РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
27. БАЛГАРЫЯ. КАМСОРГ
        
27. БАЛГАРЫЯ. КАМСОРГ

        
        Па наплыўным мосьце цераз прыгажун Дунай пераехалi ў братнюю Балгарыю, дзе мне наканавана было пражыць год. Балгары спатыкалi нас, бы родных, бы вызвалiцеляў, якiх вечна любiлi. Варта было сысьцi з машыны, як цябе тут жа абкружалi сяляне: братушкi, братушкi, добра дошлi! Тут жа паяўлялася чарка або кварта, пiлi за Расею, за Балгарыю, за вечную дружбу. Здавалася, той дружбе ня скончыцца век. (Як праз 20 гадоў я зноў прыехаў у Сафiю, пачуў ад балгараў такi анекдот. Да дзеда Тодара ў вiнаграднiк прыбягаюць дзецi, радасна кажуць: дзед Тодар, дзед Тодар, рускiя на Месяц паляцелi! Дзед выпрастаўся. Што – усе? Слава табе, Гасподзь!) Дваццацi гадоў хапiла, каб ад векавой дружбы нiчога не засталося. Апроч хiба маляўнічых абдымкаў Брэжнева з Жыўкавым.
        А тады пачалося нуднае гарнiзоннае жыццё ў вайсковым гарадку на Плоўдзiўскай шашы ў Сафii. Як звычайна – пад’ём, зарадка, развод на заняткi, гарнiзонная служба, нарады. У горад да восені нiкога не пушчалi. Усе – салдаты i афiцэры, маладыя i старыя – тамiлiся на сьпякоце за калючым дротам вайсковага гарадку. Бальшыня афiцэраў, асаблiва маладых, пасьля вайны служыць не хацелi, хацелi дадому, дзе заставалiся родныя, якiх ня бачылi ўсю вайну. Уся наша радасьць была купiць пару бутэлек вермуту, што з таго боку прыносiлi да дроту, i выпiць. Таму пiлi – i афiцэры, i салдаты. Да восенi нiкога не дэмабiлiзавалi, таму ўсе разам – маладыя, 18-гадовыя, i старыя, да 50 гадоў, – вучылi вайсковыя статуты, будову матчасцi i палiтыку на рэгулярных палiтзанятках. Сьпярша нашыя адносiны да англа-амэрыканскiх саюзьнiкаў былi ляяльныя, усё ж мы памяталi, хто нам памагаў у вайну, чыю мы елi тушонку, на чыiх аўтамабiлях езьдзiлi. Але затым раптам, бы па камандзе (канешне, па камандзе, як у нас усё робiцца) тыя адносiны зьмянiлiся, i мы пачулi ад нашых камандзiраў ды палiтрукоў, што найпершыя цяпер нашыя ворагi [–] гэта Амэрыка з Англiяй. Таму трэба пiльнасьць i пiльнасьць! Не паддавацца на правакацыi i мацаваць боегатоўнасьць.
        Увосень салдатаў некалькiх узростаў (да 1924 году нараджэньня ўключна) дэмабiлiзавалi, афiцэраў пакiнулi. Я напiсаў некалькi рапартаў аб дэмабiлiзацыi, нiводнаму зь iх не далi хады. Служы, прафэсiя афiцэра ў нас прэстыжная, быў адказ. Я не хацеў служыць нават у блаславёнай краiне Балгарыi, я хацеў дамоў, у бедную маю Беларусь, хацеў вучыцца. У партыю на фронце я не ўступiў, хапiла мне камсамолу, якi таксама нямала дапёк. Цi не заўсёды я быў камсоргам батарэi, дзе клопату было няшмат, але цяганiны хапала. Найперш сходы, паперы, баявыя лiсткi... А галоўнае – на кожны тыдзень, месяц, квартал – пляны мерапрыемстваў, дзеля блiзiру, бо нiхто iх выконваць i не зьбiраўся. Але за тым сачылi нампалiты, у якiх iншых абавязкаў i не было. Надакучыў мне камсамол. Але неяк паклiкаў нампалiт камандзiра палку, кажа: «Быкаў, а калi мы выберам цябе камсоргам палку? Пасада вызваленая, пойдзеш на самастойную работу, на заняткi хадзiць ня трэба. Ты афiцэр граматны, вучылiшча скончыў, думаю, справiшся...». Камсамол мне абрыдзеў, але i заняткi штодзень у сьпёку i непагадзь – таксама ня мёд, i я пагадзiўся. На чарговым сходзе быў аднагалосна абраны камсоргам. Яшчэ празь нейкi час той жа нампалiт кажа: «Камсорг палку павiнны быць членам партыi, таму трэба табе ўступiць. Я дам рэкамэндацыю». Toe ўжо было горш, я ведаў, што членства ў партыi – гэта рабства душы, што я перастану належаць сабе, а галоўнае – тады бывай дэмабiлiзацыя i ўсе мае мары.
