РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
26. КАНЕЦ ВАЙНЫ
        
26. КАНЕЦ ВАЙНЫ

        
        А ў другiм месцы, заняўшы агнявыя пазыцыi на гарадзкой ускраiне, мы пастукалiся ў дзьверы блiжняга катэджу. Нам адчынiлi адразу – на парозе стаяла маладая дзяўчына ў белым фартушку, якая спытала па-расейску, што нам трэба. Toe нас дужа зьдзiвiла, i мы ў сваю чаргу спыталi ў яе, цi яна руская? Так, быў адказ, яна руская. Але тут жыве пан прафэсар, ён стары i просiць яго не турбаваць. Але хто такая яна i чаму тут? А яна з Днепрапятроўску i служыць у пана прафэсара, якi зусiм цывiльны чалавек i вельмi добра адносiцца да яе. Toe нас зьдзiвiла яшчэ болей: гэтая зямлячка абараняе немца? I, падобна, не зьбiраецца пушчаць нас у гэты заможны катэдж. Toe ўжо абурала. Нехта з нас падвысiў голас, нехта схапiўся за пiсталет. Тады мой сябра, таксама ўзводны Валька Бахцiгозiн, рашуча мовiў: стойце, адставiць! Пайшлi назад... Мы пайшлi адтуль, знайшлi iншае прыстанiшча, дзе нас нiхто не спыняў. Не запрашаў, але i не спыняў. Пасьля я папытаўся ў Валькi, чаму ён стаў у абарону тае зямлячкi, i Валька сказаў, што ў Эўропе трэба паводзiць сябе цывiлiзаванымi людзьмi, а ня хцiвымi азiятамi. Toe мне запомнiлася. Як i сам Валька – самы малады з нашых узводных, далёкi нашчадак польскiх ссыльных у Сiбiры, родам з гораду Ачынска, адзiны сын у матулi, якая цi ня кожнага дня слала яму на фронт пранумараваныя лiсты i прасiла яго рабiць гэтаксама, – яна працавала бухгалтаркай. Валя так не рабiў, хоць меў добрую натуру i любiў сваю маму. Начальства недалюблiвала надта маладога i нейкага не характэрнага для ўзводных хлопца. А я любiў Валю. Пасьля вайны з усiх нашых ветэранаў найбольш хацеў адшукаць Валю Бахцiгозiна, ды марна...
        Быў ужо май, цьвiў бэз. Стаялi каля невялiчкага горнага гарадка цi, можа, пасёлачку, празь якi праходзiла асфальтаваная шаша. Пазыцыi займалi за лесапiльняй, месца было зацiшнае. Немцы з-за пасёлку зрэдчас пастрэльвалi зь мiнамётаў, разьбiваючы апошнiя ўцалелыя дамоўкi. Я на лесапiльнi раздабыў веласiпед i вучыўся езьдзiць на iм – у дзяцiнстве ж не давялося. Аднойчы разагнаўся з горкi i на павароце нечакана зьбiў таго сьмершаўца. Абодва паляцелi на асфальт, разадраў капiтану штаны. Падняўшыся, ён пачаў бэсьцiць мяне i напомнiў пра мае размовы пад агнём на полi, пра якiя ён не забыўся. Я тады нават струхнуў, бо думаў, што капiтан усё ж забыўся на iх. Але неяк абышлося. Капiтана хутка перавялi некуды, на яго месца прыехаў iншы – на гэты раз з танкавых войскаў. Хаця эмблемы яны насiлi на выбар – якiя iм падабалiся.
        Так настала сёмае мая. Мы – усё ў тым пасёлку, пяхота таксама на ягонай заходняй ускраiне. Амэрыканцы яшчэ далёка. I вось уначы нашыя радысты дачулiся, што заўтра падпiсаньне капiтуляцыi Германii. А мы атрымлiваем загад: у 19.00 атака на нямецкiя пазыцыi. Падрыхтавацца да атакi, ставiць гарматы на прамую наводку, суправаджаць пяхоту агнём i коламi. Ну, мы найперш напiсалi лiсты дадому, маўляў – iдзём у апошнi бой. Калi што, дык.... Псыхалягiчны стан болей чым паршывы, бо пераналадзiлiся ўжо на мiр, паявiлася ўжо надзея, што выжылi. А тут...
        Праўда, яшчэ памарудзiлi з гадзiну, а тады пасьля кароткага артналёту паднялася пяхота. Але немцы не страляюць, во дзiва! Калi пяхота дабрыла да варожых траншэяў, тыя аказалiся пустыя. Немцы змылiся. I начальства загадала чапляць за машыны гарматы i даганяць немцаў. Але безь пяхоты. Калi што, самiм быць за пяхоту. I за артылерыю таксама. Што ж, мы паехалi. Ехалi ўсю ноч i ранак. Немцаў дагналi. Далей усе дарогi былi запруджаны нямецкiмi калёнамi – пяхота, артылерыя – усе кiруюць на захад, здавацца амэрыканцам. Нам яны здавацца ня хочуць. А мы i не бярэм. Мы атрымалi новую задачу – як мага хутчэй злучыцца з саюзьнiкамi. А гэтых мы проста мiнаем. Некаторыя зь немцаў буркаюць «Гiтлер капут» i ўскiдваюць руку. У каторых на руках гадзiньнiкi, нашыя iх зьнiмаюць. Гадзiньнiкi – самы папулярны трафей. Некаторых раззбройваем. Асаблiва тых, хто ў эсэсаўскай форме.
