РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
6. ВІЦЕБСК
        
6. ВІЦЕБСК

        
        Улетку паслаў дакумэнты ў Вiцебск, у мастацкае вучылiшча. Мабыць, дарэчы будзе зазначыць, што тое маё рашэньне не было нечаканым, па ўсёй верагоднасьцi, так вымагаў лёс. Жыць у калгасе рабiлася неяк, голад i рэпрэсii гналi людзей прэч. Але дарослыя ўцячы з калгаса нiкуды не маглi, хiба што моладзь, падлеткi. Якраз на гэтым часе ў школе паявiўся новы пiянэрважаты, малады хлопец Вiктар Кандрацкi, якi ажанiўся з нашай Клаўдзяй Якаўлеўнай. Працаваў ён няшмат i раптам зьнiк, аказваецца, паступiў у Вiцебскае мастацкае вучылiшча. Аднойчы ўлетку мы сустрэлiся ў Кублiчах, i ён расказаў пра вучобу, паказаў свае студэнцкiя малюнкi. Сказаў, што даюць iнтэрнат i нават плоцяць стыпэндыю – аж 60 рублёў. Заахвочаны iм, я пайшоў да дырэктара па свой клясны табель. Дырэктар сьпярша не пагаджаўся, усё ж я быў выдатнiкам у школе. Але мусiў табель аддаць.* Во бацька i кажа: «Едзь кудынебудзь, бо тут ад галадухi зачахнеш. А там, у Вiцебску, будзеш хоць стыпендыю мець. 60 рублёў – гэта ж грошы!» Праўда, бацька меў розум сялянскi, i яму ня дужа падабаўся мой мастакоўскi выбар. Ён усё казаў: «Лепей бы вывучыўся на настаўнiка ды паступiў у партыю, як наш Новiкаў. Начальнiкам стаў». На бацькаў жаль, таго мне не было суджана... Зрэшты, як i стаць мастаком...
        На ўступныя экзамэны ехаў цягнiком, гэта быў мой першы выезд у вялiкi сьвет, зь перасядкаю ў Полацку, у якiм я таксама быў першы раз. Выехалi на золаку, па дарозе пераняў дождж, добра вымаклi. Сушыўся, ходзячы ранкам па Полацку. Пасьля звыклага вясковага гарадзкое навакольле ўражвала незвычайна, усё там было новае i цiкавае. Вузкiя, крывыя, брукаваныя вулiчкi, крамы... Таксама i ў Вiцебску, якi ўразiў мяне шматлюдзьдзем i... трамваямi. Зь некаторым страхам ехаў на трамваi ад вакзалу ў цэнтар. На плошчы вiселi вялiзныя каляровыя рэклямы кiнатэатраў, недалёка высiўся аграмадны сабор i вежа ратушы.
        Вучылiшча месьцiлася ў добрым старым дамку буржуазнага выгляду, з мазаiчнай падлогай у вэстыбюлi. (Здаецца, цяпер там музычная школа. Будынак захаваўся, не пабурылi ў вайну.) Галоўныя экзамэны былi, вядома ж, па мастацтву, мы малявалi акварэляй нацюрморт з гаршкамi. Пасьля iншыя прадметы, якiя я здаў пасьпяхова, i, вярнуўшыся дамоў, атрыма ў паведамленьне аб залiчэньнi ў студэнты.
        
        У інтэрнаце мастацкага вучылішча былі толькі матрацы з ваты – камячыстыя і нязручныя, на іх і спалі. Коўдры трэба было прывезьці з дому, і я прывёз стракатую коўдрачку, вынятую маці з куфра як самую каштоўную. Тканая яна была накшталт крыжыкаў – белае з чорным, і мае злыя сябры адразу ўбачылі ў ёй штось папоўскае. Ад іхніх папрокаў мне было сорамна, і я накрываўся коўдрай толькі ў сьцюжу, зьверху яшчэ клаў тужурку. Тужурка тая дасталася мне ад першага мужа мамы, які ў рэвалюцыю прыехаў з Курляндыі, прывёз самыя каштоўныя рэчы (тужурку, залачоныя запанкі для кашулі, цэлюлёідныя каўнерыкі і манжэты), склаў у куфар. І паехаў у Пецярбург, дзе і прапаў. Мама чакала яго ці ня год пяць, а пасьля, схадзіўшы пешшу на паклон да Ефрасіньні Полацкай, выйшла замуж за суседа-ўдаўца Уладзімера.
        