        Але жыцьцё цi лёс распарадзiлiся iнакш. Не паводле нампалiта маёра Цквiтарыя, нi паводле майго жаданьня.
        Увосень нас пачалi пушчаць у горад – у вольны ад службы час, i афiцэры, бы застаялыя ў загарадках конi, рынулiся на гарадзкую волю. У слаўную, стаўшую ўжо мiлай нашаму сэрцу Сафiю. На плошчы Народнага сходу, якраз насупраць помнiка цару-вызвалiцелю ўлады зрабiлi Дом афiцэраў, вядома ж, з рэстаранам, у якiм можна было найперш выпiць i закусiць. Канешне, такi выпадак грэх было ўпусьцiць, i мы яго не ўпускалi. Абы былi грошы. З грашыма часам здаралася напруга. Заробак узводнага быў невялiкi, да таго ж шмат у каго былi адасланыя грашовыя атэстаты родным i блiзкiм. Я таксама паслаў атэстат сваiм на 600 рублёў, прыкладна столькi ж атрымлiваў на рукi. Аднойчы, памятаю, у суботу добра выпiлi ў рэстаране (кампанiя чалавек шэсьць), але не хапiла. I вiна, i грошай. Тады Лёшка Рыжкоў i кажа: «Быкаў, ты ж, здаецца, зьбiраў камсамольскiя ўзносы, дзе яны?». У сэйфе, кажу. «Дык што ж яны ляжаць у сэйфе, марнуюцца. Грошы павiнны працаваць. Давай, а ў панядзелак палучка, усё вернем». Эх, Лёшка, якi ты разумны, мабыць, падумаў тады не адзiн я. Паехаў, забраў з сэйфа што там было, i слаўна мы дагулялi той дзень у рэстаране насупраць цара-вызвалiцеля.
        Здарылася, аднак, што ў панядзелак палучка не адбылася – з банку грошай не далi. Toe было горш, але я маўчаў. Трошкi зьдзiвiўся, праўда, калi пасьля заняткаў мяне паклiкаў – i не абы-хто, а сам начальнiк палiтаддзелу брыгады, якi наўрад цi калi мяне i бачыў. (Зрэшты, як i я яго.) Размова пачалася ветлiва: ну як працуецца, якiя пляны? А пасьля, нiбы мiж iншым – узносы сабраў? Сабраў, кажу. I што – здаў iх у фiнаддзел? Не, яшчэ не, сказаў я, i ўсярэдзiне ў мяне нешта апала. А дзе яны, грошы? – пытаецца палкоўнiк. У сэйфе, кажу. А ну – прынясiце...
        Я ўстаў i сеў. Усё было зразумела. Хтось стукнуў, i я прапаў. Ну не зусiм, але халяўская мая палiткар’ера ляснулася ў самым пачатку. Праз два днi вярнуўся на батарэю, i мой камбат Ахрын пакпiў: «Ну што, ня выйшаў зь цябе палiтрук! Я ж гаварыў». А нампалiт маёр Цквiтарыя сказаў, што пасьля такога ўчынку мне ня месца ня толькi ў партыi, але i ў камсамоле. На днях зьбярэм сход i выключым. Я са злосьцi напiўся i, вярнуўшыся з рэстарану, кiнуў у грубку свой камсамольскi бiлет. (З таго часу i на ўсё жыцьцё – беспартыйны.) Назаўтра напiсаў новы рапарт аб дэмабiлiзацыi.
        Колькi тыдняў пасьля хадзiў, бы ашаломлены, i ламаў сабе галаву: хто? Хто данёс? Toe мог зрабiць толькi нехта з шасьцi, што былi ў застольлi. Нават зь пяцi. Але ж усе былi браты па зброi, аднагодкi, сябры. Каго было падазраваць у самым, можа быць, гнюсным? Сярод шасьцёх два былi членамi партыi – цi не яны? Цi, можа, хто з камсамольцаў? Або зусiм беспартыйны Лёшка, якi ўсё i справакаваў?
        Таго, аднак, я не дазнаўся нiколi. Як i ў шмат якiх iншых выпадках.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.