        Дамчалi да ракi Энс, у цэнтральнай Аўстрыi. Гэта быў мой апошнi рубеж той вайны. За ракой амэрыканцы. Пакiдалi на лужку абы-як пастаўленыя машыны, пачалi «сустрэчу». Нас на той бок не пушчалi, затое амэрыканцы свабодна прыйшлi на гэты бок. Некаторыя з амэрыканцаў мелi славянскае паходжаньне (пераважна з палякаў), а ў нас былi хлопцы з Заходняй Беларусi, якiя разумелi папольску, такiм чынам устанавiлiся зносiны. Яны нам дарылi свае гадзiньнiкi, запальнiчкi, розную драбязу – на памяць. Мы iм што маглi падарыць – зорку зь пiлоткi. Але знайшлося вiно, i мы добра ўпiлiся разам – пераможцы розных армiй i нацыянальнасьцяў. I ўсе паснулi проста ў кузавах нашых «студэбэкераў». Начальства некуды зьнiкла, можа, да iншага начальства, у кожнага знайшлася свая кампанiя.
        Уначы я прачнуўся i пабрыў у горад. Маленькi такi гарадок, але спрытны, як i ўсе iхнiя гарады. I не разбураны, цэлы. Бачу ў адным месцы сьвятло з фараў, i нашы салдаты штось робяць. Аказваецца, тут харчовы склад гэтага гораду. Хлопцы прынесьлi супрацьтанкавую гранату i бабахнулi ёю па замку – дзьверы i правалiлiся. А там процьма скрынак, мяхоў – сьпiртное, кансэрвы, мука, шакаляд... Пачалi выгрузку. Я таксама зьбегаў да сваiх, прыгнаў «студэбэкер». I мы нагрузiлiся. Але не абдзялялi i аўстрыйцаў, якiя прыйшлi да пераможцаў. Аўстрыякi жылi галаднавата, харч быў па картках. Падышоў адзiн дзядуля зь мiсачкай, просiць дазволу набраць мукi. Кажу, што табе мiсачка – бяры мех. Кажа – цяжка. Але падстаўляе згорбленую сьпiну, салдаты навальваюць яму мех мукi, пайшо ў дзед хiстаючыся. Мы сталi добрыя, чужога дабра не шкадавалi... Можа, i добра рабiлi, то была наша ноч, ноч пераможцаў. Наступны за ёй дзень ужо належаў ня нам.
        Удзень зьявiлася вялiкае начальства, усiх чужынцаў выгналi з гэтага берагу на той, на мосьце паставiлi трайную варту. Нiкога – нi туды, нi адтуль. А мы толькi марылi пачаставаць нарабаваным нашых саюзьнiкаў. Не ўдалося. Полк хутка адвялi ў тыл, пад горад Леабэн, дзе ў лесе найперш загадалi здаць усё здабытае тою ноччу. Калi не дачакалiся добраахвотнай здачы, начальства пайшло само i выгрузiла з аўтамабiляў нашыя запасы – бутэлькi, сыр, шакаляд. Сказалi, будзеце атрымлiваць у парадку харчаваньня. Нiчога не атрымалi. Тыя скрынкi паехалi ў тыл.
        Праз пару дзён полк пастроiлi на лужку з нагоды перамогi. Палiчылi, хто самы старэйшы (ня ўзростам, а па часе прабываньня ў палку), хто найболей заслужаны (лiчы – узнагароджаны). Даўжэй за ўсiх праслужыў у палку начфiн, а самы ўзнагароджаны – камандзiр маёй гарматы старшына Лук’янчанка. Але заслужана ўзнагароджаны гэты немалады ўжо сялянскi сын аднекуль з Кубанi. Камандзiры батарэяў узнагароджаныя ня надта, узводныя яшчэ меней. Ордэн Чырвонай зоркi – звычайная наша ўзнагарода за вайну. У мяне таксама. А Вальку Бахцiгозiна так i не ўзнагародзiлi нiчым. Раней усё казалi – малады, пасьпее... А тут i вайна скончылася.
        Празь дзень-другi – новы загад: падрыхтавацца да маршу. Куды? Кажуць, быццам аж у Сафiю. Празь Венгрыю, Югаславiю, Румынiю. Па сьлядах нядаўнiх баёў. Выцягнулi на дарозе калёну, але перад тым, як рушыць, начальства пайшло трэсьцi машыны. Камбрыг сказаў: «Я вас барахольшчыкамi цераз Эўропу не павязу». Зноў загад: здаць усё майно, прадукты, нiчога, апроч боепрыпасаў, у кузавох не павiнна быць. Пачалi адбiраць. Пажылыя ветэраны, што праваявалi ўсю вайну, у каго панiшчана ўсё на радзiме, голыя дзецi i галодныя жонкi, ледзьве ня плачучы, прасiлi: ну дазвольце хоць гэтыя гамашы адвезьцi. Ну хоць гэтыя падэшвы на боты. Нiчога не дазвалялася. Тады з машын пачалi кiдаць усё ў раку, што цякла побач з дарогай, i па ёй паплылi ўсялякiя шмоткi, гiтары, скрынкi з правiзiяй, а то i бутэлькi. Хай прападзе, але не здамо. Хаця хапiла i здадзенага. Толькi начальнiк палiтаддзелу ўжо з Балгарыi адправiў тры «студэбэкеры» ў Адэсу, дзе жыла ягоная сям’я. Не адсталi ад яго i iншыя начальнiкi, у тым лiку i новы начальнiк аддзелу контрразьведкi с ь м е р ш.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.