РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XV
        
XV

        
        У тую ж ноч палонных салдат і афіцэраў, у ліку дзевяці чалавек, усадзілі ў парадныя вазкі, на якіх з'ехалася шляхта адсвяткаваць банкет з поваду адбудовы польскай дзяржавы і ў гонар польскай арміі, і пад канвоем конных чырвонаармейцаў, пасеўшых на коней палонных палякаў, адправілі ў вёску Высокая Рудня. Дарвідошка і адзін з партызан паселі за фурманоў. Дарвідошку якраз давялося кіраваць фурманкай, на якой сядзеў і той салдат, што так няўдала спаткаўся з "маладзіцаю". Моўчкі, з нянавісцю кідаў гэты салдат погляды на свайго здрадлівага "свата", а "сват" спадцішка толькі пасміхаўся ды заўзята паганяў коні.
        Выпіўка і закуска, а яе не пашкадавала шляхта для такой урачыстасці, хоць і не поўнасцю, але ў значнай ступені папала ў жываты чырвонаармейцаў і партызан. Прыкончыўшы банкет і зрабіўшы запас на дарогу, аддзел войска пад камандаю Букрэя рушыў у лес. Аставацца тут на прывале Букрэй палічыў небяспечным. У фальварку паставілі некалькі вартавых, якім было загадана на пэўны час нікога не выпускаць з фальварка. Госці сядзелі, як мышы пад мятлою, а стройная бландынка, забіўшыся ў куток, з сардэчным болем і смуткам думала аб тым, як коратка і няпэўна шчасце на свеце, а вобраз прыгожага маладога афіцэра-музыканта, як жывы, стаяў у яе вачах.
        Дзед Талаш ведаў у пушчы мазырскіх лясоў спрытна пабудаваныя салашы, дзе летам мелі прыпынак смалакуры.
        Сюды і павёў ён чырвонаармейцаў і партызан. Сюды ж павінен быў ісці, адбыўшы варту, і Купрыянчык з часткай чырвонаармейцаў. Купрыянчыка пакінуў дзед Талаш за правадніка, каб паказаць дарогу вартавым чырвонаармейцам да смалакураўскіх салашоў.
        Іх было тры. Стаялі яны між стромкіх камлёў глухой дзікай пушчы, куды рэдка заглядала людское вока. Салашы мелі форму звычайяай страхі, пастаўленай на доле. Вакол іх густа-густа збіўся толькі малады купчасты ельнік. Чатыры ёмкія слупы па кутах, чатыры тоўстыя жэрдкі, прымацаваныя да слупоў, і цэлая сетка лат, прыбітых да жэрдак дзервянымі гваздамі, шчыльна і густа аплеценых яловымі лапкамі, – такія былі смалакураўскія салашы.
        Стаялі яны тут ужо доўгі час. Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно салашоў тоўстым пухкім пластом.
        Партызаны расчысцілі снег, падгатавалі месца для вогнішча. Чырвонаармейцы жыва нанасілі дроў, разлажылі касцёр. Прыветліва загаманіў агонь і залатым бляскам расцёкся па тоўстых шурпатых камлях, па зелені кучаравых елак, па шынялях і па тварах чырвонаармейцаў і партызан. Зацяты спакой застылай у зімнім змяртвенні пушчы быў парушан прыходам гэтых суровых людзей, знайшоўшых тут сабе прыпынак для начнога адпачынку. Як мурашкі, варушыліся людзі. Хто насіў дровы і кідаў іх на касцёр; хто стаяў каля агню ў самай велічлівай постаці чалавека, дасягшага вышэйшага ў свеце шчасця, і грэўся, падстаўляючы да агню то адзін бок, то другі, то спіну; хто аглядаў салашы, выбіраючы ўтульнае месца для стомленага цела, а хто ладзіў каля агню прынесеныя бярвенні, каб зрабіць з іх нешта накшталт лавы або палацяў для болей зручнага ўлуштавання на начны спакой.
        Заняўшы пазіцыі каля кастра, як дзе каму давялося, жмурачыся ад дыму і выціраючы слёзы загрубелымі рукамі, сядзелі чырвонаармейцы і партызаны, прыпаміналі падзеі гэтай ночы. Гутаркі і жарты канцэнтраваліся пераважна каля Букрэевай асобы і яго ролі ў якасці "маладзіцы". Букрэй з ціхаю ўсмешкаю маўчаў і слухаў, паварочваючы свой буйны твар з жорсткімі калючымі вусамі то да аднаго, то да другога ў залежнасці ад характару або ступені трапнасці тых ці іншых жартаў, ды дабрадушна пасмейваўся, устаўляючы зрэдку сваё важкае слова, выклікаўшае агульны смех. У гэту ноч узводны Букрэй здабыў шырокую славу "чырвонаармейскай маладзіцы".
