РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
30. ВОДПУСК
        
30. ВОДПУСК

        
        У лютым нечакана-неспадзявана далi водпуск, i я рыну ўся на радзiму. Ехаць давялося праз Крывы Рог, Харкаў, Гомель. На вакзалах пры перасадках было жахлiва – натоўпы людзей, вайскоўцаў i цывiльных, старых, жанок i дзяцей, чэргi i штурханiна... Неяк дабраўся з чамаданам да Падсьвiльля, дзе, ведаў, працуе ў бухгалтэрыi сястра Валя, пабудзiў яе ўначы, – вядома ж, на канцылярскiх сталах, дзе яна начавала зь сяброўкай. Ранiцай разам выправiлiся па сьнегавой дарозе празь лес у Кублiчы. Па дарозе сястра расказвала сваю крыўду, як пасьля нямецкага палону яе паслалi ва Усходнюю Прусiю – па каровы для калгасу. Месяц цi болей гналi вялiзны статак, даiлi i пасьвiлi па дарозе, баранiлi i даглядалi, самi заўсёды галодныя i халодныя. Але мусiлi трываць, бо абяцалi, як прыгоняць, даць карову, – нашую Акулярку ў 43-м зьелi партызаны, – i сястрычка трывала. Але як прыгналi, аказалася, што каровы патрэбныя для разьвiцьця калгаснай жывёлагадоўлi, i ганшчыцы засталiся з носам.
        Дома радасна было, што ўсе жывыя, хата таксама цэлая, не спалiлi. Але хлеба няма, ашчаджалi крышку насеннай бульбы, а болей нi малака, нi мяса. Не засталося нават курэй, якiя некалi да вайны былi галоўнымi пастаўшчыкамi жабрацкага бюджэту. Увечары прыйшлi вяскоўцы, нядаўнiя партызаны, распавядалi, як перажылi вайну. Колькi зьведалi гора i крыўд! Ад немцаў, партызанаў, народнiкаў... У тым лiку i ад некаторых мясцовых, асаблiва з тых, якiя да вайны актыўнiчалi з Саветамi i ў вайну не прамiнулi ўслужыць акупантам. Але што ж, каму не хацелася жыць? Як таму ранейшаму нашаму старшынi калгасу Ягору, што трапiў у палон. Палонных трымалi ў лягеры пад Лепелем, мясцовых пушчалi дадому. Жонка пайшла па яго, ды Ягор не паслухаўся, дамоў не пайшоў. Кажа, дома адразу данясуць, што камунiст, i стрэльнуць. А тут мяне мала хто ведае, можа, перажыву вайну. Не перажыў вайну наш старшыня Ягор, загнуўся ў тым лягеры.
        З маiх сяброў-школьнiкаў амаль не засталося нiкога – хто прапаў у партызанах, хто ў палiцыi (змабiлiзавалi на пачатку акупацыi), хто быў забiты на фронце пасьля вызваленьня. Некаторыя з маладых, ня трапiўшы пад дэмабiлiзацыю, прадаўжалi служыць. Iншыя прайшлi ўсе колы пекла – мабiлiзацыю ў 41-м, палон i канцлягеры, пасьля – вызваленьне, фронт i зноў лягеры – на гэты раз у iншым боку, на поўначы i ў Сiбiры.
        Зьезьдзiў у раённы цэнтар Вушачу – трэба ж было стаць на ўлiк у ваенкамаце. Туды трохi пад’ехаў, а назад iшоў пешшу ўначы. Ледзьве дайшоў, не замёрз. Бо выпiў у колiшняга сябра Мiшы. Гэты, як i той мой саратавец, яшчэ ў войску пашчыраваў наконт пасьляваеннай кар’еры i цяпер рабiў у райкаме партыi. Але ён быў старэйшы за мяне, болей вопытны, а галоўнае – абачлiвы. Toe было вiдаць яшчэ змалку, калi, атрымаўшы раённую газэту, ён пачынаў яе чытаць зь перадавiцы. Я ж прывык заўсёды чытаць з канца, з чацьвёртай старонкi, дзе друкавалiся зьвесткi з-за рубяжу. Перадоўку пакiдаў без увагi.
        Мой прыезд на радзiму празь сем гадоў небыцьця, вядома ж, ня мог абысьцiся без увагi мясцовага НКВД. Пачалi наведвацца тутэйшыя сэксоты, якiх дужа цiкавiла, дзе я быў у вайну? (Цi ня быў у пляну?) Адна дык сказала: «А я цябе бачыла, як тут немцы былi». Дзе ты мяне бачыла? «Ня памятаю дзе, але, здаецца, бачыла. У такой пiлотачцы...» Мабыць, былi такiя, якiм трэба было нешта ўтойваць, i такiя, каб iх выкрываць. Мая ж вайна, хоць i была далёка адсюль, але ўся – пры сьведках. У палоне я ня быў, на акупаванай тэрыторыi не пражываў. Горш давялося сябру Колю, якi цi ня ўсю вайну прабыў у Заксэнхаўзэне, працаваў на капальнях у Аўстрыi, а пасьля яшчэ i паваяваў на фронце. Дэмабiлiзаваўшыся, ён не паехаў дамоў, а скiраваў у Рыгу, дзе жыве i дасюль. У спакоi, дабрабыце i безь вялiкiх праблемаў.
        Бацька спытаўся пра мае пляны – як далей? Сказаў, што хачу дэмабiлiзавацца i прыехаць дахаты, у Беларусь. А ён кажа: цi трэба? Усё ж там, у войску, хоць трудна, ды кормяць. А тут даямо бульбачку i – голад. Як да вайны. Цяпер на сваёй палосцы не пасееш – ня тое, што ў вайну. Ужо зааралi i межы...
        
        Ехаў назад у Мiкалаеў з балючым адчуваньнем расчараваньня, вострым усьведамленьнем таго, што на радзiме не знайшоў гаючага заспакаеньня душы, да якога iмкнуўся ў свае 22 гады. Няўтульным здаваўся навакольны сьвет – непрыдатны для шчасьця ў вайну, малапрыдатны i ў мiры. Зусiм ня гэткiм ён бачыўся ў дзень, калi скончылася вайна. Мiр дужа хутка ткнуў мяне пысай у сьмярдзючую калдобiну жыцьця. Як было зь яе выбрацца?
        Адчуваньне пагаршалася яшчэ i тым, што там, у Мiкалаеве, была ў мяне дзяўчына, зь якой я меў жаданьне пабрацца. Там яна мела кватэру, радню, усе працавалi на суднабудаўнiчым заводзе, казалi, што, дэмабiлiзаваўшыся, i я мог бы ўладкавацца ля iх. Але менавiта таго я i не хацеў, бо хацеў дамоў, на Беларусь. Ды, як паглядзеў, – куды б я яе ўзяў на Беларусi? I намер мой пакрысе ачах, нiбы прысак у затухлым вогнiшчы.
        Апанураны i зьбянтэжаны вярнуўся ў Мiкалаеў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.