РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
5. ХАПУН. БОБРЫК
        
5. ХАПУН. БОБРЫК

        
        Якраз тою парой бацька ўзяўся будаваць новую хату, старая згнiла, жыць у ёй стала немагчыма. Узiмку хадзiў у сельсавет, каб дазволiлi сьпiлаваць колькi хвояў, затым iх трэба было вывезьцi. Ужо цёплай парой закладваў падмурак, пасьля ладзiў зруб. I ўсё сам, адзiн, не пакiдаючы палявой працы ў калгасе. Прыйдзе, бывала, на полудзень i хуценька на зруб – сякерай цюк, цюк... Так да восенi. Увосень перабралiся ў новую, яшчэ недаробленую, без падлогi хату. Хораша пахлi сьцены, але не было печы. Печ стаўлялi ўжо ў зазiмак. Намерзьлiся добра...
        Маiмi вясковымi сябрамi былi хлопцы, пераважна старэйшыя за мяне, апроч хiба Васiля Паршонка, на год цi на два маладзейшага. Вядома ж, усе яны былi адметныя ўласным характарам: некаторыя добрыя i таварыскiя, iншыя – ня надта. Валодзя Галавач, хоць i старэйшы за мяне на тры гады, паводзiў сябе як роўны, ладна таварышаваў, памагаючы, калi ў чым была патрэба. Toe i ня дзiва – у яго была мацi вельмi добрая жанчына, апекавалася маёй мацi, калi тая засталася адна, бяз мужа. Валодзя памагаў мне сячы дровы, як бацька ляжаў з тыфам у Вушачы. Добры хлопец быў сын рэпрэсаванага – Коля, мой сусед (жыў цераз адну хату), якi пасьля вайны на радзiму не вярнуўся, атабарыўся ў Латвii. Меней мы сябравалi зь ягоным братам Мiшам Зьмiтраковым, казалi тады: задаецца. Пасьля вайны ён быў дырэктарам школы, якую адбудоўваў у Кублiчах. З Васiлём Паршонкам, будучым кiнамэханiкам, мы, памятаю, каталiся зiмой на лыжах; Васiль лепей за мяне зьяжджаў з самых крутых пагоркаў. Яшчэ адзiн сябра, мой стрыечны брат Мiкола, не вярнуўся з вайны – падобна, быў забiты пры штурме рэйхстагу, як сьведчыў камбат Няўстроеў. А ягоны малодшы брат Iльля, былы партызан, пабадзяўшыся па сьвеце, пад старасьць вярнуўся на радзiму i пахаваны на бацькоўскiх могiлках.
        Вось цяпер я ўспамiнаю i хачу зазначыць, што ўсё ж такi дзецi – жорсткi народ. I нават у нечым па-жывёльнаму люты. Ну, натуральна, тое залежыць ад сацыяльнага стану, выхаваньня, гэта само сабой. Як i ў дарослых. Але дарослы чалавек мае нейкае права на годнасьць, хоць бы на асабiстую. А малы? Ён жа ня мае нiякiх правоў, а то i ўяўленьня пра тыя правы. Ён прывык думаць, што ўсё вырашае сiла – улады, дарослых, старэйшых сяброў... I заўсёды знойдзецца нехта старэйшы цi дужэйшы, а то i з садысцкiмi схiльнасьцямi, якi дыктуе свае законы. I часта меншы не разумее, што тое няправiльна, што павiнна быць iначай. I не паскардзiцца, бо ведае, што яго не абароняць. I ведае таксама, што скардзiцца кепска – тое яму ўнушылi рана, асяродзьдзе, а то i бацькi. Настаўнiкi таксама. Ростам я быў не малы, але худы i слабы, i з тае прычыны ў розных сутычках ня мог адчуваць перавагi. Перавага была за iншымi – болей дужымi, а галоўнае – болей нахабнымi. У мяне не было нахабства. Во тут я i прыпамiнаў мяккi матчын характар, якi я ўнасьледаваў i якi мне нямала шкодзiў зь дзяцінства. Зноў жа ў дзяцiнстве я быў схiльны востра перажываць свае ды i чужыя няшчасьцi. Асаблiва як пачасьцiлiся рэпрэсii, сялянскi хапун. I сябраваў з хлопцамi, што засталiся без бацькоў, якiх iншыя стараніліся цi грэбавалi, бо ж – ворагi народу. У нас тады вёска была двароў на дванаццаць, праўда, хутары яшчэ пасьля падсялiлi. Дык з гэтых дванаццацi гаспадароў шасьцёх узялi. Цёмных калгасьнiкаў, былых беднякоў. Узялi i Бобрыка. Мабыць, яму тая «Нива» з царамi ды графiнямi бокам вылезла. Быў яшчэ Дзям’ян Азевiч, iнвалiд Першай сусьветнай вайны з сухой паралiзаванай рукой, якую насiў у чорнай пальчатцы. Ён зарабляў на хлеб рамонтам гадзiньнiкаў, якiя несьлi яму з усёй акругi. I ён усе iх рамантаваў – насьценныя, кiшэнныя, будзiльнiкi i г. д. I нават больш – шкло ў iх ставiў. А шкло дзе возьмеш? Дык ён купляў шкло для лямпы, з выпуклай часткi выразаў самы пятачок i ставiў. Я, калi вучыўся, колькi год насiў яму гадзiньнiкi зь мястэчка, пераважна ад настаўнiкаў. Пакладу ў карабок ад запалак i прынясу. Ён шкельца ўставiць, аднясу назад. А тады нясу рубель за працу. I ён заўсёды дасьць 20 капеек. Вось i гэтага iнвалiда ўзялi. А ягоны сын у гэты час, таксама Дзёмка, служыў на Далёкiм Усходзе. А пасьля, у вайну, пайшоў у партызаны i ваяваў да перамогi. Ваяваў за савецкую ўладу, якая панiшчыла ягонага бацьку. Але – не пакрыўдзiўся, за што, як вядома, хвалiлi бальшавiкi. Што «не азлобiўся». Як быццам за тое сапраўды можна было не азлобiцца.
        
