РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
IX
        
IX

        
        Дзед Талаш і Мартын Рыль, расказаўшы адзін аднаму аб сваіх прыгодах, сталі радзіцца, што рабіць далей і куды ісці. Дзеда непакоіла думка аб доме, аб Панасу. I пытанне, чаму не прыйшоў Панас, стаяла перад ім у трывожнай і цёмнай зацятасці. Яно выклікала непакой у дзедавым сэрцы і клалася цяжкім каменем на яго старыя плечы.
        Мартын Рыль таксама думаў аб сваім доме, аб жонцы і дзецях, аб сваёй гаспадарцы. Аднаму і другому трэба было на нешта наважыцца, выясніць сваё становішча, пазбавіцца гэтай няпэўнасці.
        Мартын Рыль сустракаўся з рознымі людзьмі, і людзі расказвалі аб жорсткасцях польскай ваеншчыны, аб яе бязлітасных учынках. А гэта жорсткасць выклікала агульнае абурэнне там, дзе панская ўлада заводзіць свае парадкі, дзе яна асабліва жорстка ставіцца да беднаты, да асоб, замечаных у бальшавіцкай рэвалюцыі. Гэта абурэнне супраць паноў і польскай ваеншчыны месцамі вылівалася ў паўстанне, і палякі прыкладаюць усе намаганні, каб выкараніць дух непакоры. А гэты выпадак з раззбраеннем польскага канвоя, дзе браў удзел Мартын Рыль, яшчэ болей раз'ярыць іх злосць і змусіць іх стаць на шлях пільнасці, помсты і бязлітаснай расправы з тымі, хто пападаў пад іх падазрэнне. Слухаў дзед Талаш і тросся ад злосці на паноў, на польскую ваеншчыну, на несправядлівасць. Гэта нянавісць і злосць агнём расцякалася па яго жылах і поўніла ўсе закарвашкі яго душы. Слоў не знаходзіў дзед Талаш, каб выказаць усю навалу свайго абурэння і нянавісці да акупантаў.
        – Рэзаць, сеч, паліць іх, гадаў, на агні.
        Але стан рэчаў быў такі, што трэба трымаць вуха востра, каб не папасціся бязглузда ў панскія рукі.
        Вепры, дзе жыў Мартын Рыль, былі па дарозе на дзедаву вёску. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетраў чатыры. Удвух ім было весялей і зручней, асабліва калі прыняць пад увагу Мартынаў карабін. Вось чаму яны і выбралі такі план: зайсці да дзеда Талаша, даведацца, як і што, зрабіць там папаску і паначаваць, калі льга будзе. А ўжо там відаць будзе лепей, што рабіць далей. Скрозь цемру ночы і змрочнасць лясоў, па глухіх дарожках і тропках, накіраваліся яны, два ізгоі, у бок сваіх вёсак.
        Не даходзячы кіламетра паўтара да вёскі, яны абагнулі балотца, што падыходзіла да самай вёскі, зрабілі значны круг і павольна пасунуліся да Талашовай хаты, запыняючыся і прыслухоўваючыся.
        Была ўжо ноч, глыбокая ноч, зацятая ў сваёй прытоенай маўклівасці. Сям-там па хатах блішчалі цьмяныя бляскі агеньчыкаў, маркотна-журботныя ў сваёй адзіноце. На процілеглым канцы вёскі гучна разліваўся сабачы брэх у пустой цемрадзі задворкаў. Гэтая пустата і зацятасць зімняй цішыні надавала афарбоўку нейкай асаблівай распачлівасці заложнаму гаўканню кімся патрывожанага сабакі. Хвіліны праз дзве пачалі далучацца галасы другіх сабак, тонкія і прарэзлівыя, тоўстыя і болей паважныя. Дайшоўшы да круглай плошчы, сабачы гармідар суняўся, пачаў заціхаць, і нарэшце тая ж цішыня зноў непарушна агарнула вёску.
        Дзед Талаш і яго спадарожнік прыпыніліся і стаялі моўчкі, пакуль не ўлёгся брэх сабак. Стаялі яны ў хмызнячку, адкуль няясна вырысоўваўся з мроку чорны ком дзедавых будынкаў.
        – Пастой жа, голубе, тут, а я пайду даведаюся, як там і што, і дам табе знак.
        Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знік з вачэй, расплыўся ў цемрадзі. Ён асцярожна падышоў да нізкага акенца свае хаты, паслухаў і ціхенька пастукаў у мёрзлую шыбу. Бабка Наста не спала, гаруючы аб Панасу і аб дзеду Талашу.
        Гэты нясмелы засцярожлівы стук моцна ўразіў бабку і прымусіў забіцца яе сэрца: такі стук яна чула ўжо не адзін раз за доўгія часы сумеснага жыцця са сваім старым. Яна борздзенька, наколькі дазваляла ёй старасць, падбегла да акна і таксама ціха пастукала. Трохразовы ціхі стук у адказ ёй зноў пачуўся з двара.
        У бабкі Насты сумненняў болып не заставалася. Накінула на плечы кажушок, уступалася ў шлапакі, на хаду раскатурхала Максіма.
        – Бацька прыйшоў! – і кінулася адчыняць дзверы, стараючыся не рабіць шуму.
