РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дрыгва
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI
XXVII
XXVIII
XXIX
XXX
XXXI
XXXII
XXXIII
XXXIV
XXXV
XXXVI
XXI
        
XXI

        
        Не толькі ў Віркуцці, але і шмат па якіх маёнтках акупаванага Палесся ладзілі паны пышныя банкеты польскаму афіцэрству. Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей. I тыя паны, што вярнуліся ў свае маёнткі, адчувалі сябе на сёмым небе і лічылі, што цяпер яны сапраўдныя, настаяшчыя, паўнапраўныя іх уладары. Уся палітычная абстаноўка складалася на іх карысць. Полынча мела сваю армію, узброеную на сродкі Антанты, якая адводзіла Полыпчы значную ролю ў вайне з Саветамі. Становішча ж Саветаў было дужа цяжкае.
        Ім прыходзілася напружваць сілы супраць насядаўшай з усіх бакоў контррэвалюцыі ва ўмовах эканамічнай разрухі, нястачы, голаду і цяжкай спадчыннасці, пакінутай царызмам. Усё гэта палягчала задачу польскай ваеншчыне і жывіла надзеі польскай буржуазіі на перамогу ў вайне з Саветамі.
        Следам за польскай арміяй ціснулася цэлая хваля буйной і дробнай шляхты, выгнанай рэвалюцыяй з іх котлішч, прадстаўнікі рэлігійнага культу і цэлая псарня іншых дармаедаў і паразітаў. I для ўсёй гэтай грамады ўзаконеных марадзёраў трэба было знайсці і месца і размеркаваць ролі. На гэты раз "ужондзіць" банкет узяўся павятовы "камісарж" пан Крулеўскі. Банкету надавалася спецыяльнае значэнне. Ладзіўся ён не толькі для таго, каб пагуляць і павесяліцца польскай шляхце разам з афіцэрствам: банкету прызначалася і іншая роля.
        Маёнтак пана Длугошыца адзін з пышнейшых у павеце. Гэта – котлішча старога польскага роду. На працягу вякоў пераходзіла яно ад бацькі да старшага сына, пераходзіла як умацаваная, вякамі непарушная спадчыннасць. I толькі пры апошнім уладару, пры пану Лявону Длугошыцу, захісталася гэта спадчыннасць ад подыхаў вялікай рэвалюцыі. Пан Длугошыц змушан быў пакінуць свій маёнтак і падацца глыбей на захад. Цяпер пан Длугошыц вярнуўся ў сваё радавое гняздо, вярнуўся як чалавек, які тапіўся і якога адратавалі ад смерці.
        Даволі было аднаго толькі абеглага погляду на палац, на дваровыя будынкі, на ўвесь маёнтак у цэлым, каб адразу ўбачыць, што гэта – старасвецкая рэзідэнцыя багатай, радавітай польскай фаміліі. Таўшчэразныя таполі і разложыстыя ліпы пышным вянком акружылі панскую сядзібу. На ўзвышку, атулены густым садам з шырокімі прагаламі, дзе разлегліся прасторныя, роўныя дарожкі, стаяў мураваны белы палац, высока ўзняўшы над садам сваю чатырохкантовуювежу.аздобленую рознымі скульптурнымі ўкрасамі. Горда і пыхліва выступаў ён з цэлага лесу купчастых дрэваў і стромкіх таполяў сваёй вежаю, масіўнымі белымі сценамі і чырвоным чарапічным дахам. У самым палацы, у яго шматлікіх пакоях, прасторных залах, дзе можна размясціць сотні народу, сабраны дабро і раскоша, скрозь якія прабіваліся людскія слёзы, гора і пакута. ПІмат чаго з гэтага дабра страцілася за часы рэвалюцыі, і пан Длугошыц, вярнуўшыся з выгнання, паставіў на ногі цэлы штат прыслужнікаў, каб знайсці і сабраць расцягненае дабро ў скарбніцу фамільнага палаца. З гэтых палацаў разыходзіліся ніці нянавісці і злобы да паўстаўшых "хлопаў", у гэтых палацах завязваліся вузлы змагання супраць новых асноў жыцця, заложаных Кастрычніцкай рэвалюцыяй. У гэтым жа палацы рыхтаваўся цяпер пышны банкет у гонар польскай дзяржаўнасці.
