РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
23. ІПТАП. РАЗГРОМ
        
23. ІПТАП. РАЗГРОМ

        
        У лютым наш полк (IПТАП35) сваiм ходам выехаў на фронт i заняў пазыцыi ззаду за пяхотай. То быў супрацьтанкавы абаронны раён (ПТОР) на кiрунку верагоднага прарыву нямецкiх танкаў. Гэтая верагоднасьць была вызначана кiмсь з д’ябальскай дакладнасьцю, бо хутка гэты полк быў дашчэнту разгромлены за адзiн ранак. Амаль нiчога не засталося: нi гарматаў, нi нашых цягачоў – «студэбэкераў». I гэта за тры месяцы да канца вайны, i такая колькасьць танкаў. (Адкуль яны бралiся, можна прачытаць у нядаўна перакладзеных успамiнах Альбэрта Шпэера, рэйх-мiнiстра па ўзбраеньні. Ён там распавядае, як перабудаваў нямецкую вытворчасьць на вайсковы лад. У тым лiку i на выпуск танкаў, самалётаў i ўсяго iншага, чаго ў iх хапала да канца вайны.)
        Што да Венгрыi, дык немцы ўсю зiму грамiлi там два ўкраiнскiя франты – Малiноўскага i Талбухiна. Калатнеча была страшэнная, але яна засталася амаль невядомай у Саюзе, замоўчанай савецкiмi СМI. Толькi пасьля апублiкаваньня мэмуараў маршала Малiноўскага стала вiдаць, што абстаноўка ў Венгрыi склалася тады катастрафiчная. Немцы разграмiлi некалькi нашых армiй (асаблiва дасталося 3-му Украiнскаму фронту маршала Талбухiна), выйшлi да Дунаю. Мяркуючы па ўсiм, Сталiн ня ведаў, як ратаваць фронт, i, паводле сьведчаньня Малiноўскага, даў права яму i Талбухiну вырашыць: пакiдаць фронт на правым беразе цi эвакуяваць яго на левы. А што такое – эвакуяваць фронт? Гэта ж маса войска, тэхнiкi, зноў жа – тылы. Пераправы ж былi ўсяго дзьве, – пантонныя цераз Дунай. I Малiноўскi пiша, што яны з Талбухiным прынялi рашэньне эвакуяваць, каб выратаваць фронт. Але ў тыя днi якраз пайшоў лёд па Дунаi, шуга, якiя i зьнесьлi абедзьве наплаўныя пераправы. Такiм чынам, фронт павiнны быў ратаваць сябе сам. Там шмат загiнула, а мы ўратавалiся. З ранейшай маёй дывiзii мала каго засталося. Зараз наладжваюць сустрэчы франтавiкоў, i я кожны раз пытаюся, хто ёсьць з 924-га палку? Некалькi тылавiкоў, доктар з санчасьцi ды тыя, хто, як я, выбыў па раненьнi ў сьнежнi.
        I вось я ваюю ў артылерыйскiм супрацьтанкавым палку.
        Увогуле, малапрыемная справа апынуцца сярод незнаёмых людзей у якасьці н о в е н ь к а г а, да каго ўсе прыглядаюцца, бы правяраюць. Я ўжо ведаў тое паводле ранейшага вопыту і стараўся не спудлаваць. Тое, што звычайна даравалася свайму, сталаму, наўрад ці даравалі б новенькаму.Гэта ў рознай ступені адносілася як да начальства, так і падначаленых, роўных табе таксама. Сталы можа дзе і спалохацца, лішне засьцерагчыся, новенькі ж ня мае на тое права.
        А ўжо калі спатрэбіцца кім ахвяраваць, ці кім рызыкнуць, дык тут новенькі будзе якраз дарэчы36.
