? – запытаў рыжавусы. Пытанне было такое недарэчнае, такое неспадзяванае, што ніхто не патрапіў у першую хвіліну знайсці на яго адказ.
        – Хто начуе тут? – не адступаўся рыжавусы. Гэты перапалох і страх, здавалася, яшчэ болей надаваў рыжаму пыху.
        – Усе... свае, – заікаючыся ад страху, падаў голас Максім. А ў гэты час другі, юркі і віхлявы, таксама запаліў ліхтарык і свяціў ім па хаце, заглядаючы на печ, у запечак і пад палок. Трэці стаяў моўчкі і нерухома наглядаў і слухаў.
        – Усе начуюць? – перапытаў Максіма той жа рыжавусы. I ніхто ў хаце не азваўся.
        Тады рыжавусы падышоў да Панасавага берлажку і штурхануў яго кулаком у плячук.
        – Ну, ты... падымайся! – закамандаваў ён.
        Панас пакорна прысеў на пасцелі.
        – Ты хадзіў да бацькі на забачэнне?
        Як нажом, разанула Панаса гэта запытанне. У галаве борзда-борзда замітусіліся думкі. Раз ён так пытае, то, значыць, ведае, што ён, Панас, хадзіў да бацькі.
        Першыя прыступы страху прайшлі.
        – Хадзіў! – цвёрда, пасля кароткага маўчання адказаў Панас.
        Рыжавусы пахваліў яго за праўдзівасць і запытаў ужо болей лагодна:
        – А дзе ест твой ойцец?
        – Не ведаю.
        Рыжавусы паглядзеў на Панаса строга, галавою паківаў.
        – Як-то не ведаеш? А ты ж сёння ўдзень ладзіўся ісці да бацькі?.. Ну?..
        Што было казаць Панасу? Праўда, ён збіраўся да бацькі. Але ў Панаса мільгнула думка, ці не бярэ яго на хітрыкі гэты рыжы д'ябал. Ён у сваю чаргу таксама кідаецца на хітрасць.
        – Удзень я да бацькі не хаджу.
        – Брэшаш! – прыкрыкнуў рыжавусы. – А куды ж ты ўдзень ходзіш? – Ён думаў, што падлавіў Панаса, а Панас цвёрда адказаў:
        – Хаджу на балота гучкі і вецце рэзаць, худобу карміць. У нас забралі сена.
        Гэты адказ збіў з тропу рыжавусага.
        – А што табе казаў бацька?
        – Казаў, каб я да яго болей не хадзіў.
        – А дзе ты сустракаўся з бацькам?
        – У лесе.
        – Аб чым жа вы гаварылі?
        – Аб усім: пра худобу, пра корм...
        – А яшчэ што казаў бацька?
        – Казаў, што да вясны ён дадому не вернецца.
        – Брэшаш, лайдак! – загрымеў рыжавусы.
        – Паночку! – падаў голас Максім. – Бацька наш стары. Яму семдзесят гадоў. Пагарачыўся, сам страху набраўся, а цяпер баіцца дома паказацца.
        – Го-о, пся маць! Баіцца!.. А бальшавік чаму стаяў тут на кватэры?
        I, яшчэ болей павысіўшы тон, кінуў у твар Максіму:
        – Дзе стары пёс?
        Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану.
        – А паночак, а залаценькі! А за што ж на нас напасць такая? Апошняе сена забралі, худоба з голаду дохне. Стары з дому збег. А ён жа не вінаваты. Яго білі, штурхалі... А за што ж вы калоціце нас?
        Рыжавусы зняважліва павярнуў з вышыні свайго пыху разбойніцкую морду ў бок бабкі Насты, і на гэтай мордзе адбілася пагардлівасць. Нічога не сказаў, як бы бабка Наста і не заслугоўвала таго, каб азвацца да яе, і калі яна зноў стала маліць яго, ён крыкнуў:
        – Мільч!
        А потым спакойна і жорстка закончыў свой візіт.
        – Ну, хлопча, – павярнуўся да Панаса, – збірайся!
        А калі выходзілі з хаты і вялі Панаса, сказаў цвёрда і выразна:
        – Пшыдзе до нас ойцец – бэндзе мял волю хлопак!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.