РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
39. ЗАМЕНА. ЛАПІЧЫ
        
39. ЗАМЕНА. ЛАПІЧЫ

        
        У адпаведнасьцi зь iснуючымi законаўстанаўленьнямi афiцэры на Далёкiм Усходзе павiнны былi служыць тры гады i пасьля замяняцца зь iншымi на цэнтральныя i заходнiя акругi. Але то – павiнны. На справе ж служылi па чатыры, пяць i шэсьць гадоў без замены i адпачынкаў, кожны год пiшучы рапарты, якiя заставалiся без адказу. Звычайна прасiлiся ў болей камфортныя Маскоўскую або Кiеўскую цi Закарпацкую акругi, часам у Прыбалтыйскую. У Беларускую было мала аматараў, лiчылася, што там жыцьцё беднае. Калi з дэмабiлiзацыяй у мяне нiчога не атрымалася, я пачаў дамагацца замены i напiсаў, што жадаю паехаць у Беларускую акругу. Нечакана на шостым годзе далёкаўсходняй службы прыйшоў загад аб маёй замене. Належала здаць батарэю, разьлiчыцца са службамi i адбыць у горад Асiповiчы, БССР.
        Я асьцярожна парадаваўся i пачаў складаную працэдуру разьвiтаньня з палком.
        Здаць батарэю, яе маёмасьць, зброю i тэхнiку аказалася надзвычай складана. Суцэльныя недахопы. Нешта згубiлася, нешта ў час ня сьпiсана i, хоць даўно знасiлася, значыцца ў наяўнасьцi. Штось даўно перададзена iншаму падразьдзяленьню, а ў палкавых дакумэнтах таго не адзначана. Калi ўжо шмат з чым разабралiся, выявiлася, што не хапае аднаго буйнакалiбернага кулямёта, якi некалi выкарысто ўвалi для iмiтацыйных стрэльбаў. Праз той кулямёт я рызыкаваў застацца зiмаваць на Сахалiне. Выйсьце падказаў адзiн вопытны служака. Ён сказаў: «У цябе знойдзецца восем дваццаць? Схадзi ў краму, купi бутэльку каньяку, пастаў начальнiку боепiтаньня». Так i зрабiў. Калi мы з начбоем выходзiлi ўвечары з забягалаўкi, я папытаўся, дзе ўсё ж ён знойдзе той кулямёт? Цi хоць бы дастане на замену? А маёр кажа: нашто мне яго шукаць? Я яго проста выкрасьлю з кнiгi ўлiку...
        Нарэшце ўсё было скончана, усе бегункi падпiсаныя, атрымаў дакумэнты на праезд ад Сахалiну да ст.Асiповiчы, што ў Беларусi. Зноў прыйшлося з тыдзень цi больш нудзiцца на бакавых палiцах плацкартнага вагону, пакуль даехалi да Масквы. Ехалi спрэс афiцэры, што адслужылi сваё на дзiкiм Усходзе i цяпер радыя былi, што дапялiся цывiлiзаванага Захаду. У Маскве жонка з сынам паехалi наведаць яе сястру, што жыла ў Монiна, а я пайшоў паглядзець сталiцу, у якой па сутнасьцi яшчэ ня быў. Пачаў, вядома ж, з Чырвонай плошчы, якая зусiм не здалася мне вялiкай, якой уяўлялася на сьвяточных здымках, затое сьцены Крамля падалiся куды вышэйшыя, чым уяўлялася. У даўжэзную чаргу да маўзалею ня стаў, пайшоў па вулiцы Горкага ўгару. Хадзiў-хадзiў, захацелася дзе-небудзь перакусiць. Сярод сталiчнага люду адчуваў сябе, як i трэба было чакаць, няўклюдай – бы чалавек, што прыехаў з тайгi ў цывiлiзаваны край. Хадзiў спатнелы, у кiцелi, юхтовых ботах. Афiцыянтка кафэ, куды не без ваганьняў завiтаў, вядома ж, найперш зьмерала наведвальнiка пагардлiвым позiркам i праз зубы папытала, чаго ён жадае. Чаго я мог пажадаць? Сто грамаў i чаго-небудзь на закусь. Спытала – амлет? Хай будзе амлет. Асаблiва выпiваць аднаму не хацелася, але мусiў. Памятаў, як колiсь у Мiкалаеве, iдучы ранкам на службу з Валькам Бахцiгозiным, заўжды хацелi есьцi. На вулiцах у латках прадавалi бутэрброды з кiлькай i тут жа гарэлку на разьлiў. Купляць адны бутэрброды было сорамна, дык мы дадавалi: ну i сто грам. Тады бойкiя цёткi-прадаўшчыцы роблена зьдзiўлялiся: ай-яй, такiя маладыя, што вам па сто грам! Бярыце па дзьвесьце! Даводзiлася браць па дзьвесьце. Гэтак i тут. Выпiў сто, пасьля яшчэ сто. Ну i добра! Настрой стаў весялейшы i Масква прыгажэйшая.
