РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
8. УКРАІНА. ВАЙНА. БЕЛГАРАД
        
8. УКРАІНА. ВАЙНА. БЕЛГАРАД

        
        Пагодным чэрвеньскiм ранкам мы прыяжджалi на Украiну... Белыя мазанкi, таполi, нечуваная мова на станцыях, гогалеўскiя асацыяцыi пераносяць мяне ў iншы сьвет, рамантычны i казачны. Ня думалася тады, што гэтак шмат драматычнага i трагiчнага будзе зьвязана ў мяне з гэтай краiнай.
        Не пасьпеў агледзецца, як сьлед пазнаць горад i нават адшукаць дзядзьку, як выбухнула вайна.
        Прызнацца, тое маладых сьпярша i ня надта палохала. Была ж толькi нядаўна фiнская вайна, перад тым – вызвольны паход у Заходнюю Беларусь, усё сканчалася трыюмфам перамог. Пераможам i тут. Тым болей, калi намi кiруе непераможны таварыш Сталiн. Але пакрысе рабiлася сумна, а затым i страшнавата. Хацелася дамоў, блiжэй да родных мясьцiнаў. Ды не было як. Калi нямецкi вермахт захапiў Менск i Гомель, падступiў пад Кiеў, нас змабiлiзавалi цераз ваенкамат. Сьпярша на абаронныя работы. Можа, месяц капалi даўжэзны i глыбокi супрацьтанкавы роў, здаецца, пад Пiрагоўкай, якi затым кiнулi, бо немцы ўжо замыкалi сваё акружэньне Кiеўскага катла...
        Пачынаецца эвакуацыя. Тысячныя калёны 17–18-гадовых юнакоў пацягнулiся пыльнымі дарогамі на ўсход. Стаяла паўднёвая сьпёка. У сёлах i гарадках, дзе мы праходзiлi, нас праводзiлi жанчыны i дзяўчаты, давалi якую ежу, садавiну, махалi хусткамi. Некаторыя плакалi. Мы паводзiлi сябе вольна, жартавалi. Нас, жменьку беларусаў, нiхто не аплакваў, нашыя плакальшчыцы засталiся далёка. Але i ўкраiнкi нас шкадавалi i любiлi. На ўскраiне старажытнага Глухава адна чарнакосая ўкраiнка падбегла i пацалавала мяне – то быў першы хвалюючы дзявочы пацалунак у маiм жыцьцi. Начавалi звычайна ў гумнах, аборах, ужо апусьцелых школах. Хлопцы-ўкраiнцы дужа добра сьпявалi. Як нi былi стомленыя за дзень, у цемрыве летняй зорнай начы дзе-небудзь на краi сяла доўга гучала самая любiмая i знаёмая «Распрагайтэ, хлопцi, конэй та лягайтэ спачывать, а я пiйду ў сад зэлэнiй та крынычэньку копать». Як разьвiднее – пад’ём i на сьпякотную дарогу, пакуль ня зьявяцца ў небе нямецкiя каршуны.
        Харчуемся, чым дзе прыйдзецца. Болей самапасам. Быў вялiкi ўраджай яблыкаў, гароднiны. Забягаем у прыдарожныя крамы, у якiх, аднак, амаль пуста. Усё расхапалi да нас. У Белгарадзе я спрабаваў купiць фруктовага чаю, якi можна было есьцi, ды загруз у натоўпе каля прылаўка. Праз тое адстаў ад калёны, а затым i згубiў яе. Пакуль бегаў па забiтых войскамi вулiцах, настала ноч. Стомлены зайшоў у паўразбураную бомбай хацiну i заснуў. Пабудзiлi камэнданцкiя патрулi. Адвялi ў камэндатуру. Там уначы допыт – хто такi, чаму адстаў, зь якой мэтай? Абшукалi, адабралi дакументы. Знайшлi ў маёй валiзцы карту – выдраны з падручнiка аркушык, на якiм я, грамацей, адзначаў, як рухаецца фронт. Той аркушык мяне ледзь не загубiў. Лейтэнант у сiняй фуражцы, што дапытваў мяне, пасьля першых жа словаў выцяў у адно вуха, затым зь iншай рукi – у другое: «Почему скрывался?» Я спрабаваў давесьцi, што адстаў ад каманды, што iду з Сумской вобласьцi. А мой сьледчы на тое адказваў: «Все так говорят, грубо работают ваши фашисты, по шаблону. Но мы выбьем из тебя признание, японский городовой!» Тую адмысловую лаянку я тады чуў упершыню i запомнiў на ўсё жыцьцё.
        Што праўда, болей мяне ня бiлi, яшчэ палаяўшыся, адвялi ў цесную камеру ў сутарэньнi. Тут было цёмна, адчувалася прысутнасьць людзей, i я прысеў каля ўваходу. Але неўзабаве прывялi i яшчэ некага, пасьвяцiўшы лiхтарыкам, мяне змусiлi перасесьцi далей. Я прысланiўся плячмi да сьцяны i, здаецца, задрамаў трохi.
