РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXVII
        
XXVII

        
        У Саўкі Мільгуна выпрацаваўся свой погляд на рэчы: лепей спазніцца, чым не ў часе схапіцца. Вось чаму, развітаўшыся з Максімам, павольна, не спяшаючыся, пасоўваўся ён у бок Вепраў. Ды і чаго наогул спяшацца? Усё роўна, спяшайся не спяшайся, а свайго не мінеш. У Вепрах Саўка запыніўся на некаторы час: былі ўсе падставы для таго, каб пабыць там даўжэй. Па-першае, там было многа народу, моцна пакрыўджанага палякамі: у Вепрах палякі забілі Кандрата Буса, спалілі Мартынаву хату. Наогул Вепры абадралі яны, як ліпку. Па-другое, у Вепрах былі і Саўкавы прыяцелі, даўнейшыя хаўруснікі па часці канакрадства. Праўда, справы гэта ўжо не такія пачэсныя, каб на іх тут доўга спыняцца і раззвоньваць, але ўспомніць пра іх у добрай кампаніі пры чарцы самагону ўсё ж можна было, асабліва калі прыняць пад увагу, што рабіліся яны яшчэ за царом. А ў Саўкі якраз і аванс быў, выданы яму войтам і яго прыяцелямі. Такім чынам, У Вепрах прабыў Саўка дзён тры ці чатыры. I трэба сказаць, дарма часу ён і тут не зводзіў: і тут ён пашыраў, праўда, пад вялікім сакрэтам, тыя ж погляды, аб якіх расказваў Максіму, гаварыў аб сваім замаху стаць партызанам. У гэтай справе ён ужо набіў, як кажуць, руку. Ён так захапіўся партызанствам, што і сам пачынаў верыць у яго. Але за гэты час адбыліся некаторыя падзеі, у выніку чаго сюды, у Вепры, прыйшла Талашова нявестка і таксама па сакрэту расказала Мартынавай жонцы пра тую ролю, якую адвялі Саўку войт і яго прыяцелі. Вепраўцы, дачуўшыся аб гэтым, былі дужа абураны, і невядома што сталася б тут з Саўкам, калі б не прыйшоў сюды Талашоў Максім і не перадаў загад свайго бацькі накіраваць Саўку ў Карначы да Цімоха Будзіка. Гэтым вырашэннем справы ўсе засталіся здаволены: сам Максім, бо ён выпаўніў бацькаў загад знайсці Саўку, каб накіраваць яго да Будзіка; вепраўцы – ім не трэба было думаць, што зрабіць з Саўкам. Здаволены быў і Саўка: ён знайшоў тое, чаго шукаў.
        З Вепраў падаўся Саўка ў Карначы.
        Цімох Будзік доўга і ўважна паўзіраўся ў Саўку Мільгуна. Саўку было нават трохі няёмка пад такім пранізлівым позіркам Цімохавых вачэй. Але ён храбра вытрымаў гэты выпрабоўваючы позірк і, у сваю чаргу, не маргнуўшы вокам, пазіраў на Цімоха.
        – Дык гэта ты і ёсць той самы Саўка Мільгун? – запытаўся нарэшце Будзік.
        "Пры чым тут "той самы"? і чаму "той самы"?" – сам сабе падумаў Мільгун. У гэтым "той самы" яму пачулася нешта такое, што шоргнула па ім, як кажухом па печы.
        – Як гэта "той самы"... Хіба ёсць яшчэ і не той самы Саўка Мільгун, і ты ведаеш такога? – паціка'віўся Саўка.
        – Можа, ёсць, можа, і ведаю, – мнагазначна ўсміхнуўся Цімох, і смех не зусім ішоў да яго суровага твару.
        – Здаецца, як бы я цябе дзесь бачыў, – і Саўка таксама паўглядаўся ў Цімохаў твар, падкрэсліўшы слова "дзесь".
        – А дзе было гэта "дзесь"? – запытаўся Цімох.
        Саўка хітра зірнуў на Будзіка.
        – Калі не памыляюся, дык у Мазыры елі царскія сыры.
        Саўка намякаў на Мазырскі астрог. Ён прасядзеў там цэлы год як асуджаны за палітычную справу, за распаўсюджванне пракламацый. Гэта акалічнасць, паказваючы Саўку з новага боку, вымагае тлумачэння. Справа тут вось у чым: Саўка ведаў, што асуджаныя за "палітыку" карыстаюцца павагаю з боку шырокіх колаў грамады. На гэтым ён і пабудаваў сваю тактыку. I ў апошнія часы, калі ён ішоў на лоўлю, гэта значыць красці коні, то браў з сабою і пракламацыі. Яго злавілі як канакрада, але ў яго аказаліся пракламацыі. I судзілі Саўку не як канакрада, а як "дэмакрата-сацыяліста".