        Але тое няпроста, як і ўсё на вайне. Найперш таксама аказваецца, што нашыя 76-мм гарматы супраць танкаў малаэфэктыўныя. Увогуле тая гармата – не супрацьтанкавая, проста яе выкарыстоўваюць у гэтай якасьцi. Бо iншых няма. Адлегласьць прамога стрэлу ў яе малая, прабойная сiла снараду таксама. Прыцэльныя магчымасьцi кепскiя – горшыя, чым у саракапяткi. Наогул якасьць зброi – заўсёды наша самае злабадзённае пытаньне. У шпiталi цi дзе ў зацiшку мы болей за ўсё пра тое гаворым – якая гэта дрэнь нашы аўтаматы, кулямёты, гарматы ды i танкi. Але на палiтзанятках пра тое сказаць немагчыма, бо ва ўсiх газэтах напiсана, што наша зброя лепшая за нямецкую, што ў немцаў усё дрэнь ды эрзацы. I хлеб, i мыла, i кава. Ды яшчэ сьмярдзючы дуст, якiм яны перасыпаюць усё ў блiндажах. Куды лепей, як мы, вошы смажыць у бочках. Часам нам чытаюць загады пра выпадкi, калi некаторыя афiцэры асуджаны вайсковым трыбуналам за пахвалу нямецкай зброi. Тым болей нямецкай тактыкi. Нашая тактыка таксама лепшая за нямецкую, чуем мы, i толькi некаторыя з нас пры тым крыва ўсьмiхаюцца. Але маўчаць.
        Тады мы таксама займалi ПТОР37 – гэта значыць, разьмяшчалiся на танканебясьпечным напрамку, на прамой наводцы. Да пярэдняга краю, можа, кiлямэтры два. Стаiм, вiдаць, з тыдзень. Увогуле спакойна, хiба толькi даймае нямецкая авiяцыя. Але дзе яна не даймае? Цераз дарогу ад маiх гарматаў разьмяшчаюцца агнявыя пазыцыi майго сябра лейтэнанта Беражнога, якi дужа любiць кнiжкi, заўсёды нешта чытае. Я таксама люблю пачытаць. Неяк узяў у яго «Сястру Кэры» Драйзера, але прачытаць не пасьпеў, i ўвечары ён прыйшоў да мяне па кнiжку. Я папрасiў адтэрмiноўкi, i Беражны пайшоў на свае пазыцыi.
        А ранкам прачынаюся ў зямлянцы (зямляначкi ў нас былi дужа саплiвенькiя). Прачынаюся ад прадчуваньня таго, што нешта здарылася. Сьпярша не магу зразумець, што? Страшэнны роў, дым i агонь. Выскокваю зь зямлянкi iзноў не магу зразумець нiчога. Нiчога не вiдаць, дым есьцьвочы.
        Зьверху нешта абрушваецца, падае, вые. Быццам сырэны. Аказваецца, пiкiруюць «месэршмiты». А ў нас на агнявой была скрынка ракет – звычайных для ракетнiц на выпадак начной стральбы. Дык самалёты абстралялi i падпалiлi ракеты. Тыя гараць i ўзрываюцца. Асколкаў няма, але... Ракеты там асьвятляльныя, каляровыя, букетныя, усё гэта гарыць, пыхае, iрвецца, i роў абрынаецца зьверху. Адзiн самалёт адыдзе, за iм пiкiруе другi, i з кулямётаў лупяць. Я ўжо ня памятаю, цi яны адляцелi, цi яшчэ пiкiравалi, але мы пачалi тушыць пажар. I вось тады да нашага слыху данеслася, што насоўваецца i горшае. Зямля хадуном захадзiла, дрыжыць i, канешне, – знаёмы гул. Калi ветрам трохi аднесла дым ад гарэлых ракетаў, зiрнуў я на дарогу, што была збоч. А трэба сказаць, полк разьмяшчаўся так: дзьве батарэi з гэтага боку, тры з таго. Тое называецца – асядлаць дарогу. Дык вось па той бок дарогi за пасадкай прэ натоўп танкаў. Здалося, менавiта натоўп, iдуць суцэльным гуртам, бы каровы на вадапой. Нiякага там баявога парадку, толькi пярэднiя страляюць з гарматаў. Вось так, не спыняючыся, прайшлi i палову нашага палку, бы зьлiзалi. Бы яго i не было – нi гарматаў, нi машын, нi людзей. Тут да мяне прыбягае камбат, старшы лейтэнант Ахрын (жыве ў Нiкалаеве, зрэдчас мы перапiсваемся): «Вытаскiвай пушку, падагнаць машыны!.. Матаем адсюль!» Падагналi «студэбэкеры», выцягнулi гарматы i некуды ўбок. Па рацыi камандзiр палку загадаў – наперарэз танкам. Але тут трапiлi ў нейкае забалочанае кустоўе, машыны пачалi грузнуць, пасьля прабiралiся па зарослых дубняком пагорках. Вядома ж, спазьнiлiся куды трэба было i трапiлi пад абстрэл з танкаў, якраз на палявым касагоры, якi выдатна прастрэльваўся зь сяла. У нас было машынаў дваццаць, гармат меней – дзьве батарэi. I мы рашылi, што трэба прарывацца па адной машыне. Машына разганяецца i як мага шпарыць па касагоры, а танкi страляюць. Так адна пройдзе, а другую спаляць. Я праскочыў, не пацэлiлi. Iншых пападбiвалi i папалiлi...
