РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
25. АЎСТРЫЯ. МАЛЯРЫЯ
        
25. АЎСТРЫЯ. МАЛЯРЫЯ

        
        Ну а пасьля падцягнулася болей войска, пачалося планамернае наступленьне i баi. Ды ўжо ў горнай мясцовасьцi. Адчувалася хуткае сканчэньне вайны, дух быў бадзёры. Помню, дзень бiлiся за нейкую вёску, не маглi ўзяць, тады аднекуль зь iншага ўчастку перакiнулi самаходны полк. Гэта 76-мм самаходкi, якiх на вайне таксама звалi «бывай, радзiма». Во яны праходзяць мiма, у адной ззаду (зад у iх адкрыты) стаiць бравага выгляду камандзiр, вусаты у танкавым шлеме, i гойкае нам: «Упярод, пушкары, годзе пузам зямлю пахаць!». Што ж, давай упярод, калi ты гэткi спрытны. Вёску ўзялi, пяхота прайшла на той бок, мы – сьледам. Каля мастка, гляджу, стаiць абгарэлая самаходка, i зь яе зьвiсае на гусенiцу абгарэлы чалавек. Па недагарэлых вусах мы пазналi таго аптымiстага.
        Помняцца i яшчэ прыкрыя, а то i камiчныя выпадкi. Як я ўжо казаў, у Румынii я першы раз захварэў на малярыю. Даволi паскудная хвароба, тым болей, што шпiтальнага лячэньня не вымагае. Зiмой была перадышка, а вясной пачалiся прыступы. З пэўнай рэгулярнасьцю – пад вечар або калi ўбачу ваду... Хоць здалёк, хоць зблiзку. Раптоўна здрыгаюся, i пачынаецца лiхаманка на некалькi гадзiнаў. Аднойчы мы займалi пазыцыю на прамой наводцы ў полi. Трошкi далей i збоч ад агнявой расьлi дрэўцы, нейкiя кусьцiкi. Агонь не вялi, але немцы былi блiзка. Мяне раптам затрэсла, i я адышоўся да тых дрэўцаў. Было цёпла, ужо зялёная траўка прабiвалася. Як лёг, салдат навалiў на мяне нейкiх трафейных коўдраў, нямецкiх шынялёў – каб сагрэцца. Пасьля, як крыху адпусьцiла, заснуў. А як прачнуўся, дык зьдзiвiўся, што вакол дужа цiха. Высунуў галаву з-пад таго варахоб’я – ужо сьцямнела. Але дзе гармата? На агнявой няма маёй гарматы, стаяць нейкiя людзi i пазiраюць чамусьцi не туды, куды заўжды пазiраюць на фронце, – у бок працiўнiка. Гэтыя пазiраюць назад. Я яшчэ прыгледзеўся i прыслухаўся – то ж немцы! Канешне, спалохаўся, хаця нiчога дзiўнага. У пяхоце такiх, негераiчных, выпадкаў хапала. Але пра тое мала напiсана. Бо зь пяхоты, апроч хiба В. Кандрацьева38, у лiтаратуру нiхто не прыйшоў. Мабыць, не засталося. Усё лепшае, што напiсана пра вайну зь лiку яе ўдзельнiкаў, канешне, належыць усё ж артылерыi. Мабыць, паводле традыцыi, распачатай артылерыстам Л. Талстым39. А тут, пакуль я дрыжэў пад варахоб’ем, нашы драпанулi, гармату камбат загадаў адцягнуць нiжэй у сяло, а пра мяне забылiся. Таго салдата, што там мяне накрываў, паслалi па аўтамабiль, а iншыя ня ўгледзелi... I вось бачу чужыя сiлуэты, – адзiн у касцы, а другi, помню, у казыркастай шапцы... I я паўзком, на кукiшках даў адтуль дзёру. Знайшоў сваiх, камбат пытаецца: дзе быў? У немцаў, кажу, быў. Пасьмяялiся... Усё ж iшоў сорак пяты, да перамогi заставаўся апошнi месяц. А здарылася б тое раней на год цi паўгода, было б не да сьмеху. Як з тым нашым камандзiрам узводу кiраваньня, якi параненым пабратаўся зь немцам. У Венгрыi, у час бою за нейкае сяло, надта бамбiлi нямецкiя самалёты, i гэты лейтэнант, паранены ў нагу, сунуўся ў скляпок на двары сялянскага падворку. Якраз зьмяркалася, i ў той скляпок сунуўся i яшчэ нехта, таксама паранены. Тады скончылася бамбёжка i наогул скончыўся бой. I во яны сядзяць удвух, але ў цемры ня бачаць адзiн аднаго i ня ведаюць, хто побач – свой цi чужы? Таму маўчаць. А галоўнае – ня ведаюць, хто заняў сяло – нашы цi немцы. Нiхто першы ня хоча адкрыцца. Так мiнула ноч. I толькi як пачало сьвiтаць, лейтэнант убачыў, што перад iм немец, гаўптман мэдыцынскай службы. I нiхто зь iх за пiсталет не схапiўся, бо зноў жа – невядома, хто наверсе. Першы не стрываў немец, таксама паранены, неяк выбраўся, а лейтэнант сам выбрацца ня можа. Сядзiць i чакае, калi прыйдуць немцы i возьмуць яго ў палон. Або прыстрэляць у яме. Немцы i прыйшлi. Але на ламанай рускай мове растлумачылi, што страляць ня будуць, будуць рабiць арцлiхербеiстанд (мэдыцынскую дапамогу). I выцягнулi лейтэнанта, занесьлi яго ў мэдпункт, дзе той жа ягоны начлежнiк перавяза ў яму нагу i папытаўся, што ён хоча: да сваiх цi ў палон? Канешне, лейтэнант захацеў да сваiх. Тады яго ўначы два немцы паклалi на палатку i падцягнулi да нашых акопаў на краi сяла. Праз паўгадзiны ён туды i звалiўся. Ну, адвезьлi ў санбат, ляжыць там лейтэнант, яго перавязваюць, але ж дужа яму цiкава з сваiх прыгодаў. I ноччу цiхенька ён расказаў пра тое суседу – што зь iм тры днi таму здарылася. Падзiвiлiся трохi абодва. А яшчэ празь дзень прыйшоў незнаёмы афiцэр i сказаў, каб гэтага лейтэнанта тэрмiнова падрыхтавалi да эвакуацыi. Аднаго. Болей яго нiхто ў палку ня бачыў. I чутак нават нiякiх не дайшло.
        Пасьля той выпадак нейкiм чынам паслужыў мне, калi я пiсаў «Адну ноч»40. Хаця там iншы фон ды iнакшы час, але грамадзтва, а найперш нашая рэдактура не былi гатовыя прыняць падобныя тэмы, ад якiх патыхала непрымальным для iх пацыфiзмам. Тагачасны рэдактар «Полымя» Максiм Танк адмовiў аўтару ў публiкацыi таго апавяданьня з прычыны «невыразнасьцi», як ён напiсаў, iдэi. Думаецца, iдэя была выразная, як надта выразнымi былi i партыйныя ўстаноўкi ў адносiнах да яе.
        Во ўжо гэтыя партыйна-кадэбоўскiя адносiны!
        Баi на той час павальнелi, немцы ня дужа абаранялiся, але i мы надта ня лезьлi. Пяхота шмыгала па дамоўках, па падворках. Патрэбны былi трафеi. У гэтую пару прыйшоў зьверху дазвол пасылаць на радзiму пасылкi. Таму i шарылi ў пакiнутых пад агнём дамоўках, расчынялi шафы, хапалi якую апратку, абутак. А заадно i харч. Хаця наконт харчу ў Аўстрыi было куды бядней, ня тое што ў Венгрыi, – самi аўстрыякi харчавалiся па картках. Дысцыплiна ў войску расхлябалася, часьцяком салдаты кудысь зьнiкалi па ўласных справах. Пілi, аднак, ня менш, як заўжды. П’янаваты камандзiр трэцяй батарэi капiтан Кохан уначы вяртаўся на свой НП41 з суседняй батарэi, i ягоны вартавы застрэлiў яго. За якi месяц да канца вайны. Пахавалi ва Ўсходняй Аўстрыi.
        Аднойчы дайшлi мы да нейкага невялiчкага паселішча i сталi. Ноч мiнулася спакойна, спакойны быў ранак. Гарадок заняла пяхота, мы – за ёй. А блiзенька за раўком – манастыр. Я троху падрамаў ноччу, а на золку прачнуўся i пайшоў праз браму ў манастырскiя будынкi – цiкава было паглядзець, у нас жа манастыроў даўно не было. Манастыр быў пакiнуты, па ягоных калiдорах ужо блукалi салдаты. Усюды валялiся богаслужбовыя кнiгi, нейкае майно...
