РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
VI
        
VI

        
        Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? I чаму вагаўся войт, сказаць аб гэтым Аўгіні ці не сказаць?
        Я мушу вярнуцца крыху назад, адкінуць з дзесятак гадоў часу, зазірнуць у Вепры, каб сталі яснымі гэтыя пытанні.
        Дзесяць гадоў таму назад у Вепрах не было дзяўчыны цікавейшай за Аўгіню, цяпер войтаву жонку. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі – вось якая была Кублікавых Аўгіня. Любіпа яна і з дзецюкамі пажартаваць, ды жартавала так, што кожнаму з іх здавалася, нібы ён і ёсць той, на якім запыніла яна^сваю дзявочую ласку.
        "Нарвецца дзяўчына", – казалі пра яе сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Аўгіня жартаваць жартавала, але граніц у сваіх дурасцях не пераступала. Умела быць яна сталаю і сур'ёзнаю, і вочы яе, цемнаватыя, як лёгкі змрок ясных чэрвеньскіх вечароў, пазіралі тады строга і ўдумліва. I трудна было адзначыць колер гэтых вачэй, што свяціліся, як дзве роўныя, прадаўгавата-круглыя ямінкі-багны на цёмным балотным дне ў роспісе пышных раслін. Іх можна было ўспрымаць як карыя вочы, чуць-чуць пацягнутыя зелянкаваю павалокаю, а часамі яны здаваліся шэравата-зялёнымі. Можа, проста мяняліся яны ў залежнасці ад тых думак, ад тых маладых мар, што поўнілі дзявочую галаву і гушкалі яе сэрца ў той ці іншы час. Адно можна сказаць пра іх: яны вабілі – вось як вабіць воля і радасныя прасторы вясны, поўныя музыкі, звону і шуму жыцця, і зацягвалі, як надрэчная дрыгва, дзе звадлівым шэптам гамоняць высокія шумлівыя чароты і пахучы аер.
        Але чараўнічыя гэтыя вочы, здавалася, не мелі ўлады над Мартынам Рылем, і не Аўгіню вылучаў ён з чарады вепраўскіх дзяўчат. Аўгіня сама зачэпіць •часамі пры здарэнні Мартына, хоць у гэтым нічога дзіўнага не было, калі прыняць пад увагу Аўгінін характар і яе дураслівасць. Мартын удзеліць ёй столькі ўвагі, сколькі патрабуюць дачыненні чалавека да чалавека. I болей нічога.
        – Падабаешся ты мне, Мартын, – раз казала так да яго Аўгіня, а ў вачах яе іскрачкі дураслівай жартлівасці пабліскваюць.
        Мартын спакойна ёй на гэта, нібы нічога не зважаючы:
        – I ты падабаешся мне, Аўгіня.
        А ў тоне яго ніякага ўзрушэння.
        – А чым я падабаюся табе, Мартын?
        – Тым, што я падабаюся табе.
        – А калі б ты мне не падабаўся?
        – Ну дык што ж?
        – А ведаеш, за што цябе можна ўпадабаць?
        – Не ведаю. Скажы.
        – За тое, што ты высокі, што ў цябе, як відаць, будуць чорныя вусы. I вочы твае шэрыя, і калі ты часамі глядзіш імі, то робіцца страшна. Я люблю, калі хлапецкія вочы змушаюць затрасціся ад страху. Але я не пайшла б за цябе замуж: у цябе, калі ты пасталееш, будзе казліная барада.
        I заліваецца Аўгіня вясёлым смехам.
