РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
19. ХВАРОБА. ФАРМІРОЎКА
        
19. ХВАРОБА. ФАРМІРОЎКА

        
        У Румынiю ўвайшлi з баямi, але далей немцы супрацiўлялiся ўсё меней. У адным сяле салдаты выкацiлi на вулiцу бочку, абступiлi яе з кацялкамi, а пiць баялiся. Перад наступленьнем было нямала гутарак i загадаў наконт таго, што пераходзiм мяжу з капiталiзмам, трэба чакаць розных правакацыяў. Ежы ад румынаў ня браць, вiна ня пiць, – усё атручана. Тады крыкнулi: фельчара сюды! Падбег малодшы лейтэнант Федаркоў, санiнструктар батальёну (пасьля загiнуў у Венгрыi), салдаты да яго: правер, можа, атручана? Той зачарпнуў кацялком, добра адпiў – парадак, не атручана, давай да дна! Ну да дна i выпiлi. Рэшту вылiлi на дарогу, каб ворагу не дасталося.
        Румыны па загаду караля Мiхая (пасьля ўзнагароджанага Сталiным ордэнам Перамогi) дружна капiтулявалi. Цi разьбягалiся дадому. У iх было шмат коней, i мы часьцяком мянялiся iмi – проста на дарозе сваiх здыхлякоў на iхнiх цi нямецкiх бiцюгоў. Мелi нават i запасных. Бо на фронце коней гiнула ня менш, чым людзей, i артылерыя заўжды адчувала праблему зь цяглавай сiлай. Але вось аднойчы дывiзiю ды i ўсю армiю вяртаюць з фронту на нейкую тылавую станцыю, пачынаецца пагрузка на чыгунку, кудысь перакiдваюць. Вагонаў не хапае. Пяхотай набiваюць цяплушкi, артылерыю закочваюць на адкрытыя плятформы. Там жа i артылерысты. Ад дажджу i ветру – усё тыя ж палаткi.
        Тут я захварэў – зусiм па-дурному, па дарозе на фармоўку, бо, як казаў мой сябра ўзводны Ягораў, хто ж хварэе па дарозе ў тыл? Але так, менавiта па дарозе ў тыл. Сьпярша была малярыя, трэсла з прырэчных малярыйных паплавоў, пасьля падключылася яшчэ нешта. На плятформе пад палаткай стала невыносна, тым болей, што пайшлi восеньскiя дажджы. I мяне перанесьлi ў цяплушку санчасьцi. Але, здаецца, нашыя дактары навучылiся за вайну толькi рэзаць, а на якiя там хваробы спрэс забылiся. Праляжаў я ў халодным вагоне ўсю дарогу да ўкраiнскага Луцку, лепей ня стала. Выгрузiлiся ў лесе, пачалi абладжвацца – зямлянкi, шалашы, канавязi... I тут я зусiм звалiўся. Зноў паклалi ў санчасьць – закiнуты дом бяз вокнаў, безь дзьвярэй. Ляжу адзiн на саломе ў кутку, дрыжу, тэмпэратура расьце, даюць нейкiя таблеткi, якiя памагаюць слаба. Аднойчы адчуў, што калi я зараз жа ня ўстану i не пайду адсюль, дык тут i сканаю. I я сабраў у сабе ўсю волю, усе слабыя сiлы i, хапаючыся рукамi за хваiны, дабрыў да сваiх хлопцаў. Там мне далi паўкварты самагону, ад якога я адразу заснуў. Пасьля неяк пакрысе ачомаўся.
        Адразу ж пачалiся заняткi, – палявыя i страявыя, зь песьняй (а як жа, – жалезная традыцыя з часоў прускай армii), нарады, палiтзаняткi (таксама традыцыя, хiба савецкая). Празь нейкi час пасьля вячэры прыходзiць да шалаша наш палкавы сьмершавец, пачынае размову: колькi ў апошнiх баях забiтых, колькi параненых... А Мокiш, пытаецца, таксама забiты? Так, кажу, таксама. Ля Серату. А вы бачылi сваiмi вачыма? Тут я трошкi затрывожыўся, бо гэты Мокiш у часе бамбоўкi дзесь зьнiк, можа, разарвала бомбай. Надта напружаны быў бой, i нiхто ня згледзеў, куды ён дзеўся. Каб не рабiць сабе лiшняга клопату, калi пачалi пiсаць зьвесткi пра страты беззваротныя (забiтых) i зваротныя (параненых), я i запiсаў Мокiша ў лiк забiтых. Дык вось, кажа сьмершавец, вы пакрываеце дэзэртыра. Ваш Мокiш затрыманы камэнданцкiм патрулём у Бельцах. Зь якой мэтай вы далi фальшывыя зьвесткi?