        Зазіхацелі, загарэліся яркімі агнямі вокны палаца пана Длугошыца, узіраючыся ў цёмныя закуткі двара і ў панурыя лясы і балоты стоенага ў сваёй трывожнай маўклівасці Палесся. Вечарам, калі на лясы і балоты густа насунулася цемра, пачалі з'язджацца госці. Як звычайна вядзецца ў такіх разах, першымі з'яўляліся меней значныя асобы, уласнікі дробных фальваркаў, арандатары маёнткаў са сваімі жонкамі і дочкамі, у каго яны былі. Усё, што было лепшага для выезду на такую ўрачыстасць, надзявала шляхта на сябе і на сваіх коней. Слугі збіваліся з ног, прымаючы гасцей і прыбіраючы іх вазкі.
        Пан Длугошыц, кожны раз сустракаючы новага госця, выказваў усе адзнакі гаспадарскай радасці і шляхетнасці: кланяўся, ветліва паціскаў руку, кідаў тую ці іншую фразу, адпаведна выпадку ці асобе госця-
        Склад гасцей быў даволі стракаты і разнастайны. Тут былі абшарнікі розных катэгорый, арандатары і проста дробная шляхта, а таксама і прадстаўнікі інтэлігенцкіх прафесій, дактары і адвакаты. Вельмі заметную частку гасцей складалі вайскоўцы, дзе былі прадстаўлены ўсе іхнія катэгорыі, пачынаючы ад ніжэйшых афіцэрскіх чыноў і канчаючы генераламі. Быў тут і палкоўнік пан Дэмбіцкі. Сярод ваеннай і цывільнай публікі мільгалі таксама і постаці ксяндзоў у доўгіх сутанах. З прычыны важнасці і ўрачыстасці палітычнага моманту "свентыя ойцы" дазволілі сабе некаторую вольнасць, з'явіўшыся на банкет. Таксама адступалі яны і ад правіл ксяндзоўскага статута ў дачыненні да жанчын, выказваючы сябе болей кавалерамі, чым служкамі пана Бога. Праўда, паненкі і маладыя дамы ахвотней гарнуліся да вайсковых. Яно і не дзіва: ужо адна вопратка іх і асаблівае становішча, як ваяк, здабыўшых і здабываючых польскую вольнасць і незалежнасць, вельмі выгодна вылучала іх у вачах маладых шляхцянак. Затое ж трохі пабляклыя пад уплывам часу дамы кружыліся каля ксяндзоў, як мухі перад дажджом каля гаршкоў, з якіх нядаўна вылілі зацірку і не паспелі яшчэ вымыць і вышараваць рагожаю.
        За нядоўгі час сам сабою зрабіўся адбор гасцей, іх натуральны падзел на групы. У кожнай групе былі свае спецыфічныя інтарэсы і тэмы гутарак, хоць усе яны вяліся пад лозунгамі маладой польскай дзяржаўнасці і яе гістарычнай місіі. Адно толькі моладзь – паненкі, панічы і маладое шыкарнае афіцэрства – з'яўлялася ў значнай ступені аўтаномнай у гэтым сэнсе, аддаўшыся цалкам парывам радасці нестрыманых хваль свае моладасці. Несціхана грымеў ваенны аркестр. Бурныя польскія танцы змяняліся адны другімі. Паненкі і маладыя дамы стараліся перашчагаляць адна другую прыгожаствам, далікацтвам рухаў, чароўнасцю сваіх дзявочых усмешак і вабнасцю погляду сваіх вачэй. Кавалеры вылузваліся са скуры, каб звярнуць на сябе агульную ўвагу і закасаваць усіх іншых. Якіх толькі талентаў не было выяўлена тут. Якіх толькі штук не выраблялі яны. Як хораша выкідвалі ногі, як лоўка тупалі, падскаквалі, а як хвацка кружылі сваіх дам. Як спрытна насілі іх на паветры і раптам прысядалі перад імі на адно калена, каб гэтак жа раптоўна падняцца і да канца выпаўняць сваю місію.