        Мартыну робіцца трохі непрыемна і ад гэтага смеху, і ад такога канца іх гутаркі. Ён адчувае сябе крыху зняважаным і абражаным. Покі сабраўся ён адказаць Аўгіні якім-небудзь трапным словам на яе заўвагу аб барадзе, яна паспела ўжо шмагнуць ад яго і, як відаць, зусім забыцца, што ў Вепрах ёсць чарнявы, высокі, шырокі ў плячах і тонкі ў стане Мартын. Але і Мартын хутка забывае ўсю гэту па істоце драбязлівую рэч. I толькі вечарам, калі ён лёг спаць, перад яго вачыма раптам устала Аўгіня. Яе заваблівыя вочы і ўся іх гутарка аднавіліся ў памяці. Разам з гэтым прыпомнілася і казліная барада, што вырасце ў яго, калі ён пасталее. Пры чым тут барада? Нашто яна прыпляла яе? Непрыемна ўспамінаць гэта. Мартын узважвае ўсе словы Аўгінінай гутаркі. Калі разабрацца па справядлівасці, то яна сказала яму болей прыемных слоў, чым прыкрых. Наконт жа таго, што яна не пайшла б за яго замуж, дык Мартын не думаў жаніцца з ёю і наогул аб жаніцьбе ён не думае. Але і гэта толькі словы яе, і іх можа якраз трэба разумець наадварот. I ці не напамінаюць яны яму аб чым-колечы? I ўсё ж такі казліная барада пераважае над усім. Мартын плюнуў, павярнуўся на бок і заснуў маладым здаровым крэпкім сном.
        Мартын Рыль ехаў са стрэльбаю на чоўне ўскрай Прыпяці. Ён туліцца бліжэй да чаротаў, каб спрытней падкрасціся да дзікіх качак. Яму пашчаслівілася настраляць іх штук пяць. З таго боку Прыпяці шыбуе човен. На носе чоўна ляжыць зялёная вязка свежай травы і ёмкі сноп пышнага кучаравага чароту. На чоўне бялее гнуткая, руплівая дзявочая постаць у чырвонай хустачцы, завязанай канцамі назад. Спрытна мільгае вясло ў яе пругкіх руках, і човен борзда і роўна слізгаціць па шырокім лоне спакойнай Прыпяці. Мінуўшы сярэдзіну рэчкі, човен крута верне ў бок Мартына. Мартын сумыслу едзе павольна і пільна ўзіраецца ў затокі, дзе любяць жыраваць качкі, і не глядзіць на човен з дзяўчынаю, хоць ужо ведае, хто на ім плыве. Але яму прыемна.
        – А я табе ўсіх качак папужаю, – чуецца малады звонкі дзявочы голас, і следам за гэтым даносіцца яе крык:
        – А ты-га! А ты-га, качкі!
        Гучны плеск вясла па вадзе павялічвае шум і гулка разносіцца па рэчцы між травяністых берагоў. I сапраўды некалькі качак узнялося з затокі, і свіст іх быстрых крылляў выразна чуваць у паветры. Качкі ляцяць якраз на Мартына. Мартын цэліцца. Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Адна качка хіснулася, нырае ўніз, няёмка махае аслабелымі крыллямі і, апісаўшы дугу, раптам шлёпаецца ў ваду.
        Аўгіня спрытна паварочвае свой човен. Уся яе гнуткая фігурка ходзіць ходарам, а на вадзе збоку чоўна пасля кожнага ўзмаху вясла кружацца віркі-леечкі з ціхім, залівістым шапатаннем.
        Мартын раптам скідае з сябе павольнасць. Абагнаць Аўгіню, апярэдзіць яе і першым даплыць да забітай качкі! Гнецца вясло пад яго магутнымі наляганнямі, і човен, як шалёны, імчыцца да акрэсленага пункта. Але Аўгінін човен рушыў з болей блізкай дыстанцыі. Шансы даплыць першай на яе старане. Мартын пачынае каяцца, што ўступіў у спаборніцтва з ёю. Ды адступаць ужо позна, і не такі ён чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным. Знімаепільчак,кідае на мокрае дно чоўна. Яшчэ болей крута выгінаецца яго вясло, яшчэ шпарчэй разразае ваду вастраносы човен. Аўгіня бачыць, што верх бярэ Мартын. Ёй нават робіцца ад гэтага весела: яна мала што траціць, калі верх возьме ён, бо ў яго сілы не меней, як у добрага вала. Ды надзеі не траціць яшчэ і яна. Часцей замільгала вясло ў яе спрытных руках. Твар яе расчырванеўся, як макаў цвет. Дзве доўгія цёмна-русыя косы выбіліся з-пад чырвонай хустачкі, і калі яна налягае на вясло і адкідаецца назад, то канцы яе кос апускаюцца на ваду. Забітая качка ўжо недалёка. Не іначай, як Мартын падбярэ яе. Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну. Замінка. Не паспеў Мартын і падумаць, каб абмінуць гэту перашкоду, як на іх вачах здарылася цікавая праява: качка раптам правалілася ў ваду, а на тым месцы вада ўзнялася, як бы яе штурхнула штось знізу, закалыхалася і роўнымі кругамі пабегла да самага берага.
