35. СЯРОЖКА Як i здаўна, у армii карай боскай былi ЧП (надзвычайныя здарэньнi). То ўтопяцца, то зваляцца з машынай пад абрыў, то хто застрэлiцца падчас чысткi зброi. То нап’ецца. А ў мяне адзiн салдат здорава паранiў другога. Неблагi салдат, старанны, стаяў на пасту ля гарматы. Як сьцямнела, па беразе iдуць двое, нясуць яму вячэру. А той, як i належала, крычыць: «Пропуск!». Яму адказваюць: «Пярлоўка, Хакiмаў! Пярлоўку нясём»... А той зноў: «Пропуск! Страляць буду!». I бабахнуў. Была цемра, а трапiў, прастрэлiў сябру сьцягно. I нiякай адказнасьцi, усё адпаведна статуту. Такiя статуты. Статут каравульнай службы патрабаваў, каб у камандзiра, якi правярае каравул (цi пост на прахадной), правяралi пасьведчаньне. Але што правяраць, калi гэтага камандзiра два гады ведалi ў твар, кожны дзень бачылi. Але ж трэба. Адзiн такi кампалку па-садысцку зьдзекваўся зь дзяжурных на КПП48, кожны раз праходзячы праз вароты, цiкаваў, цi будуць таксама кожны раз правяраць яго службовае пасьведчаньне. Звычайна пад вечар правяраць пераставалi, на тым i пападалiся. У лепшым выпадку атрымлiвалi вымову. Цiкава, што ў кадравых афiцэраў тая бязглузьдзiца не выклiкала сумневу. Так паложана, звычайна казалi, i далей паложанага не iшлi нават у думках. Здаровы сэнс? Але здаровы сэнс, як казаў адзiн знаёмы камбат, у войску не начаваў нiколi. Самай папулярнай камандзiрскай якасьцю была строгасьць. Строгасьць i патрабавальнасьць – былi абавязковыя для ўсiх камандзiраў, пачынаючы ад яфрэйтара i канчаючы палкоўнiкам. Шмат якiя толькi i трымалiся, а то i рабiлi кар’еру дзякуючы дэманстратыўнай строгасьцi, што межавала з жорсткасьцю. А калi i пераўзыходзiла яе. У спэцыфічных умовах экзатычнай аддаленасьці ад краіны афіцэры жылі дужа ізалявана, бальшыню часу бавячы ў сваіх падразьдзяленьнях – ротах-батарэях, разам з салдатамі. Як звычайна ў войску, узаемаадносіны ладзіліся адпаведна субардынацыі – таварышавалі з роўнымі сабе паводле пасадаў і званьняў. Якія-небудзь сяброўскія адносіны паміж начальнікам і падначаленым выклікалі падозраньні, і тады з сваёю ўвагай да іх падключаліся асабісты. У гэтым сэнсе найбольшы клопат несьлі маладыя афіцэры, халасьцякі, якія і пілі, і скандалілі, бо бальшыня зь іх не хацела служыць на гэтым краі зямлі, мкнулася ў Эўропу, ва ўнутраныя вайсковыя акругі49. Нешта ў майго камбата пахiснулася ў адносiнах з начальствам (вядома ж, найперш з прычыны ягоных закiдонаў), i ён, падобна, вырашыў паправiць рэпутацыю. Аднойчы прыйшоў у батарэю на ўзьбярэжжы пад градусам i аб’явiў збор у зямлянцы на НП. З разьлiкаў папыталi: «А процiгазы браць?». Як хочаце, адказаў камбат, хаця зноў жа паводле статуту салдат у баявой абстаноўцы павiнны быў заўсёды хадзiць наўючаны, бы iшак. Але каму хочацца быць iшаком? Некаторыя прыбеглi з процiгазамi, а некаторыя без, толькi зь вiнтоўкамi. Камбат запёр усiх у зямлянцы i аб’явiў газавую атаку. Для таго падпалiў дымавую шашку. Тая шашка, мабыць, i спляжыла ўсю яго вайсковую кар’еру. Шашка аказалася новай канструкцыi, удасканаленай высiлкамi ВПК50, яна ня толькi давала дым, але i паражала дыханьне. Салдаты, што апынулiся ў зямлянцы без процiгазаў, страцiлi прытомнасьць, ледзьве iх пасьля выцягнулi на паветра. Усчаўся скандал. Паднялiся парторганы. I тут, як заўжды, напагатове апынуўся с ь м е р ш. Маёра выклiкалi быццам бы на разборку ў палiтаддзел, ды адтуль ён у полк не вярнуўся. Прыкладна ў той жа час, як я сядзеў на НП, сачыў за морам (цi пакажацца амэрыканскi дэсант), завiтаў К., малады лейтэнант, узводны, якога, на няшчасьце (як мяне калiсьцi), зрабiлi камсоргам. На сваю бяду, камсорг нядаўна ажанiўся з маладой дзяўчынай, бацьку якой за нешта рэпрэсавалi органы, i дачка не захацела ад яго адмовiцца. Ад камсорга запатрабавалi, каб ён разьвёўся або здаў партбiлет. Лейтэнант ня ведаў, як быць, i пачуваўся вельмi засмучаным. Ад мяне пайшоў у пасёлак, дзе купiў сьпiрту, выпiў i, лёгшы на ложак у пакоi жонкi, застрэлiўся. Хавалi яго ўначы, таемна, на старых японскiх могiлках, дзе ўжо