РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
10. АТКАРСК. САРАТАЎ
        
10. АТКАРСК. САРАТАЎ

        
        Дажылi там да вясны, а затым, здаецца, у красавiку, у калгас прыйшла разнарадка на моладзь – зноў у ФЗО. Вядома ж, мясцовым сваiх шкада, прызначылi нас, а нам толькi таго i трэба. I вось мы зь Лёшкам зноў апынулiся ў ФЗО, на гэты раз недалёка, у Аткарску... Дарэчы, нялiшне зазначыць, што шмат каму зь перадпрызыўнай моладзi тыя ФЗО-ФЗН далi часовы, але неабходны хлеб i прытулак, сталiся, так бы мовiць, прафэсыйнай акадэмiяй, нярэдка апошняй у iхнiм кароткiм жыцьцi. Бо хутка затым – прызыў, фронт i канец усяму. Толькi i ўспамiнаў з цывiльнага жыцьця – невялiчкая групка аднагодкаў, самотных фэзэушнiкаў...
        У Аткарску была чыгуначная школа, вучыўся там на пуцейца: рамонт пуцi, падбiўка шпалаў, разводка... I гэта першую палову лета 42-га году. Надта сьпякотнага, дарэчы, здаецца, у нас такой гарачынi не бывала. Было трудна, мазалi на далонях ад кувалды i рыдлёўкi. Затое кармiлi, што тады было важна.
        
        У Аткарску, школе чыгуначнікаў, тое сьпякотнае лета міналася на чыгунцы, у працы, да якой дабіраліся пехатой, па шпалах. Часам заходзілі кілямэтраў за дзесяць, адтуль – на абед, і зьвечара дадому. Ля ракі Мядзьведзіцы пад кустам і чуўся піск марзянкі – то трэніраваліся дзяўчаты-сувязісткі. Ля іх праходжваліся іхнія настаўнікі – афіцэры. У жніўні ў войска мяне праводзіла адна маладая жанчынка, што рабіла ў школе. Яна дужа шкадавала мяне. Казала, толькі вясной праводзіла брата, гэткага, як я, і ўжо празь месяц атрымала «пахаронку» – з-пад Сталінграду. У мяне не было хатняга адрасу, дык яна сказала, каб я запісаў яе адрас у Аткарску. Я абяцаў… Але пасьля падумаў: нашто? Мала ёй братавай «пахаронкі»?
        
        Ну а ў жнiўнi 42-га прызыў хлопцаў 1924 году нараджэньня, i адразу – у запасны полк пад Тацiшчавам.
        Запасны полк у Тацішчаве нагадваў мурашнік і быў увесь у зямлі. Тысячы салдатаў жылі ў зямлянках, вучыліся побач у полі. Дысцыпліна была жалезная, камандзіры – яшчэ цімашэнкаўска-варашылаўскай школы – ад сяржантаў да палкоўнікаў. Муштравалі звычайна строем: шагістыка, поўзаньне, акопваньне. І пастаянныя пераклічкі, праверкі, – каб не дэзэрціравалі. Але было і зьнікалі – учора быў, а сёньня няма. І ніхто ня ведае, куды дзеўся.
        Вінтовак нам там не давалі, былі толькі вучэбныя, якія мы вучыліся разьбіраць і зьбіраць. Скардзіцца на ўмовы забаранялася, на самадурства камандзіраў таксама. Палітрукі сачылі за дысцыплінай і рабілі палітінфармацыі аб становішчы на франтох. Асабліва на Доне, дзе фронт ужо быў прарваны, і немцы перлі на Сталінград.
        Там шмат было мясцовых, землякоў, саратаўскіх. Толькі мы зь Лёшкам пачуваліся чужымі. Але хутка нас разлучылі: мяне – у Саратаў, Лёшку – у Вольск. Больш я яго ня бачыў. І нічога пра яго ня чуў. Па ўсёй верагоднасьці, прычына таму – усё Сталінград. У Саратаве я затрымаўся, а Лёшка ў Вольску – наўрад.
        
