|
XXXV Аднавілася, ажыла зямля. Многагалосы, разнастайны паток жыцця залівае кожны шматок яе, поўніць лясы, поле, балоты і несціханым звонам калыша чуллівае празрыстае паветра. Адзеліся дрэвы ў новую зялёную вопратку, і такую паважную, поўную свайго мудрага сэнсу гутарку вядзе дрэва з дрэвам, лісток з лістком, а пад дрэвамі – былінка з былінкаю, а ў гэтых дрэвах, лістах і былінках пераклікаюцца птушкі, кузуркі, і іх галасы зліваюцца ў адну сімфонію дзівоснай музыкі жыцця. Невысокі хударлявы чалавек прыслухоўваецца да многагалосага звону, спеву, музыкі, што ідуць разам з ім дарогаю ўскрай лесу, ідуць усюды, дзе ні ступае нага яго. Уся гэта сімфонія, калі ўслухацца ў яе глыбей і бліжэй прыгледзецца да ўсёй гэтай сугучнасці жыцця, ёсць водгулле прыхованага, а часамі і непрыкрытага зацятага змагання за жыццё. Невысокі хударлявы чалавек, сейбіт буры і змагання, упэўнен у гэтым, бо перад яго вачыма раскрыта праўда жыцця і яго завуаляваныя спружыны. Вось чаму ён так упэўнена і смела ходзіць патаемнымі дарогамі па зямлі акупаванага Палесся і поўнаю жменяю сее насенне буры і нянавісці да класавых ворагаў, глыбока ўзорваючы глебу свядомасці прыгнечаных, загнаных у закуткі жыцця. У яго глыбокая вера ў праўду гэтай сяўбы. Ён бачыць багатыя ўсходы свайго севу, і ад таго яму так весела, і настрой яго ўзняты. Жыццё яго поўна небяспекі. Кожны дзень, кожная гадзіна тояць у сабе прыхаванае падступства і здраду. I шмат было ў таварыша Нявіднага напружаных момантаў, такіх, калі воля і само жыццё яго віселі на танюсенькай павуцінцы. Ён расказаў бы шмат цікавых здарэнняў з практыкі свайго патаемнага вандроўніцтва і нелегальнага жыцця ў драпежнай пастцы жорсткіх акупантаў. На яго расстаўляюць сеці дасціпныя аматары польскай паліцыі, хітрыя і прабеглыя шпіёны заходнееўрапейскага складу. Але яму дапамагае арганічнае зрастанне з масамі загнанай у закуткі жыцця беднаты. Яна яго любіць, верыць яму, як свайму чалавеку.Яна жі бароніць яго, папярэджвае, хавае, вырывае з рук добраахвотных сышчыкаў накшталт Бусыгі, бачыўшых пагібель сваю ў прапагандзе і падпольнай рабоце Нявіднага. Нявідны ведае, што чакае яго, калі зловіць яго панская агентура. Але ён ведае і верыць у праўду новага ладу жыцця, таго ладу, за ідэалы якога змагаецца партыя камуністаў. I гэта дае яму паўнату жыцця, сэнс і апраўданне таго, што ён робіць, ходзячы здрадліваю, вузенькаю тропкаю па краю цёмнага прадоння, рызыкуючы зваліцца туды ў кожную часіну. Усё гэта змушае яго трымаць вухаі вока на варце, хадзіць з аглядкаю. Цікава ж, нарэшце, пабачыць, як пойдзе ў рост далей той засеў змагання і класавай нянавісці, дзе нямала ёсць зярнятак, кінутых яго рукою. Цікава наогул жыць і біцца за вовы лад жыцця і ведаць, як і калі скончыцца гэта змаганне і як будзе будавацца гэта новае, светам не бачанае. Ён прыпамінае партызанскі мітынг на бязлюдным полі каля лесу, дзе ён выпадкам сустрэўся з дзедам Талашом. У яго вачах устаюць каларытныя фігуры старога партызанскага атамана і яго памочніка Мартына Рыля з карабінам і дзервяною трубою. Усё гэта такія з'явы, якія шмат аб чым гавораць