РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
37. ЗНОЎ КУРЫЛЫ, УЛАДЗІВАСТОК
        
37. ЗНОЎ КУРЫЛЫ, УЛАДЗІВАСТОК

        
        На Кунашыры пачуў навiну: полк расфармоўваецца. Шмат якiя афiцэры ад’яжджаюць на мацярык, iншыя чакаюць свае чаргi i пакуюць чамаданы. Куды ехаць мне, пакуль невядома. Але замест палку на ўзьбярэжжы ў глыбiнi вострава пачалi будаваць аэрадром для рэактыўнай авiяцыi. Гэта, канешне, быў вельмi глыбакадумны плян Генштабу: зьнiшчальны аэрадром у тыле непрыяцеля, за востравам Хакайда. А як яго збудаваць, калi тут не знайсьцi i ста мэтраў роўнай плошчы? Значыць, зрабiць такую плошчу. I вось загад: скапаць вяршынi дзьвюх сопак, засыпаць седлавiну, каб атрымаць роўнядзь. Але сьпярша трэба высечы лес, пракласьцi дарогу. Тэхнiкi нiякай. Затое ёсьць салдацкiя рукi – безадмоўныя i бясплатныя. Яны ўсё могуць. Галоўнае для генэралаў – загадаць! А як вядома, загад начальнiка – закон для падначаленых.
        На другi дзень пасьля прыезду ў Галаўнiно я ўжо быў на тых сопках, дзе афiцэры-будаўнiкi тлумачылi, як усё трэба рабiць. Яны заўтра зьяжджаюць дадому. Пад маiм кiраўнiцтвам застаецца два дзясяткi салдатаў, з выгляду валацугаў, у абадраных сьпяцоўках. Гэтыя пытаюцца, калi iх дэмабiлiзуюць? Бо пайшоў ужо шосты год iхняй службы, а пра дэмабiлiзацыю Масква, падобна, забылася. Але як iм, так i яны. Назаўтра да абеду ўсе сьпяць, на работу нiхто ня выйшаў. Зьнiшчальнiкi, кажуць, хай пачакаюць. Iм i каля Уладзiвастока няблага.
        А праз два днi прыяжджае камiсiя з акругi, мне прыйдзецца ёй усё паказаць. А што я пакажу? Накапаную зямлю ды штабэлi мэталiчных палос, якiмi належыць выслаць пляцоўку. Зрэшты, хай глядзяць што хочуць...
        Камiсiя прыехала, паглядзела, запiсала i паехала. А я зноў застаўся з маiмi раззлаванымi будаўнiкамi, пачаў iх угаворваць працаваць. Куды там! Прыехаў камандзiр палку, сказаў, што ён дэмабiлiзуецца, на палку застаецца начальнiк штабу. Празь нейкi час начштабу пазванiў сам, аказваецца, у палку ЧП: нехта абакраў касу начфiна. Шукаюць, хто. Але падазрэньне падае на аднаго з маiх будаўнiкоў. Таму мне патрэбна прыехаць у гарнiзон.
        У гарнiзоне iдзе вялiкi шмон, шукаюць злодзея. Iнакш зробяць налiк на камандзiра палку ды камандзiра батарэi, г. зн. мяне. Знайшлi багацея. Я сказаў, што ў такiм разе на аэрадром не паеду.
        Пакуль шукалi злодзея, афiцэры разьяжджалiся на новыя месцы службы. На мяне ж нiякага загаду ўсё не было. Я цярплiва чакаў. I вось дачакаўся, што заўтра адыходзiць апошнi параход на мацярык, навiгацыя зачыняецца. Паўгода нiякiх зносiнаў нiкуды не будзе. Але што мне рабiць? Начштабу кажа: рашайце самi. Тут заставацца нельга, бо палку болей няма. Пасёлак апусьцеў. Але i ехаць куды без загаду – самаволка. Дык што рабiць?
        Зь вялiкiм боем, без дакумэнтаў, па ўласнай iнiцыятыве ўскараскаўся з жонкай i сынам на апошнi параход. Зноў, як i папярэднi раз – позьняя восень, штармавое мора. Усе пасажыры ляжаць покатам – марская хвароба. Адзiн толькi мой двухгадовы сынок не баiцца гайданкi, швэндаецца па калiдоры судна i просiць каўбасы. Дужа любiў каўбасу...
        Ва Уладзiвастоку – зноў знакамiтая Другая рэчка, казармы з двух’яруснымi ложкамi, дзе ўсе – мужчыны i жанчыны, дзецi. Тысячы, а мо i дзясяткi тысячаў афiцэраў, зрушаныя з ранейшых месцаў службы, чакаюць, калi вызначыцца, каго – куды. Чакалi, мабыць, зь месяц. За гэты час мой Сярожка пабываў у больнiцы з ангiнай, думалi, дыфтэрыт. Неяк выкараскаўся. А як дайшла чарга да Быкава, кадравiкi дужа зьдзiвiлiся: чаму Быкаў не на Сахалiне? Яшчэ вясной яго прызначылi туды ў гаўбiчны артполк, чаму ён тады не паехаў? «А хто мне пра тое паведамiў?» – думаў я, ледзьве стрымлiваючы нямое абурэньне. Выказаць абурэньне голасна было немагчыма.
