РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XIV
        
XIV

        
        Дзед Талаш не проста праваднік у Букрэевай разведцы. Па-першае, ён сам паўнапраўны ваяка: ён мае "настаяшчую" ваенную стрэльбу і сорак пяць патронаў, па-другое, у яго ёсць свая каманда, цэлых восем чалавек сялян з Высокай Рудні. А народ гэта быў спрытны і адважны. Сабраць такую каманду было не так-та і лёгка, але дзед Талаш не пашкадаваў гарачых, як агонь, слоў і яркіх фарбаў, каб разагрэць кроў сваіх ваяк і рушыць іх на справу змагання супраць лютых акупантаў.
        – Няўжо, таварышы, вы будзеце грэць пуза на печы, падпіраць яе плячамі ды чакаць, покі і да вас прыйдзе паляк і стукне даўбешкаю па галаве? Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Але і поле ён забярэ ў вас, паставіць вас за батракоў у сваім маёнтку. Апошнюю нітку выцягне з вашай кашулі. Мы павінны памагчы нашаму чырвонаму войску прэч выгнаць панскую псярню, каб не паны, а мы самі, каторыя бедната і рабочыя, з таварышамі бальшавікамі былі тут гаспадары і па-свойму ладзілі сваё жыццё.
        Не апошнюю ролю ў гэтай мабілізацыі васьмі адыграў дзедаў расказ аб раззбраенні польскага канвоя і асабліва карабін Мартына Рыля, здабыты ім у часе раззбраення. Мартына Рыля тут шмат хто ведаў. Найболей грунтоўную дапамогу дзеду аказаў Нявідны, бо ён быў спецыяліст у гэтай справе.
        На змярканні рушылі ў паход дзве групы войска: трыццаць чырвонаармейцаў з Букрэем на чале і восем чалавек сялян пад камандаю дзеда Талаша, а ўсяго разам сорак чалавек. I быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Дзед Талаш цвёрда трымаў гэта ў памяці. Такім парадкам, наперадзе была цэлая доўгая зімняя ноч і цэлы кароткі зімні дзень. Часу зусім выстарчала для таго, каб не спяшаючыся прыйсці ў тэрмін на ўмоўленае месы;а.
        Надвор'е памякчэла. Яшчэ звечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў, а над далёкімі лясамі звісала тонкая блакітная смуга, прадвеснік адлігі. Яркія фарбы неба тускнелі, а на зямлю хутка апускалася цемра. Маршрут паходу быў вызначан загадзя Букрэем і дзедам Талашом пры жывым удзеле паўстанцаў-партызан, складаўшых войска дзеда Талаша. Яны таксама былі ўзброены ваеннымі стрэльбамі. Першы прывал на паходзе быў назначан у фальварку Віркуцце.
        Букрэй – чалавек з багатаю ваеннаю практыкаю. Не раз ён рабіў такія паходы, не раз быў у бойках і на фронце імперыялістычнай вайны, і на франтах вайны грамадзянскай. Быў ён і на Уральскім фронце, і пад Астраханню, і ў шырокіх стэпах Украіны. Чырвонаармейцы любілі яго і пакладаліся на яго. Ён аддаў загад начальнікам аддзяленняў прыняць меры аховы паходнай калоны. Былі высланы бакавыя і пярэднія дазоры, устаноўлена адпаведная сувязь байцоў у дазорах з ядром калоны.
        Дзед Талаш прыглядаўся да Букрэя, прыслухоўваўся да яго загадаў і каманды і ўсё гэта матаў сабе на вус. Ён, як праваднік, на якім ляжала адказнасць у сэнсе захавання войска ад розных ліхіх неспадзевак у дарозе на цаходзе, праяўляў усе адзнакі руплівасці і турботы, каб усё было добра і шчасліва. Ён то адставаў на некаторы момант ад калоны, то заходзіў наперад ці збочваў, каб адысціся ад шуму, тупату ног, прыпыняўся і чуткім вухам лавіў галасы зімняй ночы і падазроны шолах лесу. Яму прыемна было адчуваць, што на яго плячах шчыльна прыліпла важкая "настаяшчая" стрэльба з ёмкім вострым штыхом, з якім не страшна выступіць адзін на адзін і супраць мядзведзя. Усё бачанае і перажытае ў Высокай Рудні цяпер адступіла кудысь далей, а перад ім паўставалі новыя з'явы так, як дыктаваліся яны ходам падзей, – спатканне з Рылем, план вызвалення Панаса і далейшыя праявы, якія так трудна прадугледзець і падпарадкаваць сваёй волі і сваім жаданням. Алё дзед Талаш адчуваў цяпер за сабою сілу і ўпэўненасць: гэту сілу і смеласць прыдавала яму ў значнай меры і "настаяшчая" стрэльба. Калі ён адыходзіўся трохі воддаль і быў адзін, ён знімаў з-за плячэй стрэльбу, браў яе "на руку" для бою ў штыхі, як паказваў яму Букрэй. Пацешную позу прымаў у гэты час дзед Талаш: ён браў стрэльбу праваю рукою за шыйку ніжэй затвора, леваю падхватваў яе знізу на адлегласць у локаць і сам прысядаў, згінаючыся ў каленях, выставіўшы трохі наперад левую нагу. I твар яго тады быў грозны, як у чалавека, гатовага нанесці смяртэльны ўдар свайму ворагу. Але гэтыя практыкаванні не засланялі сабою дзедавых турбот і дбання, каб правесці калону шчасліва.
        Да фальварка Віркуцце заставалася вярсты тры. Дзед Талаш ціха падазваў да сябе двух чалавек з свае каманды – Купрыянчыка і Нупрэя – і даў ім загад збегаць на фальварак даведацца, ці няма там палякаў. Купрыянчык і Нупрэй шмыгнулі незаметна і расплыліся ў цемрадзі лясной глушы, а калона тым жа тэмпам, захоўваючы цішыню і парадак, рухалася далей. Шлях яе руху, дарогамі і без дарог, ляжаў увесь час праз лес. Лес ужо канчаўся, і калона зараз жа павінна была выйсці на круглае поле між лясоў, дзе і быў фальварак Віркуцце.