і перш за ўсё аб тым, якія глыбокія карэнні пусціла ў працоўных масах партыя камуністаў. Усё гэта цешыць і радуе таварыша Нявіднага і жывіць яго непахісную веру ў перамогу. Ён думае аб пажарах панскіх маёнткаў як аб водгуллі партызанскай вайны. Гэтыя пажары ў канчатковым падрахунку будуць спрыяць пашырэнню і паглыбленню партызанскага руху. Яго ўпэўненасці ў перамозе новага ладу жыцця не парушае факт адыходу Чырвонай Арміі пад напорам польскіх легіёнаў, узброеных на кошт Антанты: гісторыя грамадзянскай вайны, гісторыя шмат якіх інтэрвенцый супраць Краіны Саветаў даводзіць яму, што перамога будзе на баку бальшавікоў і на гэты раз. Ідзе Нявідны, разам з ім, побач яго і над ім шуміць многагалосы паток жыцця, гарманічны, сугучны з першага погляду, супярэчлівы і прасякнуты духам змагання, калі прыгледзецца да яго ўважней і глыбей. Нявідны сам сабе пасміхаецца, ён ведае, хто з'яўляецца прапаведнікам гэтай гарманічнасці жыцця не толькі ў прыродзе, але і ў людскім грамадстве, каму і для чаго патрэбна яна. Нявідны не прызнае такой пропаведзі – ён сейбіт буры і класавай нянавісці ў імя новага чалавека і новага сацыяльнага ладу, бо толькі праз буру змагання будзе звергнуты стары свет і прыйдзе новая эпоха. Думкі заводзяць Нявіднага далёка за межы сённяшняга дня і закалыхваюць яго спасцярожлівую пільнасць. Ён забывае, што ходзіць над краем бяздоння, што ворагі ўсюды сочаць за ім. Ён цьмяна, як у сне, бачыць на момант чалавечую постаць, але яна зараз жа знікае з поля яго зроку і з яго свядомасці. Дарога сціскаецца лесам і спускаецца ў лагчыну, потым ізноў падымаецца на горку. Нявідны ідзе далей. Перед ім раскрываецца круглая паляна, а на паляне відаць сядзіба – хутар ці сярэдняй рукі фальварак. Нявідны хоча звярнуць з дарогі ўбок, каб не быць заметным з боку сядзібы. Аж зірк – на спатканне яму высоўваюцца нейк адразу трое мужчын. Па вопратцы тутэйшыя сяляне. Нявідны крыху сумеўся: у іх абліччы і поглядзе, кінутым на яго занадта ўважна, яму паказалася штось не зусім ладнае. Але зварочваць у лес цяпер ужо было па часе. Нявідны ідзе насустрач ім, стараючыся нічым не выказваць свайго непакою. – Панічок, ці няма ў вас агню? – украдліва-пачціва пытае яго адзін з пабітым воспаю тварам. I для большай натуральнасці такога запытання паказвае скручаную з газетнай паперы цыгарку. Усе трое спыняюцца, прычым двое другіх становяцца па баках Нявіднага. "Шпікі", – маланкаю мільгае ў галаве Нявіднага. – Агонь павінен быць, – бестурботна-спакойна адказвае ён і абмацвае кішэні, затрымаўшы правую руку на рукаятцы браўнінга. Стаяўшыя па баках пераглянуліся, вачыма далі знаць адзін аднаму. – Беж его! I раптам кінуліся на Нявіднага. У момант вока Нявідны выхапіў браўнінг і выстраліў, не цэлячыся, у таго, што быў злева. Сышчык упаў на зямлю. Але гэта была толькі яго хітрасць: куля праляцела міма, прабіўшы яму адзежу і чуць крануўшы скуру на баку. Другі ў той жа момант схапіў Нявіднага за руку ніжэй локця і крэпка сціснуў яе. Аспаваты кінуўся наўцёкі. Упаўшы сышчык маланкай падняўся на ногі і схапіў руку Нявіднага з браўнінгам і так сціснуў яе, што пальцы разагнуліся, рэвальвер выпаў на зямлю. Між імі пачалася страшная барацьба. Нявідны вырываўся з усіх сіл, каб вызваліць рукі. Але сышчык трымаў яго моцна і стараўся паваліць. – А, пшэклёнты бальшавік! Ніц не паможэ! – хрыпеў ён. Другі, што падняўся з зямлі, рвануў Нявіднага за ногі, і ён упаў. Цяпер падбег і аспаваты. З лесу выбеглі яшчэ двое ў форме вайскоўцаў. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Збіты і акрываўлены, Нявідны ляжаў нерухліва. Яго перасталі біць, ператрэслі кішэні і тады надзелі яму наручнікі. З сядзібы пад'ехала фурманка. Нявіднага кінулі ў павозку і павезлі пад канвоем трох польскіх агентаў. Толькі ў дарозе, спусціўшы некаторы час, Нявідны ачнуўся і прыйшоў да памяці, але ён не паказваў гэтага сядзеўшым каля яго агентам. Відаць, яны мала клалаціліся за жыццё свае ахвяры: яны былі спецыялісты па часці біцця да пэўнай мяжы, з тым, каб захаваць сваю ахвяру для допыту ў засценні польскіх астрогаў. З трыумфам ехалі яны і пільна вартавалі сваю ахвяру. Нявідны, перамагаючы боль збітага цела, прыпамінаў, што з дакументаў папала ў рукі яго катаў. Такіх дакументаў, якія маглі б пацягнуць за сабою арышты другіх асоб, Нявідны не меў звычаю насіць пры сабе. Пры ім было некалькі брашур ваеннага агітпропа, накіраваных супраць белапольскай акупацыі, адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам шляхам партызанскай вайны і арганізацыі рэвалюцыйных камітэтаў. Самі па сабе дакументы гэтыя нічога не давалі панскай агентуры ў сэнсе выкрыцця іншых асоб, апроч Нявіднага. Гэта яго заспакоіла. Яго мучыла смага, але ён цярпеў. Агенты прабавалі гаварыць з ім, але ён, не хаваючы свае агіды да іх, маўчаў і не пазіраў на іх. Аб арышце небяспечнага "злачынца" былі зараз жа апавешчаны вышэйшыя органы адпаведных польскіх аддзелаў. Адтуль распарадзіліся даставіць Нявіднага глыбей у тыл, у болей надзейны астрог. Некалькі дзён перасылалі Нявіднага з астрога ў астрог пад моцным канвоем, дзе пехатой, дзе фурманкамі і нарэшце чыгункаю. Астрог, збудаваны яшчэ пры цару, быў цёмны і пануры. Нявіднага ўвялі ў кантору астрога, здалі па дакументах, дзе быў адзначан характар "злачынства": падпольная работа, накіраваная на зрыў польскага "ужонда", арганізацыя "разбою" і распальванне класавай нянавісці да пануючага класа. Яго абыскалі, і ўжо турэмная стража пад моцным канвоем павяла яго ў адзіночную камеру, што змяшчалася ў ніжнім этажы рагавой турэмнай вежы. Сотні арыштаваных за ўдзел у рэвалюцыйным руху напаўнялі астрог. Іх бледныя, змучаныя твары паказваліся ў закутых у жалеза вокнах з усіх паверхаў астрога. – Адкуль, таварыш? – За што? – чуліся мужчынскія і жаночыя галасы. – З Палесся! – То нявольна! – крыкнуў Нявіднаму чорны астрожны цэрбер і штурхануў яго ў плечы, а варта, пастаўленая на двары астрога, стрэльбамі пагражала зняволеным і са спецыфічна астрожнаю лаянкаю адганяла іх ад акон. З іржавым скрогатам расчыніліся грузкія жалезныя вароты, як пасць астрога. Цёмным калідорам падзямелля, дзе смутна блішчалі агеньчыкі ліхтароў, а побач змяшчаліся карцэры і розныя клятушкі-камеры, павялі Нявіднага