        I тут раптам пачалося – танкi выйшлi на ўскраiну гарадка i турнулi нашу пяхоту. Калi мы ўсе, хто быў у манастыры, выскачылi адтуль, пабачылi, як тая бяжыць, рассыпаўшыся па ўсiм полi; аднекуль з-за сьценаў i платоў гарадзкiх будынiн страляюць танкi. Мы з нашых пазыцый страляць па iх не маглi, перашкаджалi прыдарожныя пасадкi, ды й той участак быў ня наш. I каб уратавацца без прыкрыцьця пяхоты, мае хлопцы прычапiлi гарматы да «студэбэкераў» i рванулi на дарогу. Можа, тое тады было i правiльна, але чаму пабегла пяхота? I дзе ўрэшце пяхотныя камандзiры? I дзе нашы слаўныя палiтработнiкi, якiя натхняюць байцоў на перамогу над зьлейшым ворагам? Няўжо таксама разбрылiся па цiкавых месцах?
        Прыкладна пра тое я i крычаў, бегучы пад кулямi па голым полi. А слухаў мяне адзiн капiтан, якi таксама апынуўся ў гэткiм жа становiшчы пакiнутага пад агнём. Капiтан гэты быў упаўнаважаны контрразьведкi с ь м е р ш, i ён адно – маўчаў. Крычаў я са злосьцi, бо нашыя шанцы адолець шырокае, забаранаванае поле пад ураганным агнём з танкаў былi невялiкiя. А дужа крыўдна было празь нейчую дурноту гiнуць перад канцом вайны. А можа, i праз сваю дурасьць таксама.
        Але i добра, што я адышоўся зь перадавой (бо наўрад цi я адважыўся б у гэткай сытуацыi з’язджаць з поля бою), безь мяне хлопцы ўратавалi гарматы, а галоўнае – уратавалiся самi. Неяк i нам пашэньцiла жывымi дабегчыся да ўкрыцьця, а танкi далей не пайшлi. Пасьля неяк разабралiся. Але я доўга прыглядаўся, калi бачыў, што нехта староньнi iдзе на агнявую: цi ня той капiтан? Ён не прыйшоў. Здаецца, у нейкiм сэнсе ён быў неблагi сьмершнiк, пра што сьведчыў той ранейшы выпадак з гарматамi лейтэнанта Беражнога. Я ўжо гатовы быў у тым упэўнiцца.
        Тады ж у нейкiм аўстрыйскiм гарадку я спаткаў правобраз сваёй будучай Джулii. У гарадку тым, як, зрэшты, i ў многiх iншых аўстрыйскiх гарадках, было шмат прыгнаных з усходу (ды i з захаду таксама) рабочых, што працавалi на аўстрыйскiх вайсковых заводах. Жылi яны ў вялiзных даўгiх бараках, а як горад займала Чырвоная армiя, разбрыдалiся, хто куды. Вядома ж, кiруючы найперш на радзiму, калi тое было магчыма. Неяк мы сталi калёнай машын з гарматамi на гарадзкой вулiцы, чакалi, пакуль начальства наперадзе штось вырашыць. I тады ля машын паявiлася спрытненькая чорнавалосая дзяўчынка ў паласатым убраньнi, якая нешта пыталася ў салдат, што сядзелi ў кузавах. Аказваецца, пыталася пра нейкага Iвана. Канешне, амаль з кожнага кузава ёй адгукаўся якi-небудзь Iван, але дзяўчына круцiла галавой – не. Так яна абышла калёну, не знайшоўшы таго, хто быў ёй патрэбны. Тады я падышоў да яе i папытаўся, каго яна шукае? На кангламераце нямецка-руска-iтальянскiх словаў яна распавяла, то яе iмя Джулiя, яна iтальянка i шукае рускага палоннага Iвана, зь якiм летась разам уцякала з канцлягеру. У гарах iх схапiла палiцыя, яе зноў кiнулi ў канцлягер, а што сталася зь Iванам, яна ня ведае. Цяпер яна мае надзею знайсьцi яго сярод чырвонаармейцаў. Канешне, то была марная надзея. Але невялiчкая тая гiсторыя запомнiлася мне, каб гадоў пра 20 зрабiцца «Альпiйскай баладай»42.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.