        – Мартын! Дзе ж качка?
        У Аўгініных вачах адбіліся страх і здзіўленне.
        Паглядзеў на яе Мартын, засмяяўся.
        – Ні ты, ні я не даплылі, а качку сом схапіў!
        Момант Аўгіня маўчала. Відаць, гэта здарэнне яе моцна
        ўразіла.
        – Паедзем, Мартын, назад!
        Павярнулі чаўны, прытулілі іх бокам адзін да аднаго і паплылі на свой бераг.
        – Ты, мусіць, злуешся на мяне, што я папужала табе качак.
        – Не, не злуюся. Мала што бывае.
        – Ну, я ж хацела на цябе паглядзець.
        Мартын і сапраўды не злаваўся на яе. Апошнія ж яе словы зусім улагоджваюць яго. Але прыпамінаецца казліная барада. Яна робіць Мартына чэрствым і абыякавым.
        – А чаго на мяне глядзець? – пытае.
        – Ну, бо ты харошы, – адказвае Аўгіня і цягне яго сваімі заваблівымі вачыма.
        – Для цябе, здаецца, усе харошыя, – з адценнем насмешкі заўважае Мартын.
        – А хіба гэта нядобра?
        – Не ведаю.
        – Але ты лоўкі стралок, – мяняе гутарку Аўгіня.
        Мартын хацеў бы весці пачатую гутарку далей, і змена тэмы яму не падабаецца.
        – Хто са стрэльбы добра страляе, а хто вачыма.
        – А хто страляе вачыма?
        – Ёсць такія стральцы.
        – Але ж вачыма качак не настраляеш, – заўважае Аўгіня.
        – У качак імі не страляюць.
        Аўгіня смяецца.
        – Каб ты быў качкаю, то я цябе ўжо многа разоў застрэліла б.
        Мартын хацеў прызнацца, што калі ён і не застрэлены, то злёгку падбіты, але замест гэтага нечакана для сябе і для Аўгіні заявіў:
        – Я прыйду да цябе сёння вечарам.
        Аўгініна сэрца крыху паскорыла тэмп.
        – Ну што ж? Буду чакаць.
        Чаўны падплылі да берага. Мартын падцягнуў наўперад Аўгінін човен, потым свой. Прывязаў іх, узяў вязку сена. Аўгіня – сноп чароту, і пайшлі.
        I ўсё было добра, покі не стрэўся Кандрат Бус. Відаць, ён падкаравульваў Аўгіню. Як толькі яны параўняліся з ім, Кандрат падышоў да Аўгіні. Аўгіня палажыла руку на плячо Кандрату, Кандрат на яе плячо, і пайшлі як ні ў чым не бывала. Мартын плёўся ззаду з вязкаю свежай травы, са стрэльбаю і забітымі качкамі. Хацеў кінуць траву, ды няёмка паказваць сваю злосць. Падышоў яшчэ трохі.
        – Вазьмі, Аўгіня, траву, а я тут гародамі пайду.
        Не пазіраючы Аўгіні ў вочы, аддаў ёй траву, а сам пашыбаваў у свой двор.
        Вечарам Аўгіня чакала яго, але Мартын не прыйшоў.
        I шмат было такіх спатканняў і такіх гутарак. Шукала яго наўперад Аўгіня, потым шукаў Аўгіню Мартын, потым шукалі яны адзін аднаго. Бывалі паміж імі звадкі, непаразуменні, бывалі і прыемныя хвіліны згоды. Былі слаўныя вечары іх блізкасці і дружбы – хіба не можа быць дружбы паміж мужчынам і жанчынаю? Людзі не адзін раз у такіх выпадках прыкрывалі дружбаю нешта болыпае, чым дружба.
