РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
14. ШПІТАЛЬ. ДАРОГА НА ФРОНТ
        
14. ШПІТАЛЬ. ДАРОГА НА ФРОНТ

        
        Вайна – бадай, скрозь чалавечае няшчасьце, а шчасьце, як вядома, рэч дужа адносная. У параўнаньнi зь перадавой кожны шпiталь можа здацца курортам. Шпiталь у Александрыi якраз у цэнтры горада, здаецца, у будынку школы. Памылi ў лазьнi, пражарылi вашывую вопратку, далi чыстую бялiзну. Параненых шмат, месцаў, як заўжды, не хапае. Афiцэры ляжаць па два ў ложку. Памятаю, маiм суседам быў лейтэнант-танкiст са знакамiтым прозьвiшчам Варашылаў. (З Варашылавым ляжаў, казаў пасьля.) Той шпiталь належаў Пятай танкавай армii, таму пераважна тут былi танкiсты – параненыя, абгарэлыя, розныя. Абгарэлыя асаблiва страшныя. Абпалы дужа балючыя i доўга ня гояцца. Людзi пакутуюць, часта нэрвуюцца i лаюцца. Зь сёстрамi, мiж сабой, з начальствам. А начальства – дактары – тут цi ня спрэс жанчыны рознага ўзросту. Мужчыны – толькi палiтрукi, якiя i тут ведаюць адно i тое ж – сваю надакучлівую прапаганду, прывiваць нянавiсьць да нямецка-фашыстоўскiх захопнiкаў. Тае нянавiсьцi ў нас самiх звышмеры – i ня толькi да фашыстоўскiх захопнiкаў. Некаторыя параненыя, не стрываўшы, са злосьцi пасылаюць начальнiкаў на тры лiтары, тады ў палаце скандал, вечарам цi ноччу паяўляецца с ь м е р ш28, недысцыплiнаванага кудысь пераводзяць. На перадавую, аднак, нiхто ня рвецца, усё ж тут як-нiяк цёпла, цiха i не забiваюць. Праўда, галаднавата, але да голаду за жыцьцё мы прывыклi.
        Часам узьнiкаюць размовы, успамiны пра нядаўнiя баi. Там я шмат што пачуў наконт славутага «порядка в танковых войсках», пра якасьць хвалёных танкаў. Пра саракапяткi танкiсты i слухаць не хацелi, для iх гэта быў не супрацьтанкавы сродак, а «хлапушы», як яны казалi. Гаворка часьцей iшла пра «тыгры» i «фэрдынанды», якiя са зручных пазыцый выбiвалi нашы танкавыя батальёны. А iх паспрабуй дастаць. Пастаўленая на трыццацьчацьвёрцы 76-мм гармата iх ня брала, а яны са сваёй 88-мiлiмэтроўкi наскрозь прабiвалi браню нашых танкаў. А мы, дурнi, былi засвоiлi, што наша трыццацьчацьвёрка – лепшы танк у сьвеце. Паслухалi б прыхiльнiкi гэтых трыццацьчацьвёрак, што пра iх кажуць тыя, хто ў iх гарэў i гiнуў. Але ж «наша», рускае, усё лепшае – i састарэлая «драгунка» ўзору мiнулага стагодзьдзя, i ППШ – аўтамат фiнскага ўзору, што выпускаўся там з 1934 году, i вядома ж, наш суконны шынэлак на «рыбiным мяху». Што ўжо казаць пра франтавыя шпiталi, пра якiя ня раз з болем i гневам пiсаў Вiктар Астаф’еў. Галоўнае шпiтальнае лякарства – iхтыёлавая мазь, чорная сьмярдзючая мазюка, якой мазалi ўсе раны. Добра, калi рана чыстая, а калi ў ёй зямля, часткi бруднай апраткi... Пэнiцылiну ж тады не было. Найбольшая надзея была на хiрургаў, якiя рэзалi няшчадна, тым, можа, i найбольш ратуючы. Кармёжка ўсё тая ж, вайсковая, хiба што гарачая – хлеб, каша пярловая, радзей пшонная, суп вермiшэлевы цi зноў жа пярловы. I традыцыйнычай. (На фронце мы дзiвiлiся, што немцы п’юць каву – напой, якi мы ў сялянстве нiколi ня спытвалi i якi здаваўся нам агiдным, бы з сажы. Але яны пiлi яго з малаком.)
        Афiцэраў усё ж iмкнулiся разьмеркаваць па якiх-небудзь будынках, салдатаў жа клалi звычайна ў апусьцелых за вайну калгасных аборах, кароўнiках цi сьвiнарнiках. Трохi вычышчалi гной, слалi салому, якую накрывалi зьверху ўнiвэрсальнай салдацкай апраткай – плашч-палаткамi. Укрывалiся кожны сваiм шынялём цi ватоўкай, спалi нераспранутыя. Зiмой на праходзе ставiлi жалезную грубкубочку, якую палiлi круглыя суткi. Вакол яе месьцiлася 2-3 сотнi параненых. Адаспаўшыся пасьля перадавой, спакваля пачалi адзiн з другiм знаёмiцца, моладзь – кучкавацца па iнтарэсах. Нават гуляць у карты. Калi-небудзь ноччу пры сьвятле капцiлкi можна было пачуць пад цiхенькi перабор балалайкi якую з папулярных песьняў. А то i салдацкi фальклёр. («Первая болванка попала в бензобак, вылез я из танка сам не знаю как. Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить, – в танковой бригаде мне уж не служить. А наутро рано ведут в особотдел: что же ты, подлюга, в танке не сгорел? Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить... Очень виноватый, я им говорю: в завтрашней атаке обязательно сгорю...» – і г. д.).