        Дзед Талаш падышоў да Букрэя.
        – Зараз падыходзім да фальварка, – ціха паведаміў начальніка калоны, – трэба спыніцца.
        Букрэй перадаў па ланцужку каманду спыніцца.
        – На ўсякі выпадак трэба паслаць разведаць хутар, – сказаў ён.
        Букрэй ужо хацеў выслаць разведку.
        – Я паслаў ужо сваіх людзей, – далажыў дзед Талаш.
        – Правільна зрабіў, дзед! – пахваліў яго Букрэй. – На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне, – павучаў ён дзеда.
        Мінуты праз дзве з мроку выплылі тры постаці. Гэта былі Купрыянчык і Нупрэй і з імі нехта трэці.
        Дзедава разведка данесла:
        – У фальварку палякі! Распытайцеся вось у яго – ён ведае аб іх болей, – і паказалі на прыведзенага чалавека.
        Букрэй зрабіў яму допыт.
        – Ты хто?
        – Дарвідошка, – адказаў прыведзены чалавек.
        – Дарвідошка ці Дацягнідошка – гэта няважна, – заўважыў Букрэй. – Ты што за чалавек? Чым займаешся?
        – Чалавек я... – і Дарвідошка безнадзейна махнуў рукою, – і займаюся не тым, чым трэба.
        – Дзе вы яго ўзялі? – запытаў дзед Талаш сваіх разведчыкаў.
        – Ды гэта ж парабак з Віркуцця... Ён трохі выпіў.
        – Ага, парабак! – згадзіўся дзівакаваты Дарвідошка, – і выпіў... ну але, выпіў!..
        – А з кім ты выпіў? – распытваў Букрэй.
        – Салдат паднёс у пляшачцы. Паляк... Там, брат, палякі з'ехаліся... Паны, паненкі, афіцэры... П'юць, гуляюць! А мне салдат і гаворыць, – ён за вартавога прыстаўлен, – прывядзі, кажа мне, маладзіцу... Яй-богу!
        Парабак пачынаў гаварыць цікавыя рэчы.
        – Многа там афіцэраў? – дапытваўся Букрэй.
        – Тры... ну але, тры.
        – А салдаты ёсць?
        – Ёсць і салдаты... ну але, ёсць.
        – А колькі іх?
        – Дык так, мусіць, чалавек з шэсць... Ну але, шэсць!
        Прабеглы і хітры Букрэй зараз жа злажыў план дзеяння. У аснову яго палажыў маладзіцу.
        – Вось што, брат Дарвідошка, слухай і зарубі сабе на носе: ты прывядзеш вартавому маладзіцу.
        Дарвідошка ўпаў у адчай.
        – А дзе ж я вазьму яе? Ну але, дзе?
        – Ты слухай мяне: за маладзіцу буду я!
        – Гы-гы-гы! – зарагатаў парабак. – Такая маладзіца ўбрыкне яго, ну але!
        Чырвонаармейцы і партызаны абкружылі іх. Букрэева выдумка выклікала вясёлы настрой.
        – Мы прыйдзем туды, – развіваў Букрэй далей свій план, – я спынюся дзе-небудзь у двары, а ты скажаш – прывёў маладзіцу. Рэхт?
        – Рэхт!.. Гы-гы-гы!
        Букрэй адвёў убок начальнікаў аддзяленняў і дзеда Талаша і аддаў загад, каму дзе і што рабіць.
        Наабапал дарогі ў фальварак амаль ад самага лесу цягнуліся густыя старасвецкія ліпавыя прысады. Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак, туляючыся паміж тоўстых камлёў прысад. Букрэй і парабак ішлі ў галаве. За імі дзед Талаш і два яго разведчыкі. Не даходзячы да двара, калона спынілася. Букрэй зняў шынель, аддаў яго дзеду Талашу, а сам надзеў яго кажушок. У партызана знайшлася хустка, служыўшая за шалік, а замест спадніцы дзед Талаш абкруціў Букрэя воўчаю скураю. У цемры ён прыняў падабенства да страшнай пачварнай жанчыны, выклікаўшы смех, нягледзячы на напружанасць моманту.
        Букрэй і Дарвідошка аддзяліліся ад калоны. За імі на некаторай адлегласці ішлі дзед Талаш і два партызаны. Букрэй выбраў месца ў глухім кутку двара каля нейкай будыніны, прырыхтаваў на ўсякі выпадак наган. Дарвідошка пайшоў у бок стайні да вартавога з рапартам. Каля стайні яго не было. Вартавы падаўся бліжэй да святліцы, дзе ярка блішчалі вокны, прыкрытыя лёгкаю фіранкаю. Праз непрыкрыты кусочак шыбінкі ён бачыў маладога, прыгожага, чарнявага афіцэра, які сядзеў каля раяля і перабіраў пальцамі клавішы. Гукі раяля, зліваючыся ў мілагучную мелодыю, ледзь чутна даляталі да вушэй вартавога. Непадалёку стаяла стройная бландынка і, як зачарованая, слухала музыку і не зводзіла вачэй з музыканта.
        Салдат у сваю чаргу не адводзіў вачэй ад бландынкі і часамі ўздыхаў, прагнучы жанчыны і смуткуючы па ёй. У часе гэтага рамансовага настрою і падышоў да яго парабак. Дарвідошка мусіў штурхнуць вартавога, каб вярнуць яго на двор фальфарка з краіны мар.
        – Маладзіцу прывёў! – таемна сказаў Дарвідошка.
        Салдат здрыгануўся, зірнуў і заспакоіўся.
        – Дзе она ест? – узрушана запытаў салдат.
        – Каля адрынкі чакае – саромеецца сама ісці, ну але...
        – Млода?
        – Ага, як калода! ну але... О, печ, агонь маладзіца!
        Салдат захваляваўся. Вышэй паставіў вусы і хутка пайшоў за парабкам, паспеўваючы, каб не бянтэжыцца перад ім, на мазурскі лад:
        
