РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
36. САХАЛІН
        
36. САХАЛІН

        
        Гэта было жахлiвае марское падарожжа некалькiх сухапутных афiцэраў на невялiчкiм вайсковым судне цераз штармавое Ахоцкае мора. Марская хвароба выварочвала з нас вантробы, пакуль мы бяз ног валялiся ў сьмярдзючым адсеку, з усяе сiлы трымаючыся рукамi i нагамi за нейкiя трубы. Кiдала бязьлiтасна ва ўсе бакi. Усю ноч зьверху чулася лаянка, крыкi каманды, якая змагалася за жывучасьць судна. Як прыйшлi ў Карсакаў, аказалася, што маракi мелi рацыю: мы маглi патануць – столькi лёду намерзла на верхняй палубе, на снасьцях i мачтах. Як не перакулiлiся ўгору дном, аднаму Богу вядома.
        Да пачатку вучобы я, вядома ж, спазьнiўся, ужо месяц, як афiцэры займалiся ў вайсковым гарадку Паўднёвага Сахалiнску. У клясе мяне пасадзiлi за апошнi стол, i наш кiраўнiк падпалкоўнiк Емяльянаў доўга называў мяне Баранавым. Гэта таму, што ў папярэднiм выпуску там сядзеў хтось з прозьвiшчам Баранаў. Мiж тым i другiм вiдам жывёлiн невялiкая розьнiца.
        Тут мне грунтоўна давялося заняцца матэматыкай, якую я, пэўна ж, недабраў у школе. А без матэматыкi ў артылерыi, як вядома, рабiць няма чаго. Пайшлi тыднi i месяцы працы з падручнiкамi, над лагарыфмiчнымi вылiчэньнямi, па тэорыi верагоднасьцяў. Артстралковая падрыхтоўка ў поўным аб’ёме – вылiчэньне дадзеных i стральба па наземных i марскiх цэлях. Спачатку, вядома, на iмiтацыйных сродках, а пад вясну i на палiгоне. Неяк памалу тая навука мяне нават захапiла, а калi што захоплiвае, дык я таму аддаюся цалкам. Афiцэры тут сабралiся розныя, з розных часткаў – ад Чукоткi да Сахалiну. Пераважная бальшыня зь iх – нядаўнiя франтавiкi з эўрапейскiх акруг. Шмат якiя служыць не хацелi, ды мусiлi, бо вырвацца з войска па-добраму было немагчыма. Некаторыя, праўда, шчыравалi, у тым лiку i мой зямляк Iваноў. Разумны быў, адукаваны афiцэр, добры матэматык, ды меў перабольшаную схiльнасьць да справядлiвасьцi. А гэта ўжо нават не недахоп, а поўны цэйтнот, i ня толькi для афiцэра. Там жа стала вядома пра трагедыю Парамушыра, што ў нас, на Кунашыры, адгукнулася хiба ўздымам вады. Цунамi на Парамушыры за два ўдары з мора змыла пасёлак i зь iм танкасамаходны полк. Самаходкi раскiдала па ўсiм беразе, а сотнi людзей апынулiся ў сьцюдзёнай акiянскай вадзе, дзе i гiнулi ад холаду, калi за што трымалiся. На дапамогу прыйшлi вайсковыя амэрыканскiя баржы, але з Масквы паступiла радыёграма: гiнуць, але дапамогу амэрыканцаў не прымаць. Я ня памятаю, каб хто з афiцэраў нашай групы адобрыў той вар’яцкi загад. Хаця нiхто i не сказаў слова супраць.
        Адзiн афiцэр-далёкаўсходнiк распавёў, як там жыло войска ў гады вайны. Канешне, галадалi (але дзе не галадалi?), абмундзiроўкi, абутку зусiм не давалi. Салдаты дралi лыка i плялi лапцi. Дысцыплiна, аднак, была зладавана жалезная, пра тое дбалi тылавiкi-генэралы. Камандаваў войскам генэрал Апанасенка. Аднойчы таму афiцэру трэба было наведаць жонку, што апынулася ў раддоме за 20 кiлямэтраў у пасёлку. Во ён iдзе пехатой па гразi, восень, iмжыць дожджык. Раптам яго даганяе «вiлiс» i ў iм генэрал. «Куды iдзяце?» – «У пасёлак». – «Па якой патрэбе?» – «Жонка раджае». – «А што, паехаць не было на чым?» – «Ня даў камандзiр, гаручкi мала». – «Ну, сядай». Сеў. Але шафёр ня едзе, чакае. I тады генэрал паварочваецца i кажа: «Ты што, такi-сякi размазаны, ня можаш адмовiцца, калi цябе савецкi генэрал запрашае? Вон з машыны!». Выскачыў, як апараны, а «вiлiс» газануў i пакацiў па дарозе. Такi савецка-генэральскi этыкет.
