РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
20. ВЕНГРЫЯ. УХІЛЕНЬНЕ АД БОЮ
        
20. ВЕНГРЫЯ. УХІЛЕНЬНЕ АД БОЮ

        
        Гэта была першая на нашым шляху сапраўды эўрапейская краiна, не пабураная вайной, са шматлiкiмi адзнакамi даваеннага дабрабыту. Позьняй восеньню ў дождж i слоту iдзем, бывала, празь венгерскiя гарадкi i паселiшчы ды прагна пазiраем на iх ладныя, пад чарапiцай дамоўкi, акуратныя брамкi, драцяныя агароджы. Белыя сьцены вясковых хатаў яшчэ здалёку зьзяюць чырваньню ад маткоў разьвешанага перцу, знакамiтай венгерскай папрыкi... Сустракала насельнiцтва ўвогуле прыязна, нават гасьцiнна, хоць венгерская армiя тады яшчэ ваявала з намi, хiба безь нямецкага iмпэту. У кожным доме белы хлеб, вяндлiна, каўбасы, слоiкi варэньня з розных фруктаў. Уся садавiна перапрацавана, нарыхтавана ўзiмку, састаўлена ў скляпах. Па скляпах, канешне, мы заўсёды лазiлі. Бо цi баi, цi бамбёжкi, надзейнае сховiшча, калi ў вёсцы, – склеп. Там жа i выдатнае венгерскае вiно. Аж ня хочацца вылазiць – пад агонь, – на кроў i сьмерць. Войска там перайшло на самазабесьпячэньне, тое, што варылася ў палявых кухнях, перасталi браць. Iдзём, бывала, калёнай празь якое сяло, i салдаты, бы мышы, шмыг-шмыг па падворках. Пасьля даганяюць свой строй – падпахай вэнджаны кумпячок, процiгазная сумка поўная слоiкаў з варэньнем, на штыху белы бохан, а ў руках вядзёрка цi канiстра зь вiном. Камандзiры глядзелi на тое паблажлiва, самiм перападала. Зноў жа Венгрыя была саюзьнiцай Гiтлера, таму шмат што дазвалялася.
        Позьняй восеньню фарсiравалi Дунай. Помню, тры днi бiлiся, i ўсё няўдала. А Дунай там шырачэзны, можа, як Волга. З аднаго берагу другi ледзьве вiдаць. Мы фарсiруем ноччу. Вядома, сьпярша артпадрыхтоўка – даволi слабая, сродкамi штатнай артылерыi. Зь берагу я пастраляю крыху на крайнiм прыцэле, бяжыць хтось ад камбата: «Спынiць стральбу, – чым будзеш страляць на тым беразе?». У сэнсе, калi на гэтым расстраляеш свой боезапас. То правiльна, стральбу спыняем. Празь нейкi час прыбягае начальнiк артылерыi – пачаму спынiлi артпадрыхтоўку? Немедленна агонь! Ну канешне, гэты адказвае за артпадрыхтоўку, а той бераг яго пакуль што не хвалюе. Так дзьве цi тры ночы. Перадавыя роты на плытах i лодках адплываюць па начным Дунаi, i нiхто не вяртаецца. Хiба назаўтра прыбрыдзе зьнiзу па цячэньнi мокры салдат, дрыжучы раскажа, як iх там сустрэлi немцы. Так доўжылася да таго часу, пакуль па Дунаi не прайшлi бранякатэры з танкавымi вежамi на палубах, у некаторых былi нават «кацюшы». Яны ўзялi нас на свой борт i высадзiлi на тым беразе. Коней пакiнулi на гэтым, а там у першым жа венгерскiм сяле мой Закiраў раздабыў коней у поўным складзе. Так ад Дунаю пачалi наступленьне ў напрамку на Балатон. Гэта былi жахлiвыя баi кожны дзень i кожную ноч.
        Памятаю, калi камбат аддаваў загад, мы заўсёды цiкавiлiся, хто перад намi: немцы цi венгры? Калi венгры, дык яны надта не супрацiўлялiся, пад нацiскам адыходзiлi. А немцы, канешне, як заўсёды: колькi хацелi, столькi i абаранялiся. Лёгка зьбiць iх з занятых пазыцый было немагчыма, пакуль яны самi не пакiдалi iх.