         Умарл Мацэк, умарл,
         Юз лезы не дэсцэ!
         Зэбысь ему заграць,
         Падскоцыл бы есцэ1.
        
        "Паглядзім, як ты падскочыш!" – думаў сам сабе парабак, ведучы кавалера.
        "Маладзіца" яшчэ шчыльней тулілася да сцяны і для большай сарамяжлівасці падалася трошачкі назад. Парабак адстаў, прыпыніўся, а салдат храбра падаўся наперад.
        – Не ленкайся, мая душа!
        Паставіўшы каля сцяны стрэльбу, салдат далікатна падняў рукі, абняў і прытуліўся да "маладзіцы". У момант вока "маладзіца" сціснула, як жалезнымі абручамі, - рамансовага кавалера і грымнула яго ў снег.
        – Не пікні, гад, бо тут табе магіла! – густым мужчынскім голасам, поўным пагрозы, прыстрашыла "маладзіца".
        Увесь рамансовы настрой і ўсе салдацкія гармоны як бы карова языком злізала. Ён толькі прашаптаў:
        – Пан Бог з намі, Дух Свенты!
        – Не пан Бог і не Дух Свенты, а ўзводны Букрэй.
        Салдата адвялі пад ліпы. Чырвонаармейцы і партызаны рынуліся ў двор. Абкружылі святліцу і дваровую хату, дзе бавіліся за чаркаю легіянеры, паставіўшы стрэльбы ў куток каля парога.
        У адзін час і ў святліцу, і ў дваровую хату ўварваліся чырвонаармейцы і партызаны.
        – Ні з месца! – загрымеў Букрэй у святліцы.
        – Рукі ўгору! – крыкнуў дзед Талаш у дваровай хаце, на чале свае каманды бураю ўляцеўшы і прыставіўшы штыхі амаль не ў грудзі салдатам. Салдаты паслухмяна паднялі рукі.
        А ў святліцы стройная бландынка абамлела. Анямеў раяль. Музыка-афіцэр, як сядзеў, так і застыў у гэтай постаці. Бразнулі на падлогу талеркі і чаркі, паскіданыя перапалоханымі гасцьмі. А вочы, поўныя жаху, пазіралі на сталёвую шчэць нахіленых чырвонаармейскіх штыхоў і на цёмныя рулі страшных наганаў.
        – Пшэпадлі! – шапталі пабялелыя губы прыгожага чарнявага афіцэра-музыканта.
        
        
        
        ––––––––––––
        1 Памёр Мацейка, памёр,
        Ужо ляжыць на дошцы!
        Каб яму зайграць,
        Падскочыў бы яшчэ.


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.