РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXX
        
XXX

        
        Трывожна здрыганулася Палессе.
        Балота балоту, лес лесу перакідалі грознае водгулле невыразнага гуду. Баязліва калыхнулася ў ціхім паветры маладое, яшчэ зусім кволае лісце на гнуткіх галінках адноўленага дрэва. Ажыўшыя купчастыя бярозкі.ашлякоўваючы высокі бор жывым вянком свежай, пахучай зелені, стаялі ў нейкім разважлівым зняменні і, здаецца, прыслухоўваліся да гэтага нязвычнага далёкага грукату, ад якога калыхалася ціхае, прагрэтае сонцам паветра і ўздрыгвала зямля, перадаючы гэта ўздрыгванне дрэвам і маладому лісцю на іх. Такое ж дапытлівае недаўменне выяўляў усім сваім выглядам і сам стары бор, высока ўзнёсшы свае пышныя верхавіны і грэючы іх на веснавым сонцы ў хвалях чыстага паветра. А калі па лесе праходзілі лагодныя павевы ветру, то галінкі і лісце на іх лёгенька пакалыхваліся і шэптам пыталі ветру: "Што? што? што?" Нават сталыя буслы прыпынялі свой шпацыр па ўскрайках балот і трывожна прыслухоўваліся да дзіўнага гулу. А гэты гул расцякаўся па нетрах балот і лясоў, трывожыў звяроў і птушак. Старыя вепры натапырвалі вушы, слухалі, не разумелі нічога, але, палахліва роўкнуўшы, на ўсякі выпадак падаваліся глыбей у дзікія пушчы і вялі за сабой сваё маладзейшае пакаленне.
        Гром і цяжкае бухканне, нібы вохканне зямлі ад нейкага болю, наводзілі страх і трывогу. Людзі, як слухачы і разам з тым удзельнікі і акторы вялікай сацыяльнай драмы, дзе вырашаліся лёсы мільёнаў, выходзілі на двор, станавіліся ў зацішнае месца, лавілі вухам далёкія, глухія пярэклічкі гармат, з боязню ківалі галовамі і гаварылі:
        – Пачалося.
        А іх растрывожаныя думкі рысавалі ім жудасныя малюнкі вайны.
        Сялянская руплівасць і дбанне аб заўтрашнім дні загадзя ставілі на чаргу дня цэлы рад турботных пытанняў. I людзі ў цішы сваіх цёмных і лясных закуткаў думалі, як захаваць мізэрны запас хлеба ад прагавітай пасці вайны, як усцерагчы сваю худобу, каня і іншы набытак ад панскай ненаеднасці, як, нарэшце, злаўчыцца самому, каб не папасці пад крывавае кола вайны.
        – Рушылі палякі! – перадавалі з двара ў двор, з вёскі
        ў вёску страшныя весткі аб вайне.
        Людзі хапаліся за работу, каб выкарыстаць, покі не позна, кожны дзень, кожную часіну, каб аддаць зямлі на захаванне і на прырост хоць малую колькасць збожжа і бульбы, а рэшту схаваць, каб не адабралі няпрошаныя госці. Спяшаліся сеяць, спяшаліся хаваць, спяшаліся прыпыніць худобу па малавядомых выспах, па недаступвых астравах.
        Хоць усе ведалі і спадзяваліся, што з вясною вайва пачнецца з новай сілай, але калі прыйшла вясна і прынесла весці аб вайне, то гэтыя весці тым не меней глыбока трывожылі і хвалявалі народ. Што ж будзе? Чым кончыцца гэта вайна?
        А вайна толькі пачыналася, толькі разгортвалася.
        I першымі пачалі яе белапалякі. А момант для гэтага быў зручны. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з гэтага фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Падцягнулі белапалякі войска, падвезлі гарматы, бронемашыны, зброю. Болей дзесятка дывізій сабралі правей Палесся і рушылі іх на Кіеў, па старой, пратоптанай інтэрвентамі дарозе. Шпарка пасоўвалася наперад белапольскае войска, на шырокім фронце павялі наступ. Зашуршэлі, як лісце ў познюю восень, польскія лістоўкі і газеты. Буйнымі літарамі апавяшчалі яны аб перамогах польскай зброі, аб захопе сёл, гарадоў і цэлых раёнаў. Гарліва маліліся ксяндзы па касцёлах, чыталі паведамленні з фронтаў аб перамогах і заклікалі народ на ахвяры, на геройскія ўчынкі, на вайну за святую веру каталіцкую супраць бязбожнікаў-бальшавікоў.
