|
XI Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Ідзе ён ляснымі нетрамі, цёмнымі пушчамі, ідзе з акрэсленаю мэтаю. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры. План дзедаў просты: перайсці на лінію Чырвонай Арміі. А там ён распытаецца, дзе знаходзіцца камандзір батальёна, што стаяў у іх вёсцы, – дзед назаве гэту вёску. На шчасце, ён ведаў і прозвішча камбата – Шалёхін. Дзед раскажа яму сваю бяду, сваё бацькоўскае гора. Таксама раскажа і пра белапольскае войска – аб ім сёе-тое ведаў дзед Талаш, ведаў некаторыя пункты, дзе яно стаіць, і шмат ведае аб паводзінах польскіх легіянераў і іх афіцэраў. Хіба гэтыя весці не будуць цікавы для камандзіра войска? I на большае пойдзе дзед Талаш: ён пасуліць свае паслугі быць разведчыкам, збіраць патрэбныя весці аб размяшчэнні легіёнаў. Хто, як не ён, пакажа дарогі ў лясах і праходы ў балотах? А самае важнае, што скажа дзед Талаш, гэта тое, што ён мае намер і ўжо робіць першыя крокі ў гэтым кірунку – падняць паўстанне супраць лютага ворага сярод шырокіх пластоў працоўнага сялянства. А чаго ж патрабуе для сябе за гэта дзед Талаш? Ён будзе прасіць камандзіра даць яму хоць з дзесятак смелых ахвотнікаў-чырвонаармейцаў, каб зрабіць нечаканы раптоўны напад на павятовага "камісаржа", на астрог, дзе пакутуе яго зняволены Панас. I яшчэ чаго папросіць для сябе дзед Талаш, гэта – добрую, настаяшчую салдацкую стрэльбу. Калі пашанцуе адбіць яе ў палякаў, то ён верне назад пазычаную стрэльбу. Ён раскажа камандзіру і пра свій план нападу – гэты план смелы і просты, і страты ў людзях не будзе... Няўжо ж ён не схіліць на свой бок камандзіра? Вось з якімі думкамі ішоў дзед Талаш праз лясныя нетры і пушчы. Дзед Талаш прайшоў ужо большую частку дарогі. Заставалася яшчэ кіламетраў з шэсць, каб выйсці на Гудароў лог. За гэтым логам стаіць вёска Высокая Рудня, занятая чырвонымі. У гэту вёску і накіроўваецца дзед Талаш. Доўгая і трудная хада без дарог па лесе прытаміла дзеда Талаша. Прыпыніўся пад тоўстым дрэвам, змёў рукавіцаю сухі снег з гладкага пня і прысеў адпачыць і зрабіць папаску, бо дзеду хацелася есці. Зняў з-за плячэй стрэльбу, паляўнічую торбу, куды бабка Наста рупліваю рукою палажыла паўбахана хлеба і кавалак гужавога сала. Заціснуў дзед стрэльбу між ног, адрэзаў гамёлку хлеба і сала і сілкуецца. Скончыў дзед сваё снеданне і дастаў курэцкія прылады – па ядзе добра і закурыць. Але глухі шолах у лесе прымусіў дзеда прыслухацца і разгледзецца. I бачыць дзед Талаш: вялізны дзікі кабан павольна выходзіць з ляснога гушчару і брыдзе па чэрава ў снезе, не зважаючы на дзеда. Кабан падыходзіць да прыгожага, як бы вытачанага рукою здольнага майстра, стажка-мурашніка, акуратна і роўна прысыпанага снегам, і запыняецца. А потым пачынае разрываць яго сваім страшным ікластым лычом. Кожны рух магутнага лыча высока ўскідае ўгору камякі снегу разам з смеццем, нанесеным мурашкамі за цэлыя гады ўпартай працы. I хутка дзве цёмныя боразны вырысоўваюцца на чыстым някранутым снезе. Кабан рые павольна і заложна, усё болей і болей углыбляючыся ў зямлю. Дзед Талаш нерухліва і з вялікай цікавасцю наглядае за кабаном. А кабан ад яго – крокаў сорак–пяцьдзесят і так захапіўся работаю, што нічога не бачыць і не чуе, як не бачыць і не чуе дзед Талаш, што з такога ж гушчару выкрадаецца воўк і таксама наглядае за вепрам. I толькі тады заўважыў дзед воўка, калі ён падкраўся да кабана крокаў на пятнаццаць, а ў кабана была відаць толькі адна спіна. Яшчэ большае дзіва ўзяло дзеда Талаша. Што ж гэта за праява? I яшчэ з большаю цікавасцку глядзіць, што будзе далей. У меру таго як вепр глыбей