        Як стала днець, прачнуўся. У камеры трохi пасьвятлела. Тут сядзела чалавек восем, я паўзiраўся ў маiх суседзяў. Адзiн ляжаў на баку, выцягшы даўгiя ногi ў высока накручаных абмотках. Другi сядзеў побач, на галаве ў яго была фуражка з зоркай над казырком. А яшчэ адзiн ляжаў ля мяне, ён быў у белай вышыванцы, з рукамi, закладзенымi назад. Я не адразу здагадаўся, што яны ў яго зьвязаныя, i незнарок памкнуўся iх разьвязаць. Але чалавек тузануўся i прастагнаў: «Не чапай, застрэляць». I я адвярнуўся.
        Дзiўна, што да паўдня з камэры нiкога не выводзiлi, а прывялi яшчэ трох. Усе тут маўчалi, толькi адзiн з прыведзеных пачаў плакаць, i на яго крыкнулi: «Сьцiхнi! Разьнюнi ўся...» Усе чагосьцi чакалi i слухалi, што адбываецца знадворку. А там сапраўды штось адбывалася, грукацелi машыны, чулiся крыкi камандаў цi што. Упаўдзён адбылася жахлiвая бамбардзiроўка гораду, усё скляпеньне трэслася, аж сыпалася са столi. Недзе паблiзу стралялi кулямёты, але зенiтак не было, як стрымана зазначыў мой сусед у абмотках.
        Пад вечар некалькi чалавек вывелi, болей не прывялi нiкога. У камеры павальнела, але знадворку цiшэй ня стала. Недзе, даволi блiзка, бахала артылерыя. Я зноў трохi задрамаў. А прачнуўся ад таго, што дыхнула сьвежым паветрам, у дзьвярах стаялi вайскоўцы ў плашчпалатках. Ботамi яны пабудзiлi тых, што былi блiжэй, i загадалi выйсьцi. Дужа хутка ў другiм канцы будынку пачулiся стрэлы. «Чатыры», – са страхам мовiў хтосьцi ў камеры. Твар майго суседа ў вышыванцы стаў зусiм белы, бы абсыпаны мукой. Дзьверы затым пачалi часта расчыняцца, падобна, пачалi выводзiць усiх, па чарзе. Недзе, ня так далёка, усчалася стралянiна, празь якую мы чулi некалькi блiзкiх стрэлаў. Чарговы раз прыйшлi два – малады ў сiняй фуражцы i сталы, вусаты чырвонаармеец зь вiнтоўкай. Гэты, вусаты, кiўнуў мне – на выхад, i я паслухмяна падняўся. Не памятаю, як выйшлi са склепу, цераз выбрукаваны двор завярнулi за вугал мураванага будынку на вытаптаныя грады агароду. I там пад старым дашчатым плотам я згледзеў у крапiве даўгiя ногi ў высока накручаных абмотках. I я не стрымаўся – сьлёзы самi ручаём палiлiся з вачэй. Чырвонаармеец прыпынiўся, бы зьдзiўлены маiм бязмоўным плачам, i раптам кажа: «Пацан, бяжы! Хутка!». I я рвануў цераз бульбоўнiк да блiзкай праломiны ў плоце, чакаючы, што ён зараз у мяне стрэлiць. Ён i сапраўды стрэлiў, але ўгару, як я зразумеў бегучы, хоць i не азiрнуўся нават.
        Я бег i за плотам, празь нейкiя агароды, пералез цераз драцяную загародку, абабег пахiлыя хлеўчукi, апынуўся ў аброслым дзядоўнiкам завулку. Добра, вайскоўцаў тут не было, толькi нейкая цётка зь вядром высунулася з-за вугла, я моўчкi яе абмiнуў i нарэшце выбраўся да чыгункi. Тут зьнiякавеў трохi, ня ведаючы, куды падацца – управа цi ўлева? Пайшоў улева, – каб ад вадакачкi, што блiзка высiлася над дахамi. Там неўзабаве спаткаў дзядзьку-чыгуначнiка, якi з мэталёвым чамаданчыкам у руках iшоў кудысь цi аднекуль. Я папытаўся, у якiм баку Харкаў, i дзядзька, паўзiраўшыся ў мяне, моўчкi махнуў рукой – там. Я i пайшоў па пуцях на захад. Па дарозе iсьцi было нельга, дарогi былi забiтыя войскамi, што адступалi, бежанцамi – пешымi i на вазах. Я шпарыў па чыгунцы, кiраваў у Валчанск – гарадок пад Харкавам, дзе, як дачуўся раней, фармавалiся запасныя часткi. Каманда, ад якой я адстаў, накiроўвалася менавiта туды. Але дзе быў той Валчанск? Цi сапраўды пад Харкавам, як паказаў мне чыгуначнiк? Болей папытацца не было ў каго. Ды я i баяўся пытацца. Увогуле тады мне пашэнцiла. Як збоч ад дарогi ў лесе знайшоў сваю каманду, тая ўжо строiлася для фармоўкi. Я вельмi ўзрадвваўся, пачуўся амаль шчасьлiвым. Але ж у мяне не было нiводнага дакументу, усё засталося ў Белгарадзкай камэндатуры. Добра, што камандзiры ня надта прыдзiралiся – не было часу, ды й хлопцы пацьвердзiлi: то наш. I я цi не ўпершыню адчуў радасную еднасьць калектыву, яго шчасьлiвую перавагу перад задушанай жыцьцём адзiнкай. Пра свае драматычныя прыгоды ў Белгарадзе доўга нiкому не распавядаў, пра дакументы пасьля пiсаў, што страчаныя падчас вайны. Бяз пэўных падрабязнасьцяў*.