        Граніц не было панскай радасці і панскаму гонару. Высока ўзносіла іх патрыятычная хваля, і шмат хто з іх ужо лічыў, што бальшавікам прыйшоў канец, што польскае крулеўства закрасуе ад мора да мора, і не марудзілі яны варочацца ў свае панскія котлішчы, адкуль павыганяла іх Кастрычніцкая рэвалюцыя.
        Радасць, патрыятычнае захапленне веснавым разводдзем залівалі панскую Полыпчу, а з-за гэтага віру патрыятычнага энтузіязму не бачылі паны ці не хацелі бачыць таго, што не ўсё было спакойна ў глыбокіх і блізкіх тылах ваеннага фронту. На фоне падзей шырокага маштабу, дзе ставіліся на карты лёсы мільёнаў, дзе вырашалася пытанне, быць ці не быць новай, маладой сістэме жыцця, за якую біліся бальшавікі, адбываліся падзеі малых ахватаў, дзе выступалі паасобныя людзі ці группы людзей, як адгаліненне падзей вялікага размаху, з тою толькі розніцаю, што тут яны не такія згушчаныя, не такія яркія і мала каму вядомыя.
        Тыдні два праваляўся ў пасцелі Васіль Бусыга пасля стычкі з Саўкам Мільгуном. Дзён пяць паляжаў у бальніцы. Васіль Бусыга папаў адным бокам свайго жыцця ў струмень няўдач. З самага пачатку свайго войтаўства не ладзілася ў яго доме. Гэтыя нелады выліліся, нарэшце, у бурны канфлікт з Аўгіняй, і канфлікт скончыўся тым, што ён выгнаў яе з дому. Мартын Рыль, у арышце якога не апошнюю ролю адыграў войт, уцёк з-пад канвою. Дзеда Талаша, нягледзячы на ўсё старанне і на розныя махінацыі, як, напрыклад, арышт Панаса, ніяк не ўдаецца злавіць. Саўка Мільгун, якога ён разам са сваімі прыяцелямі прыставіў у якасці свайго вока наглядаць за паўстанцамі, нечакана змяніў свае паводзіны і скончыў скандалам і яшчэ пырнуў яго, войта, нажом у бок. Цёмнаю плямаю злёг цяпер Саўка на войта, цёмнаю ў тым сэнсе, што войт не ведаў, куды знік Саўка. Войту вядома, што Саўка павёў польскую контрразведку ў лес, каб палавіць небяспечных паўстанцаў, што польская контрразведка з лесу не вярнулася: яе расстралялі там усю да аднаго чалавека. Іх непрыбраныя трупы пазнаходзілі ў лесе, але Саўкі сярод іх не было. Усё гэта наводзіла на думку, што палякам у лесе падстроілі пастку. Але як гэта сталася? Якую ролю адыграў у гэтым Саўка?
        Вось пытанні, якія мучылі і непакоілі войта, засланялі ўсе іншыя.
        Васіль Бусыга ходзіць пануры. Ён пачарнеў і асунуўся. У хаце яго пуста і ціха: ён ды бацька яго, стары Купрыян. Як відаць па старым, ён не спачувае Васілю ў яго крутой расправе з Аўгіняй 1 Алесяй. Дзед Купрыян трымаецца свайго: трэба было трохі пасвянцаць жонку лейцамі, калі яна зрабіла правіннасць, і кончыць на тым. Але хто паслухае старога? Паразумнеў надта малады народ, не слухаюць старэйшых. Ад гэтага і пайшла катавасія на свеце. Яму шкада Васіля, але яго, старога, хто пашкадуе? Хто прыслухаецца да яго слова?.. Эх, старасць, старасць! Каму ты патрэбна! Дзед Купрыян думае, думае пра нелады ў хаце. Заходзіла сюды Аўгіня тады, калі Васіль у бальніцы быў.
        – Ну, вось і добра, што ты прыйшла, – так сустрэў яе стары Купрыян.
        Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём, тым болей, што з ім здарылася такое ліха.
        – Ён не зваў мяне, і я не пайду, – адказала Аўгіня, і вострая крыўда чуваць яшчэ ў яе голасе. I яна дадае цвёрда і рашуча:
        – Калі б і прасіў, і маліў мяне вярнуцца, я ўсё роўна жыць з ім не буду.
        Дзед трасе галавою.
        – Не трэба так зацінацца, Аўгіня! Ну, мала што бывае паміж мужыком і жонкаю.