        У вайсковай камэндатуры станцыi Асiповiчы, канчатковага пункту майго падарожжа, дазнаўся, што патрэбны мне полк зусiм ня тут, а ў Лапiчах, гэта дзесьцi далей, у лесе. Што гэта – буйнакалiберны (152-мм гаўбiцы-гарматы) армейскi полк. Як дабрацца туды? Звычайна – на шашу i галасаваць.
        Так i зрабiлi. Неяк ускараскалiся на паўзагружаную трохтонку, куды падсеў яшчэ адзiн капiтан, якi таксама ехаў у Лапiчы. Я зь цiкавасьцю азiраў восеньскiя палеткi наўкола, застаўленыя белымi мяхамi, – сяляне выбiралi бульбу. Дзе-нiдзе ў неба вiлiся празрыстыя дымкi. Надвор’е было цiхае, стаяла пара бабiнага лета. Хвойныя бары абапал дарогi выклiкалi ў мяне шчымлiвае замiлаваньне – столькi год гэтае хараство я бачыў толькi ў снах на Усходзе. Сусед-капiтан распавёў, як хораша цяпер ловiцца на блясну шчупак, толькi ўчора ён выцягнуў з рэчкi трохкiлаграмовую рыбiну. Цяпер там пасьля службы ўсе афiцэры размахваюць сьпiнiнгамi. Я слухаў яго i раптам падумаў: буду служыць! Хай, калi так сталася, ня змог вырвацца там, дык тут застаюся. Усё ж дома, не на чужыне. Беларусь – не Курылы.
        Той увогуле супакоена-iдылiчны настрой трохi апаў, калi ўбачыў ля ракi будучую сваю казарму – старую, абшарпаную, яшчэ мiкалаеўскiх часiн збудоўку з чырвонай цэглы, якая невядома якiм цудам захавалася пасьля дзьвюх войнаў. Але падумалася: можа, i добра, затое не згарыць, ня прыйдзецца за яе нiкому адказваць. Усё тут я хацеў бачыць лепшым, чым там, на Усходзе. Аднак iдылiчны настрой прадаўжаўся нядоўга, у штабе мне далi прачытаць загад па акрузе, дзе я прызначаўся зусiм не камандзiрам батарэi, а крышку нiжэй, на штабную пасаду. Трохi разважыўшы, вырашыў: можа, i лепш, спакайней будзе. Там жа сказалi зайсьцi да нампалiта, якi задаў толькi адно пытаньне: «У партыi быў?» – «Не, – кажу, – ня быў». – «Ну, усё, iдзiце». Пайшоў, трохi, аднак, задумаўшыся над тым невыпадковым пытаньнем.
        На кватэрнае ўладкаваньне было дадзена два днi, за якiя я яго i вырашыў: знайшоў куток у калгаснiка з суседняй вёскi. Цёмны i даволi сьцюдзёны. Гаспадар ляжаў п’яны, гаспадыня лаяла апошнiмi словамi i яго, i савецкую ўласьць. Пэўна ж, я тут аказаўся ня самы жаданы. Жонка з сынам паехала ў Горадню да сястры, якая некалi засталася ў нашай кватэры, а пасьля выйшла замуж. Як пiсала, – таксама за афiцэра.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.