РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
11. ФРОНТ. КАШАРА. СЕВЯРЫНКА
        
11. ФРОНТ. КАШАРА. СЕВЯРЫНКА

        
        Увосень 43-га прысвоiлi званьне малодшага лейтэнанта. Пагоны выдалi залатыя, на якiя кожны з выпускнiкоў прышпiлiў па адной маленькай зорачцы. Атрымалася даволi прыгожа, пайшлi сфатаграфавацца. Ды атрымаць фота не пасьпелi – ноччу ўсiх паднялi для адпраўкi на станцыю, дзе ў тупiку стаялi пустыя таварныя вагоны. Праўда, з жалезнымi печкамi, i то добра.
        Ехаць давялося доўга, месцы ў вагонах абсталёўвалi самi – цягалi на станцыях дошкi для нараў. Прадукты атрымалi мукой, па кiляграму на чалавека, з тае мукi пяклi на печках ляпёшкi, якiмi i харчавалiся ўсю дарогу.
        А тыя прыгожыя пагоны нiяк нам не паслужылi. У дывiзii, куды ўрэшце прыйшлi, начальнiк штабу сказаў проста: «Зьняць! Тут вам не парад». Зьнялi, але палявых не атрымалi i пайшлi ў бой беспагоннымi. Я да зiмы хадзiў-бегаў у шынялi без пагонаў, трымаючы залатыя ў сумцы. Пасьля старшына роты зьняў з забiтага артылерыста зялёныя, якiя цi не паўгоду давялося насiць на сваiх юначых плячох.
        Фронт пачынаўся з Дняпра, на ўжо адбiтых пад той час пляцдармах. Так што пашэньцiла – фарсiраваць Дняпро не давялося. Але i за Дняпром хапiла пекла, у якое мы трапiлi. Найперш няўдалае наступленьне на Крывы Рог, адкуль нас турнулi немцы. Кiлямэтраў 60 нашая пяхота i танкi адступалi на поўнач. Пасьля, трохi перадыхнуўшы, завязалi баi за Александрыю i Знаменку...
        Я быў у звычайным стралковым палку камандзiрам узводу. Пачалася зіма, сьцюжа, хоць і не такая, як на Волзе. Сёлы ўсе разьбiтыя, баi за кожны пагорак, за кожную балку... Ахвяры страшэнныя. Пяхоту выбiвалi спрэс.
        Страты былі аграмадныя. Трапіўшы ў стэпе пад кулямётны агонь, рота за гадзіну ці не палову байцоў пакідала на сьнезе. Або ў кукурузе. Ці на краі сланечнікавага будыльля. Іншага сховішча тут не надаралася. Падалі забітыя, не ўставалі параненыя. Кідацца ратаваць каго не выпадала, тое было справай санінструктараў, калі яны яшчэ ўцалелі. Лёгкапараненыя ратавалі сябе самі – паўзьлі ў тыл. Суправаджаць іх ніхто ня меў права, тое забаранялася статутам і ўважалася як ухіленьне ад бою. Шмат якія параненыя, калі не маглі самі выпаўзьці, апыналіся параненымі другі раз, а то і забітымі. Мой сяржант, паранены ў сьцягно, перш чым паўзьці ў тыл, захацеў закурыць і счакаў, пакуль хлопцы прыпаляць яму цыгарку. Ды дачакаўся асколка ў жывот. Ня ведаю, ці давезьлі яго да санчасткі...
        Хаваць сваіх забітых нам не даводзілася, звычайна кожнага пакідалі на тым месцы, дзе яго напаткала сьмерць. Не было калі і не было як пад агнём, а пад агнём мы былі заўсёды. Ці кулямётным, ці мінамётным, ці пад абодвума разам. Старэйшыя камандзіры ўсё гналі пяхоту «ўпярод і ўпярод!». Забітых хавалі пасьля, у тыле, пра тое дбалі адмысловыя «пахаронныя каманды». Дзе-небудзь у сяле ці ля дарогі яны капалі братнія магілы, звозілі са стэпу трупы. Распраналі, вымалі з кішанёў дакумэнты, зьбіралі на сьнезе зброю. Працы ў іх было шмат, таму ня надта глядзелі на тое, труп перад імі ці яшчэ жывы. «У яме дойдзе, – казалі. – А валёнкі спатрэбяцца. Шынялі таксама»... Сьпісы на забітых складалі ў штабе, там жа адзначалі, дзе хто пахаваны. Але тое зусім ня значыць, што ў пэўнай магіле пахаваны пералічаныя асобы. Яны маглі быць пахаваны ў іншай, як і ў гэтай пахаваны зусім іншыя, чым тыя, што пазначаныя ў штабных сьпісах25.
