РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
1. Ваколіцы. Возера
2. Бацькі. Школа. Кублічы
3. Настаўнікі. Канец школы
4. Калектывізацыя. Гамашы
5. Хапун. Бобрык
6. Віцебск
7. ФЗН. Шостка
8. Украіна. Вайна. Белгарад
9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка
10. Аткарск. Саратаў
11. Фронт. Кашара. Севярынка
12. Першае раненьне
13. Ноч у сяле. Сьцірты
14. Шпіталь. Дарога на фронт
15. Пагорак. Санінструктаркі
16. Барсучэнь
17. Бой. Кантузія
18. Братаньне
19. Хвароба. Фарміроўка
20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою
21. Падбіты танк. Другое раненьне
22. Сэксард [Сегеда]
23. ІПТАП. Разгром
24. Наступ па Венгрыі
25. Аўстрыя. Малярыя
26. Канец вайны
27. Балгарыя. Камсорг
28. Няўдзячны шынэлак. Валодзя
29. Мікалаеў
30. Водпуск
31. Звальненьне ў запас. Горадня
32. Рэдакцыя. Альбярцін
33. Курылы. Кунашыры
34. Палкоўнік і сьмерш.
35. Сярожка
36. Сахалін
37. Зноў Курылы, Уладзівасток
38. Долінск
39. Замена. Лапічы
40. Звальненьне. Горадня
41. «Гродзенская праўда»
42. Каралішчавічы
43. Зборы. «Трэцяя ракета»
44. Кіно
45. Італьянец Марыё
46. Гарбачоў. Сьцяпанаў
47. Тэберда. Чэкін
48. «Мёртвым не баліць»
49. Нарада ў «Юности»
50. Рым
51. Гатэль «Советская»
52. Дубавінкін. Вылчавы
53. Шосты зьезд СП БССР
54. Сафія. Сьмерць бацькі
55. «Праклятая вышыня»
56. «Новый мир»
57. Каця. Румынія
58. Ідэалягічныя дывэрсанты
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
60. «Круглянскі мост». АТК
61. Танкі ў Празе. Карпюк
62. Карпюк і генэрал Гарбатаў
63. Бітыя вокны
64. Ленінскі юбілей
65. Барадулін. Другі АТК
66. Выключэньне Карпюка
67. Ягоная Галгофа
68. «Сотнікаў»
69. Выключэньне Клейна
70. Ларыса Геніюш
71. АТК пайшоў
72. Сьмерць АТК
73. Прафілактыка
74. Агент Абверу
75. «Абеліск»
76. «Дажыць да сьвітаньня»
77. Хатынь. Суд
78. Прэмія. Мова
79. Масква, зьезд СП
80. Дзядкоў. Сеўрук
81. Ларыса Шэпіцька. Генрых Бёль
82. Юбілей. КДБ
83. Лазар Лазараў
84. МХАТ
85. Таганка
86. Яўген Глебаў
87. Парыж
88. Магілёўская драма
89. Справы асабістыя
90. Багамолаў і яго раман
91. Куба
92. Сьмерць маці
93. Першае дэпутацтва
94. Дэпутацтвы
95. Піцунда. Валодзя
96. Уладзімер Караткевіч
97. «Знак бяды»
98. Высокая прэмія
99. Юбілей. Тураў
100. Немцы. Хойбнэр
101. Зноў мова. Кулік
102. Італія. Бергаміні
103. Літзаробкі. Парыж
104. Аўтамабіль. Ніда
105. Чарнобыль
106. Дубянецкі. Адамовіч
107. Курапаты
108. БНФ
109. У Амэрыку з Гарбачовым
110. Гішпанія
111. Камісія па мове
112. Народны дэпутат СССР
113. На родным возеры
114. БНФ. Пазьняк
115. Нацыяналізм
116. Еўтушэнка
117. Свабода
Камэнтары
40. ЗВАЛЬНЕНЬНЕ. ГОРАДНЯ
        
40. ЗВАЛЬНЕНЬНЕ. ГОРАДНЯ

        
        Адзiн разумны афiцэр на Сахалiне некалi казаў, што Савецкая армiя вельмi нагадвае сабой плянэту-пульсар, якая то сьцiскаецца, то пашыраецца, i ў тым уся яе функцыя. У спакойным стане яна iснаваць ня можа, спакой для яе – пагiбель. А хто хоча гiнуць? Во i трапечацца. Каб жа толькi не хацець самой гiнуць, але ж сьць яшчэ прагнасьць загубiць ворагаў, якiя для кожнай армii заўсёды знойдуцца. Узаемазалежнасьць войска i ворагаў выключная. Як толькi ствараецца войска, у той жа момант зьяўляюцца i ворагi. I наадварот. Праблема хiба ў тым, як iм адно да аднаго падступiцца? Зь якога боку. Во тады i паяўляецца славутая тактыка (яна ж i стратэгiя) тыкаў, спроб i памылак. У пэўным сэнсе таго, што на простай мове называецца: iдзi-пастой. Iдзi – ня ведаю куды, прынясi – немаведама што. То павялiчваюць, то памяншаюць. То мабiлiзуюць, ламаючы жыцьцё людзям, то звальняюць, зноў жа бяз жаднай увагi да людзкiх лёсаў. Увосень Мiкiта Хрушчоў аб’явiў аб скарачэньнi савецкага войска на 55 тысячаў чалавек. Ужо зманены «гражданкай», я спаткаў тую навiну нават з радасьцю, але шмат iншых афiцэраў, што меркавалi назаўжды зьвязаць сваё жыцьцё з войскам, апынулiся ў разгубленасьцi. Перажылi драму лёсу.