        – Толькі вы, сабачыя хрышчэнікі, не расказвайце ў палку, а то і будуць зваць мяне "чырвонаармейскаю маладзіцаю".
        Дружны рогат пачуўся ў адказ на яго папярэджанне. I нельга было не смяяцца, пазіраючы на пышную Букрэеву постаць. Ён сядзеў на бярвеннях каля агню, накінуўшы наверх салдацкага шыняля яшчэ болей шырокае, чым ён сам, шляхецкае футра з шырачэзным каўняром. У гэтым футры ўся фігура яго з жорсткімі калючымі вусамі нагадвала важнага польскага магната.
        З поваду гэтага футра Букрэй меў прамову перад сваім войскам. Букрэй катэгарычнаасуджаўграбежніцтва.дзе б яно ні было, і асабліва на вайне. Але ўзяць у ворага тое, што табе канечне патрэбна ў баявым жыцці, дазваляецца.
        Цікавую і маляўнічую сцэну станавіў сабою гэты начлег чырвонаармейцаў і партызан у дзікай пушчы старога лесу. Панура і грозна зяўрылі сваімі цёмнымі адтворынамі смалакураўскія салашы, як пасці пачварных страшылішч. Ваякі ляжалі ў самых разнастайных і вычварных позах каля агню і ў салашах. Навучаныя практыкаю паходаў пры ўсякіх абставінах жыцця летам і зімою, яны зрабілі для сябе сякія-такія запасы з адзежы ў тым жа фальварку Віркуцце, каб можна было латвей правесці ноч на холадзе ў лесе. Былі тут і дзяружкі, і кулі саломы, і рознае барахло, знайшоўшае сабе ўжытак у гэтых незвычайных абставінах начлегу вайскоўцаў у лесе зімнім часам.
        Дзед Талаш стаяў з боку ад гэтага вясёлага шуму, гаворкі, смеху і жартаў бесклапотных людзей, знайшоўшых сабе гасцінны прыпынак каля агню між смалакураўскіх салашоў. Яго старая галава думала свае думкі, неспакойныя, неадчэпныя думкі аб заўтрашнім вечары, аб спатканні з Мартынам Рылем і аб усім тым, што злучалася з гэтым паходам. У цэнтры яго думак нязменна стаяў Панас. Покі хлопец застаецца ў няволі, не будзе спакою і дзеду Талашу.
        Дзед сядзеў на кучы лам'я.прыкрытагатоўстым пластам яловых лапак. На гэтай кучы прылёг дзед Талаш, каб трохі адпачыць і, галоўным чынам, каб не паказваць свае заклапочанасці, сваіх думак і тым самым не кідацца ў вочы бестурботным чырвонаармейцам. Агонь прыграваў яго збоку, воўчая скура, якою акрыўся дзед, зверху, і ён скора заснуў, а думкі яго, выйшаўшы з-пад кантролю, вялі і далей сваю работу, сплятаючыся ў самыя вычварныя спалучэнні.
        I прыснілася дзеду сцэна з дзікім вепрам, прычым вепр быў не проста вепр, а сам дзед Талаш, на якога нападаў страшны воўк і біў дзеда хвастом па твары. Дзед схапіў воўка за хвост і стукнуў яго аб дуб галавою. Але воўку ад гэтага нічога не сталася. Ён павярнуў на дзеда галаву, дазіраў хітрымі вачыма і выскаляўся пачварным смехам. Злосць падшыбла дзеда, закруціў яшчэ раз воўка, каб мацней стукнуць ім аб дуб, аж воўк адарваўся, у дзедавых руках астаўся толькі яго хвост, а' сам воўк адляцеў і ўпаў у снег. Пазірае дзед Талаш – з снегу замест воўка падымаецца Панас, глядзіць на бацьку засмучонымі вачыма і гаворыць: "За што ты б'еш мяне, тата?" Дзед прачынаецца, сэрца яго стукае моцна, і сам ён дрыжыць. Гэты сон пакідае ў ім такі непрыемны і прыкры след... "Тфу"! – плюе дзед Талаш і адкідае воўчую скуру, садзіцца на кучу лам'я і азіраецца навакол, а сэрца яго шчыміць ад болю па Панасу. "Сынок мой, сынок!" – шэпча дзед Талаш.
        Агонь заміраў. Канцы перагарэлых пален ляжалі пахаладзелыя вакол вогнішча, а на сярэдзіне ў самым жару датляваў корч, то патухаючы, то ўспыхваючы слабым белаватым полымем. Гаслі і астывалі патрошку і вугольчыкі, пакрываючыся лёгкім белым попелам, і перашэптваліся слабеючымі адзнакамі свайго апошняга жыцця, пераходзячы ў яго іншыя формы, ужо незаметныя для чалавечага зроку. Сіняваты струменьчык дыму бясшумна і спакойна плыў угару і туліўся ў кашлатых шапках старых дзеравяк, як бы шукаючы там сабе прыпынку, каб не згінуць бясследна ў халодных прасторах надзем'я. Было штось журботнае і тужлівае ў гэтым заміранні кастра, быць можа, таму, што яно напамінала аб нейкім канцы, аб знікненні жыцця.