        Во бяда, лiха на яе i на гэтага Мокiша, каб яму нi дна, нi накрыўкi. Ды i я – варона! Але хто думаў, што ён дасьць драла дадому? Давялося мне зноў пiсаць, апраўдвацца, сьмершавец яшчэ разы два прыходзiў. Пасьля адстаў.
        Атрымалi папаўненьне ў жывой сiле, i мяне перавялi з батарэi ў ПТА 2-га батальёну. Камандзiр батальёну (зноў капiтан Сьмiрноў) адразу зрабiў мне вымову, як я прыйшоў прадстаўляцца, – за дрэнны парадак на канавязi, нячышчаных коней. (Божа, колькi крывi псавалi гэтыя конi! У вайну i пасьля. Чысьцiня iх i збруi, бясконцыя вывадкi – жывучыя рэцыдывы старой кавалерыйскай традыцыi, якая не хацела аджываць i ў новы час. Сапраўды, кожная армiя рыхтуецца да мiнулай вайны, а будучая прыходзiць нечакана.) Тым ня менш строгi быў наш камбат Сьмiрноў, былы школьны настаўнiк. Ён таксама папсаваў мне нямала крывi ўжо ў баях на венгерскай зямлi. Але я на яго не крыўдую, бо шмат што было заслужана.
        Фармоўка, аднак, хутка скончылася, атрымалi папаўненьне i падрыхтавалiся да пагрузкi на чыгунку. Перад пагрузкай давялося стаць сьведкамi страшнай сцэны расстрэлу двух салдатаў – за абрабаваньне i забойства ўкраiнскай сям’i зь недалёкага хутару. Iх судзiў вайсковы трыбунал i прыгаварыў да вышэйшай кары. Ранiцой на паляне лiтарай П пастроiлi полк, на сярэдзiне выкапалi яму. Асуджаных бязь дзягаў i пагонаў паставiлi да ямы, зачыталi прыгавор. Затым камэнданцкi ўзвод даў залп, i абодва звалiлiся ў яму. Як iх там закопвалi, мы не глядзелi, настрой ва ўсiх быў прыгнечаны. Канешне, усе разумелi, што тыя два заслужылi, што атрымалi, але ж... Усё роўна было агiдна ад гэтага пакараньня напаказ. З агiдай у душы полк i адправiўся да станцыi Луцк – на пагрузку ў эшалён.
        Пагрузiлiся i паехалi, на гэты раз у цяплушках – зь печкамi i нарамi. У асобным вагоне – конi (конскi састаў, паводле вайсковай тэрмiналёгii). У мяне ва ўзводзе чатыры вялiзныя нямецкiя бiцюгi, якiя добра цягнуць гармату зь перадком, але заўжды крокам. Рысьсю яны ня ўмеюць. I шмат корму iм трэба. А сена ў нас няма, аўсу не даюць. Калi зьвярнуцца да начальства, атрымаеш адзiн адказ: найсьцi. Знайсьцi i накармiць! Панятна? Iспалняйце! Мае салдаты «iсполнiлi» – дзесь на станцыi нацягалi з плятформы буракоў i накармiлi, адна кабыла празь дзень здохла. Што рабiць? Хутка выгрузка, як цягнуць гармату? Дайшло да начальства, палiтапарату, тыя паднялi хай – страта баяздольнасьцi, вiнаватага да адказу. Хто вiнаваты? Канешне, камандзiр, лейтэнант Быкаў. Зноў завялi справу...
        А ў мяне на тым часе быў камандзiрам гарматы (той самай, што без прыцэлу) старшы сяржант Закiраў, башкiр па нацыянальнасьцi, вялiкi спэц па конях. Ён i кажа: ня дрэйф, лейтэнант, выгрузiмся – каня дастанем. Яшчэ лепшага. I праўда, дастаў. Ды не аднаго. Нават i мне дастаў пад сядло – выдатнага дрыкганта, езьдзiць на якiм было адно задавальненьне. Кепска хiба, што дужа высокi, каб узьлезьцi, трэба якая падстава – плот цi пень. Зь зямлi дастаць нагой стрэмя было немагчыма. Затое на дарозе – ня конь, насалода. Маршам праз Трансыльванiю, партызанскую Ваяводзiну дагналi трэцi Украiнскi фронт. Немцы там слаба абаранялiся, болей адступалi, i мы хутка ўвайшлi ў Венгрыю.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.