РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
16. БАРСУЧЭНЬ
        
16. БАРСУЧЭНЬ

        
        Вясной баi скрозь прыцiхлi, фронт стаў у абарону. Пасьля таго, як мы ня надта ўдала аддзяжурылi на ПНП, мяне выклiкаюць у штаб палку i ставяць новую задачу: з групай салдатаў (12 чалавек) паехаць у прыфрантавую вёску Барсучэнь i заўтра ж выселiць зь яе ўсё насельнiцтва. Сяляне могуць з сабой узяць тое, што ўлезе на воз. Другi раз нельга. Зразумела? Iспалняйце...
        Пайшоў з салдатамi шукаць тыя Барсучэнi. Аказалася, за пагорачкам, кiлямэтрА праз паўтаpa ад перадавой. Знайшоў старшыню сельсавету, растлумачыў задачу. Памочнiкам у мяне быў старшына Ганчарэнка, былы бухгалтар з-пад Вiньнiцы. Сяляне асаблiва не пярэчылi, – трэба дык трэба: вайна ж. Хто ведае, што тут задумалi гэтыя рускiя разам зь немцамi, якiя за бугром? Пагрузiлi на свае куруцы дзяцей, пасьцелi, паклалi колькi мяхоў кукурузы i паехалi, як было загадана, на пятнаццаць кiлямэтраў у тыл. Мы таксама, як было загадана, у абодвух канцах вулiцы збудавалi з жэрдак шлягбаўмы, паставiлi вартавых. Выбраўшы лепшую хату, я вугалем напiсаў на белай сьцяне «камэндатура».
        Пачалася новая, тылавая служба ў да часу абязьлюдзелай вёсцы. Галоўны сэнс тае службы, як пасьля зразумеў, палягаў у тым, каб ня даць сялянам карыстацца ўласным харчам, бо той харч канфiскоўваўся дзеля патрэбаў фронту. Неўзабаве ў сяло прыехалi нейкiя тылавыя часьцi, штаб армейскага iнжынэрнага батальёну, яшчэ нехта. Пачалi гаспадарыць, грузiць на машыны ўсё, што засталося з прадуктаў, – галоўным чынам кукурузу, збожжа, муку. У Малдавii на гэты конт – ня тое, што на Украiне, правiзii хапала. У кожнай гаспадарцы быў хлеб, нават белы, быў сыр, сушаныя фрукты, алей, малако. Калгасы малдаванаў абрабаваць не пасьпелi, цяпер законна рабавалi войскi, якiм з тылу перасталi вазiць правiзiю. Увесь вайсковы транспарт быў заняты падвозам боепрыпасаў – рыхтаваўся «бросок на Балканы». Высялялася шырачэзная 15-кiлямэтровая паласа па ўсёй Малдавii. Але ж заставалася вiно, якое таксама было ў кожнага гаспадара, i яго нельга было ўзяць на адну фурманку. Вiно закопвалi. Ды наiўныя былi тыя малдаване – хiба ад савецкага салдата можна было штосьцi схаваць? Тым болей вiно? У кожнага салдата пры вiнтоўцы быў шомпал, якi выдатна выконваў ролю «вiнашукальнiка». Празь якiх дзён дзесяць раскапалi i выпiлi ўсё. Часам мiж п’янымi салдатамi ўзьнiкалi бойкi i нават перастрэлкi, за вiно i за хаты таксама. Гэта калi адны часьцi яшчэ ня зьехалi, а iншыя прыехалi i патрабуюць жытла. Часта прыяжджала палкавое начальства – пракантраляваць i выпiць таксама, пакуль яшчэ было што.
        Пад камэндатуру я займаў хату псаломшчыка, дзе засталося трохi старых расейскiх кнiжак. I я там чытаў «Так сказаў Заратустра»32 i яшчэ нешта з антычных аўтараў, вядома, у перакладзе на расейскую. Хоць i вайна, але цягнула да ведаў, да культуры, якiх не дабралася за мiрным часам.
        Было пагоднае лета, стаялi цёплыя паўднёвыя ночы. I да мяне прыходзiла адна сястрычка зь iнжынэрнага батальёну, якую я частаваў грэцкiмi арэхамi i малдаўскiм вiном. I мы падоўгу гутарылi пра лiтаратуру, мастацтва. Яна распавядала пра сваё даваеннае жыцьцё ў зялёнай украiнскай Зьвянiгарадцы, адкуль была родам. Гэтай парой мне споўнiлася дваццаць гадоў, яшчэ я ня ведаў жанчыны i дужа ашчадна адносiўся да нечаканага пяшчотнага пачуцьця. Тым болей першага i гэткага нечаканага. Але неяк прыйшоў незнаёмы лейтэнант, з выгляду старэйшы за мяне, i прадставiўся: «Уполномоченный контрразведкой с м е р ш. Слышали, что такое с м е р ш?» Так, я штонiшто чуў пра той яго сьмерш, але што яму трэба? А яму трэба дазнацца пра нашыя адносiны з чырвонаармейцам Лужковай. Бо гэта – справа бясьпекi. А я, дурань, думаў, што гэта асабiстая справа... Але ўсё ж нарэшце аказалася, што асабiстая, бо, як пасьля паведамiла мне чырвонаармеец Лужкова, той сьмершавец меў на мэце яе перш за ўсё як дзяўчыну. Празь якiх-небудзь дзён дзесяць iнжынэрны баталь ён зьехаў на iншы ўчастак, i пачалося ў мяне пакутнае, ледзьве не штодзённае лiставаньне. Здавалася, увесь сэнс жыцьця залежаў ад таго, як хутка будзе ад яе лiст. Але правiльна зазначана кiмсьцi, што каханьне – казачка з заўсёды сумным канцом.