        Цяпер Саўка з энтузіязмам хваліцца, што і ён змагаўся з царскім "прыжымам". Цімох Будзік, як ужо вядома, адбыў два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы, сядзеў як крымінальнік.
        – Гм! Так, так! Помню, – рэзюмаваў успаміны пра былое Цімох. – А цяпер, значыцца, ваяваць з панам?
        – Ваяваць, брат, да канца ваяваць! – сказаў Саўка і рашуча кіўнуў галавою.
        – Ну, то і добра. Завяду я цябе да нашых, пазнаёмлю з нашым атаманам.
        Дзед Талаш, так удала вырваўшыся са свайго палону, заняўся Саўкам Мільгуном: што з ім рабіць? Як быць з ім? У дзеда Талаша было многа розных праектаў, але паколькі гэта справа мела грамадскі характар, то дзед Талаш палічыў болей правільным перадаць гэту справу на вырашэнне партызанскай грамады, у якой ужо складаліся свае парадкі і законы. Якраз гэтымі днямі партызанская грамада значна павялічылася. Партызанскі рух з набліжэннем вясны рос і шырыўся. Сюды прыйшоў Марка Балук з-пад Цернішч. Прыйшоў ён адзін, але ў яго была свая грамада адважных людзей. Яму трэба было звязацца з партызанамі дзеда Талаша і выпрацаваць план сумеснага дзеяння.
        Аўтарытэт Маркі Балука высока стаяў у вачах тутэйшых партызан. Прывёў яго Мартын Рыль, і сустрэлі яго з радасцю. Дзед Талаш моцна і доўга трос яго руку, пазіраў яму ў вочы.
        – Дай жа, саколе, паглядзець на цябе. Чуў я, чуў пра Марка Балука. Шукаў цябе, сынку, эге ж! Жонку тваю выпадкам спаткаў. Аб табе гутарылі.
        Прыход Маркі Балука, набліжэнне вясны і пашырэнне партызанскага руху высоўвала цэлы рад новых пытанняў, аб якіх трэба было пагаварыць. Нараду правялі ў лесе. На нарадзе былі: Марка Балук, Мартын Рыль, Цімох Вудзік, Нупрэй, дзед Талаш і некалькі радавых партызан. Гаварылі аб формах сувязі сярод партызан, абмеркавалі ўмоўныя знакі, каб пазнаваць сваіх, аб вярбоўцы людзей у партызаны, аб размеркаванні раёнаў баявога дзеяння. Калі ўсе гэтыя пытанні былі абмеркаваны, выступіў дзед Талаш, каб расказаць пра Саўку Мільгуна.
        – А цяпер, хлопцы-малойцы, раскажу вам адну рэч, – пачаў дзед Талаш. – Памятаеце вы, што гаварыў нам таварыш Букрэй? Ён гаварыў, што да нас будуць прыставаць і нашы ворагі... Як ён іх называў, забыўся.
        – Правакатары, – падказалі дзеду.
        – Во, во, гэтыя атамары. Вось жа ён і не памыліўся. Я маю пэўныя весткі аб тым, што Васіль Бусыга з нашай вёскі і яго прыяцелі-багацеі нанялі злодзея Саўку Мільгуна, каб ён, прыкінуўшыся нашым чалавекам, прыйшоў да нас як партызан-ваяка. Праз гэтага злодзея яны хочуць выведаць усе нашы сакрэты, а нас прадаць панам. Чуеце, што робіцца? Да чаго дадумаліся, падлюгі! I Саўка да нас прыйдзе. Я нават сказаў, каб яму перадалі, як да нас зайсці. Я сказаў, каб ён прыйшоў да Цімоха Будзіка. А ты, Цімох, і прывядзеш яго да нас, нічога не кажучы яму пра тое, што мы аб ім ведаем. Дык што мы з ім зробім? Давайце памяркуем разам.
        Зашумелі суровыя галасы абурэння. На Саўку Мільгуна пасыпаўся цэлы град крэпкіх слоў і жорсткіх праклёнаў. Нарэшце ўсё гэта вылілася амаль аднагалосна ў суровы прысуд:
        – Застрэліць гада!
        – Павесіць здрадніка!