зарываўся ў зямлю, набліжаўся да яго асцярожна, як злодзей, і воўк. I раптам, падкраўшыся зусім блізка, маланкаю кідаецца на вепра і хватае яго зубамі за чэрава знізу і з такою ж быстрынёю адскаквае ад яго. Вепр дзіка рохкнуў, выскачыў з рову і ўпаў на снег з разарваным жыватом і з выпаўшымі вантробамі, б'ючыся ў страшнай перадсмяротнай агоніі. А воўк стаіць зводдаль і прагавітымі вачыма смакуе ўжо сваю багатую спажыву. Такой раптоўнай і неспадзяванай развязкі ніяк не чакаў дзед Талаш, і яго чалавечы пачутак быў глыбока ўзрушан гэтым драпежніцкім воўчым учынкам. Прылажыўся дзед Талаш, і гулкі стрэл здрыгануў лясную глухмень, і трыумфуючы воўк таксама падскочыў угору і асунуўся, як мяшок, уткнуўся носам у акрываўлены снег. Вялікае маральнае задавальненне адчуў дзед Талаш пасля гэтага ўдалага стрэлу, і першае, што мільгнула ў яго свядомасці, была мысль аб справядлівай адплаце. I раптам дзед сам азірнуўся, як бы яго нешта ўкалола: гэта злучэнне падзей толькі што адбытай у глухім лесе драмы, дзе ён і сам прыняў удзел як караючая рука справядлівага прысуду, умомант выклікала ў ім думку, ці не глядзяць і за ім чые-небудзь ліхія вочы. Але ў лесе было ціха і спакойна. Дзед Талаш наўперад набіў стрэльбу, усыпаў шчодрую порцыю пораху і на гэты раз залажыў у рулю круглую алавяную кулю, і толькі тады падышоў ён да разрытага мурашніка, дзе ляжаў растрыбушаны воўкам агромністы кабан з страшнымі выгнутымі трохкантовымі ікламі і забіты дзедам вялікі хударлявы воўк. Уся гэта праява і сцэна набывалі ў дзедавых вачах значэнне нейкага жыццёвага філасофскага сімвала, і толькі цяпер успомніў ён пра сотні тысяч маленькіх, спачатку не ўзятых ім пад увагу, мурашак. Іх тут і не відаць. Яны глыбока запаўзлі ў падземныя норы. Яны, можа, і не чулі, што сталася з іх домам. I толькі вясною, калі сыдзе снег, а ад воўка і вепра астануцца адны голыя косці, угледзяцца яны і ўбачаць барбарскае разбурэнне свайго гнязда і дружнаю грамадою, не гаруючы многа, возьмуцца за адбудову свайго разбуранага котлішча, над якім упарта працавалі яны на працягу цэлага рада летніх сезонаў. Задумаўся дзед і сам сабе паківаў галавою – цікавыя бываюць на свеце праявы. Але яго філасофскі настрой змяніўся практычнымі разважаннямі. I кабан і воўк – каштоўны здабытак. З воўка можна злупіць скуру, а кабана разабраць і даставіць дадому – колькі было б спажытку! Дзед задумаўся на другі лад... Эх, няма калі гэтым займацца! Але ў галаве яго на скорую руку з'явілася новая думка: садраць з воўка скуру, покі ён не акачанеў, – гэта будзе дзедаў трафей, а кабана спрэзентаваць чырвоным байцам. Гэта думка неблагая. I ён жыва ўзяўся за работу. Садраў з воўка скуру, вымыў у снезе рукі, выцер іх аб полы кажушка, злажыў скуру, закінуў яе на плячо і важна, як шчаслівы паляўнічы, павандраваў далей, беручы кірунак на Высокую Рудню. Нарэшце лес кончыўся. Дзед выйшаў з лесу і запыніўся, каб разгледзецца. Перад ім рассцілалася круглае поле, атуленае высокаю сцяною лесу, а з сярэдзіны поля выступала вёска белымі стрэхамі хат, шчуплымі постацямі высокіх клёнаў і вязаў, клунямі і ветракамі на выгане. Ад высокай сцяны лесу адлучаўся цэлы ярус густога нізкарослага хмызу. Дзед уважна акінуў вокам хмыз. Чалавечая постаць мільгнула ўскрай хмызу і схавалася. Зоркія дзедавы вочы разгледзелі ў ёй вайскоўца, толькі дзед не разабраў, свій гэта ці чужы. На ўсякі выпадак дзед падаўся трохі назад, бліжэй к лесу, і раптам пачуў грозны вокліч: – Стой! Хто ідзе? Дзед запыніўся. Голас і словы запакоілі яго, і ён быў узрадаван спатканнем з чырвонаармейцам, бо гэта палягчала яго задачу. – Свой! – азваўся