        – Ён папікае мяне хлебам, адзежаю, як бы я не працавала. Дык не хочу ні хлеба яго, ні адзежы, ні яго багацця. Даволі з мяне і таго, што пагналася на яго багацце, няхай яно затане.
        – Дык чаго ж ты прыйшла? – недаўмявае дзед Купрыян.
        – Прыйшла забраць тое, што прынесла з сабою з дому, ды хлеба дзецям узяць. Карміць жа іх трэба.
        Дзед Купрыян маўчыць. Ён ведае, што дзецям есці трэба. Але таксама ён ведае, што калі Аўгіня возьме хлеб і ён дазволіць ёй гэта, то ён зробіцца як бы яе хаўруснікам і змоўнікам супраць Васіля. Дзед пратэстуе, напірае на тое, што трэба забраць дзяцей і вярнуцца сюды. Яго ўнукі, як толькі бацьку павезлі ў больніцу, паўцякалі да маткі. Але Аўгіню ніяк не ўгаворыш. Уперлася кабета на сваім і ні з месца. Дзед бездапаможна трасе галавой, разводзіць рукамі. Ну што ёй парадзіць? А дзяцей, праўда, трэба карміць... Няхай робяць, як хочуць.
        Аўгіня забірае свой куфар, мяшок круп ды два мяшкі мукі і кладзе на сані. Дзед Купрыян ці то ўжо з жалю, ці то з іншых матываў кажа:
        – То вазьмі ўжо і скораму.
        Пра ўсё гэта потым далажыў ён Васілю.
        Што падумаў Васіль, невядома, але не азваўся ніводным словам.
        Адным словам, войт папаў у струмень прыкрасцей і няўдач. I горш за ўсё гэты Саўка, дзед Талаш і Мартын Рыль. Яны зачынілі яму свет, і покі не дойдзе ён тут ладу, не будзе яму спакою.
        I не аднаго войта непакоіў Саўка. Думалі пра яго і войтавы прыяцелі. Не думаць аб ім нельга: занадта блізка датыкаўся Саўка і да іх. Вось табе і Саўка, іх "партызан". Так закруціў справу, што лепей было б і не звязвацца з ім. Не жарты: дванаццаць палякаў улажылі ў лесе замест таго, каб забраць саміх партызан. Відаць жа, іх сіла там немалая. А што, калі Саўка раскрыў іх сакрэты? Знакам невыразнасці і страху заставаўся для іх Саўка Мільгун.
        Войтава хата прасторная. Цяпер яна робіць нават уражанне пустаты, нягледзячы на тое, што дабра ў ёй нямала. Бракуе жывых людзей. Не відно гаспадыні, а без жанчыны хатняя пустата набывае характар нейкай журботы. Не відаць жвавых, рухлівых дзіцячых постацей, не чутно іх шчэбету. Ціха ў войтавай хаце, і гэта цішыня аддае маўклівасцю магілы. А можа, гэта толькі так здаецца з непрывычкі. Дзед Купрыян ляжыць на палатках каля печы. Гэта яго старэчы прыпынак. Стыне старая кроў, ёй трэба цеплыня. Дзед Купрыян і войтава хата, хата яго сына, – дзве ўжо слаба звязаныя паміж сабою катэгорыі: дзедаў круг звужваецца, і хата астанецца як бы ў старане ад яго. Іх узаемныя інтарэсы канчаюцца. Сам войт шнуруе па хаце, думае. Выгляд у яго пануры. Тое ж уражанне раз'яднання робіць і войт, толькі гэта раз'яднанне іншага парадку. Войтава дарога і накіраванасць пераважнай большасці сялянства, у тым ліку і Аўгіні, ляжыць у розных роўніцах. Гэтага не ведае войт, але гэта ён адчувае, адчувае сваю ізаляванасць і сваю асуджанасць. Ад таго ён, можа, і пануры такі.
        Ён трохі развясельваецца, калі дзверы ў хату расчыніліся, а парог пераступілі Бірка і Бруй.
        – Ну, як здароў, Васіль?
        Бірка, а потым і Бруй ціснуць войту руку.
        Гэта "Ну, як здароў, Васіль?" гучыць сёння не так, як гучыць яно звычайна: цяпер яно выклікае цэлы комплекс з'яў апошняга часу і ў першую чаргу той вечар, калі вяр'нуўся з "паходу" Саўка.
        Спачатку гутарка не клеілася, і толькі пасля таго, як Бруй паставіў на стол пляшку, бяседа ажывілася.
        – I ўсё ж, скажыце вы, дзе падзеўся Саўка?