        Крыху пазьней i ў iншай вёсцы мяне хацелi судзiць. Ужо завялi справу, прыяжджаў сьледчы з вайсковай пракуратуры. Здарылася так, што мае салдаты ўлезьлi ў царкву. З рэлiгiяй жа, вядома, як у нас абыходзiлiся: то зь ёй змагалiся на зьнiшчэньне, то часам адпускалi пятлю на царкоўнай шыi. У вайну якраз адпусьцiлi, а салдаты таго не ўлiчылi, i я разам зь iмi. Салдаты зламалi замок i ўлезьлi ў царкву паглядзець на выявы сьвятых, а болей – за паперай. Там былi царкоўныя кнiгi i ў iх чыстыя старонкi, якiя выдзiралi на лiсты да бацькоў i жонак: нiякай жа паперы нам не давалi. Курцоў выручалi франтавыя газэты, якiя надта цанiлiся з тае прычыны, але ж на газэтах лiста не напiшаш. Дык вось папы паскардзiлiся палiтрукам, а тыя – у пракуратуру. I мяне абвiнавацiлi, што не ўпiльнаваў царкву. Я кажу: а мы яе i не пiльнавалi, мы атэiстыя. Тым горш, кажуць, будзеце адказваць.
        Паводле той жа царкоўнай справы з ЦК кампартыi Малдавii прыехаў цывiльны чалавек, ён таксама рабiў дазнаньне. А ў час, вольны ад сьледчых спраў, захацеў выпiць. Ды ў сяле выпiць ужо не было чаго, i мы паехалi зь iм на недалёкi хутар. Зьлезьлi з фурманкi, iдзём праз жыта па сьцежцы, размаўляем. I раптам ад хутара – стрэлы. Мой госьць хапаецца за карабiн, ды тут жа асядае – па твары паўзе долу вока, шчака аблiваецца крывёю. А на хутарскiм падворку лаецца наш салдат зь вiнтоўкай у руках. Два салдаты, што былi з намi, кiнулiся туды, я – да госьця. Хутчэй на фурманку i – у шпiталь. Па дарозе дамаўляемся сказаць, што нас абстралялi немцы. Прыехаўшы дадому, я так i даклаў начальству. Але назаўтра прыехаў капiтан Травiн, якому я быў падпарадкаваны, i вылаяў мяне за ашуканства. Ён ужо ведаў, як усё адбылося ў сапраўднасьцi. Але адкуль? «Адтуль!» – злосна сказаў стары i вопытны старшына Ганчарэнка. То быў для мяне першы ўрок такога кшталту – урок, якi, аднак, я кепска засвоiў. Ня ведаю, чым бы ўсё скончылася, калi б неўзабаве не пачаўся вялiкi наступ, стала не да царквы, не да п’янага салдата, якi паранiў цывiльнага.
        Якраз перад наступам атрымаў першы лiст ад бацькоў – гэта пасьля трох гадоў абсалютнага бязьвесьця. Парадаваўся, што ўсе жывыя, хата ня спаленая. Сястру Валю вывозiлi ў Нямеччыну, але яна была вёрткаю, мая сястрыца, i ўцякла з-пад канвою. Яны таксама нiчога ня ведалi пра мяне i парадавалiся з майго лiста – што жывы. Бо за тыдзень да майго лiста атрымалi «пахаронку», гэта праз тыя баi, пад Кiраваградам. (Зрэшты, тая «пахаронка» яшчэ мела для мяне малапрыемны працяг праз шмат гадоў пасьля вайны.)
        Пасьля вайны сястра распавяла пра тую сваю «вёрткасьць». Вясной 44-га году яна разам зь некаторымi вясковымi дзяўчатамi ўцякла з «акопаў», якiя капалi для нямецкай абароны. Але немцы прыехалi ў вёску i пачалi хапаць маладых для адпраўкi ў Нямеччыну. Шмат якiх дзяўчат пахапалi i вядуць у Чарапоўшчыну. А сястру не знайшлi, тая пад той час схавалася ў лазовым кусьце за сажалкай. I тады яе стрыечная сястра, што ўжо iшла пад канвоем, з зайздрасьцi кажа канваiру: «А вы паглядзiце там у кусьце». Так яны апаролi Валю i таксама паставiлi ў калёну.
        Праз колькi дзён пешага, пад канвоем, падарожжа, скарыстаўшы здатны момант (бамбоўкi цi што), падканвойныя пачалi разьбягацца. Канваiры, страляючы, – за iмi. Валя прысела ў жыце, аж бачыць: на яе iдзе канваiр-немец. Ён згледзеў сястру, але зрабiў выгляд, што не заўважыў, прайшоў поруч. Так сястра ўратавалася i праз колькi дзён дабралася дахаты.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.