РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
21. ПАДБІТЫ ТАНК. ДРУГОЕ РАНЕНЬНЕ
        
21. ПАДБІТЫ ТАНК. ДРУГОЕ РАНЕНЬНЕ

        
        Памятаю, мае саракапятчыкi адзiн танк падбiлi – якраз перад фальваркам, зь якога, дарэчы, нас толькi што выбiлi – i нас, i пяхоту. Як i належала ў такiм выпадку, трэба, каб пiсьмовае пацьверджаньне было ад камандзiра батальёну. Яшчэ ня скончыўся бой, рвуцца снарады, i я думаю: дажывём да вечара, тады i аформiм. А пад вечар наляцелi «мэсэршмiты», пачалi пiкiраваць з равунамi, выбiлi нас i адсюль. I мы драпалi сьледам за пяхотай, кацiлi па полi нашу саракапятку. Пакуль ня ўперлiся ў каналы. Вось так: наперадзе канал i збоку канал. Каналы не шырокiя, пяхота перабралася на той бок i на ўзьлеску заняла пазыцыi. А нам як перабрацца? Нам цераз каналы перабрацца немагчыма. I вось мы гармату паставiлi на броўцы i ляжым, чакаем. Калi танкi пойдуць, дык нам будзе хана. Але якраз сьцямнела, i яны не пайшлi. Толькi аднойчы ўлупiлi балванкай у броўку, заляпiла мяне гразёй. Уначы танкi кудысьцi сышлi, пяхота вярнулася на гэты бок. Ранiцой, атрымлiваючы ў камбата задачу, я сказаў пра падбiты танк. А ён кажа: хо! Ужо трэцi за сёньня дакладвае пра падбiты танк. Учора я сваiм мiнамётчыкам падпiсаў. Мае саракапятчыкi засталiся мной незадаволеныя – празяваў, камандзiр, узнагароды дастануцца iншым. Спрытнейшым. Што ж, правiльна! Трэба ўмець ня толькi падбiваць, а i падпiсваць. Апошняе, можа быць, нават важней. Ня толькi на вайне.
        Тым часам надвор’е зьмянiлася, ноччу добра падмарозiла. Той фальварак пяхота ўсё ж узяла, выйшла на яго другi бок. Роты пайшлi абапал прасёлку, абсаджанага дрэвамi i кустамi. Ды нядоўга iшлi, зноў – танкi. Кулямётным агнём яны паклалi пяхоту ў чыстым полi. Трэба акапацца, а як? Мёрзлую зямлю ня надта бярэ лапатка. Так i ляжаць, не страляючы нават. Гэта ў кiно прыгожа паказваюць, як з гранатамi паўзуць пад танкi, шпурляюць, узрываюць. А тут танкi падышлi метраў на 400 i спынiлiся. Далей не iдуць. А батальёны ляжаць. Усё, бы на далонi, i яны снарад за снарадам у кожнага байца. Выбiваюць батальён. Мы разьвярнулi саракапятку акрай дарогi. Але для саракапяткi ўсё ж далекавата. Хоць мы i ў баявых парадках пяхоты, мне нават здавалася, што метраў на паўсотню наперадзе ад яе. Мабыць, яна трохi адбеглася ад танкаў, а мы не пасьпелi. Але танкi нас ня так добра бачылi за дарожнымi прысадамi. Кусьцiкi рэдзенькiя, ды ўсё ж трохi нас прыкрывалi. Мой наводчык распачаў агонь. Памятаю, я ляжаў збоч ад гарматы. (Каб бачыць свой выбух, належала ляжаць збоку. Калi стрэлiць гармата, узьнiмаецца воблака пылу i дыму, i тады нельга згледзець, куды пайшоў снарад. А збоку вiдаць.) Так я ляжу, можа, мэтраў празь пяць збоку i ззаду. Гляджу, стрэл i – мiма. Другi раз – таксама мiма. Трэцi раз стрэлiў... Ранiца была хмарная, таму трасу добра вiдаць, асаблiва бранябойна-трасiруючага снараду. На гэты раз ён ударыўся аб браню i зрыкашэцiў – траса пайшла ў неба. Добра, каб пацэлiць у борт або ў гусенiцу. Але паспрабуй за паўкiлямэтра патрапiць у гусенiцу – тут бы ў танк пацэлiць. Ня памятаю, колькi мы так зрабiлi стрэлаў (дзе ў той гарачцы будзеш што помнiць), але нас заўважылi. I калi я, лежачы, махаў рукой, патрабуючы «агонь», непадалёк выбухнуў першы снарад з танка. I мне якраз у руку – асколак. Такi вузкi i востры, засеў мiж фалангамi пальцаў, з рукi палiлася кроў. (Пасьля ў санчасьцi доктар спрабаваў выдзерцi яго, ды тое не ўдалося, выдзiралi ў шпiталi.) Я ўзяўся перавязваць сябе i трохi страцiў увагу да танкаў, якiя, аднак, памалу рухалiся куды хацелi. Стала патрэбным давярнуць гармату на танк, якi нас абстраляў, i калi наводчык зрабiў тое, аказалася, што замiнае недалёкi куст... Трэба было камусь яго сьсекчы. А тое ўжо пад агнём i зусiм без прыкрыцьця. Каго паслаць? Наводчык крычыць, трэба прыняць рашэньне, i я прыняў... Тое, можа, дасюль на маiм сумленьнi, але я паслаў таго, з кiм у мяне нядаўна здарыўся канфлiкт, прыкрая сутычка, калi я хацеў нават застрэлiць яго. Бо ноччу на вулiцы, дзе iшлi немцы, ён дэмаскаваў нашу гармату – стрэльнуў у немца. На шчасьце, тады абышлося, i цяпер я скамандваў: Лазук (прозьвiшча зьменена), сьсячы куст! Хутка! Ён не адразу i няхутка папоўз зь сякерай i толькi ўзяўся, лежачы, секчы, як зноў выбухнула – на гэты раз ля таго куста, наперадзе, перад гарматай. Салдат там i застаўся. Наступны снарад яны ўсадзiлi пад самы ствол... Я ўжо блытаю... Iх было двое, маладзенькiх, дужа падобных адзiн на аднаго – Сiнцоў i Пронiн, абодва малодшыя сяржанты. Дык я ўжо забыўся, хто зь iх быў камандзiрам гарматы, а хто наводчыкам. Наводчыка там жа забiла, а камандзiра паранiла ў плячо i яшчэ некуды. Яшчэ зараджаючы ацалеў. Гармата перакулiлася, завалiлася ў варонку, а мы, усе параненыя, па канаве, за кусьцiкамi падалiся да нашага перадку, на якiм iрванулi ў тыл, у санчасьць. Там, помнiцца, пераначавалi, а назаўтра на аўтамабiлi нас адвезьлi ў тылавы шпiталь у Сэксардзе. Гарадок такi кiлямэтраў 60 ад перадавой, якi мы бралi месяц таму.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.