дзед Талаш. З хмызу высунулася фігура маладога чырвонаармейца са стрэльбаю, з патроннаю сумкаю за поясам з аднаго боку і з параю гранат з другога. Від яго быў даволі грозны, хоць гэта грознасць не зусім пасавала з яго лагоднымі шэрымі вачьша, якімі ён акінуў дзеда Талаша і яго трафей, звісаўшы з пляча чуць не да самых пят і прыдаваўшы дзеду выгляд першабытнага чалавека. – Дакумент! – кінуў чырвонаармеец. – А які, голубе, можа быць дакумент у такога бадзягі, як я? Я не тутэйшы: ад палякаў хаваюся. Хто ж мне дасць дакумент? – А куды ідзеш? – усё яшчэ афіцыяльным тонам распытвае чырвонаармеец. – Да вас, таварыш, іду, да чырвоных. Спецыяльна. Дзед Талаш сам адчуваў, што ён гаворыць добра, асабліва вось гэта "спецыяльна". Чырвонаармеец бачыць – чалавек цікавы, ад якога можна сёе-тое праведаць. – Я зараз выклічу начальніка заставы. У нас такі парадак. Рэзкі свісток вострымі тонкімі хвалямі расплываецца ў хмызе і заціхае. Некаторы час яны слухаюць, маўчаць і чакаюць. Чырвонаармеец думае, што ён даложыць пра дзеда начальніку заставы, і калі ў хмызе заківалася яго постаць, чырвонаармеец паказаў вачыма на скуру воўка. – Воўка ўпаляваў? – запытаў дзеда. Дзед ведаў, што пра гэтую скуру яму прыйдзецца расказаць цэлую гісторыю, але з прычыны таго, што яго аўдыторыя складаецца з аднаго толькі слухача, а часу ў яго няма, бо падыходзіць начальнік заставы, дзедабмяжоўваецца кароткім адказам: – Эге ж! Начальнік заставы, загартаваны ў вайне і ўжо не першай маладосці чалавек з абветраным тварам, поглядам ваеннага чалавека акінуў дзеда Талаша з галавы да ног, даўжэй запыніўшыся на воўчай скуры. Чырвонаармеец далажыў: – Не мае дакументаў. Заяўляе, што ідзе з польскага боку спецыяльна да чырвоных... Начальнік заставы яшчэ ўважлівей зірнуў на дзеда Талаша. – Што прымусіла цябе, айцец, ісці да нас? – Няможна стала мне жыць дома, таварыш начальнік, па лясах туляюся: мяне ловяць палякі. – За што? – Ды вось, таварыш начальнік, прыехалі яны забіраць маё апошняе сена. Прасіў, маліў іх, а яны яшчэ і штурхаць пачалі мяне. Ну, я і раззлаваўся і кінуўся на іх з сякерай. Каб не сын, дык засек бы каторага гада. Яны і наваліліся на мяне, звязаць хацелі. А было іх трое салдат. Вырваўся я і ў лес уцёк. Стралялі нават у мяне з рэвальвераў. Вось і пачалі помсціцца, чапляцца, што ў мяне бальшавік на кватэры стаяў, камандзір. Майго сына недалетка заарыштавалі як заложніка, каб я сам да іх прыйшоў. Я, таварышы, нясу да вас бяду маю і гора... Надумаўся знайсці камандзіра, што стаяў у мяне на кватэры... Ён знае мяне... – А з якога ты сяла? Дзед Талаш назваў сваю вёску. – А які камандзір стаяў у вас на кватэры? – Так што камандзір таварыш Шалёхін, – крыху на стары салдацкі манер адказаў дзед Талаш. Чырвонаармеец і начальнік заставы зірнулі адзін на аднаго. Дзедаў адказ адвёў падазронасць ад яго асобы. – А скуль гэта воўчая скура? – пацікавіўся начальнік заставы. Дзед расказаў гісторыю пра вепра і воўка і закончыў яе так: – Я, таварышы, рашыў падараваць вепра вам, чырвоныя ваякі. А вепр ладны, пудоў на васемнаццаць. Дастаньце фурманку, паеду з вамі, пакажу. Ён тут не так і далёка. Зайшлі на заставу. Начальнік вылучыў двух чырвонаармейцаў у сяло па фурманку. А ўжо надвячоркам з вялікім трыумфам ехаў дзед Талаш з чырвонаармейцамі ў Высокую Рудню, везучы на развалках агромністую тушу дзікага вепра. Праславіўся дзед Талаш на ўсю Высокую Рудню, а для яшчэ болылага пыху ён насіў на сабе воўчую скуру, і калі ў яго запыталі, нашто ён цягае яе на сабе, то дзед хітра адказаў: – Го! Я яшчэ буду выць па-воўчы! Людзі смяяліся, а дзед сваю думку думаў.
|
|