        Ня ведаю, як тое скарачэньне адбывалася ў iншых акругах, на Далёкiм Усходзе (хаця можна было сабе ўявiць па тым бязладзьдзi, якое суправаджала там нядаўняе пашырэньне), у Лапiчах усiх афiцэраў пагналi на мэдкамiсiю. Вайсковыя мэдыкi, бы на канвэеры, агледзелi кожнага i ў кожнага нешта знайшлi. У мяне – недастатковасьць мiтральнага кляпану56, i як вынiк – запiс у дакумэнце: не прыгодны для службы ў мiрны час. (Дарэчы, як шэсьць год таму прызывалi, тады не знайшлi нiчога. Тады я быў цалкам прыгодны.)
        Разьлiк з гэтым палком быў просты i непрацяглы, за кароткi час нiякiх запазычаньняў там не пасьпеў зрабiць. На разьвiтаньне выпiўшы са сваiм кватэрным гаспадаром, выйшаў на шашу i трохi счакаў спадарожную машыну. Сыпаў рэдкi сьняжок, дзьмуў зiмовы вецер. А я, можа, упершыню за шмат год адчуў сябе вольным ад усяго на сьвеце. Праўда, радасьць з тае нагоды чамусь была невялiкая. Насыпалiся няпрошаныя клопаты i трывогi. На гэты раз, аднак, суцяшала, што я – дома, а не дзе-небудзь на краi зямлi. Ужо дома, мабыць, не прападу.
        Празь Менск прыехаў у Горадню, куды трохi раней прыехала жонка з сынам. Тут настрой мой крыху апаў: кватэрка жончынай сястры Веры аказалася мiзэрненькай, у старым доме, i хоць гаспадары спаткалi падсяленцаў увогуле гасцiнна, я зразумеў, што доўга тут жыць нельга. Тут жа высьветлiлася, што гаспадар i праўда афiцэр, але з пэўнага роду войск i служыць у абкаме ў якасьцi ад’ютанта першага сакратара.
        Колькi дзён патрацiў на стаўленьне на ўлiк у ваенкамаце, атрыманьне пашпарту. Наконт кватэры ваенкамат нiчым памагчы ня мог, адсылаў у гарвыканкам. Той абяцаў паставiць на чаргу. Чарга, вядома ж, iльготная, так што чакайце, можа, калi i атрымаеце. Забягаючы наперад, зазначу, што чакаць давялося тры доўгiя бескватэрныя гады, перажыўшы не адну кватэрную драму.
        Першая зьявiлася цi не праз тыдзень пасьля прыезду.
        Увечары аднаго дня прыйшоў з працы Павел Зьмiтравiч (дарэчы, мой аднагодак) i кажа: ёсьць магчымасьць. Адзiн iхнi работнiк зьехаў на раён, ягоная кватэра вызвалiлася. Трэба займаць. Увогуле акт незаконны, але цяпер усе так робяць, iнакш не дачакаешся. Ня дужа мне хацелася рабiць тое, ужо меў некаторы на гэты конт вопыт. На Сахалiне спрабаваў самавольна заняць – не кватэру – суседнюю каморку, ды нiчога не атрымалася, выперлi праз тыдзень. Ну, але тут, можа, iншая справа. Можа, хоць з увагi да Паўла, калi не да мяне, дадуць дажыць да вясны. Злавiў на вулiцы машыну i перавёз свае клумкi.
        Кватэрка ўвогуле аказалася самая занядбаная, пакойчык зь сяньмi, дзьверы ў двор. Замок без ключа, заткнуты дужкай за прабой. Няспраўная грубка, тэлефон на падаконьнiку. Тэлефон выклiкаў у мяне падазрэньне – чаму ён тут? Да таго ж нявыключаны.
        Чаму i для чаго, высьветлiлася ранкам, як у дзьверы моцна пастукалi. Завiталi двое i ветлiва пацiкавiлiся, хто тут пасялiўся. Я патлумачыў, яны моўчкi выйшлi. Праз пару гадзiнаў прыйшлi зноў, але ўжо зь мiлiцыянтам i дамаўправам. «Немедленно освободить квартиру! Почему? А потому. Иначе выбросим сами».
        У абед прыбягае жончына сястра Вера – у iх таксама скандал. Выклiкалi Паўла, пагражалi адказнасьцю. Куды выклiкалi? Ды ў КДБ, ён жа там працуе. А гэта ж iхняя тайная кватэра, дзе яны спатыкаюцца з кiм трэба. Во дык справы, сказаў сабе Быкаў, во дык улез. Мала што сам улез, дык яшчэ i чалавеку нашкодзiў.