стаяла колькi пiрамiдкаў з зоркамi. То былi нашыя хлопцы, што леглi тут, у чужую зямлю. Становiшча разгорнутых на мясцовасьцi баявых парадкаў мела нямала станоўчага ў параўнаньнi з казармай. Найперш – адносная iзаляванасьць ад начальства. Падругое, схоўнасьць, калi нiкому не вядома, чым мы тут займаемся. Можна было нават кiмарнуць часам, што i рабiлi салдаты, выставiўшы пiльную варту. А яшчэ – заўзята рыбачылi, асаблiва ў час нерасту кеты цi гарбушы. Пад восень i ўзiмку востраў скаланалi землятрусы. Трэсьлiся дамы (не бурылiся, бо былi змайстраваны з дошак), толькi скрыпелi ды сыпалася з бляшаных трубаў. Але было, што разбуралiся трубы ў той час, калi палiлася ў печцы, тады здаралiся пажары. Неяк я бег па вулiцы ў пачатку землятрусу, i вулiца перада мной трэснула на ўсю шырыню. Ледзьве пасьпеў пераскочыць шчылiну шырынёй з далонь. А ўвосень 52-га здарылася немаведама што. Рэчка, што працякала цераз пасёлак i ўпадала ў затоку, пачала цячы назад. Вадой залiло лугавiну, падтапiла дамоўкi. Ужо праз колькi дзён дазналiся, што то – ад цунамi. Эпiцэнтр яго быў недзе каля паўночнага вострава Парамушыра, адкуль i прыйшла гэтая хваля. Празь дзень-два вада пайшла назад, у мора. Двойчы ў год, вясной i ўвосень, мы назiралi незабыўнае вiдовiшча – як рыба касякамi, натоўпамi лезла па вадзе i камянях у прэсныя рачулкi на нераст. Мэтровыя рыбiны можна было хапаць рукамi, бiць палкамi, лавiць драцянымi сiлкамi. I лавiлi, i бiлi. Варылi ў салдацкiх кацялках, елi. Але найболей палявалi за чырвонай iкрой, якую можна было назапасiць вёдрамi. Ды нiхто не запасiў, усё рабiлася на адзiн дзень. Выпатрашаныя рыбiны ўсё лета валялiся i гнiлi ў траве ўздоўж астраўных рэчак. Гэткую сытуацыю я назiраў у першае лета майго знаходжаньня на Кунашыры. А як праз тры гады ад’яжджаў, рыбы ня стала. Зьнiклi i кета, i гарбуша. Вылавiлi, паелi, пакiдалi. Зімой рыбацкай насалодай была лоўля корушкі. Пад вясну, як лёд у затоцы браўся трэшчынамі, у тыя шчыліны лезьлі маленькія рыбкі, якіх ня трэба было нічым прынаджваць. Рыбакі проста рабілі кручкі з дроту і, устаўляючы іх у трэшчыны, тузалі рыбу на лёд. За гадзіну яе можна было нарыхтаваць вядро. Смажаная, яна была смачнейшая за ўсю марскую і акіянскую рыбу. Шкада, лавіць яе ў мяне не было часу, і я толькі назіраў за тым, седзячы ў сваім НП на абрыве. Чытаў на Курылах мала, хіба газэты, якія прывозілі раз у месяц. А зімой, як сканчалася навігацыя, наогул нічога не прывозілі. Нават алкаголю. Па радыё ніколі нічога не было чуваць. Заходнія радыёстанцыі спрэс глушылі. Непадалёк ад маёй батарэі ля пасёлку Галаўніно тырчэлі антэны радыёперахопу, дзе круглыя суткі дзяжурылі афіцэры КДБ. З таго, што трапіла на востраў, добрае ўражаньне на мяне зрабіла аповесьць Э. Казакевіча51 «Двое в степи». Гэта была новая старонка праўды пра нядаўнюю вайну, і дужа прыкра было чытаць, як неўзабаве яе пачалі граміць у літаратурнай і партыйнай прэсе. Таксама як і артыкул Памеранцава52 «Об искренности в литературе». Гэты артыкул мне дужа спадабаўся, але прачытаўшы крытыку на яго, я зразумеў, што з праўдзівай літаратурай трэба пачакаць. Традыцыі літаратурнага пагрому, распачатыя пасьля вайны з Ахматавай53 і Зошчанкі54, мабыць, ня хутка скончацца. Так думаў я тады, і, паслаўшы тры апавяданьні М. Лынькову, болей нічога не пісаў. Не было ахвоты. Зiмой, якраз на дзень Савецкай армii, у мяне нарадзiўся сынок Сярожка. Быць яму генэралам, жартавалi сябры, маючы на ўвазе знакамiтую дату нараджэньня. Генэралам ня стаў, але добра, што выжыў у тае халадэчы, каля жалезнай печкi, да якой нiколi не хапала дроў. Вiдаць, змалку загартаваўся ў японскiм клiмаце. Жонка рабiла ў школе, а ён, падросшы, выхоўваўся ў кампанii ката – вялiзнага пухнатага стварэньня, прыязнасьць якога да малога стала выклiкаць непакой. Кот ратаваў яго ад сьцюжы, але мог незнарок i прыдушыць, такi быў вялiкi. Я спрабаваў ад яго пазбавiцца, ды марна. У канцы восенi прыйшоў загад: адправiцца на Сахалiн для вучобы. Жонка i сын з катом заставалiся на Кунашыры.
|