        Яшчэ празь дзень засталася ў нас адна мая гармата з машынай, радыёстанцыя i штабная машына. Астатнiя ўцалелыя пайшлi iншым кiрункам, бо ўсiм разам прайсьцi было нельга. Але з намi камандзiр палку палкоўнiк Парамонаў, штаб, некалькi тылавiкоў i аўтаматчыкаў. Прыпынiлiся ноччу ў нейкiм венгерскiм фальварку – вялiкi дом пад чарапiцай, стайнi, аборы. Наперадзе шырокi магiстральны канал, там пантонная пераправа, i нам трэба на той бок. Але пераправа ўжо захопленая немцамi, нам далей ходу няма. Пад кустоўем у канцы падворку паставiлi гармату. Перад намi шырокi роў, а за iм дарога на пераправу. I на гэтую дарогу ўранку хлынуў усё той жа танкавы натоўп. У паветры – гул, гром, лязгат гусенiцаў, нават блiзка нiчога нельга пачуць.
        I тут прыбягае да мяне парторг – камандзiр палку загадаў адкрыць агонь. Ну што ж, агонь дык агонь. Але цi доўга так пастраляеш? Наводчык прыцэлiўся i стрэлiў. Я побач сачу – цi пацэлiў? Ды бачу, снарад пайшоў высока ў неба. Што такое? – крычу наводчыку, той удакладнiў на панараме прыцэл. Зноў стрэлiў. Я чакаю, каторы танк спынiцца, ды дзе там! Снарад б’е ў зямлю побач. Тады кiдаюся да гарматы... А ў ёй ёсьць такi механiзм – паралелаграм зь цягай, якая злучае панараму са ствалом. Куды ствол, туды i прыцэл – паводле iдэi. Але як мы цягалi гармату па лясах i пагорках, зрушылi тую цягу, i цяпер панарама i ствол не паралельныя. Трэба рамантаваць.
        Далажыў парторгу, той пабег дакладваць камандзiру палку. Разумны чалавек быў наш палкоўнiк Парамонаў, вылаяўся i махнуў рукой. Бо што тут можна зрабiць? I хто вiнаваты? Пакуль мы мiтусiлiся, танкi прайшлi на пераправу i за пераправу. А нас тым часам з вышынь за каналам пачалi абстрэльваць свае цяжкiя мiнамёты. Мабыць, бачаць, што сноўдаюць нейкiя людзi, во яны i б’юць, толькi чарапiца з дахаў разьлятаецца. Тут мяне клiча камандзiр палку i, паколькi я праштрафiўся, дае заданьне перабрацца за канал i наладзiць сувязь з тымi мiнамётчыкамi. Для таго выдзяляе мне чалавек пяць артылерыстаў, нейкiх прыблудных сапёраў i нашага батарэйнага старшыну Жарава. Што ж, сабралася група чалавек дванаццаць, прыгнуўшыся, пабеглi па полi. Але далёка не адбеглiся, гляджу – нiчога ня выйдзе: тыя з-за каналу адразу накрылi нас агнём. Залеглi, што рабiць? Двух паранiла ўжо, некага забiла. Старшыне асколак у задняе месца ўпiўся. А да каналу яшчэ iсьцi ды iсьцi... Мiнамётчыкi, канешне, падумалi, што гэта немцы. Ну i вырашыў я вярнуцца. Забралi двух параненых, забiтых пакiнулi, i ўсё пад агнём, мiж разрываў прыйшлi на фальварак. Камандзiр палку нават ня лаяўся, сам усё бачыў.