        Каля палкоўніка пана Дэмбіцкага згуртавалася цэлая грамада гасцей. Тут сядзіць і пан Длугошыц, чалавек сярэдняга веку. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго роду. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Ксёндз Ксаверы Пацяйкоўскі і Ян Галандзеўскі таксама людзі паважныя, дыпламаты, хітрыя палітыкі і людзі пранырлівыя, заўзятыя патрыёты. Болей думаюць і дбаюць аб справах людскіх, чым аб інтарэсах боскіх. Тут жа сядзіць і павятовы камісарж пан Крулеўскі, адвакат пан Ладунскі і некалькі дробных панкоў, яшчэ не паспеўшых дайсці да сваіх маёнткаў – маёнткі гэтыя яшчэ не заваёваны.
        Наўперад гутарка датыкалася чыста ваенных тэм. У цэнтры ўвагі палкоўнік пан Дэмбіцкі. Яго слухаюць з напружанаю ўвагаю і з вялікім нацыянальным самазадаваленнем. Палкоўнік пан Дэмбіцкі расказвае пра розныя аперацыі ў вайне з бальшавікамі, у якіх яму, як кіраўніку і начальніку штаба дывізіі, прыходзілася браць непасрэдны ўдзел. Былі крытычныя моманты, і толькі ўмяшанне пана Дэмбіцкага, яго надзвычай смелыя і, можна сказаць, геніяльныя манеўры вырывалі кожны раз перамогу з рук бальшавікоў. Расказваючы, пан Дэмбіцкі рысуе на стале пальцамі, паказвае пазіцыі чырвоных, іх прасоўванне наперад і тое месца, адкуль ён пасылае свае рэзервы і б'е бальшавікоў.
        – А як пан пал^соўнік глядзіць на далейшы ход ваенных падзей? – пытае пан Длугошыц, важна падпёршы рукою гладка выбрытую бараду. На яго твары, як і на твары іншых слухачоў, блукае радасная ўхмылка.
        – Попэндзім, пся крэв, аж до Смоленска, – пыхліва сцвярджае пан палкоўнік і даводзіць гэта дзесяткамі розных меркаванняў. Перш за ўсё Полыпча – яшчэ не кранутая маладосць, у ёй яшчэ дрэмлюць вялікія мажлівасці. Цяпер жа яна – жывы парыў, энтузіязм. Палякі – самы ваяўнічы, самы здольны да вайны народ. Ян Сабескі, Стэфан Баторый, Касцюшка, маршал Шлсудскі – хіба мала гавораць гэтыя імёны? Сіла Польшчы – яе дэмакратызм, якога не ведае ніводзін народ.
        Сам пан Дэмбіцкі і яго слухачы паднялі пры гэтым вочы на суб'екта, што сядзеў у іх кампаніі, але не зусім падыходзіў да яе. Ён слухаў гутарку паноў і ў той жа час трымаў на рэчы свой погляд, хоць і не выказваў яго. I сваім абліччам, і ўсёю сваёю постаццю, і манерамі трымацца, і нават складам сваіх мыслей чалавек гэты вылучаўся з панскай грамады. Сярэдняга росту, шырокі і прысадзісты, ён усім сваім выглядам сведчыў аб дэмакратычнасці свайго паходжання. Невялікія ўдумлівыя шэрыя вочы яго пазіралі кудысь унутр. Яго мыслі, хоць марудна і павольна, вялі нейкую сваю работу. Але не ўсё з таго, што ён думаў, выкладаў ён перад сваімі слухачамі. Чалавек гэты вёў нейкую прыхаваную палітыку. На выгляд яму было гадоў трыццаць. Яго прозвішча – Галініч.
        Выразны позірк, кінуты панамі на Галініча, прымушаў яго так ці іначай азвацца на словы пана палкоўніка аб вялікім польскім дэмакратызме.
