РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
9. СТАНЦЫЯ ГРАЗІ. САЛТЫКОЎКА
        
9. СТАНЦЫЯ ГРАЗІ. САЛТЫКОЎКА

        
        Апынулiся на станцыi Гразi, там усчалася перафармоўка. I тут аказалася, што паводле тылавых законаў 23-i год нараджэньня прызываецца, а 24-ы – яшчэ не. I вось нас усiх, хто быў з 24-га года, сабралi разам. А трэба сказаць, што такiх набралася няшмат, бо ўкраiнцы – ня дурнi, яны далёка ад дому не адыходзiлi, звычайна вярталiся. Ну а мне куды было вяртацца? Беларусь засталася за тысячу кiлямэтраў, ня дойдзеш. I я змушаны быў цягнуцца з усiмi. Дык сфармавалi з маiх аднагодкаў калёну, выдалi па тры буханкi хлеба i, як былi, у зашмальцаваных ватоўках, не зважаючы на зiму – у пiлотках, выправiлi ў тыл. Але зноў пад камандай падпалкоўнiкаў [запасу] – каб не разьбеглiся. Iшлi ў Саратаўскую вобласьць...
        Харчавалiся зноў самапасам – хто чым знойдзе. Сяляне часам кармiлi, усё ж то быў тыл, i шмат у каго мужчыны былi на фронце, людзi спачувалi вайскоўцам. Тым больш такiм жаўтаротым, як мы. Хаця гледзячы дзе. На станцыях, дзе ўсё было абабрана, нiчога нам не надаралася, а ў сёлах трохi перападала. Пакуль дайшлi да Саратаўшчыны, абнасiлiся i абязножалi. Чаравiкi мае сталi такiя, што i парцянкi вылезьлi. А тут пачалiся халады. Цёплага ж на нас не было нiчога. Памятаю, нейкая цётка дала мне вязаны шалiк[,] і ўсё. Нарэшце дабрылi да станцыi Салтыкоўка, гэта ў самым канцы 41-га. Там нас разьмеркавалi па калгасах. Мы з адным хлопцам, Лёшкам Арловым (дарэчы, таксама ўшацкiм) трапiлi ў недалёкi калгас...
        
        Сяло было вялікае (дзіўна, забыў яго назву), на поўдзень ад ст[анцыі] Салтыкоўка. Калгас, здаецца, меў назву «Камінтэрн». Мы зь Лёшкам Арловым жылі недалёка адзін ад аднаго, але спатыкаліся рэдка – тое ў нашых гаспадароў не было прынята. Я ўвесь дзень, зьезьдзіўшы зранку ў стэп і прывёзшы мерзлага будыльля, сядзеў дома. Рабіць не было чаго, чытаць таксама. Гаспадары амаль не размаўлялі між сабой (нявестка варагавала зь сьвякроўю), гаспадар быў на працы. Але была малая, гадоў шэсьць дзяўчынка, – мілае, прыхільнае стварэньне, якая не адыходзіла ад мяне цэлы дзень, патрабуючы што-небудзь распавядаць. Я распавёў ёй усе казкі, што ведаў, распавёў пра Беларусь зь яе лясамі, птушкамі і зьвярамі. Але таго было мала. Тады, неяк дастаўшы ў суседзяў таўсты том акадэміка Тарле – пра Напалеона, пачаў ёй чытаць. Наўзьдзіў, яна слухала, і мне была палёгка.
        Там мы праседзелi ў калгасьнiкаў амаль усю зiму 1942 году. Калгас выдзяляў проса – па кiляграму на тыдзень. Гэтае проса трэба было абадраць на цёрцы, атрымаць пшано. У сям’i, дзе я жыў, былi гаспадар-камбайнёр, якi меў бронь, гаспадыня, малая дзяўчынка i бабка. Бабуля гэтая, сьветлая ёй памяць, i варыла мне кашу. Сям’я, натуральна, харчавалася асобна, а я – пшоннаю кашай, што па тым часе зусiм няблага. У нас да вайны пшано было далiкатэсам. Памятаю, у Вiцебску талерачка такой кашы з чайнай лыжачкай масла зьверху каштавала 60 капеек. Тут масла не было... Увогуле было галаднавата, заўсёды хацелася есьцi... Малады ж быў.
        Трудная была тая зiма, сьцюдзёная, а галоўнае – даймала адзiнота, адарванасьць ад звыклых мясьцiнаў, ад радзiмы, што апынулiся пад акупацыяй. Лёшка жыў цераз дарогу ў суседзяў, i нашаю зь iм задачай было забясьпечыць гаспадароў палiвам. Палiвам служыла будыльлё сланечнiку, што застаўся пад сьнегам у стэпе. Для таго мелася пара гаспадарскiх буркаў на двух. I вось часьцяком (разы дватры на тыднi) едзеш з санкамi ў стэп, пералазiш яр i наломваеш там мёрзлага будыльля, вязеш яго ў сяло. Зь цяжкiм возам перабрацца цераз крутыя схiлы было няпроста, добра нарвеш кiшкi. А як вылезеш мокры ад поту, успомнiш свой роў ля роднае вёскi, паглядзiш на чырвоны марозны захад, дзе далёка-далёка засталася радзiмая старонка, i ўжо не стрымаеш сьлёз. Тым болей, што вакол расхiнуўся марозны стэп, нiхто тут цябе ня бачыць, можна не саромецца. Адзiнота, закiнутасьць, адчуваньне поўнага сiроцтва – балючыя самотныя пачуцьцi, якiх да таго перажываць не даводзiлася. Першы, але не апошнi раз было тое...
        Не сказаць, што да нас там адносiлiся кепска, – як i да ўсiх. Але на нейкiм часе стала нам нязмогла, i мы з Лёшкам вырашылi рушыць на захад. Беларусь была пад акупацыяй, але ж там былi партызаны. Зноў жа фронт, жахi якога памалу сталi забывацца, i нам захацелася туды. Аднойчы i рванулi. Ды недалёка. Наiўных уцекачоў на захад затрымалi на першым жа чыгуначным мосьце, вярнулi ў раённы НКВД у Рцiшчаве. Там зноў пачалося тое, што некалi са мной у Белгарадзе. Дапытвалi, хто нас паслаў на мост i зь якiм заданьнем? Тое, што мы прабiралiся на захад, у бок фронту, выклiкала ў начальнiкаў недавер, нават абурэньне. Iм трэба было пераканаць нас i сябе, што мы iшлi ў тыл i зь нейкаю мэтай. Зь якой?
        Выбавiў нас адтуль выпадак iншага кшталту. Уначы прывялi нейкага крымiнальнага вепрука, якi тут жа, у пакоi дзяжурнага, усчаў бойку. Быў надта дужы, паперакулiў усю мэблю, пачаў душыць начальнiка, i да яго кiнулiся ўсе мiлiцыянты, якiя там былi. А мы зь Лёшкам тым часам цiхенька высьлiзнулi празь дзьверы. Зноў вярнулiся ў калгас, да ранейшых гаспадароў, якiм штось ня дужа складна схлусiлi. Ня ведаю, цi паверылi.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.