        Улетку на Пятроўскім лузе бабы зграбалі сена. Надвячоркам ля мастка спынілася райкомаўская эмка, зь якой вылез нейкі чын у пінжаку. Ён загадаў брыгадзіру дзядзьку Антону сабраць баб да кучы.
        Хутка ўсе і сабраліся на скрытным прылесным пагорку, пасталі, зморана абапершыся на граблі. Рабкамавец разгарну ў газэту і пачаў чытаць. У войску арудавала група шкоднікаў і шпіёнаў на чале з маршалам Тухачэўскім ды іншымі. Яны труцілі чырвонаармейцаў, падсыпалі ім у харч бітае шкло, выдавалі замежнікам вайсковыя сакрэты. Вярхоўная калегія Вайсковага трыбуналу прысудзіла іх да расстрэлу, і ўчора прыгавор быў выкананы. Слаўныя савецкія чэкісты не спудлавалі і на гэты раз.
        Бабы плакалі[:] гэта ж трэба, такія падлюгі. «Добра, што іх выкрылі, а то майму малодшаму ўвосень прызывацца, далібог атруцілі б» – плакала ад радасьці адна баба з Слабодкі. «Анягож, – пагаджалася другая. – Ці ім шкода нашых хлопцаў. Зьвяругі такія».
        Брыгадзір Антон зацята маўчаў. Невядома, што было ў яго ў думках. Але ён быў разумны мужык, і мы, дзеці, неяк паважалі яго. Толькі чаго ён маўчаў – тады было нам невядома.
        
        Вёска наша ў асноўным была праваслаўная, але з хутароў падсялiлi некаторых каталiкоў. Прозьвiшчы такiя: Лявiцкi, Блажэвiч, Корсак, – iх у першую чаргу i пабралi. Забралi таксама нашага суседа Барыса. Браў звычайна раённы ўпаўнаважаны НКВД Перацяцькiн. (I потым пасьля вайны прыяжджаў, – мабыць, пацягнула на месца злачынства.) Ну i памежнiкi старалiся – не так пiльнавалi мяжу, як хапалi сонных мужыкоў з гэтага боку. Хоць i вартавыя мяжы, але ж адна сыстэма – НКВД. Нiхто з рэпрэсаваных не вярнуўся, хоць i ўсе рэабiлiтаваныя. Узялi тады таксама некалькiх настаўнiкаў, у тым лiку i нашага дырэктара Карчэўскага, якi мне гамашы купiў. Але i самiх памежнiкаў, камандзiраў таксама арыштоўвалi. Напрыклад, капiтана Акулава, мужа нашай настаўнiцы. Цiкава, што ў ролi сэксотаў-стукачоў выкарыстоўвалi старэйшых вучняў. Як судзiлi дырэктара, дык наша адна вучанiца была на судзе сьведкай супраць яго. Гэта гадоў у 15. Мабыць, як i ўсюды. А пры мяжы асаблiва.
        I ў кожнай вёсцы былi ў iх сэксоты, дзе лепшыя, дзе горшыя, актыўныя i ня вельмi. Нам у гэтым сэнсе, мабыць, не пашэнцiла. У вясковую абшчыну ўлез чужынец, прышлы чалавек, – пасьля грамадзянскай прыстаў да мясцовай кабеты. Ня ведаю, адкуль ён быў родам, але НКВД наладзiў зь iм вельмi цесны кантакт. I ён нават ня надта таiўся, яшчэ пахваляўся, што памагае чэкiстам. Недзе ў пяцiдзясятых гадах, як я прыяжджаў да бацькi, ён прыходзiў таксама i за чаркай гаварыў, што хацеў пасадзiць бацьку, была прычына, ды пашкадаваў. I бацька яму быў удзячны. Ня ведаю, што ён меў на ўвазе. Можа, мамiн «кантрабандны» пераход?
        Мабыць, варта ўспомнiць гэты «крымiнальна-палiтычны» ўчынак. Як я ўжо казаў, мама паходзiла з таго боку мяжы i ўсе тыя гады ня мела нiякай сувязi з братам. Нават ня ведала, цi жывы ён. У трыццаць дзявятым годзе пасьля ўзьяднаньня паявiлася нейкая надзея хоць бы атрымаць вестку. Новую мяжу адсунулi за Беласток, але старую не лiквiдоўвалi. Ахоўвалi па-ранейшаму пiльна, каб нiхто – нi адтуль, нi туды. Мы чакалi. Але неяк галоднай парой мацi наважылася i пайшла – цераз лес, балота, каля возера, ужо дарогу яна памятала зь дзяцiнства. I прайшла. I вярнулася. I прынесла галодным гасьцiнцы – у мяшэчку трохi мукi i бараньнюю лытку. Аказалася, што брат пад панскiм прыгнётам усё ж жыве лепей, чым сястра-калгасьнiца, у якой на стале даўно няма хлеба. Пасьля мама баялася, што хтось данясе i яе пасадзяць. Але не пасадзiлi, i мы ўжо думалi, што нiхто нi пра што не дазнаўся. Аказваецца, некаторыя дазналiся...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.