        Пераступіўшы парог свае хаты, Таладі спыніўся.
        – Што чуваць? – запытаў бабку Насту.
        Момант памаўчала бабка Наста.
        – Панаса забралі палякі, – глуха адказала яна.
        У дзеда Талаша задрыжалі рукі і ногі, і востры боль падкаціўся к самаму сэрцу.
        – Калі забралі?
        – Учора ўночы. Уварваліся ў хату, трэслі, калацілі нас. Дапытваліся, дзе ты.
        – А чаму ж яго забралі?
        – Падказаў нехта, што ён да цябе хадзіў у лес, – адказаў Максім, адзеўшыся на скорую руку.
        – Усё дапытваліся, дзе ты, – тлумачыла бабка Наста.
        Яна не адважвалася сказаць страшную праўду: Панаса выпусцяць тады, калі да іх прыйдзе бацька. Пуста стала ў дзедавай душы. Маўклівасць, цемра і смутак запаўнялі хату.
        Бабка Наста пачала шворыцца ў пячурцы, каб запаліць газоўку.
        – Завесь наўперад вокны, – ціха заўважыў стары Талаш.
        Бадзянне і тулянне па лясах зрабілі яго асцярожным.
        – Са мною Мартын Рыль. У хмызняку астаўся. Туляецца, як і я. Пайду клікну яго. А ты, Максім, пакаравуль на двары.
        У хаце засталася адна бабка Наста. Яна шчыльна пазавешвала вокны, разлажыла на прыпечку агонь, каб згатаваць вячэру неспадзяваным гасцям. Яе агортваў страх: а што, калі прыйдуць палякі? Гэты страх не пакідаў яе ўвесь час, покі ў хаце заставаўся дзед Талаш і Мартын Рыль.
        А яны сядзелі за сталом і вячэралі.
        Весць аб арышце Панаса глыбока ўсхвалявала дзеда Талаша. Ён сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў.
        – Адзін спосаб выбавіць Панаса, – ціха, разважліва сказаў ён, – самому аддацца ў іх рукі. Для гэтага ж яны так і зрабілі.
        Бабка Наста цяжка ўздыхнула, падцвярджаючы гэту горкую праўду.
        На хвіліну цяжкая цішыня працяла хату.
        – Ёсць і другі спосаб вызваліць хлопца, –парушыў цішыню Мартын Рыль, – аб ім і трэба падумаць.
        Дзед Талаш раптам ажывіўся.
        – Праўда твая, Мартын! – і дзед Талаш парывіста патрос Рыля за плечукі, – але скажы, як і'эта зрабіць?
        – Падумаць трэба, – ухіліўся Мартын ад простага адказу, але, відаць, у галаве яго быў нейкі план.
        – Ведаеш, дзядзька Рыгор, – падняў ён вочы на дзеда Талаша, –заяўляцца да іх не трэба. I да каго заяўляцца? Да гэтых прахвостаў? Пасадзяць самога, а хлопца выпусцяць ці не выпусцяць, невядома. Няможна ім, паганцам, веры даваць. Пайсці – гэта значыць пакарыцца ім. А скула ім у бок!
        – Вось жа і я так мяркую, голубе... эге ж! Ці так, ці сяк, а жыць нам спакойна не дадуць... Ні ты, ні я аставацца дома не можам.
        Панізіўшы голас, шэптам дзед сказаў з узрушэннем:
        – У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны тут гаспадараць і распараджаюцца намі.
        Ні дзед Талаш, ні Мартын Рыль недагаворвалі сваіх думак да канца, але разумелі адзін аднаго вельмі добра.
        – Нічога іншага не астаецца нам, дзядзька Рыгор.
        – Эх, стрэльбы добрай няма ў мяне! – пажалкаваў дзед Талаш.
        Рыль прамаўчаў: ён трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін захад.
        – Але я здабуду сабе стрэльбу, добрую, настаяшчую, – і дзед Талаш прыціснуў кулаком стол. I, трошкі памаўчаўшы, прамовіў, як бы адказваючы на свае думкі:
        – Але аднае стрэльбы яшчэ мала... мала, браце, аднае нават добрае стрэльбы!
        – Праўда, – кіўнуў галавою Мартын.
        У хату ўвайшоў Максім.
        – Ціха і спакойна, – далажыў ён.
        Параіліся мужчыны. Стомленасць хіліла іх да думкі заначаваць тут з тым, каб заўтра досвіткам павандраваць куды-небудзь далей. Так і зрабілі.
        Максім зноў заняў сваю варту, а дзед Талаш і Мартын Рыль прыляглі не раздзеючыся.
        Хоць і стомлены быў дзед Талаш, але заснуў не адразу. Пагутарыў трохі з бабкаю Настаю, а потым у самоце думаў аб Панасе, аб яго вызваленні з панскай няволі і яшчэ аб тым, як здабыць сабе добрую стрэльбу. Дзедава фантазія трохі разгулялася і свавольна пераходзіла межы рэальных магчымасцей. А потым заснуў моцным сном.
        Досвіткам пакінулі хату, падаліся ў лясныя пушчы. Лес і нетры палескіх балот стануць цяпер іх прыпынішчам і домам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.