        
        Звычайна ўдзень вялi бой за сяло (а сёлы ж на Украiне вялiкiя), пад вечар выбiлi, немцы пайшлi. Але ж мы ў сяле ня спынiмся, трэба ж гнаць немцаў, пакуль яны адступаюць. Хiба забяжыш, схопiш дзе кавалак хлеба, калi ён ёсьць, якая цётка дасьць цёплага бурака, i – зноў у поле. Зноў бой i агонь – выбухi мiн, танкавыя стрэлы з абодвух бакоў. I крыкi начальства, мат-перамат – асабiста i па тэлефоне. Аж пакуль немцы ня спыняцца ў суседнiм сяле. Тады i мы спыняемся ў полi.
        
        Ад бяссоньня і стомы стан увесь час быў блізкі да поўнай абыякавасьці. Пад агнём не хацелася акопвацца ці хавацца. Заб’е – ну і чорт зь ім. Абы хутчэй, менш пакутаваць. Куды болей, чым страх, дацінала сьцюжа. У стэпе, ноччу. Заснуць, аднак, не было як, – мароз змушаў калаціцца, дрыжэць, стукаць нагамі. Хоць бы лежачы ў сьнезе. Той стан перапынялі толькі каманды ды мацюкі камандзіраў. Ды калі блізкі, ва ўпор, абстрэл. Ці мінамётны агонь. Тады на кароткі час ахопліваў спалох. А затым – зноў стома і абыякавасьць да ўсяго.
        
        Зiма на Украiне, можа, i не такая лютая, як у Расеi, але таксама сьцюдзёная – са сьнегам i вятрамi, асаблiва ў раўнiнным стэпе. Апрануты я быў у тое, што нам выдалiў вучылiшчы – шынэлак, кiрзовыя боты, шапка. У палку атрымаў толькi трохпалыя рукавiцы i аўчынную камiзэльку, якая ўвогуле мяне ратавала. Тым болей, што тыднямi днявалi i начавалi ў полi. Каскi я не надзяваў. Аднойчы надзеў на шапку, але яна дрэнна трымалася там, i мой памкамузвода, сталы сяржант, кажа: «Што карысьцi зь яе! Кiдай к чортавай матары...» Перад тым на краi кукурузнага поля забiла нашага самага маладога ва ўзводзе байца – куля трапiла ў каску, калi той ляжаў у ланцугу, i прабiла яе наскрозь. Як увайшлi ў сяло, дзе пад вербамi ляжала некалькi забiтых немцаў у касках, усё той жа памкамузводу па чарзе стрэлiў кожнаму ў голаў, i ўсе каскi аказалiся прабiтыя. Дык я i кiнуў у сьнег сваю. Адразу стала спрытней, i я не пашкадаваў нi разу. З салдатаў таксама мала хто насiў каску – хiба самыя абачлiвыя. I я ня чуў, каб яна каго ўратавала. Асаблiва ў наступу.
        Там у першым баi загiнуў мой сябра Коля Перажны, зь якiм мы ў адным узводзе вучылiся ў Саратаве. Як нас разьмяркоўвалi па часьцях у Ануфрыеўцы, ён усё наракаў, што не далi пiсталетаў, якiя належалi камандзiрам узводаў. Тады сказалi – там атрымаеце. Коля так i не дачакаўся свайго ТТ, раней атрымаў кулю ў сэрца. Другому сябру, Валодзю Леўчуку, пашэньцiла болей – ён дайшоў да Бугу, дзе на пераправе быў цяжка паранены. Болей на фронт ня трапiў, жыцьцё дажываў кульгавым iнвалiдам-франтавiком.
        Мяне ж пакуль што кулi i снарады мiналi, толькi аднойчы марознаю ноччу ў стэпе згубiў рукавiцы i добра прымарозiў рукi. Але ў тым сам вiнаваты. З абмаражэньнямi да дактароў лепей было не зьвяртацца, тое нярэдка ўважалася як знарок i суседзiла з трыбуналам.
        Мой першы бой у якасьцi камандзiра ўзвода ня надта запомнiўся. Помню толькi, як ротны, нейкi камлюкаваты, цывiльнага выгляду чалавек у паўшубку, гнаў салдатаў i мяне разам праз шырокае поле кукурузы, пакуль мы ня трапiлi пад агонь.