        Увосень пачалася вучоба: жывапiс i малюнак, якiя выкладаў стары Лейтман, усе iншыя прадметы, як i ў школе. Жылi мы сьпярша ў iнтэрнаце на Магiлёўскай плошчы, цяпер яе няма – перайменавалi ў Савецкую. Цi, можа, Цэнтральную. А потым, забыўся зь якой прычыны, нас чатырох пасялiлi ў прыватным доме на Смаленскiм кiрмашы. Здаецца, раней тая плошча называлася Краснаю. Празь нейкi час у вучылiшчы арганiзавалася скульптурнае аддзяленьне, i я зь невялiкай групай хлопцаў перайшоў туды. Скульптурныя клясы мясьцiлiся ў бакавым завулку перад былой ратушай i мастацкiм музэем. Вучыла нас скульптар Ганна Iванаўна Бяляева, паходжаньнем, здаецца, з Кiева. (Пасьля вайны нiдзе ня чуў пра яе, мабыць, прапала.) Дырэктарам вучылiшча быў Iван Восiпавiч Ахрэмчык. Там жа знаходзiлася ягоная майстэрня, на першым паверсе, з вокнамi, якiя выходзiлi на вулiцу. Вокны вялiзныя, як i належыць для мастакоўскай майстэрнi. Калi пачынала цямнець, уключае сьвятло, а шторы не зашморгвае, i мы глядзiм, што ён робiць. Помнiцца вялiкая, на ўсю сьцяну палатнiна, на якой недамаляваныя абрысы Ленiна i Сталiна на нейкiм зьезьдзе. Тады гэтая тэма была абавязковай. Скульптура ўвогуле давалася мне лёгка, але падабалася менш, чым жывапiс. Шмат ляпiлi анатомiю – фрагмэнты клясыкаў, мiкелянджаляўскага Давiда – насы, вушы, твар, – тое было няцяжка. Болей клопату было з кампазыцыямi – адна- i дзьвюхфiгурнымi. Маёй курсавой работай стала фiгура пагранiчнiка ў шынялi, зь вiнтоўкай i бiноклем каля вачэй. Выкладчыца пахвалiла.
        
        У скульптурнай клясе мастацкага вучылішча гліну для лепкі аднекуль прывозілі, а фарбы для маляваньня трэба было купіць. Пакуль што мы абыходзіліся акварэльлю, бо масьляных фарбаў, пра якія ўсе марылі, набыць маглі хіба некаторыя. У нас маслам працаваў хлопец з Азэрбайджану (пасьля і яшчэ адзін), астатнія толькі пазіралі, як ён ліха «кладзе мазкі». Мы ж ашчадна размазвалі акварэльлю на невялікіх аркушах таўставатай паперы.
        А пасьля, як адмянілі стыпэндыю, ня стала за што купіць і акварэлі. Найлепшы гатунак зь яе лічыўся «мядовы», і ён быў даволі дарагі.
        
        Горад вабіў, цікавіў, часам захапляў сельскага жыхара будынкамі і вітрынамі. Зрэдзьчас заходзіў у сабор, дзе абразоў ужо не было, а з вышыні гайдаўся знакаміты маятнік Фуко – як доказ таго, што Бога няма і зямля круціцца. Іншыя саборы пад той час ужо паўзрывалі. Заўжды галодных студэнтаў, аднак, найбольш вабілі сталоўкі, паткнуцца ў якія патрэбна была адвага. Найперш – чыстыя абрусы. Зноў жа афіцыянткі ў белых фартушках. Неяк яны дужа прыдзірліва аглядалі нас, сарамлівых падлеткаў, прымалі з усьмешкай наш сарамлівы «заказ». Заказ быў болей чым сьціплы: каша (пшонная ці пярловая) з лыжачкай масла наверсе, 200 грамаў хлеба і чай. Каша каштавала 60 кап. Наедак зь яе порцыі для нас быў ніякі. Калі са стыпэндыі мы замаўлялі па дзьве порцыі, і то было мала.
        У асноўным харчаваліся хлебам з кіпнем – па бохану на дзень. Тое каштавала 1 рубель. Аднойчы, як жылі на Смаленскім базары, падрабілі пару рублёў: намалявалі акварэльлю, добра пацерлі (бы старая паперка), і прадаўшчыца не заўважыла. Але толькі аднойчы. Болей не адважыліся, дый хутка атрымалі стыпэндыю.
        