        Тое паселiшча вядомае шмат каму зь ветэранаў, многiя там спасьцiгалi сваю першую вайсковую навуку, якую памятаць будуць доўга. Той полк дзейнiчаў, вiдаць, цi не да канца вайны – рыхтаваў кадры, салдацкiя i сяржанцкiя, – для перамогi.
        Праўда, мне давялося прабыць там нядоўга, на пачатку верасьня мяне накiравалi ў Саратаўскае пяхотнае вучылiшча.
        Пачалiся вучэбныя буднi. Ужо там дасталося, як не даставалася нiдзе i нiколi. Кожны дзень па 10 гадзiн заняткаў – рэдка ў клясах, болей на пляцы i ў полi, – у сьпёку, дождж i мароз, у нашых клясычных, на «рыбiным мяху» шыняльках. Апроч таго, абаронная праца пад горадам – немцы падышлi ўжо да Саратава i бамбавалi яго кожную ноч. У асноўным цалялi ў камбайнавы завод, якi на той час рабiў самалёты, i ў нафтаперагонныя крэкiнгi. Нас на ноч кiдалi на дзяжурства – лiквiдоўваць пажары, як загарыцца завод, бо выпуск прадукцыi працягваўся i пад бомбамi. Гэта выглядала так: як толькi сьцямнее, аб’яўляецца трывога. Паяўляюцца самалёты, вешаюць у небе свае асьвятляльныя бомбы САБы. На зямлi ад iх – бы ад сонца, а ў небе не вiдаць нiчога. I пачынаюць сыпаць бомбы. Усё вакол хадуном ходзiць. Нам дык яшчэ трываць можна, мы сядзiм у шчылiнах, калi загарыцца, тушым, выкочваем на двор самалёты. Хаця былi i ў нас ахвяры. Але гэта нiшто ў параўнаньнi з тым, як даставалася нашым курсантам на крэкiнгах зь iх вялiзнымi ёмкасьцямi нафты. Там усё палыхае, не сьцiхаючы нi ўдзень, нi ўначы. I хлопцы гараць, няма чаго i хаваць. Цэлыя аддзяленьнi, узводы не вярталiся з гэтага мора агню. I так амаль да зiмы. Зiмой тое спынiлася, як немцаў акружылi пад Сталiнградам.
        Аднойчы, зноў жа ўвосень 42-га, батальён кiнулi пад Сталiнград. Пешым маршам дайшлi да Камышына. У Камышыне, аднак, нас ператрэсьлi: палову з кожнае роты пакiнулi, а палову паслалi на падмацаваньне Сталiнграду. Рэшта вярнулася ў Саратаў. У тым лiку i я. А мой таварыш зь Беларусi Коля Iваноў пайшоў у Сталiнград i, вядома ж, загiнуў. Пасьля вайны спрабаваў знайсьцi ягоных родзiчаў. Але ж... Iвановых у нас дужа многа. Пасьля яшчэ было нямала выпадкаў, калi ноччу па трывозе паднiмаюць роту, выстрайваюць i зачытваюць сьпiсы тых, хто зараз жа адпраўляецца на станцыю, у маршавую роту, на фронт.
        Цяпер з вышынi ваеннага вопыту i перажытых гадоў нельга не зьдзiўляцца, чаму i як там нас вучылi. Галоўнай, мабыць, як i здаўна ў расейскiм войску, была страявая – пляцавая ваенная навука, паводле якой ацэньвалася ўсё астатняе. Усё астатняе падганялася пад яе. Нават тактыка зь яе строга рэглямэнтаванымi парамэтрамi ў абароне i ў наступленьнi. На вайне нiхто iх не трымаўся, бо было непатрэбна. На вайне аказалася, што той камандзiр мае найбольшы посьпех, якi хутчэй за іншых адрынуў даваенную навуку i творча экспэрымэнтуе, асобна падыходзiць да кожнага бою. Можна сказаць, што вайну рабiлi дылетанты. Даваенныя прафэсыяналы збанкрутавалi ў самым яе пачатку. Але каб зразумець тое, трэба было набыць пэўны вопыт, а мы такiя былi зялёныя...
        Пра камандзiраў можна б расказаць шмат – розныя былi. Камандзiрам нашай роты быў старшы лейтэнант Грыб, немалады ўжо чалавек, беларус, аднекуль з Гомельшчыны. Можа, менавiта дзякуючы яму я скончыў гэта вучылiшча, дайшоў да выпуску. Неяк непрыкметна, па-зямляцку ён мной апекаваўся. А можа, таму, што вучыўся я i вучылiшча скончыў на «выдатна». Як бы цяпер сказалi, – з чырвоным дыплёмам. Але тады толькi павесiлi маё фота на ганаровую дошку выпускнiкоў... А там – запомнiўся iнтэлiгентны выкладчык тапаграфii, якому я часам маляваў карты-схемы, – Рамественскi, на той час ужо iнвалiд вайны. Камандзiрам батальёна быў маёр Анцiпас, грэк. Вядома, на фронт грэкаў не пасылалi, скарыстоўвалi ў тыле, але гэта быў ладны камандзiр, з традыцыямi старога царскага афiцэра. Чаго ня скажаш пра цэлую плойму маладзейшых гарладзёраў, выхаванцаў Варашылава i Цiмашэнкi. (Ды Бог iм судзьдзя.) Гэтыя муштравалi пераважна васемнаццацiгадовых бязглузда i жорстка, найперш каб самiм ацалець ад вайны, пераседзець яе ў тыле. Toe, аднак, удалося далёка ня ўсiм. У свой час iх таксама паслалi пад зьнiшчальны агонь, i шмат хто зь iх там пагiнуў. Што трохi iх выбачае...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.