24. НАСТУП ПА ВЕНГРЫІ 16 сакавiка магутным выбухам на сьвiтаньнi (гэта немцы ўзарвалi ўсё тую ж пераправу пад Шаманторнiяй) пачаўся iхнi адыход i нашае наступленьне на захад. Наступалi па тых жа мясьцiнах, дзе месяц таму абаранялiся, дзе наш полк разграмiлi нямецкiя танкi. Як праяжджалi каля маёй агнявой пазыцыi, дзе гарэлi ракеты, спынiлiся, i камандзiр палку загадаў завярнуць убок, на старыя пазыцыi разгромленых батарэяў, забраць уцалелыя снарады. Мы адчапiлi гармату i на «студэбэкеры» паехалi недалёка ад дарогi ў поле. На падножку машыны да нас ускочыў капiтан-сьмершавец, i я з пэўнай трывогай падумаў: навошта? Пазыцыi ўзводу Беражнога былi крайнiя, мы адразу ўбачылi яго разьбiтую гармату, разварочаны гусенiцамi ровiк, некалькi трупаў салдатаў i яго самога – на броўцы ровiку з раскiнутымi рукамi. Дзяга зь яго была зьнятая, пiсталета не было ўжо, з гiмнасьцёркi хтосьцi зьвiнцiў ордэн Чырвонага сьцягу. Залiтая крывёй гiмнасьцёрка ссохлася. Скрынкi са снарадамi былi ўсе побач, але гармата... У вогуле яна была цэлая, толькi ствол – пялёсткамi ўбакi. Значыць, узарваная. Гэта было вельмi кепска. Гляджу на капiтана, а той падышоў, пруцiкам пастукаў па ствале i кажа, пазiраючы нам у вочы: «Глядзi, гэта ж трэба было, так трапiць. Трапiць у самы ствол!» – кажа так, каб усе пачулi. I салдаты каб учулi, i я таксама. Я паглядзеў на яго i крыху зьдзiвiўся, а пасьля зразумеў, што капiтан гэта – знарок. Бо сам ён артылерыст (ва ўсякiм разе такiя эмблемы насiў) i ў гэткiх справах павiнны быў разьбiрацца. Канешне, падарваў не Беражны, ён ужо забiты, значыць, хтосьцi з жывых. То ўжо была падсудная, трыбунальная справа, i с ь м е р ш мог яе раскруцiць. А ён даў нам знак, што лiчыць гармату разьбiтай з нямецкага танку. I праўда, болей размоў аб тым не было. Забралi некалькi скрынак снарадаў. Забiтых не ўзялi, iх павiнны былi пахаваць тылавiкi, мы сьпяшалiся, бо немцы адступалi. ...Ноч некуды ехалi, ехалi – па нейкiх мокрых i гразкiх прасёлках, па полi, пад ранак прыехалi на ўскраiну сяла, паставiлi гарматы абапал сьцiрты. Чутно, як непадалёк адбываўся якiсьцi рух – гырчэлi маторы, штосьцi гуло, шархацела, часам чулiся прыглушаныя галасы. Iшлi калёны. Немцы ад Будапешту прарывалiся на захад. Як стала трошкi сьвiтаць, убачылi зводдаль тое, што чулi ў цемры. Iшоў суцэльны паток войска: аўтамабiлi, танкi, пяхота. Зараз жа адкрылi агонь. Страляць было проста, бо блiзка. Адразу там запалала некалькi аўтамабiляў, з танкаў па нашай ускраiне зрабiлi некалькi непрыцэльных стрэлаў. А мой наводчык Расцалуеў меў вострае вока i трапна ўзяў iх на прыцэл. З другога стрэлу загарэўся танк. Калёна амаль спынiлася, заднiя пачалi напiраць на пярэднiх, пярэднiя гарэлi. Пяхота ў панiцы кiнулася ў поле, i мы расстрэльвалi яе асколачнымi. Пасьля, як усё скончылася, нешматлiкiя машыны ўцяклi, а пяхота разьбеглася, мы пайшлi паглядзець, што нарабiлi. Жудасна было тое бачыць... Такога разгрому я ня бачыў зь вясны сорак чацьвёртага, як на дарозе пад Уманьню нашыя танкiсты разграмiлi нямецкую штабную калёну. Гэта быў цi не апошнi бой на венгерскай зямлi, за восень, зiму i вясну багата палiтай нашай крывёю... Да аўстрыйскай мяжы рухалiся ўвогуле ўдала, зь нядоўгiмi сутычкамi. А на мяжы ўсё спынiлася, немцы сталi ў абарону. У перадгор’i Альпаў – шырачэзная далiна, якую немцы перакрылi агнём i нас туды не пушчаюць. Нямецкiя танкi здаля б’юць па адзiнай на схiле дарозе. Пяхота, артылерыя – усё ў нас спынiлася. Ды хутка з’явiўся нейкi генэрал у камбiнезоне, але з генэральскай фуражкай на галаве, i якраз налез на нашую батарэю. «А вы чаго тут тарчыцё? А ну ўпярод!» I пагнаў батарэю па адхоне ўнiз, туды, дзе немцы. «Студэбекеры» з гарматамi неяк праскочылi, i мы хуценька за кусьцiкамi пачалi акопвацца. Iншых, што ехалi за намi, немцы не пусьцiлi, спалiлi некалькi машынаў, i болей нiхто празь iх агонь не праскочыў. Пра тое, што мы на праглядзе ў сваiх, мы не клапацiлiся. А на вайне як бывае? Розных часьцей зашмат, нашыя ў палку, скажам, ведаюць, дзе iхнiя астатнiя, а iншыя могуць i ня ведаць. I нейкiя мiнамётчыкi, якiх спрытны генэрал змусiў хутчэй адкрыць агонь, агонь i адкрылi. Па нас, канешне. Толькi я з салдатам выкапалi ровiк па калена, як тыя пачалi смалiць. Мiны кучна клалiся якраз абапал. I, вiдаць, накрылi б, калi б не найшла вясновая хмарка i не палiў дождж. (Зрэшты, у вайну, калi пачыналася арткалатнеча, заўсёды пачынаўся i дождж. Iншы раз ён i не спыняўся, бо не спынялася арткалатнеча.) Як толькi дождж хлынуў, я выскачыў з ровiку[:] давайце за машынай i хутчэй адсюль. Але куды – наперадзе ж немцы? А хоць да чорта ў зубы... Трохi некуды ад’ехалi, за нейкiя кусьцiкi, ад якiх было блiжэй да немцаў, чым да сваiх, i тым уратавалiся. Пад носам у немцаў стала спакайней.
|