        Нас сфармавалi ў новую каманду, далi нейкую б/у абмундзiроўку, але замест зброi – рыдлёўкi. Абвясьцiлi, што з гэтага дня мы – у складзе армейскага iнжынэрнага батальёну. Прыбыло нейкае начальства, i нас зноў павялi капаць траншэi на поўнач ад Харкава. Праз колькi дзён выдалi вiнтоўкi – па адной на дзесяць чалавек, i мы адчулi сябе байцамi непераможнай Чырвонай армii. Неўзабаве пачалася катавасiя. Падышоў фронт, пачасьцiлiся бамбёжкi. Прарывы нямецкiх групаў, паветраныя дэсанты, якiя належала адбiваць, але часьцей мы ад iх уцякалi. Аднойчы нас кiнулi на прыкрыцьцё нашай кавалерыйскай контратакi. Там я ўпершыню адчуў увесь жах гэтай вайны.
        Ноччу на ўскрайку кукурузнага поля мы выкапалi акопчыкi. Наперадзе – бураковая нiва, а за ёй вялiзнае ўкраiнскае сяло. Учора мы празь яго iшлi. А затым iшла кавалерыя – шмат кавалерыi. Дагэтуль бачу: запыленыя, стомленыя конi i людзi, вакол пыл, пыл... На Украiне ўлетку заўсёды пыл на дарогах. Кавалерысты, вiдаць, iшлi здалёку, удзень над iмi вiсела нямецкая авiяцыя, увесь час бамбiла. Навакольле ўсё гарыць... А яны ўзброеныя так: вiнтоўка за сьпiнай, шашка, процiгаз, перамётныя сумкi ля сёдлаў... Чамусь запомнiлiся конскiя процiгазы. На сядле сумка вялiкая, i ад яе iдзе тоўстая гафрыраваная трубка, бы кiшка, i маска, – надзяваецца каню, калi газавая атака, якiх, дарэчы, нiдзе на вайне не было. На сьвiтаньнi коньнiкi кiнулiся на сяло ў атаку, на нямецкiя танкi. Немцы падпусьцiлi iх даволi блiзка i з кулямётаў наладзiлi iм такое, што Божа мой! Празь якiх дзесяць хвiлiн усе адхлынулi назад. I вось бяжыць конь у пене, безь седака, а то сядок вiсiць зь сядла ўнiз галавой. Конь падае, б’ецца, зь ягонага бруха вывальваюцца вантробы ды яшчэ кiшка гэтая процiгазная цягнецца. Усё навакол пашкуматана кулямётнымi чэргамi. Хуценька мы адтуль драпанулi – усе, пешыя i коньнiкi – у лясок, атака захлябнулася, i болей яе не ўзнаўлялi. Танкi пайшлi далей.
        Потым яшчэ было нямала такога ж, бязладнага i дурнога. Мы будавалi для маршала Будзённага камандны пункт, на якiм Сямён Мiхайлавiч ледзьве ня трапiў у палон. Адыходзiлi на Стары i Новы Аскол... Недзе ўвосень, здаецца, у кастрычнiку, армiю нарэшце вывелi пад Варонеж, яна ўжо была небаяздольная, адны рэшткi.
        
        
        ––––––––––––––––––
        * З 22 чэрвеня да 10 кастрычніка 1941 году асобымі аддзелам і НКВД і заградатрадамі войскаў НКВД па ахове тылу затрымана 657 364 вайскоўцаў, што адсталі ад сваіх частак і ўцякалі з фронту. Асобымі аддзеламі арыштавана 25 878 чалавек, астатнія сфармаваны ў баявыя часткі і адпраўлены на фронт. Паводле пастаноў асобых аддзелаў і паводле прыгавора ў вайсковых трыбуналаў расстраляна 10 201 чалавек... (З даведкі намесьніка начальніка асобага аддзелу НКВД СССР Мільштэйна.) [Зноска аўтара.]

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.