        – Ды ўжо ж не пашкадуем яго, – сказаў стары Талаш, – але ж за спіною Саўкі стаяць яшчэ болыпыя нашы ворагі: сам войт Бусыга, Бірка і Бруй. Што ж яны за божыя ўнукі? Так ім і падараваць?
        – I ім туды дарога! – пачуліся грозныя галасы.
        Мартын Рыль стаяў пануры. Думаў аб тым, у якім асяроддзі жыве Аўгіня. Няўжо яна не ведае аб гэтай змове свайго мужа і яго прыяцеляў? Не выказаўся таксама і Марка Балук.
        – А ты як мяркуеш, сынку? – запытаў у яго дзед Талаш.
        Балук усміхнуўся.
        – А я, бацька, вось як мяркую. Калі да нас прыйдзе Саўка і раскапае тое, што яму трэба, дык яго трэба пусціць.
        – Як жа пускаць такога гада? – запытаў Цімох Будзік.
        – А вот вы слухайце.
        I Марку слухалі з напружанай увагай.
        – Саўка пойдзе і раскажа таму, хто паслаў яго. А яны пойдуць і заявяць пра гэта ў паліцыю. I Саўка прывядзе сюды паліцыю ці салдат. Вось тут і трэба падкаравуліць і сустрэць іх так, каб ніхто з іх не вярнуўся з лесу.
        – А ты праўду кажаш, сынку. Эге ж! Залатая ў цябе галава. Не горшая, як у Букрэя.
        Усім спадабалася Балукова выдумка і гуртом прыступілі да распрацоўкі ўсяго плана.
        Дзён праз колькі пасля гэтага прывёў Цімох сюды Саўку. Дарогаю расказаў яму, што партызанскі атаман стары Талаш з меншым сынам Панасам і з Мартынам Рылем хаваюцца ў лесе, начуюць у салашы.
        А салаш гэты зрабілі спецыяльна для таго, каб ашукаць Саўку, спадзеючыся, што Саўка раскажа аб гэтым войту, а войт ужо зробіць усё, каб прыйшлі сюды палякі, і Саўка напэўна прывядзе іх.
        Дзед Талаш сядзеў у салашы на дубовай калодцы, з важнаю і гордаю мінаю партызанскага атамана, пыхкаў люлькаю, выпускаючы струменьчыкі сіняга дыму. Перад ім курыўся невялічкі агеньчык. У салашы ляжала салома і жорсткае сена. Некалькі дзяружак, скамечаных і кінутых як папала, сведчылі аб тым, што тут начуюць людзі.
        – Вось, бацька, прывёў я ваяку! Партызанам хоча быць, – адрэкамендаваў Цімох Саўку Мільгуна.
        – Добра, сынку, добра!.. Ну, здароў, Саўка!
        Дзед Талаш падаў Саўку руку.
        – Што ж павяло цябе на гэту справу?
        – Не магу змірыцца – такія крыўды чыняцца людзям.
        – А якую маеш крыўду?
        – Мяне яны, сказаць, не пакрыўдзілі. Але не магу спакойна глядзець, як другіх крыўдзяць. Вы ж ведаеце. А пра вас так многа гавораць, што мне проста захацелася з вамі быць, біцца з панамі насмерць. На ліха яны здаліся?
        – Ну, добра. Мы цябе прымаем, але памятай – слухаць павінен. У нас па-ваеннаму, строга! Дамо табе даручэнне, ты мусіш яго выпаўніць.
        – Усё буду рабіць, што загадаеце! – горача заявіў Саўка.
        Дзед паглядзеў на яго. Саўка і вокам не змаргнуў.
        – Дужа добра! Дык вось на першых часах ты павінен Да палякаў прыглядацца, разведваць, дзе іх войска, куды яго гоняць. Ды глядзі, сынку, язык трымай за зубамі. Што ведаеш пра нас, нікому ні гу-гу.
        – Вядомая рэч, ці я не ведаю? – падхапіў Саўка.
        – Ну вось і ўсё покі што. Старайся, сынку!
        Саўка, як злодзей, украдкай агледзеў салаш і лес.
        – I вы, бацька, адзін жывяце тут? – пацікавіўся Саўка.
        – Усяляк бывае: і адзін і хто-небудзь у падсуседзі прыйдзе. Прыходзь жа сюды не пазней трох дзён, раскажаш нам, што здабудзеш за гэты час. Апознішся, то, можа, мяне не застанеш тут.
        На гэтым і скончыў дзед Талаш сваю аўдыенцыю.