ў рагавую вежу. Прайшлі калідор, павярнулі ў цесную шчыліну, у вузкі праход між тоўстых мураваных сцен, прайшлі яшчэ адны дзверы, і Нявідны апынуўся ў круглай маленькай камеры. У камеры было пуста, холадна і сыра. На цэментавай падлозе стаяў дзервяны тапчан-койка, а высока ўгары была зроблена невялічкая ніша, забітая жалезнымі кратамі. Праз яе скупа прабівалася святло ў камеру. Турэмшчыкі выйшлі. Загрымеў ключ у замку, дзверы цяжка зачыніліся, і Нявідны астаўся адзін, адгароджаны ад свету, людзей і волі. Ён прысеў на голы тапчан, азірнуўся... тупік. Далей ходу няма!.. Канец!.. Нявідны не цешыў сябе ніякімі ілюзіямі. Смяртэльная маркота ахапіла яго. Адзін, ні жывой душы. Жудасная цішыня, а ў гэтай цішыні плылі нейкія далёкія, глухія гукі і губляліся тут... Там, у Гомельшчыне, засталася старая маці. Ніколі ў жыцці не адчуў ён такой вострай жаласці да яе, як у гэты момант. Яна так дрыжала над ім, так старалася ўсцерагчы яго. Два сыны яе загінулі на імперыялістычнай вайне. Дзве дачкі павыходзілі замуж і паўміралі. Чарга за ім, а маці застаецца адна ў свеце, перажыўшы дзяцей і мужа-чорнарабочага. Не бачыла яна радасці ў жыцці, і не ведае яна, што ён, апошні сын яе, яе радасць і апошняя сувязь яе з жыццём, адзін сядзіць у гэтай дамавіне... Лічаныя дні, а можа, гадзіны аддзяляюць яго ад цёмнага, жудаснага ў сваёй пустаце і маўклівасці нябыту. Ён апёр галаву на рукі. Паток вострага болю і пакуты падхапіў яго і закружыў у мутных сваіх хвалях... Прэч, прэч слабасць і маладушнасць! Ён рашуча зрываецца з тапчана. Твар яго робіцца суровым і зацятым. Цвёрдымі крокамі ходзіць ён па камеры. Раз, два, тры. Раз, два, тры. Камера цесная – тры крокі і – паварот. Хада і рух сунялі яго нервы, ён трохі заспакоіўся. Ён думае аб тым, што робіцца там, на Палессі, думае, у якой ступені выбыццё яго з строю работы адаб'ецца на самой рабоце. Работа не спыніцца. Яго месца зоймуць дзесяткі, сотні, тысячы новых барацьбітоў, роджаных у буры вайны і рэвалюцыі, тысячы новыў сейбітаў буры і змагання. Доўга хадзіў ён і думаў. Стомлены хадою, думкамі і ўсім перажытым за апошні час, ён прылёг на голы тапчан і заснуў, заснуў цяжкім сном чалавека, змучанага маральна і фізічна. Скрогат ключа ў замку разбудзіў Нявіднага. Адразу ж успрыняў ён гэту ўсю жахлівую рэчаіснасць. У камеру ўвайшлі трое турэмшчыкаў. – Ану, падымайся! – груба штурхануў яго адзін. Яго павялі на допыт. Нявідны з цікавасцю паглядзеў на следчых. Праціўныя, ненавісныя. Гэта – прагавітыя п'яўкі. Яны будуць высмоктваць сокі мазгоў яго, нерваў. Было іх тут двое. Адзін нарыхтаваўся запісваць. Другі будзе дапытваць. Нявідны паглядзеў на пісара і падумаў: "Многа ты не напішаш". Ён адразу паставіўся варожа да свайго допыту і ўзяў курс на тое, каб меней гаварыць і нічога не расказваць аб тым, што іх будзе найболып цікавіць. – Хто ты і як тваё прозвішча? – было першае запытанне. – Рэвалюцыянер. Прозвішча ў мяне няма. – Нявідны – гэта твой псеўданім? – запытаў следчы. – Так я называю сябе сам. – А прозвішча ты сказаць не хочаш? – Лічу, што гэта непатрэбна. – Аб тым, што патрэбна і што