        – Мы, беларусіны, дужа ўлічваем, панове, дэмакратычнасць польскага народа, – азваўся Галініч, – і не толькі ўлічваем, але і высока цэнім яго. Вось чаму мы і звязваем лёс беларускага народа з лёсам вялікай польскай нацыі, бо і ў мінулым іх лёсы былі аднакія. Не на азіяцкую бальшавіцкую Маскву, а на дэмакратычную еўрапейскую Варшаву арыентуемся мы.
        – Натуральна жэч! – пацвердзіў ксёндз Галандзеўскі.
        Панам Длугошыцу, Дэмбіцкаму і іншым панам не дужа спадабалася, што Галініч ставіць на адну роўніцу польскі народ з беларускім. Такое суседства двух народаў за сталом жыцця ім было проста не пад гонар, але, як хітрыя палітыкі, нічога аб гэтым не сказалі, а толькі кіўнулі галовамі. Галініч жа, каб аддзякаваць ксяндза Галандзеўскага, дадаў:
        – Нават той факт, што першыя беларускія часопісы "Наша доля" і "Наша ніва" падтрымліваліся польскаю грамадскасцю і паважаным каталіцкім духавенствам у першую чаргу, тады, як ніводзін прадстаўнік праваслаўнай царквы іх не выпісваў, выразва гаворыць за тое, ад каго мелі мы спачуванне ў сваім імкненні да адраджэння беларускага народа і яго культуры.
        Ксяндзы і польскае грамадства скромна апусцілі вочы. У заключэнне Галініч даў абяцанне падтрымліваць палякаў у змаганні з бальшавікамі вострай зброяй слова, паколькі беларусы іншай зброі не маюць: фармаванне спецыяльнага беларускага войска знаходзілася яшчэ ў стадыі свайго зачатку.
        Паны выказалі сваё здаваленне дэмакрату Галінічу.
        Але ў паноў ёсць усё ж некаторая доля непакою. Яна гучыць у запытанні пана Крулеўскага.
        – Але, пся крэв, хлопы не заспакоёнэ. Цо то бэндзе?
        Пан Дэмбіцкі злёгку нахмурыўся.
        – А то, пане, глупство! – зняважліва кідае ён. Непрыемна было наогул у такі ўрачысты момант гаварыць пра "хлопаў", тым болей непрыемна, што "хлопы" хаваліся па лясах. Гэтая акалічнасць міжволі нагадвае панам іх уласнае тулянне ў часе мяцяжу, калі яны самі шыбавалі "до лясу".
        – То не ест глупство, пане пулковніку! – асцярожна запярэчыў пану Дэмбіцкаму адвакат Ладунскі. – Я баюся, што недаацэнка сілы "хлопскага" руху можа прычыніць нямала непрыемных неспадзяванак. Сялянскія паўстанні – гэта адгаліненне таго ж бальшавізма, таго ж самага Цёмнага пачатку, што ёсць унутры чалавека і асабліва ў натуры нізавых мас. Пад сцягам бальшавізма і пад непасрэдным кіраўніцтвам бальшавікоў вядуцца паўстанні хлопаў, і ў гэтым іх небяспека. У чым сіла бальшавізма? У лозунгах і закліках да разбурэння. Бальшавікі дасканала ведаюць натуру галатвы і апелююць да яе цёмных пачаткаў.
        – А! – азваўся адзін з абшарнікаў, – пан Ладунскі напалохан бальшавікамі, і ён лічыць іх за вялікую сілу.
        А музыка грымела. Весялілася шляхецкая моладзь. А калі нагуляліся і нагаварыліся, госці селі за стол. Шумны, пышны быў банкет у палацы пана Длугошыца пад аховаю батальёна польскіх салдат. Агалашаліся патрыятычныя тосты. Крычалі "віват" польскай дзяржаве, маршалу Пілсудскаму, польскаму войску ў асобах генералаў і пана Дэмбіцкага, гаспадарам, духоўным асобам, найпрыгажэйшым польскім жанчынам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.