РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
VII
        
VII

        
        Дзеду Талашу пачынала дакучаць гэтае тулянне і бадзянне па-за межамі свайго дому.
        Жыў ён некаторы час у сваёй дачкі ў Макушах. Вечарамі плёў і ладзіў унукам лапці.расказваў ім казкі.Але ж стан рэчаў быў такі, што не хіліў дзеда на такі спосаб жыцця. Трэба было знаходзіць нейкі выхад з гэтага няпэўнага і прыкрага становішча. Тым жа часам чуткі аб учынках польскай улады і дачыненні да ўсіх, хто пападаў на яе падазрэнне, разносіліся па ўсіх закутках Палесся, дзе толькі распасціраў свае крыллі "бялы польскі ожэл". I нічога добрага не было ў гэтых чутках, і горш за ўсё – яны пацвярджаліся фактамі.
        З домам дзед Талаш сувязі не губляў. Гэтай сувяззю быў Панас. Дзед Талаш даведаўся ад Панаса, што Васіль Бусыга служыць за войта, што палякі загадалі праз войта сабраць па дзесяць пудоў сена і саломы з двара. А перад гэтым збіралі розную жыўнасць: кур, парасят, сала. Колькі калатні і ляманту было па вёсцы. А ўсякае супраціўленне каралася жорстка, і расправа чынілася на месцы. У ход пускаліся нагайкі і шампалы."Двадзесце пеньць!" – крычалі азвярэлыя капралы.
        У вёсцы пачалі паяўляцца невядомыя людзі, шныраць, як цені, прыслухоўвацца, дзе што гаворыцца, дзе што робіцца. I ходзяць чуткі, што палякі будуць рабіць мабілізацыю. А войт распытваў яго, Панаса, дзе стары Талаш. Але Панас не такі дурань, каб сказаць яму праўду. Адным словам, дзеду Талашу ніяк няможна варочацца дадому – такі быў нязменны прыпеў Панасавых навін.
        Слухаў дзед Талаш гэтыя навіны, і яго ўласная крыўда заціралася, адступала на задні план, і стажок, што забралі палякі, паслужыўшы прычынаю ўсёй гэтай бяды, здаваўся цяпер маленькаю купінкаю і губляўся ў дзедавых думках. Справа абарочвалася значна горай, а на першае месца выпіналася агульнае ліха сялянскай галечы. I што рабіць? Трывала жыла ў ім надзея на тое, што палякаў пагоняць назад, а цяпер паяўленне іх, якое ўспрымалася яшчэ некалькі дзён таму назад як раптоўны налёт на кароткі час, пагражае стаць зацяжным, а можа, назаўсёды фактам нямілай чужацкай няволі. I няўжо ж яму, дзеду Талашу, адрэзаны дарогі да свайго дому?.. А калі б пайсці ды павініцца ў сваім учынку? Ды ў чым, якая віна яго? Яго пакрыўдзілі, зняважылі, а ён будзе кланяцца ім? Ды згінь, прападзі іх доля!
        Дзед Талаш быў зацяты і горды, як дзікі арол.
        Было гэта ў той дзень, калі дзед Талаш прыйшоў на ўмоўленае месца спаткання з Панасам. Звычайна Панас прыходзіў першы і пасвістваў, чакаючы бацькі. На гэты раз першы прыйшоў дзед Талаш. Прыслухаўся – жуткая, злавесная цішыня. Можа, ён паспяшаўся? Дзед заняў пазіцыю пад старым, прысадзістым, каржакаватым, як і сам дзед Талаш, дубам. Час ішоў. Панаса не было. Прачакаў дзед гадзіну, прачакаў другую. Мулкая глухая трывога залягла ў дзедавым сэрцы. Якая прычына перашкодзіла Панасу прыйсці сюды? Дзед Талаш прыпамінае апошняе спатканне з Панасам – ці не магло тут быць якой памылкі, ці сапраўды на гэтым месцы ўмовіліся яны спаткацца? Не, памылкі не было. I тоўсты дуб ускрай Сухога поля – гэта добра памятае дзед Талаш. Нават Панасавы словы, што былі сказаны на адвітанні, гучаць у дзедавых вушах:
        – Дык пад тоўстым дубам каля Сухога поля.