        Залеглi. Пасьля iшлi зноў. Ноччу iшлi ў батальённай калёне. Зранку i ўвесь дзень нас жахлiва бамбiлi нямецкiя самалёты, i мы то разьбягалiся па стэпе, то зноў зьбiралiся на дарозе. Неяк спынiлiся на краi сяла ў пустой аборы, ротны сказаў, што трохi адпачнем i будзем атакоўваць кашару за дарогай. I толькi я задрамаў у кутку на саломе, як усчалося бамбаваньне, трэба было вымятацца ў стэп – пад агонь з-за дарогi. Ротны застаўся ў аборы, дзе яго i забiла пры другiм налёце «юнкерсаў». З камандзiраў у роце я застаўся апошнi, таму да мяне i прыбег намесьнiк камандзiра палку – наступаць, такую тваю маць! Пайшлi наступаць – ланцугом па полi да кашары. На гэты раз нам пашэнцiла, агню не было, мы дабрылi да развалюхi-кашары, дзе не знайшлi нiкога, немцы вымелiся. Каб чаго ня сталася, я паслаў у тыл аднаго сяржанта далажыць, што кашара ўзята. Як высьветлiлася пасьля, таго няварта было рабiць. Сяржант вярнуўся i сказаў, што камандзiр палку аб’яўляе мне падзяку. Што ж, добра. Мы залеглi за кашарай у сьнезе, згаладнелыя, замерзлыя. I мой памкамузводу кажа: а давайце ў кашару, трохi пагрэемся. Тым болей, што салдаты дзесь раздабылi тэрмас шнапсу. Акурат для сугрэву.
        Пагрэцца, аднак, не пасьпелi, як зь недалёкай кукурузы выпаўзьлi тры бронетранспарцёры i адкрылi па кашары шквальны агонь. Мае паўскоквалi i без усялякай на тое каманды сыпанулi назад, да дарогi. За iмi дзе паўзком, а дзе подбегам рушыў i iх няхуцавы камандзiр. Там пад абстрэлам даседзелi да ночы. А як сьцямнела, на дарогу прыбег намесьнiк камандзiра палку, якi тут жа паабяцаў мяне расстраляць, калi я да ранку не вярну страчаную кашару. Аказваецца, ён ужо далажыў пра яе ў дывiзiю, а яна зноў апынулася ў немцаў. Становiшча маё было такое, што горш не прыдумаеш. Ля кашары стаяць тры бронетранспарцёры, а ў мяне засталося якiх пятнаццаць салдатаў. Як яе ўзяць?
        Аднак мусiў браць. Уначы пры блiскучай поўнi пайшлi, ды хутка вярнулiся зноў: немцы не падпусьцiлi i да паловы поля. Стаў чакаць ранку i свайго прысуду. Але за той час штось сталася на фланзе – стралянiна, крыкi. Хутка адтуль бяжыць аўтаматчык, – на штаб напала нямецкая разьведка, намкампалку патрабуе, каб усе мы – неадкладна туды, на дапамогу. Пабеглi на дапамогу, ды спазьнiлiся. Немцы ўжо вымелiся, а намкампалку забiты. Уранку ля школы два маiх салдаты капалi яму магiлу. А да нас у роту прыйшоў новы камандзiр лейтэнант Мiргарад, зь якiм я праваяваў да калядаў. Нейкiм чынам той выпадак адбiўся ў напiсаным праз дваццаць гадоў апавяданьнi «Ранак-сьвiтанак».
        На стэпавай роўнядзi ваяваць было цяжка, схавацца ад кулямётнага агню не было як. Ды й ад мiнамётнага таксама. Адзiным укрыцьцём служылi няўбраныя ўлетку кукурузныя палеткi ды адзiнокiя сьцiрты ў стэпе. Але апошнiя часьцей за ўсё былi здраднiцкiм зманам, бо немцы здалёк бачылi, а болей ведалi, што за iмi заўсёды хавалiся, i старанна абстрэльвалi iх. А iх выбiралi для схову ад агню i ветру тыя, што былi трохi ў тыле: санiтары з параненымi, абозьнiкi, камандзiры. Там яны часьцей за ўсё i гiнулi – у тыле пяхотных ланцугоў. У той час, як у ланцугу было часам схоўней.
        З баямi мы займалi вялiкiя i малыя сёлы, iшлi далей. А ў гэты час ззаду, у занятых сёлах пачыналi дзейнiчаць тылавыя службы, штабы i палявыя ваенкаматы. Гэтыя зьбiралi ўсiх, хто там сядзеў з 41-га. Такiх набiралася нават зашмат, – партызанаў жа там не было, усе дома. Найперш зьбяруць у стэпе вiнтоўкi, што засталiся каля забiтых-параненых. Забiтых яшчэ не пахавалi, а iхнiмi вiнтоўкамi ўжо ўзбройваюць прызыўнiкоў. Абмундзiроўкi няма, i яны так, у хатняй апратцы, зь «сiдарамi» за сьпiнай iдуць у ланцуг – атакаваць суседняе сяло. Няшмат, аднак, даходзiць да таго сяла. Тады пачынаецца ўсё спачатку.