        У лесе на скрыжаванні дарог развітаўся Саўка з Цімохам. Унурыўшыся, ішоў ён праз лес. Першы раз у жыцці яго заскрэбла штосьці моцна-моцна. Яго пачынаў агортваць страх, і ён часамі жахаўся той ролі, якую навязалі яму войт і яго прыяцелі. У ім пачыналі варушыцца рэшткі сумлення. У яго вачах увесь час стаяў дзед Талаш. Яму чуўся нават яго голас. Куды ж ён, Саўка, ідзе? З чым ідзе? Што скажа? Скажа, дзе знаходзіцца дзед Талаш з сынам і з Мартынам Рылем. Ён проста прадасць іх, як прадаваў калісь крадзеных коней. Але адна справа жывёла, а гэта жывыя людзі, людзі, загнаныя ў трушчобы, як дзікія звяры, людзі, якія хочуць жыць і якія ніколі на бачылі дабра.
        Былі моманты, калі Саўка важыўся вярнуцца назад, каб расказаць Цімоху ўсю праўду. Але Саўка не так далёка яшчэ зайшоў у сваім злачынстве. Апошні і рашучы момант яго злачынства адбудзецца тады, калі ён раскажа войту пра дзеда Талаша. Гэта акалічнасць крыху заспакойвала Саўку, і ён думаў аб тым, як рабіць яму далей. Ні да чаго пэўнага не прыйшоў Саўка ў сваіх думках. Там відней будзе, – пакінуў Саўка за сабою свабоду дзеяння і сунуўся далей.
        Была ўжо глыбокая ноч, калі ён прыйшоў у Прымакі, але па хатах сям-там яшчэ свяціліся агні. У Васілёвай хаце агню не было. Саўка запыніўся, трохі пастаяў. Хацеў быў пастукаць у акно, а потым махнуў рукой і пайшоў далей. Тым не меней яму карцела пабачыць войта і яго прыяцеляў. Трэба было неяк выблутацца з таго прыкрага становішча, у якім апынуўся Саўка, і бляск у вокнах Біркавай хаты яго пацягнуў, як агонь цягне начнога матыля. Апроч усяго іншага, Саўка быў галодны. I ён зайшоў да Біркі.
        Гаспадар адчыніў яму дзверы. Саўка пераступіў парог і спыніўся. Стол быў пакрыты настольнікам. На стале стаяла пляшка самагону, выпітая да палавіны, і закуска: скваркі і кіслая капуста. Войт сядзеў за сталом пануры і чорны, як ноч. Угледзеўшы Саўку, ён трохі ажывіўся. Разважлівы Бруй з шумам вылез з-за стала.
        – Ну вот, я вам і Саўку прывёў, – урачыста абвясціў Бірка.
        – Ну, сядай жа з намі!
        Саўка павесіў на крук шапку. Кажушка ён не зняў, а толькі расшпіліў: у хаце было цёпла. Ды і распранацца яму было не з рукі: распранацца можна было толькі ў кампаніі роўных паміж сабою людзей. А ці Саўка можа раўняцца з імі, гаспадарамі-багацеямі? Што такое Саўка? Злодзей, канакрад, чалавек, якога можна купляць і стаўляць на цёмныя справы. I калі яго пусцілі ў хату і пасадзілі з сабою за стол, дык толькі таму, што ў ім мелі патрэбу. Усё гэта прамільгнула абразлівым ценем у Саўкавай галаве.
        Прыступаць адразу да справы, распытваць, з чым прыйшоў Саўка, ніхто першым не адважваўся. Перакідаліся малазначнымі словамі і сказамі, нічога агульнага не меўшымі з Саўкавай місіяй.
        – Выпі ж, Саўка, ды закусі, ты пэўна ж галодны з дарогі.
        Бруй наліў яму шклянку самагону. Саўка неспакойнымі прагавітымі вачыма акінуў стол і закуску на ім. Не адрываючыся ад шклянкі, выжлуктаў самагон і энергічна паставіў яе на стол. Самагонная поскудзь борзда разлілася па яго жылах, стукнула ў галаву. Як воўк, глытаў ён скваркі і напіхваў рот цэлымі кучамі кіслай капусты. Капуста скрыпела і трашчала на яго зубах, а сківіцы варушыліся, як жорны.
        Прыяцелі пазіралі на яго і па ім бачылі, што прыйшоў ён не з пустымі рукамі. Саўка чакаў, калі ж запытаюць яго аб справе, і адчуваў, што аб ёй пара пачаць гутарку. Але ў яго не было на гэты конт раней надуманага плана: гэтага не было ў Саўкавым звычаі.
        Ён проста рабіў, выяўляў сваю дзейнасць.па натхненню, пад уплывам мінуты.