        Вучоба па артылерыi нават захапляла, у тым была немалая заслуга падпалкоўнiка Емяльянава, якi ўмеў зацiкавiць i захапiць. Гэты вайсковы матэматык спрабаваў нават даказаць трыста год не даказаную знакамiтую тэарэму Фэрма (an + bn = сn). Але ж вучылi ня толькi артылерыi. Выкладалася процьма iншых прадметаў, у тым лiку i (цi не другi паводле значэньня) – палiтпадрыхтоўка. Жылi на казарменным становiшчы – двух’ярусныя ложкi ў вялiзнай стадоле-казарме з цьвёрдым распарадкам дня, за выкананьнем якога сачыў зноў жа зьвераваты старшынамаёр. Асаблiва дапякалi ранiшнiя фiззарадкi, на якiя выганялi ўсiх, не зважаючы на надвор’е – у дождж, сьнег, мароз. Ну i, вядома, – строй. На заняткi, з заняткаў, у сталовую, клюб. Са зласьлiвасьцю напомнiлi нам нашу вучылiшчную маладосьць i неўмiручыя традыцыi прускарасейскай муштры.
        Адна падзея таго часу не магла не запомнiцца мне на гады. Гэта калi ў адзiн шэры сакавiцкi дзянёк у клясу ўвайшоў наш кiраўнiк падпалкоўнiк Емяльянаў i яўна робленым трагiчным голасам аб’явiў, што гадзiну назад памёр вялiкi Сталiн. Усе ўсталi, пастаялi са скамянелымi тварамi, а я сказаў сабе ў думках: «Слава табе, Гасподзь! Можа, хоць цяпер што-небудзь зьменiцца да лепшага».
        На жаль, зьмянiлася мала.
        Берыеўская амнiстыя, што была неўзабаве праведзеная, напоўнiла далёкаўсходнiя гарады масай бандытаў, забойцаў, зладзеяў, якiя былi выпушчаныя ў першую чаргу. Палiтычных выпускалi зь вялiкiм разборам, а гэтыя, сацыяльна-блiзкiя, займеўшы свабоду, дружна ўзялiся за звыклую справу. Да вясны ў горад немагчыма было паткнуцца – рабавалi i забiвалi нават афiцэраў.
        Палiтпадрыхтоўка ды й вайсковая палiтыка наогул, як i раней, былi скiраваныя на супрацьстаяньне англа-амэрыканскаму iмпэрыялiзму. Працягвалася мацаваньне абароны Курылаў, на якiя пёрлi ўсё болей войска, боепрыпасаў. Уся берагавая лiнiя астравоў была ахоплена памежнай службай, збудавалi складаную сыстэму радыёпэленгацыi i радыёглушэньня. Нiчога нi з «Голасу Амэрыкi», нi зь БiБiСi, нi са «Свабоды» ўчуць было немагчыма. Усё гэта пэўным чынам узьдзейнiчала на настрой афiцэраў, якi быў далёкi ад аптымiзму. Спрэс надзеi... Такiх з маiх аднакурсьнiкаў, якiя б плакалi з нагоды сьмерцi правадыра, я ня бачыў. Бальшыня зацята маўчала.
        Тым часам падышла пара выпуску. Па ўсiх прадметах у мяне былi пяцёркi. Апошнюю на палiгоне экзамэнацыйную задачу – стральбу на рыкашэтах – выканаў на выдатна i атрымаў чырвоны дыплём. Толькi якая з таго карысьць? На што ў жыцьцi трацяцца час i сiлы, калi тое – пустэча, якую нельга зрэалiзаваць. Або i ня трэба рэалiзаваць? Хiба на вайну? Але вайна для нас скончылася, ужо наваявалiся. Цi не падобна тое, чаму мы вучылiся, на маханьне кулакамi пасьля жорсткай бойкi? А галоўнае, што гэтак i добра: лепш махаць кулакамi, чым пралiваць кроў. Але ж навошта тады ўсё тое, чым мы займаемся? I чым рыхтуемся займацца? I пры чым тут я, якi зусiм не зьбiраецца рабiць вайсковай кар’еры, а толькi i думае, як бы з гэтай далечы вырвацца на радзiму. Я i на Сахалiн паехаў з тою ж мэтай, думаў: адтуль блiжэй да дому. Аказалася, не блiжэй, а то яшчэ далей. Так думаў я, плывучы морам зноў на свой востраў. Iншыя афiцэры пасьля вучобы атрымалi новыя прызначэньнi, некаторыя з падвышэньнем. Я ж не атрымаў нiякага i вяртаўся на ранейшае месца службы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.