        Начны зімні холад пачынаў прабіраць дзеда Талаша. Дзед падышоў да агню, паклаў галавешкі і перагарэлыя канцы пален у жар. Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем, разагнаў цемень, асвяціў салашы і фігуры людзей, спаўшых і курчыўшыхся ад холаду. Тут жа каля кастра ляжала куча дроў, загатаваных яшчэ звечара. Дзед падкідаў на агонь дровы. Агонь зноў ажыў, загаманіў рухлівымі гарачымі стужкамі, разганяючы цемру, а разам з ёю журботны дзедаў настрой.
        Дзед Талаш сядзеў каля агню і грэўся. Тыя ж неадступныя думкі зноў апанавалі яго. Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Весці аб тым, што ў Віркуцці нечакана з'явіліся чырвоныя і захапілі банкетаваўшых там афіцэраў і салдат, хутка стануць вядомы палякам. Палякі ўстрывожацца, пашлюць цэлае войска супраць жменькі букрэеўскіх салдат. Гэта акалічнасць затрывожыла дзеда Талаша. Ён зірнуў на Букрэя. Букрэй, улёгшыся на бярвеннях-падмостках, падаслаўшы саломы і закруціўшыся ў шляхецкае футра, спаў спакойным сном чуць не святога чалавека. Пад уплывам сваіх думак дзед Талаш падняўся і асцярожна пасунуўся ў лес, каб паслухаць на ўсякі выпадак, ці не чуваць дзе падазронага шуму, ды паглядзець, хоць спотайку, як нясуць варту прыстаўленыя для гэтага людзі.
        Вартавыя стаялі на сваіх месцах, перакінуліся з дзедам параю слоў. На іх запытанне, куды ідзе дзед, ён адказаў, што ідзе па дровы. Дзед Талаш адышоўся яшчэ далей, спыніўся і спасцярожлівым вухам прыслухаўся да немай, зацятай цішыні. Азірнуўся назад – агню бадай што і не відаць было. Гэта яшчэ болып заспакоіла дзеда Талаша. Ён толькі падумаў, што ніколі раней не прыходзіла яму ў галаву думка аб тым, як далёка відаць ноччу ў лесе агонь. Дзед Талаш выбраў танклявую сухастоіну, упёрся ў яе рукою, а нагамі ў снег і папрабаваў зламаць яе. Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Дзед палажыў яго на плячо пайшоў назад да агню.
        Закурыў дзед піпку і прысеў на кучу лам'я, дзе прысніўся яму такі паганы сон, і думаў. Ён думаў аб тым, што падзеі ў Віркуцці парушаюць маршрут, а ў сувязі з гэтым трэба зрабіць змены і ў самым плане. Першае, што выходзіла з гэтых падзей, – аставацца тут болып-менш доўгі час не выпадае, і засцярожлівасць пры такіх абставінах ніколі не пашкодзіць. Войску трэба перасунуцца ў другое месца, а на разведку звярнуць асаблівую ўвагу.
        Перад дзедавымі вачыма пачалі выступаць патайныя нетры, глухія куткі Палесся і людскіх паселішч. Такіх куткоў на Палессі багата, але не ўсе яны ляжаць паблізу і па дарозе іх руху... А чаго рухацца ўсім разам? Вось якое пытанне паставіў сабе дзед Талаш і ў гэтым кірунку паплылі цяпер яго думкі.
        Новы план пачаў вырысоўвацца перад дзедам Талашом. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней, тым болей што для гэтага трэба зрабіць значны крук. А Мартына там можа і не быць. Ці не лепёй узводу перасунуцца ў патайное месца бліжэй да мястэчка, што ставіла сабою асноўную задачу букрэеўскага паходу. Ці не лепей дзеду аднаму або з кім-небудзь са сваіх людзей прайсці туды?
        Разважыўшы з усіх бакоў гэта пытанне, дзед Талаш цвёрда запыняецца на такім вырашэнні яго. Аб гэтым ён паведаміць Букрэя. Дзед упэўнен, што Букрэй прыме такую змену ў іх маршруце.
        На світанні вярнуліся чырвонаармейцы з Купрыянчыкам з фальварка Віркуцце. Ноч прайшла шчасліва. Смалакураўскія салашы ажывіліся, напоўніліся людскімі галасамі. Новы дзень нёс свае турботы і ставіў новыя задачы букрэеўскаму войску.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.