        Дзед Талаш падняў вочы на гэты каржакаваты гузасты дуб з магутнымі лапамі, як бы чакаючы адказу на свае сумненні. Дуб стаяў нерухома ў сваёй паважнай застыласці, трымаючы ў развалінах ёмкі ком снегу. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухомай постаці і тупой немаце. Прытоеная цішыня чутка вартавала кожны гук, кожны нясмелы шолах. I толькі адзін дзяцел рытмічна і заўзята тукаў па галіне звонкага дрэва, не зважаючы ні на якія дзедавы трывогі.
        Маркотна рабілася старому. У яго ўяўленні замітусіліся розныя праявы і малюнкі, рысуючы яму самыя панурыя здарэнні, якія маглі налучыць Панаса, Максіма і бабку Насту. А кожная хвіліна часу востраю стрэмкаю ўядалася ў яго сэрца. Дзедаваму цярпенню прыходзіў канец – трэба кудысь ісці, трэба нешта рабіць.
        На Палессе хутка насоўваўся зацяты ў сваёй маўклівасці вечар, прыводзячы цямранаю посцілкаю лес, дальнія балоты і Сухое поле. Кусты і асобныя дрэвы на полі трацілі свае абрысы, пераходзілі ў постаці няясных расплыўлівых сілуэтаў.
        Дзед Талаш ускінуў плячамі, ямчэй падаў стрэльбу, яшчэ раз абвёў вачыма навакол і ўжо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні, і раптам занямеў: з глыбіні лесу пачуўся шоргат па снезе нечых ног і прыглушаны лускат сухіх галінак пад нагамі. Шорганне чаргавалася размерна ірытмічна – раз-два! раз-два! Часамі рытм парушаўся, але ўсё ж захоўваў агульны свой тэмп. Па чаргаванню гукаў дзед Талаш устанавіў, што гэта ішоў чалавек, але гэта былі не Панасавы крокі: ступаў хтось грамозны грузна і цяжка. Дзед прытаіўся за дубам і стаў углядацца ў той бок, адкуль даносілася гэта шорганне ног невядомага чалавека. Высокая цёмная чалавечая постаць мільгнула ў навісі зацярушаных снегам галін і паволі выплывала на прагал, вырысоўваючыся ўсё болей і болей ясна з лясной вячэрняй цемры. Дзед Талаш стаяў у напружанай постаці чакання. Аклікнуць ці не? Што за чалавек? I супраць дзедавай волі вырваўся голас яго:
        – Хто ідзе?
        Высокі чалавек спуджана запыніўся, спасцярожліва гледзячы перад сабою.
        – Хто пытае? – пачуўся густы бас незнаёмага.
        Дзеда Талаша не было відаць з-за дуба.
        – Пытаю я! – азваўся дзед Талаш.
        – А хто ты?
        – А ты хто?
        Па голасе і па гаворцы дзед Талаш дазнаўся, што гэта чалавек свой, тутэйшы. Дзедава напружанасць і страх крыху ачахлі, але ўсё ж такі ён покі што і надалей захоўваў сваё інкогніта, і таму, калі наступіла недаўменная і няёмкая маўчанка ў іх распытваннях, дзед Талаш зноў падаў голас:
        – Я тутэйшы!
        – Ты – адзін? – запытаўся асцярожны незнаёмы чалавек.
        – Адзін і не адзін: са мной стрэльба.