непатрэбна, судзіць не табе. – Я думаў, што ў "дэмакратычнай" панскай Польшчы права судзіць дано ўсім, – іранічна заўважыў Нявідны. – Што можна ваяводзе, то не тобе, смродзе, – так жа спакойна адказаў следчы. – Дасканалая "дэмакратычная" прыказка, – засмяяўся Нявідны. Следчы пачынаў злавацца. – Мы аб табе маем вялікі дакументальны матэрыял, – пачаў ён. – Тваё злачынства нам дасканала вядома, і запірацца тут не мае сэнсу. Нам вядома, што ты на тэрыторыі Польшчы, на тэрыторыі, заваёванай польскай арміяй, вёў падрыўную злачынную анархабальшавіцкую работу, накіраваную на звяржэнне польскай улады, на арганізацыю хлопскіх банд для ўзброенага выступлення, на падпал маёнткаў і на тэрор у дачыненні да іх законных уладароў і адміністрацыі польскай дзяржаўнасці. Прычым гэту злачынную дзейнасць вёў у Палессі, аб'яўленым на ваенным палажэнні. Цяжар кары за ўсе гэтыя злачынствы можа быць зменшаны, калі ты скажаш, хто твае хаўруснікі. – Вы хочаце гэта ведаць? – падкрэсліваючы слова "гэта", запытаў Нявідны. – Так, гэта. – Хаўруснікаў маіх многа. Калі б я назваў тых, каго я ведаю асабіста, то гэта была б якая-небудзь адна мільённая частка іх. Мае хаўруснікі – паўстаўШы супраць сацыяльнай несправядлівасці, спрадвечнага гнёту і эксплуатацыі народ, многамільённая маса працоўнага сялянства і рабочых. Мае хаўруснікі – мільёны прыгнечаных Полыпчы!.. – У нас тут не бальшавіцкі мітынг, – спыніў Нявіднага следчы. – Занадта многа тваіх хаўруснікаў. Нас цікавяць якраз тыя, якіх ты ведаеш асабіста, удзельнікі тваёй злачыннай дзейнасці. – Скажу проста і катэгарычна: я іх не выдам і не назаву. Следчы бліснуў вачыма. – У нас, апроч слоўнай мовы, ёсць мова іншых спосабаў. – Я чуў і ведаю вашу мову "іншых спосабаў". Тады следчы сказаў: – А ты ўсё ж падумай. Даём табе дзесяць мінут на разважанне. Нявіднага вывелі ў калідор. Праз дзесяць мінут яго зноў прывялі на допыт. На запытанне следчага аб выніках разважання суровы, спакойны і зацяты невысокі хударлявы чалавек, сейбіт буры і змагання, сказаў: – Прыступайце да вашай мовы "іншых спосабаў", болей нічога вам не скажу. I Нявідны стрымаў сваё слова. Ён маўчаў, калі яго білі, паваліўшы на брудную падлогу каземата, таўклі і мясілі цяжкімі жандарскімі ботамі; маўчаў, калі ўшчэмлівалі яго рукі між дошак, спецыяльна прыстасаваных, рвалі яго цела, расцягвалі жылы і косці. Ён абярнуўся ў нежывога, страціўшага чуласць і прытомнасць чалавека. Яго адлівалі вадою, зноў мучылі, а ён толькі скрыгатаў сціснутымі зубамі, але не сказаў ніводнага членападзельнага слова. Яго каты, здаравенныя, адкормленыя людзі, утраціўшыя чалавечы воблік, адчувалі сябе пабітымі сабакамі. Надосвіці трэцяга дня зняволеныя ахвяры старога царскага астрога чулі шум у рагавой камеры. Дзесяткі бледных людскіх ценяў прыніклі да акутых жалезам акон астрога, пазіралі на цёмную групу чалавечых сілуэтаў, выводзіўшых за вароты астрога невысокага хударлявага чалавека на апошні зтап яго галгофы. Невысокі хударлявы чалавек заўважыў бледныя цені ў вокнах астрога. Ён знайшоў у сабе сілы громка сказаць ім: – Прашчайце, таварышы! Няхай жывуць Саветы!
|
|