        Стаяла позьняя восень, сьцюжа, слота, дажджы... Сьпярша ад Дунаі iшлi лясiстыя пагоркi, а затым раскiнулiся балоцiстыя поймы, мэлiярацыйныя каналы. Акапацца там не было як, поле бою наскрозь прастрэльвалася. Неяк увесь дзень iшоў дождж, позна ўвечары занялi нейкую вёску, батальён разышоўся па хатах, начальства таксама. Стомленасьць страшэнная, халадэча. Спаць жа нiколi не дазвалялася, калi можна было, хвiлiну якую ўрывалi дзе i хто мог. Галоўным чынам як зьнiкалi куды камандзiры. Мы закацiлi ў нейкi падворак гарматы i тут жа ў хаце прылеглi. Толькi я прыдрамаў, здаецца, а ўжо сьвiтае, i за вёскай у лесе iдзе бой. Батальён рушыў туды на сьвiтаньнi, а нас не гукнулi. Ну, бачу: справы мае кепскiя... Бо я з гарматамi абавязаны быць там. А я праспаў. I салдаты мае праспалi. I вось мы рванулi туды цераз поле – пад абстрэлам, што было сiлы ў коней. Даскакалi да лесу, а тут якраз камандзiр батальёну, адразу да мяне зь пiсталетам: за ўкланеньне ад бою... Падобна, ён тут жа хацеў са мной расправiцца, бо батальён ляжыць, а немцы сякуць разрыўнымi, лiха працуюць iх хуткастрэльныя МГ. Але памалу астыў i загадвае: зьбiць кулямёты! 20 мiнут часу. Мы хутчэй гармату ўстанаўлiваем, i тут высьвятляецца: няма снарадаў. Рэч у тым, што дзеля гатоўнасьцi снарады заўсёды клалi на станiны, а як гналi пад агнём цераз поле, тыя пападалi, рассыпалiся. Дзе цяпер iх шукаць?
        У нашым жа перадку былі толькі бранябойныя і падкаліберныя, якімі тады не стралялі.
        Кулямёты сякуць, толькi вецьце сыплецца. Камбат крычыць: «Быкаў, агонь!» А чым агонь? Гэта было, канешне, жахлiва, я тады хацеў, каб мяне як найхутчэй забiла. Усё ж паслаў перадок на поле, пазьбiралi ў быльнягу снарады, пачалi мы страляць. Словам, у гэтым лесе яны калашмацiлi нас добра, а што мы зрабiлi iм нашым агнём, тое невядома. Можа, зьбiлi, а можа, тыя пад вечар самi адышлi.
        Як я ўпамiнаў ужо, другая гармата ў мяне была без прыцэлу, а без прыцэлу якая ж стральба? Такiм чынам, у запасе заставалася, апроч гарматы, яшча пара коней, шэсьць чалавек салдатаў. Я iх трымаў у тыле, – што iм рабiць на перадавой? На перадавой у нас ладныя хлопцы Сьвiнцоў i Пронiн, камандзiр i наводчык – харошы наводчык. А старшы сяржант Закiраў, спэц па конях, у нас за iнтэнданта. Пакуль мы гiбеем пад агнём, цягаем сюды-туды нашу гармату, вядома ж, у холадзе i голадзе, яны там дзесь у блiжняе вёсцы для нас стараюцца. I во, як пацiшэе пад вечар, пацямнее, глядзiм, Закiраў з салдатам паўзуць. Цягнуць нам у вядзерцы мяса цi курацiну, белага хлеба пару боханаў у рэчмяшку i вiна ў тэрмасе цi канiстры. Во тады мы раскашуем – мiж станiн, за гарматным шчытом.