        Як пачала гаiцца нага, стаў выходзiць у горад. Недалёка быў iмправiзаваны кiрмаш, дзе прадавалi семкi, махорку, малако, гарачую бульбачку, яшчэ нешта. Але тут аказалася, што ў мяне няма разьлiковай кнiжкi, таму я не магу атрымлiваць зарплату. Увогуле зразумела, бо той кнiжкi я нiколi ня меў, на перадавой навошта мне былi грошы? Затое ў мяне, апроч шынялька, была аўчынная камiзэлька, якую я i загнаў, купiў бутлю бураковай самагонкi. Пасьля на той жа кiрмаш аднёс цёплыя, ватныя штаны – блiзiлася вясна, раставаў сьнег. Рана мая то гаiлася, то давала рэцыдыў, разы два на тыдзень рабiлi перавязкi. Са сваёй дывiзiяй ня меў нiякай сувязi, нiкога адтуль не паступала, i ня дзiва: то быў шпiталь iншай армii. Але за тым, што рабiлася на фронце, увогуле сачылi– кожны дзень прывозiлi параненых, тыя расказвалi. Асаблiвы наплыў быў, як пачаўся наступ на поўдзень, як фарсiравалi Буг. Неўзабаве шпiталь перамясьцiлi трохi на поўнач, пад Знаменку. Зноў – у калгасную абору, афiцэраў – у будынак сельскае школкi. Там пачалi выдаваць лёгкi духмяны табак, i я прывучыўся курыць. Мне iшоў дваццаты год, а я яшчэ не пачынаў курыць – ганьба для савецкага афiцэра, як насьмiхалiся старыя курцы.
        Нарэшце пад чарговы пераезд шпiталю выпiсалi. Зь яшчэ адным выздаравелым – параненым танкiстам, малодшым лейтэнантам Тавакiным [–] атрымалi прадпiсаньне ў аддзел кадраў 5-й танкавай армii. Iшлi пехатой за фронтам, якi пачаў наступ. Ад сяла да сяла, кожны раз начуючы дзе заставала ноч, там жа i кормячыся. Тагачасныя ўкраiнскiя сёлы, двойчы абрабаваныя – калектывiзацыяй i вайной – былi не багацейшыя за беларускiя. Праўда, можа, ня надта пабураныя – там не было «партызанкi». Звычайна, як мы паяўлялiся на парозе, цётка пачынала бедаваць: «Ай, чым жа я вас нагадую, у мяне ж толькi фасоля ды бараболя». Нам добра была i фасоля з бараболяй. Калi-нiкалi, праўда, перападала i шклянка самагонкi – сьмярдзючай i мутнай буракоўкi, – i той мы былi радыя. Усюды па дарогах i сёлах пыталiся з Тавакiным пра свае часьцi, i аднойчы мой танкiст нешта надыбаў, напаў на сьлед свайго танкавага корпусу. Але мне туды было неяк, я ж не танкiст, i я прадаўжаў пошукi адзiн. Вясна ўжо была ў разгары, сьнег на Украiне той год растаў яшчэ ў лютым. Дарогi былi жахлiвыя, суцэльная гразь. Клейкi ўкраiнскi чарназём адрываў падэшвы, i мае кiрзачы ашчэрылi зубы. Скрозь войскi, войскi... Адны калёны iшлi на поўнач, iншыя на захад цi на поўдзень – не зразумець.
        Аднойчы сеў на ўзбочыне перадыхнуць, гляджу, як брыдзе пяхота, за ёй пайшлi перадкi з гарматамi. I раптам бачу на адным знаёмы вусаты твар, – то ж старшы лейтэнант, узводны, зь якiм я расстаўся ў ноч майго раненьня. Я да яго – куды i адкуль, як тут апынуўся? Чаму апынуўся, кажа, а я нiкуды i не выбываў, толькi перайшоў у батарэю. Але ж дзе наша дывiзiя? – пытаюся я. А во яна, кажа, перакiдваюць на iншы ўчастак. Я падзiвiўся: перада мной прайшоў мой полк i – нiводнага знаёмага твару? А старшы лейтэнант кажа: «I ня ўбачыш знаёмых, нiкога няма. А наогул навошта табе вяртацца ў гэтую дывiзiю, якая надта ж невязучая, заўжды яе б’юць. Пашукай чаго iншага. (Наiўны чалавек – ён меркаваў, што дзесьцi ёсьць дывiзii «вязучыя».) Але тады я паверыў яму i зрабiў так, як ён раiў.
        Празь дзень у нейкiм ацалелым маёнтку напаткаў штаб 4-й гвардзейскай армii, прад’явiў свае дакумэнты, запоўнiў патрэбныя анкеты i атрымаў накiраваньне ў 252 СД29. Амаль шчасьлiвы выйшаў на вулiцу. Вакол было цiха, на фронце iшла перадыслякацыя, толькi ў адным баку нешта надта падазрона грукоча, бы таўкачамi б’юць у зямную ступу. Пытаюся ў сустрэтага афiцэра, можа, ведае, дзе шукаць 252 СД? Той уважлiва паглядзеў на мяне i паказвае рукой туды, дзе грукоча. Кiруй, кажа, на тыя грымоты, не заблудзiшся. I я трохi пашкадаваў тады пра сустрэчу на дарозе з дывiзiяй, якая пайшла ў тыл. Ды было позна.
        Таго ж дня ў штабе дывiзii мяне прызначылi камандзiрам узводу батарэі 45-мілімэтровых гармат стралковага палку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.