        Праўда, мiнамёты неўзабаве перанесьлi агонь далей, рашылi, мабыць, што з фальваркам скончана. I мы там неяк даседзелi да ночы. Ноччу вырашылi прарывацца, бо iншага выйсьця няма. Паслалi лейтэнанта Борматава (цяпер палкоўнiк, жыве ў Крывым Розе) разьведаць пераправу – цi цэлая. Цi, можа, мiнамётчыкi яе ўжо расстралялi. Аказалася, пераправа цэлая, канешне, пад аховай (побач стаяць два бронетранспарцёры) i пад’езд да яе перагароджаны шлягбаўмам. У нас адна гармата, машына з радыёстанцыяй, яшчэ машынаў штук пяць. Першым пусьцiлi мой «студэбэкер», затым астатнiя. Задача – зьбiць шлягбаўм i праскочыць на той бок каналу. Але i на тым беразе таксама немцы, пасьпелi ўжо захапiць пляцдарм. Чуваць, там iдзе бой, усё грукоча i грымiць. Мы з камбатам стаiм на падножках абапал кабiны, у кузаве салдаты са зброяй напагатове. У прыцемках пад’ехалi да шлягбаўма, насустрач выскачыў немец з кружком чырвоным, блiснуў нам, штось крыкнуў... «Студэбэкер» усё ж магутная машына, як урэзаў ён у гэты шлягбаўм, той i адляцеў. Мы праскочылi цераз пантоны на той бок, там адразу каменны дом i паваротка на вулiцу. А ззаду пачалася стралянiна, але мы па гэтай вулiцы рванулi, як толькi можна было ў прыцемках. Здаецца, усе праскочылi, толькi самую заднюю машыну падбiлi. Адразу за паселiшчам прыпынiлiся, бо нас абстралялi ўжо свае, паранiлi двух салдатаў у кузаве i прабiлi кола ў маiм «студэбэкеры».
        Неўзабаве паявiлася начальства, i мы занялi абарону пад вышынямi. У пяхотным ланцугу паставiлi гармату. З тыдзень iшлi баi за тыя вышынi, але танкi далей не пайшлi. Мабыць, сваю задачу яны выканалi, паехалi на iншы ўчастак. А тут калашмацiлi адна адну пяхота, вышынi на некалькi разоў пераходзiлi з рук у рукi. Я з гарматай акапаўся пад самай вышынёй, тое нас, мабыць, i ўратавала. Бо тых, што былi ззаду, немцы расстрэльвалi з вышынь, а нас пад носам ня бачылi. Там у нас загiнуў падпалкоўнiк Аўчароў, капiтан Кавалёў, двое ўзводных i шмат салдатаў. Аднойчы пяхота ўцякла, пакiнула маю гармату, якую мы не маглi выкацiць. Але абышлося – уратаваў туман. А ўвогуле маю гармату ратавала нашая самаходка, што згарэла ў першы дзень i прыкрыла нас сабой з боку ад каналу, адкуль наш пляцдарм прастрэльвалi немцы. Яшчэ нас бамбiлi свае «кукурузьнiкi» – жаночы авiяполк. Кожную ноч вешалi ў небе лiхтары i пачыналi кiдаць бомбы. Добра, што яны не цалялi – проста разгружалiся... У перапынках памiж бамбоўкамi прыходзiў нампалiт маёр Цквiтарыя, тлумачыў нам загады Вярхоўнага галоўнакамандуючага, звароты Ваеннага савету наконт таго, каб нi кроку назад. Як пачыналася бамбоўка, ён кiдаўся да ровiку, але быў тоўсты, няспрытны, месца ў цесным ровiку яму не хапала. Тады ён крычаў: «Я намесьнiк камандзіра палку, прыказываю асвабадыт места...». Як ён хутка сыходзiў, на вышынi пач[ын]алi працаваць нямецкiя «гукаўкi». Праiграўшы «Сьценьку Разiна» або «Ямшчыка», яны абрыналi на нас шквал уласаўскай прапаганды накшталт таго, што пад кiраўнiцтвам Гiтлера пачаўся пералом у вайне, што ня сёньня, дык заўтра мы будзем тут канчаткова дабiтыя, таму трэба ратаваць сваё жыцьцё, а не памiраць за Сталiна i ягоных жыдоў-камiсараў. Але тая прапаганда ўжо нi на кога ня дзейнiчала, мы ўжо выдатна разумелi, што час Гiтлера мiнаўся.
        Дзесьцi ў гэты час мы атрымалi новыя, 57-мм гарматы. Гэта ўжо былi добрыя супрацьтанкавыя гарматы – з доўгiм ствалом i вялiкай прабiўной сiлай снараду. Яны нам адразу спадабалiся. Я сам прыстраляў iх паводле ўласнага спосабу – з дапамогай бiноклю. Трапнасьць iх таксама была выключная, i мы шкадавалi толькi, што паявiлiся яны ў нас гэтак позна. Але i тое добра. У хуткiм часе яны нам паслужылi, як за ўсю вайну не служылi iншыя гарматы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.