        Бірку не меней за войта і Бруя цікавіць гэта пытанне. Бруй маўчыць: яны з Біркам ужо думалі аб гэтым. Цікава, як глядзіць на гэта Васіль.
        – Ліха яго ведае, – ускідае плячамі войт.
        – А ці не думаеце вы, што ён прымазаўся да паўстанцаў? – пытае ўсё той жа Бірка.
        – Ад Саўкі можна ўсяго спадзявацца, – заўважае разважлівы Бруй, – дзе яму болей дадуць, туды ён і пойдзе.
        – Шкада толькі, што аб гэтым не падумалі раней, – тонам дакору адзываецца войт і дадае: – Тут, ведаеце, вось што цікава: чаму ён не хацеў казаць, што быў у іх, бачыўся з імі і ведае, дзе яны? А прызнаўся толькі тады, калі яму добра хвост ушчамілі і запыталіся па-сапраўднаму.
        – Дык гэта зразумела чаму, – сказаў Бруй, – раз ён пайшоў ужо з імі заадно, дык і не хацеў выказваць іх. А можа, і збаяўся іх.
        Апошняе меркаванне, што Саўка спалохаўся паўстанцаў, змусіла войта задумацца.
        – Гэта магло быць, – згадзіўся ён, – але справа паказвае іншае. Як жа магло здарыцца, што дванаццаць чалавек, трынаццаты Саўка паехалі туды і ніхто назад не вярнуўся? Значыцца, знянацку іх там не захапілі; значыцца, яны спадзяваліся, што прыедуць іх браць, і падрыхтаваліся добра, і было іх там нямала... вось гэта вы як растлумачыце?
        Бруй і Бірка маўчаць.
        – Ліха яго ведае, як яно было там, – разводзіць рукамі Бруй.
        – У тым-та і ўся бяда, што справа гэта цёмная. Дапусцім, – разважае далей войт, – Саўка выдаў нашы сакрэты. ПІто тады заставалася ім рабіць? Калі ў іх сілы не было, яны проста перайшлі б у другое месца, а раз сіла ў іх была, то яны тады сказалі б Саўку: "Ідзі раскажы ім, гэта значыць нам, дзе мы. Яны перакажуць куды трэба, і нас прыйдуць лавіць, а ты, Саўка, сам вядзі іх сюды". Вось што яны сказалі б яму. I Саўку не было б тады сэнсу маўчаць. А Саўка, нябось, нічога не казаў.
        Відаць, войт шмат памазоліў мазгі, думаючы пра ўсю гэту страшную і няясную гісторыю. А гэта няяснасць душыла яго, прыгнятала, як прыгнятала яна Бірку і Бруя.
        – Ты думаеш, што Саўка не выдаў ім нашу змову? – пытае войта Бірка.
        – Трудна сказаць тут што-небудзь пэўнае. Але сама справа паказвае, што ён не гаварыў пра гэта.
        Войтаў адказ заспакойвае Бірку, яму робіцца трохі лягчэй.
        Але слова бярэ разважлівы Бруй.
        – Ты, Васіль, у гэтай справе разабраўся лепей за нас, і сказаць што супраць нельга. Саўка, напэўна, не казаў, што яго падаслалі мы. Але з Саўкам нешта здарылася, яго штось моцна ўзрушыла. Памятаеце, які ён быў тады? Ён не падобен быў да Саўкі, і такім ён ніколі не быў.
        Бруй перавёў дух і сказаў, панізіўшы і сцішыўшы голас:
        – Для мяне цяпер ясна адно: не Саўка, а хтось іншы перадаў Талашу і пра Саўку, і пра нас.
        Гэтыя словы зрабілі ўражанне перуна, стрэліўшага ў комін войтавай хаты. Бірка задрыжаў, а войт пацямнеў яшчэ болей. Войт успомніў Аўгіню: успомніў той адвячорак, калі яна выходзіла з Талашовай хаты. Відаць, нездарма назваў Бруй яго імя. А перад Біркавымі вачыма таксама прамільгнуў вобраз Аўгіні, з паразліваю яснасцю прыпомніўся той вечар, калі ён увайшоў у гэту самую хату, застаўшы Аўгіню пры печы, і сказаў ёй: "Холадна, Аўгінька. Ці не можна пагрэцца каля цябе?" I яшчэ другія свае словы прыпомніў цяпер Бірка: "Ваяваць я не пайду, мы за сябе ваяку паставім".
        Войт панура маўчыць. Не адважваецца падставіць знойдзеную велічыню ў формулу Бруя і яго прыяцель Бірка.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.