        З камандзiрамi тое ж самае, кадравых мала. У нас у роце было толькi два афiцэры – я i камандзiр роты. Тады людзей на ўзводы нават не дзялiлi, не было каго. Добра, калi пiсар пасьпее перапiсаць прозьвiшчы, а то iдуць безыменнымi. I гiнуць. Таму столькi ў нас цяпер «неизвестных солдат», «пропавших без вести». Такi быў улiк. У пяхоце не было нiякага ўлiку. Во кулямёты ўлiчвалi, гарматы, танкi. Нават снарады начальства лiчыла, бо за iх адказнасьць мела. А за людзей адказваў адзiн Гасподзь Бог...
        Новы, 1944 год сустрэў пад сьцiртай у засьнежаным полi. Як пацямнела, бой стаў сьцiхаць, – немцы таксама хацелi сустрэць навагодзьдзе. Старшына прынёс вячэру – пярловы суп. Той, хоць i пляскаўся ў тэрмасе, але даўно прастыў i быў сьцюдзёны. Хлеб дык i наогул зьмерзлы – секлi нямецкiм штыхом. Але нам, тром афiцэрам, менавiта пад новы год выдалi доппаёк – па жменi сухога пячэньня i баначку шпротаў на трох. Жуючы з кiшаня тое пячэньне, я i задрамаў пад сьцiртай, не дачакаўшыся запаветнага часу зьмены году.
        А недзе на золку паднялi – батальён рушыў у наступ. Немцы джгалi трасiруючымi зь недалёкага сяла, адкуль iх належала выбiць. На той раз ня выбiлi – залеглi ў голым полi.
        Звычайна немцы не любiлi блiжняга, як ён называецца, бою i нiшчылi агнём здаля. Наконт агню яны былi майстры, нiчога ня скажаш. Гэта ў нас вучылi салдатаў зь iхнiх састарэлых «драгунак», якiмi нас угаворвалi ганарыцца, рабiць 6–8 стрэлаў у хвiлiну, што было абсалютным глупствам. Немцы сеялi з аўтаматаў колькi маглi, а iхнi кулямёт МГ-42 рабiў 1000 стрэлаў у хвiлiну. Iхнiя мiнамётчыкi ўмелi навесiць па 12 мiнаў у паветра. Гэта значыць, першая яшчэ не ўзарвалася, а ўжо вылецела дванаццатая. Натуральна, што ў такiм шквале агню доўга не выжывеш. Празь дзень-другi – або ў земаддзел, або ў здраўаддзел, як сумна жартавалi салдаты. У нас з агнём было куды горш, заўжды не хапала боепрыпасаў. Нават у шараговага байца, калi ён страляў у баi. Тое, што было з сабой (у падсумках цi магазынах), можна было расстраляць за некалькi хвiлiнаў. Зноў жа [–] куды байцу ўзяць болей патронаў? Хiба за пазуху, у кiшанi. Немцы для тае мэты скарыстоўвалi боты з шырокiмi халявамi, у якiя напiхвалi магазынаў. Нашыя ж дыскi ў боты не запiхнеш. Ды й боты не такiя, з вузкiмi халявамi, а ў байцоў спрэс абмоткi. Таму на полi, у ланцугу, пяхота не страляла, эканомiла для бою ў сяле. Меркавалася, што там, сярод хатаў, можна прымянiць штыхмаладзец, бо куля – дура, як вучыў «вялiкi Сувораў». Але немцы не падпушчалi блiзка, яны нiшчылi нас у полi градам куль i асколкаў. Таму наш штыхавы бой, якому дужа вучылi салдатаў i афiцэраў, практычна ў вайну не прымяня ўся. (Таксама, дарэчы, як i процiгазавыя сумкi, якiя марна цягалi да самай перамогi.) Славутыя «кацюшы» ўжывалiся рэдка, для транспарцiроўкi iхняга боезапасу патрэбны былi дзясяткi аўтамабiляў, а гаручага заўжды не хапала. Таму пяхоту падтрымлiвала толькi малакалiберная артылерыя – саракапяткi ды 76-мм гарматы на коннай цязе. Але конi на полi бою жылi меней, чым жылi салдаты.