        – Ну, то кінь сваю стрэльбу: стрэльба ёсць таксама і ў мяне і, мусібыць, лепшая за тваю, – горда прагучаў з лесу густы бас тонам, не дапускаўшым ніякага сумнення ў тым, што яго стрэльба лепшая за дзедаву.
        Дзед Талаш высунуўся з-за дуба, а высокі незнаёмы чалавек смела і рашуча закалыхаўся да тоўстага гузастага дуба. Не даходзячы крокі тры, велікан спыніўся ў нямым здзіўленні. Гэтае ж здзіўленне адбілася і на Талашовым твары.
        – Дзядзька Талаш? – грымнуў густы бас.
        – Мартын! А бадай ты сказіўся! – радасна азваўся дзед Талаш і кінуўся да Мартына Рыля, таго самага Мартына, што пагражаў канвойніку-легіянеру піхнуць яго так, што ён і касцей не збярэ. Мужчыны крэпка паціснулі адзін аднаму рукі.
        – Каго ж тут, дзядзька, вартуеш?
        – Гэ, голубе! Каго вартую! Выходзіць так, што вартую сам сябе... А ты?.. Як бачу, хлопча, ты дужа напуджаны...
        – Ой, і не пытай, дзядзька! З паляцкай няволі, з палону вырваўся! Ды не адзін я, а трыццаць шэсць чалавек!
        – Што ты кажаш?! – здзівіўся дзед Талаш. – Як жа гэта?
        – А значыць, адступілі чырвоныя; прыйшлі палякі. Прыйшлі і пачалі вылоўліваць ды хапаць найбольш тых... ну, хто ў рэвалюцыю смела пайшоў ці рукі каля панскага дабра трохі пагрэў. А яны і пачалі помсціцца, парадкі наводзіць, ціхамірыць ды грахі ўсякія прыпамінаць. А народ наш... сам ведаеш... Розны народ ёсць, багацеі пачалі пад паноў падлабуньвацца ды выкрываць, хто чым грэшны. Вось і папаўся я: заарыштавалі. А па іншых месцах і другіх такіх нацапалі. Так вось і назбіралі цэлую грамаду. Сабралі да купы і пагналі. А хлопцы ўсе хвацкія. Знаёмыя і незнаёмыя. Прывялі гэта нас да павятовага камісара, заперлі ў нейкі халодны склеп, у пустую адрыну. Думалі, што і канцы там будуць. Але пайшла чутка, што пагоняць нас кудысь далей. А куды і чаго – не ведаем. А быў сярод нас удалец такі, Марка Балук з-пад Цернішч. Прабеглы чалавячуга, салдат старой арміі. – А, кажа, буду я ім цягацца, як арыштант які! А трасца ім у бок. З нямецкага палону вырваўся, а тут, называецца, дома цярпець буду? Няма дуракоў! Годзе! – Бачым, розумам чалавек па галаве кідае. Абступілі мы яго. – Як жа ты зробіш гэта? – пытаем. – Прысягніце, кажа, мне, што будзеце слухаць мяне, дык і вы будзеце на волі. – Бачым – надумаўся чалавек. А каму ж не хочацца на волі быць? Дык чаму не прысягнуць? Вось ён і кажа: – Прысягалі мы Мікалаю на Евангеллі, але прысяга яму не памагла. Вы ж мне прысягніце на нашым мужыцкім лапці. Пакляніцеся, што будзеце слухаць мяне, і кожны пацалуй свой лапаць! – Сур'ёзна гаворыць, не жартуе. – Лапаць, – кажа, – сцяг нашай мужыцкай долі. – I ведаеш, дзядзька, што? – давай мы цалаваць свае лапці, сабе самім у нагу. Яй-богу! Хто жартам, а хто і напраўду. Вось ён тады і гаворыць:
        – Ну, дык вось што. Калі нас павядуць і адвядуць вёрст пяць-шэсць, а можа, і болей – я буду меркавацца з месцам, то вы слухайце мой знак. А знак мой будзе вось які: "Стой – лапаць скінуўся!" Як вы гэта пачуеце, тады маланкаю кідайцеся за мною на канвой, абяззбройвайце яго. Усё залежыць ад раптоўнасці і хуткасці нападу. Два, тры чалавекі бяззбройныя лёгка справяцца з адным узброеным, калі толькі зробяць гэта борзда і спрытна. – Спадабалася нам гэта стратэгія. Абдумалі, абмеркавалі кожную дробязь, разбіліся на групкі. Гаворым шэптам, каб захаваць употайку нашу змову... Вывелі нас. Глядзімо – дванаццаць канвойнікаў, трынаццаты – камандзір. Трусімся мы, але і знаку не падаём, што ў нас на мыслі. Прыкінуліся ўсе, што мы аслабелі, ледзьве падымаем ногі, хістаемся. Паставілі ў рады. Падаў капрал каманду, сам наперад пайшоў. Рушылі. Пяць канвойнікаў з аднаго боку, пяць з другога, а два ззаду ідуць. Я ў першым радзе. З капрала вачэй не зводжу, не так з самога капрала, як з яго стрэльбы: дужа ж яна мне падабаецца. А ў вушах увесь час тры словы гучаць: "Стой – лалаць скінуўся". А наш камандзір у заднім радзе стаў. Мінулі мястэчка. У поле выйшлі. Сям-там фурманкі сустракаюцца, людзі праходзяць. А канвойнікі падганяюць нас, пакрыкваюць ды такімі паскуднымі словамі лаюцца, што і слухаць моташна. А мы гарым у нецярплівасці. I ўжо так гадзіны паўтары клыхаем. А наш камандзір маўчыць. I толькі гэта мы выходзім з лесу на паляну, аж як гаркне наш Марка Балук: "Стой – лапаць скінуўся!" I што толькі сталася ў гэты момант! Што яно там зрабілася, дык і расказаць не магу. Усё мітусілася ў адным клубку без крыку, толькі ў цяжкім сапе і хрыпу. Я нават і не памятаю, як апынуўся каля капрала. Помню толькі, што ён ляжыць у снезе з абадраным вухам і толькі вачыма лыпае, сам белы як снег, на мяне глядзіць. А я кажу яму: "Ляжы, не ўставай!" А ў мяне яго стрэльба – вось гэта самая, карабін загранічны на сем патронаў. I рэвальвер у мяне і шабля. Кідаюся другім памагаць, а там ужо і не трэба мае дапамогі. – Слухай маю каманду! – гукнуў Марка, голаю шабляю махнуў, а ў другой руцэ рэвальвер трымае, – гайда ў лес і канвойных вядзі! – Перапалоханыя, бледныя як смерць, пакорна сунуцца канвойнікі. Ды не яны
        цяпер канвойнікі, а мы. Годзе нас быдлам называць. Адышліся гоняў з пяць. – Стой! – камандуе Марка. Спыніліся. –Знімайце, паны, боты! – Разуліся. Лепшую пару выбраў сабе Марка, а рэшту падзялілі нашы лапатнікі. Трынаццаць чалавек абуліся ў боты, а лапці канвойнікам аддалі. I кінулі іх там у лесе, жывых, але крыху памятых і наштурханых. Паразбіралі іх зброю – хто стрэльбы, хто рэвальверы, а хто шаблі. На развітанне Марка сказаў: – Ну, хлопцы, гайда хто куды! Але прысягі я з вас не знімаю! I вы, гіцлі, вольныя! – кажа да канвойнікаў, – адпачніце тут ды ідзіце куды хочаце. – I падаўся ў свій бок, а кожны з нас – у свой.
        – Ах, згінь іх доля! Чаму ж гэта мяне з вамі не было?! Ну ж і стрэльбу здабыў ты сабе, Мартын! – цмакаў дзед Талаш, разглядаючы дзівосную стрэльбу.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.