        Пасьля высачэзнага дрыкганта, пакiнутага на тым беразе, Закiраў дастаў мне маладую кабылку, якая двойчы ўратавала мне жыццё. Аднаго разу, як наступленьне трохi прыпынiлася, выклiкае мяне камандзiр батальёну. Быў вечар, туман, дробны дожджык сыпле. Месца незнаёмае, мы толькi надвячоркам тут апынулiся, але мне чамусьцi здалося, што КП34 блiзка, за пагоркам. I я паехаў. Стралянiны блiзка няма, i я ехаў, ехаў, ды раптам ня ведаю, куды ехаць. Чую нейкiя галасы, павярнуў да iх, гляджу: на касагорчыку вiнаграднiк i на ягоным краi нешта капаюць. Пацiху пад’яжджаю блiжэй, прыслухаўся – немцы! Завярнуў у iншы бок, ехаў, ехаў, узьбiўся на нейкую дарогу, а там нямецкiя машыны iдуць...
        Я быў без аўтамата, зь пiсталетам, бо аўтамат мне яшчэ ў пяхоце абрыдзеў. Ды й нязручны ён з гэтым барабанным магазынам. Лепш што лягчэйшае. Нямецкi «шмайсэр», напрыклад. Але да нямецкага патрэбны патроны, якiх не заўсёды хапала. Здавалася тады, што во за пагорак заеду, i там КП. А тут нешта нi пагорка, нi КП. I я ўжо ня ведаю, як быць? I тое натуральна, бо я заехаў да немцаў. Але адчуваю, што мая кабылка ўсё некуды бярэ ўбок, i я думаю: хай сама iдзе. Повад пусьцiў, i яна пайшла. Рухава гэтак пайшла. Цераз пагорачак перайшла, пасьля ўзьлескам, сюды-туды i прывяла мяне да лагчынкi. А там пасьвяцца конi нашага камэнданцкага ўзводу. Там блiзка быў i КП камандзiра батальёну.
        А потым яе забiлi, пада мной, хоць мяне яна ўратавала. Гэта пазьней. Помню, пяхота ўзяла нейкае вялiкае мадзьярскае сяло цi гарадок нават, мы сьпяшаемся на ўскраiну, дзе iдзе бой, ды тут паяўляюцца нейкiя два маёры, крычаць: «Срочно вон туда, направо! Нямецкiя танкi! Іх трэба спынiць». I ўжо там iдзе стралянiна. Паскакаў я направа, але аказалася, што тыя зьвесткi пра танкi былi спазьнелыя, танкi ўжо ўвайшлi ў вулiцы. I вось на адным павароце (вулiца лiтарай Г загiналася) я i падляцеў пад чаргу, з танку сьцебанулi па маёй кабылцы, i яна з усiх ног рухнула пад плот. Толькi крывавае шмацьцё ад яе паляцела, мяне запырскала крывёй. Але кабылка, падаючы, шпурлянула мяне за агароджу, у гарод... Як пасьля празь дзень салдаты зьнялi сядло, дык яно скрозь было пасечанае кулямi. А я адтуль выпаўзаў агародамi. Гармату завярнулi ў другую вулiцу, добра, што гармата за мной не пасьпела... Дарэчы, пасьля ўжо каня ў мяне не было, ня стала як езьдзiць. Наступ наш замарудзiўся, – ад сяла да сяла болей па-пластунску. Скрозь у полi каналы, канавы, а баi кожны дзень i кожную ноч. Выматвалi так, што i есьцi ня хочацца, толькi б упасьцi i ляжаць. Але дзе ўпадзеш? Трэба акапацца, а неяк. Капнеш на штых лапатай, а там вада. Во ў гэтую гразь кладзешся i ляжыш пад агнём – жыць жа ўсё роўна хочацца. А тут надвор’е паскуднае, кожны дзень макрата, дождж. Калi танкi паяўляюцца, тут ужо настае гарачка, тут ужо потам аблiваешся.
        Аднойчы прыпынiлiся ў нейкiм графскiм маёнтку, сунулiся ў барак, дзе былi кватэры для тутэйшых парабкаў. Графа, вядома, тут не было, парабкi засталiся i спачувальна паставiлiся да нашых салдатаў, частавалi вiном i распавядалi пра сваё панявольнае жытла. Нашыя зацiкаўлена слухалi: колькi зараблялi грошай, хлеба i нават вiна. Распавёўшы пра сябе, тыя пыталiся: ну, а як у вашых калгасах? I хто-небудзь з нашых, падумаўшы, пачынаў хлусiць – i пра грошы, i пра хлеб, стараўся, каб было больш, чым у венграў. Iншыя змрочна маўчалi.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.