        Аднойчы на пачатку зiмы я зрабiў першую спробу асвоiць артылерыю. На полi бою каля сьцiрты саломы наткнуўся на кiнутую саракапятку. Перад тым тут стралялi танкi, i гэтыя артылерысты цi, можа, уцяклi, цi iх пабiла – за сьцiртай ляжала некалькi трупаў. А снарады былi – некалькi скрынак. Як страляць з такiх гарматаў, нас у вучылiшчы трохi вучылi. I я паспрабаваў. Не па танках – па пяхоце ў недалёкiм сяле. Расстраляў усе снарады, мой салдацiк мне памагаў. Шкада, гармату мы не маглi ўзяць з сабой, пакiнулi ля сьцiрты.
        Пасьля невялiкага перадыху пачалася Кiраваградзкая апэрацыя, за якую маршал Конеў атрымаў ордэн Ленiна, як ён пiсаў, палемiзуючы з аўтарам «Мёртвым не балiць»26. На ягоную думку i думку Сталiна, то была вельмi пасьпяховая апэрацыя. Можа быць, з гледзiшча Крамля так яно i было. Але было iншае гледзiшча – салдата з засьнежанага поля, залiтага крывёй i здратаванага гусенiцамi танкаў, на якiм быў амаль цалкам разгромлены наш полк. Там загiнуў камандзiр маёй роты лейтэнант Мiргарад, камандзiр батальёну капiтан Сьмiрноў, камандзiр палку маёр Казар’ян, дзясяткi салдатаў ды iншых афiцэраў.
        Пачалося ўсё, як нашу дывiзiю ўвялi ў прарыў. Наступалi мы ў асноўным ноччу. Дзень звычайна вялi агнявы бой, а ноччу калёнай – у стэп, лезьлi як мага ўглыб, дзе можна пралезьцi. Дзе пускалi немцы. Спаць не было нiякай магчымасьцi, нiводнай гадзiны. Гэта таксама фэномэн, вынаходзтва савецкай ваеннай навукi – прымусiць салдата абыходзiцца бяз сну. Думаецца, нi ў адной армii так ня ўмеюць. I вось iдзем сонныя па стэпе, засьнежанай дарогай, шмат хто сьпiць на хадзе, спатыкаецца, падае. Тады iншыя лаюцца. Аднойчы я ледзьве не зайшоў да немцаў. Памятаю, дарога была замеценая, але сьнег не глыбокi. I вось бачу вакол сябе лета, нейкiя дрэвы, быццам алея. А наперадзе сьцяна, бы замак, i ў ёй вароты чорныя. Трохi трывожна, але я туды iду, у гэтыя вароты. I раптам чую: «Куды прэш? Лажысь!» Я прачынаюся. Побач ля дарогi ляжаць нашыя разьведчыкi, а наперадзе пасадка, тонкiя дрэўцы. Аказваецца, там немцы, i яны пачалi ўжо джгаць трасiруючымi ў наш бок. Калi б ня гэтыя разьведчыкi, дык i зайшоў бы ў iхнiя рукi. А тады сказалi б: перайшоў да немцаў. Дарэчы, гэткiя выпадкi на вайне былi дужа распаўсюджаныя – калi заходзiлi цi заяжджалi да немцаў. Нават генэралы гэтак траплялi ў палон.
        Потым зноў iшлi па начы, помню – шэрань, мароз. Зноў розныя прыгоды былi. Начальнiк штабу палку завёў нас не туды, спынiлiся. Пачалi арыентавацца. А паспрабуй ноччу ў стэпе зарыентавацца па карце. Вакол паўзмрок, нiводнага арыенцiру, толькi няўбраная кукуруза ды сланечнiк шархацяць на ветры. Стаялi, стаялi, раптам на «вiлiсе» даганяе генэрал. Ня ведаю, якi, можа, камандзiр дывiзii, сарваў з капiтана пагоны, давай бiць яго. Але пакуль тое адбывалася, мы хоць трохi драманулi на сьнезе. Пасьля зноў пайшлi. Пад ранак выйшлi да сяла пад гарой, аказалася, то Вялiкая Севярынка – сяло, якое стала брутальным знакам у маiм лёсе. Там каля крайнiх хатаў нейкiя ямы, зь якiх, вiдаць, улетку бралi пясок, i мой узвод адразу ў iх зашыўся. Як разьвiднела, здаля ўбачылi будынкi ды трубы вялiкага гораду Кiраваграду. Але, пэўна, згледзелi нас i немцы. Нам страляць было далёка, а немцы зь цяжкiх мiнамётаў пачалi шпурляць па сяле, не давалi нiкому высунуцца ў поле. У нас стратаў не было, а там, ззаду, некаторых пабiла, у тым лiку i афiцэраў з нашага палку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.