        I вось у той час, калі вепраўскія хлопцы страцілі надзею на Аўгіню, а вепраўскія дзяўчаты наМартына, у Вепрах пачаў паказвацца Васіль Бусыга, відны дзяцюк, сын дужа багатых бацькоў. Завабілі і Васіля Аўгініны вочы. Мартынава сэрца забіла трывогу. Васіль – супорат небяспечны. Мартын – бабыль. Маленькі дворык, крывенькая хата. Што ёсць у Мартына? Стрэльба, рыбацкая снасць ды прыгожая постаць. Крапіўся Мартын, падражніваў Аўгіню Васілём. Аўгіня падсмейвалася з Васіля, але часамі і падхвальвала яго, ды шчыльней тулілася да Мартына. Відаць, ёй проста шкада было яго.
        Яшчэ праз колькі часу казаў Аўгіні Мартын:
        – Няма ў цябе сэрца, Аўгіня... Ты нягодная і няшчырая. Нашто ты мне лгала? Нашто зводзілі мяне твае вочы?
        – Што ты маеш да маіх вачэй, Мартын? – з дакорам пытала Аўгіня. – Я любіла цябе і цябе люблю... I буду любіць, – памаўчаўшы, дадала.
        – I гэтыя словы ты скажаш Васілю?
        – Не: так я не скажу яму, а калі і скажу, то так сабе.
        – Дык нашто ж ты ідзеш за яго?
        – Так трэба, – ціха і няўпэўнена гаворыць Аўгіня.
        Мартын маўчыць, думае: Васілёва багацце – вось што прычына. Але ён хоча дацяць Аўгіню.
        – Няўжо ж ты паспела так блізка сысціся з ім і... загрубела?
        Што было ёй казаць яму? Гаварыць, што ніякай блізкасці не было? А можа, прызнацца ў тым, чаго не было? Не, гэтага яна не зробіць.
        – Ох, як цяжка мне, Мартын. Я – вораг сабе і табе. А блізкасці ніякай не было, не было, Мартын, павер мне. Я нягодная, злая: ты сказаў праўду.
        Яна туліць гарачы твар свой да яго шчакі. Ён бярэ яе на рукі, як дзіця. Яна абхватвае яго рукамі за шыю, прынікае да яго твару.
        У Мартына, як у п'янага, кружыцца галава, холад і лёгкая дрыготка прабягаюць па яго целу.
        I апошні раз пасля гэтага пытала Аўгіня:
        – Цяпер ты верыш мне?
        Ён абнімаў яе, цалаваў і шаптаў:
        – Аўгінька, мілая, любая.
        – Адкасніся ад мяне. Ідзі прэч.
        Што здарылася з ёю?
        Яна злосна адштурхнула яго ад сябе і пайшла. А ён недаўменна стаяў, пазіраў ёй услед. Яна злілася з цемраддзю ліпеньскай ночы. Мартын пайшоў у свой бок.
        Лёгка і пуста было ў яго галаве.
        Выйшла Аўгіня замуж за Васіля Бусыгу. Жаніўся Мартын, узяў сінявокую Грабараву Еву, сталую зграбную дзяўчыну і разумную.
        Але Аўгініны вочы глыбока запалі ў яго мыслі і сэрца. I не можа Мартын пазбавіцца іх чараў аж да гэтага дня.
        Мартын і Аўгіня зрэдку сустракаліся і пасля таго, калі Мартын быў жанаты, а Аўгіня была жонкаю Васіля Бусыгі. I гэтыя спатканні іх кожны раз хвалявалі. I яна і ён адчувалі розумам недарэчнасць такіх спатканняў, але сэрца не хацела слухаць довадаў розуму.
        I запытаў раз Мартын Аўгіню:
        – А помніш, Аўгіня, як гналіся мы, каб першаму даплыць да забітай качкі. А качку глынуў сом. Ні ты, ні я не даплылі да яе.
        Аўгіня толькі ўздыхнула.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.