        Вiцебск тады, канешне, быў традыцыйна мастацкi горад, меў музэй; на вулiцы Гогаля недалёка ад плошчы быў музэй славутага Пэна, якога незадоўга перад тым загадкава забiлi. У невялiкiм пакоi i на драўлянай лесьвiцы вiселi яго карцiны, выкананыя ў стылi дабротнага рэалiзму – шаўцы, старыя яўрэi, конi, выявы старадаўняга Вiцебску. Пра ягонага славутага вучня Марка Шагала, якi тады жыў у Парыжы, у яго родным горадзе нiчога не было вядома. Бы ён i ня меў нiякага дачыненьня да гэтага гораду. Але час мяняецца, i праз шмат гадоў я ўжо быў у лiку тых, хто на Пакроўскай вулiцы адкрываў скульптурны помнiк славутаму земляку.
        Я там правучыўся няшмат. Увосень саракавога году аб’явiлi «радасную» навiну: пастановай ураду стыпендыi адмяняюцца, за ўсе матэрыялы i падручнiкi трэба плацiць. Як было жыць, ня толькi вучыцца? Грошай мне з дому нiколi не прысылалi, ды я i не прасiў. Аднойчы бацька, як ехаў у горад, заехаў да дзядзькi Сьцяпана, пазычыў тры чырвонцы, якiя я расьцягваў, як мог. Найбольш – на хлеб, якiм звычайна мы харчавалiся. Устанеш раненька, гадзiн у 6, i – да хлебнай крамы ў чаргу. Чарга вялiзная, усе чакаюць. Гадзiн у восем прывозяць хлеб, пачынаецца штурханiна. Карткi пад гэты час ужо адмянiлi, дык па хлеб у горад рынулiся з навакольных вёсак, зь iншых раёнаў. На хлеб выдаткоўваўся ня больш за рубель, бо трэба ж было яшчэ купiць фарбы. Ды i з брызентавых гамашаў вылезьлi пальцы... Спрабавалi мы з хлопцамi перабiвацца такiмiсякiмi заробкамi[:] на грузавой станцыi, шчотачнай фабрыцы. У Вiцебску, як нi дзiўна, да самай вайны захаваўся дробны прыватны сэктар. Недзе на вулiцы, што вяла да аэрапорту, убачылi маленькую такую крамку, над дзьвярыма было няўмела напiсана «Головные уборы шью» – стары Абрам шыў там шапкi. I вось, памятаю, мы ўдвух з Шаўчонкам, хлопцам з Палесься, пайшлi туды. (Шаўчонак пасьля таксама кiнуў вучобу, – не было як вучыцца. Ня меў абутку, дык ён асеньняй парой, па гразi хадзiў у растаптаных бурках.) Дамовiлiся з гаспадаром зрабiць яму прыгожую шыльду, ён паабяцаў за тое 15 рублёў. Знайшлi нейкую здатную фанэрыну, загрунтавалi, напiсалi «Галаўныя ўборы». На адным канцы дошкi намалявалi кепку, а на другiм капялюш. Панесьлi заказ. Гаспадар паглядзеў, паглядзеў i кажа: а чаму капялюш? Што, я капелюшы раблю для буржуяў? I ня ўзяў шыльду, адмовiўся. Вiдаць, быў напалоханы з часоў нэпа.
        
        –––––––––––––
        * Тры папярэднія сказы выкрасьленыя аўтарам у кніжным выданьні.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.