        Зноў – амаль ужо зiмовае мора, шторм, шквальны вецер i жахлiвая ноч да Карсакаўскага порту.
        Гаўбiчны полк стаяў у лесе за Долiнскам. Неяк дабраўся. Далi кватэру – на падсяленьне да нампалiта. Агульная кухня, цесны пакойчык i, канешне, сьцюдзёны. Не пасьпеў прыняць справы ў батарэi, як новы загад: паехаць з камандай маiх жа батарэйцаў на ахову i адгрузку драўнiны. Адзiн iнтэндант, сустрэты па дарозе са штабу, сказаў: глядзi, старшы лейтэнант, там справа нячыстая. Дровы прапiлi, раскралi, а як замяло сьнегам, хочуць палiчыць, што ўсё цэлае. Як бы не давялося плацiць...
        Зноў – плацiць! Як заўжды, у 12,5-кратным памеры. Не пасьпеў прыехаць, i ўжо падстаўляюць. Але каго ж i падстаўляць, калi не чужога. Новенькага. I я назаўтра сказаў: не паеду. Як не паедзеш? Дзiва, афiцэр адмаўляецца выканаць загад камандаваньня! Тады – гаўптвахта. Добра, пайду на гаўптвахту. 10 сутак ад камандзiра дывiзii.
        Узяў тоўстую кнiгу («Угрюм-река» Шышкова55), пайшоў у Долiнск, сеў на гаўптвахту. Успомнiў, як колiсь сядзеў у Мiкалаеве. Не, тут трохi iначай. Тут лiбэралiзм. Сядзi, ляжы, чытай... Увечары прыйдзе хто са знаёмых старых сядзельнiкаў, прынясе бутэлечку i рыбца на закусь. Частуемся. Ды яшчэ начальнiка каравулу пачастуем. Не, армiя наша яўна рэфармуецца. Такога яшчэ нядаўна не здаралася.
        Адседзеў усе 10 сутак, позна ўвечары зiмовага дня выйшаў. Памятаю, на вулiцы гэтага пасёлку падаў мяккi сьняжок, а радыё на клюбе гучна вяшчала пра тое, што адбыўся суд над здраднiкам радзiмы, агентам розных замежных разьведак, подлым змоўшчыкам i правакатарам Берыем, якi прысуджаны да вышэйшай меры сацпакараньня, i прыгавор ужо прыведзены ў выкананьне. Тая вестка была бы ўзнагарода, бы бальзам на сэрца. Хоць адным зь iх ды стала меней...
        Вярнуўся ў полк зь некаторай упэўненасьцю, што ўжо цяпер не пашлюць «на дровы». Наiўны чалавек, ня ведаў, як начальства ўмее свайго дамагацца. Вучылася таму ўсю сваю службу, i ня толькi ў акадэмiях. Праз пару дзён мусiў паехаць за гару шахцёрскага пасёлка, што меў чамусьцi мой назоў – Быкаў, дзе былi тыя дравяныя нарыхтоўкi. Увечары сядзеў з новым памочнiкам старшыной Гузам у горача напаленай падсобцы, i той мяне заспакойваў. Нiчога тут не прапiта, усё на месцы.
        Бо прапiваць не было чаго. Улетку, як нарыхтоўвалi, пiсалi дзьмутыя лiчбы, а фактычна тут нiчога няма. Гурбы сьнегу, а пад гурбамi пуста. Дзякуй, заспакоiў. Думаў, што прыйдзецца плацiць за якi недахоп, а тут, аказваецца, наогул пуста...
        Старшына бы ў ваду глядзеў – нiякай нi з кога адказнасьцi. Але паколькi дровы патрэбны, дык жалезны загад: пiлаваць i вывозiць. Для таго далi паўразьбiтую палутарку, якая раз за разам ламалася. Лесапавал рабiўся на схiле гары. Сьпiлаваўшы, дрэвы цягнулi ўнiз, складвалi ля прабiтай у сьнезе дарогi. Адтуль цераз аўражыну – за 20 кiлямэтраў на станцыю. Там грузiлi на плятформы. I так праз усю зiму таго злашчаснага году. А вясной, як растаў сьнег, у тайзе пачалiся пажары. Жахлiвая гэта рэч, лясныя пажары. Суткамi мы iх гасiлi, вядома ж, падручнымi сродкамi, вецьцем i рыдлёўкамi, затоптвалi ботамi. Не зважаючы на ўсе салдацкiя намаганьнi, пажары гойсалi па ўсёй сахалiнскай тайзе, выгаралi тысячы гектараў хвойных пародаў. Як iдзе вiрлiвая сьцяна гэткага палу, з-пад агню ўцякае ўсё жывое – зайцы, лiсiцы, барсукi, нават мядзьведзi. Нiхто зь iх не нападае адзiн на аднаго, i, што цiкава, нiводная жывёлiна не палохаецца чалавека. Наадварот, усе шукаюць у яго абарону, толькi на яго i спадзяюцца. I мы ратавалi iх, адганялi ў больш-менш бясьпечнае месца. А адзiн малады мядзьведзь дык упадабаў нашу лесавую стаянку, дзе пахла тушонкай ды кашай, i, можа, з тыдзень жыў непадалёк. Пасьля кудысьцi сышоў. Улетку, як скончылася патрэба ў дровах, вярнуўся ў гарнiзон на батарэю.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.