        – А мы цябе, Саўка, чакалі, думалі аб табе, непакоіліся за цябе, – першым па-дзелавому загаварыў войт. – Ну, як жа ты схадзіў? Што бачыў, чуў? Раскажы.
        Саўка абцёр губы, нагнуўся пад стол, прывёў у парадак нос.
        – Чакалі мяне? Думалі пра мяне? Непакоіліся за мяне? Эх, Саўка! Ты чуеш, у якой ты пашане, які гонар табе... Нічога, хадзіў нагамі, пазіраў вачамі, слухаў вушамі, – з горкай іроніяй загаварыў Саўка. Войт і яго прыяцелі клюнулі насамі і прыгнулі галовы. Невялічкая няёмкая паўза, некаторае замяшанне.
        – Гэта ўсё правільна. Але ж самі ведаем, што хадзіў ты не галавою, – таксама пад жарт у тон Саўку азваўся Бруй.
        – А нашто Саўку галава? – тым жа тонам запытаў Саўка. – Нашто яна яму? За Саўку мудрэйшыя галовы падумаюць. А Саўкава справа – нагамі папіхацца.
        – Ты, Саўка, чымся згрызены. Не ў гуморы ты. Выпі яшчэ.
        Гаспадар наліў яму самагону. Саўка адвёў рукою Біркаву руку са шклянкаю.
        – Не хочу! – катэгарычна заявіў ён. Яго паводзіны выклікалі агульнае недаўменне.
        – Што ты, Саўка, бунтуеш? – строга звярнуўся да яго войт. – Кажы да ладу, калі з табою людзі гавораць.
        – Людзі? Якія людзі? Хто людзі – вы? Сволачы вы, а не людзі. Я – гультай і злодзей, канакрад, прапашчы чалавек... Я зусім не чалавек. Але вы, вы пяты мае не варты. Я краў і гандляваў канямі, а вы гандлюеце людзьмі і сваім сумленнем. Вы – плюгаўства, нікчэмнасць. На вас плюнуць і растаптаць!
        – Саўка, распусціў ты язык. Ой, глядзі! – прыстрашыў яго войт.
        З Саўкам нешта здарылася. Яго паводзіны пачыналі сур'ёзна непакоіць войта і яго прыяцеляў. Яны яшчэ не трацілі надзеі дазнацца прычын гэтых дзіўных Саўкавых паводзін.
        Але Саўка зацяўся, як камень. Ён толькі лаяўся, абражаў падвыпіўшую кампанію і зневажаў яе, як толькі ўмеў.
        Нарэшце войт страціў цярпенне.
        – Годзі задавацца, Саўка. Даволі камедыянцтва! Я знайду спосаб прымусіць цябе гаварыць тое, што трэба.
        – Ты прымусіш мяне гаварыць пра тое, што вам трэба? Гаварыць пра старога Талаша, пра Мартына Рыля, дзе і як знайсці іх? Дудкі, ідзіце самі ды пашукайце іх. А я вам больш не слуга!
        Саўка стаў на ногі і падпёр кулакамі бакі, паваліўшы на стол шклянку і бутэльку з недапітым самагонам. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Войту зусім не спадабалася такая гордая пастава Саўкі Мільгуна. Сярдзіта паглядалі на яго і войтавы прыяцелі.
        Войт крута павярнуўся да Саўкі ўсім корпусам.
        – Што ты казырышся тут? – крыкнуў на Саўку. – Сядзь!
        I ў той жа момант схапіў яго за плечы і з сілаю ціскануў, каб пасадзіць Саўку на лаву. Саўка ўскінуў угору пругкімі локцямі і адным локцем крэпка стукнуў войта па носе.
        – Прэч, панскі папіхач!
        Войт не знёс гэтай абразы. Размахнуўся і трэснуў Саўку ў зубы. Падняўся шум, крык. Яны счапіліся і з усёй сілы пачалі штурхаць і лупіць адзін аднаго. Бірка і Бруй кінуліся памагаць войту. Саўка схапіў са стала нож з вострым канцом і пырнуў войта пад бок. Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок, а Саўка з усёй сілы штурхануў стол. Стол з громам бразнуўся на падлогу. Саўка, як тыгр, пераскочыў цераз яго, схапіў з крука шапку і кінуўся ў дзверы, а за ім Бірка і Бруй.
        – Лаві, лаві яго! Каравул! – крычалі яны і гналіся за Саўкам, і гэты крык, як лямант роспачы, дрыгацеў у зацятай цемрадзі палескай ночы, будзячы і трывожачы заснуўшых сабак.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.