        Яшчэ некалькi дзён стукалi ў дзьверы, пагражалi i папярэджвалi. I я ня вытрываў, пайшоў у пошукi iншай кватэры. Спаткаў на вулiцы даўняга знаёмага мастака Блiзьняцова, i ён кажа: ёсьць кватэра, нядаўна вызвалiлася. Праўда, халодная i без вады. I без туалету. Ня ведаю, цi падключана да электрасеткi. Кватэра аказалася на вулiцы Падгорнай, паблiзу ад Нёмана, куды я i пераехаў пад новы 1956 год.
        Найбольшы клопат быў вырашаны, заставаўся наступны – праца. Жонка ўладкавалася ў школу хутка, а мне давялося чакаць.У рэдакцыi, куды, вядома ж, неўзабаве завiтаў, людзi памянялiся, зьмянiўся i галоўны рэдактар. Новы, Васiль Булай, найперш папытаўся пра маю партыйнасьць i, учуўшы адказ, моўчкi разьвёў рукамi. Ён наогул не любiў свае думкi выказваць словамi. Вiдаць, засвоiўшы пэўныя ўрокi 30-х гадоў, у гутарцы аддаваў перавагу жэстам, якiя можна было разумець як заўгодна. Але тут я зразумеў правiльна – працы няма.
        Нейкi час падзарабляў у майстэрнi мастацкага фонду, дзе таксама амаль усе мастакi былi ўжо новыя. Мой сябра Вiктар Марозаў зьехаў на Украiну, Дзешка памёр. Кох сядзеў у лягеры. (Неўзабаве прыехаў рэабiлiтаваны. Выкрыты КДБ як аўтар карыкатур на Сталiна, аказаўся невiнаваты, карыкатуры маляваў iншы.) Я набыў у камiсiйнай лаўцы радыёпрыёмнiк i, застаўшыся ранкам у кватэры з сынам, пачынаў слухаць «Свабоду» цi Бi-Бi-Сi. Апантана працавалi глушылкi, але часам што-нiшто можна было ўчуць. Апроч iнфармацыйных праграмаў падабалiся шмат якiя перадачы на культуралягiчныя тэмы – лекцыi В.Вэйдле i Гольдбэрга. Toe было новым i вельмi ўражвала. На Далёкiм Усходзе нiчога з тых станцыяў учуць было немагчыма.
        Там жа, на Падгорнай, напiсаў першае пасьля звальненьня апавяданьне, якое аднёс у рэдакцыю. Там у адзьдзеле культуры пазнаёмiўся з лiткансультантам Мiхасём Васiльком i аднавiў колiшняе знаёмства з лiтсупрацоўнiцай гэтага аддзелу Iрынай Суворавай. Трохi знаёмы з ёй быў з 49-га, калi яна студэнткай прыязджала на газэтную практыку ў Горадню. Пра Мiхася Восiпавiча я ведаў няшмат. Да нядаўняга часу гэты заходнебеларускi паэт жыў у Баброўнi за Скiдалем i за год перад тым перабраўся ў Горадню. Выглядаў ён дужа змарнелым, пакамячаным жыцьцём чалавекам, зрэдчас пiсаў юбiлейныя вершы, што зьмяшчалiся на першай старонцы газэты. З выпадку знаёмства мы выпiлi зь iм на рагу Савецкай i Цэткiн, я папыта ўся, як яму жывецца, i ён заплакаў. На ўсе мае пытаньнi чаму, у чым справа, – ён толькi махнуў рукой. Ужо пасьля стала вядома, што ў той час (як, зрэшты, i пасьля) яго цi ня кожнага дня цягалi ў КДБ, чагось дамагалiся. Але чаго – Мiхась Восiпавiч так i не сказаў да самай сваёй сьмерцi ў шасьцiдзясятым годзе57.
        
        Ужо пасьля сьмерці Міхася Васілька стала вядома яго ваенная драма. Змабілізаваны ў польскае войска напачатку Другой сусьветнай вайны ён разам са шматлікімі жаўнерамі трапіў у нямецкі палон, адкуль выбавіўся пасьля нападу гітлераўцаў на Савецкі Саюз. Вядома, як папулярны ў народзе беларускі паэт, ён ня мог прамінуць увагі да сябе нацыянальных сілаў, таксама як і савецкай партызанкі. Міхась Васілёк ухіляўся ад абодвух бакоў, хацеў заставацца нэўтральным, жыць разам зь сям’ёй у сваёй роднай Баброўні. Але тое не ўдавалася. Як ён мне распавёў аднойчы, зь «вялікай зямлі» за ім быў прысланы самалёт, каб вывезьці яго ў Маскву, дзе на той час жылі ягоныя сябры-пісьменьнікі Максім Танк, Піліп Пястрак ды іншыя. Але Васільку позна паведамілі пра тое, ён спазьніўся на партызанскае лётнішча, замест яго ў Маскву паляцеў іншы. З таго моманту ў паэта-селяніна пачаліся вялікія беды. Яго змусілі прыняць удзел у мясцовым зьезьдзе БЦР, які адбываўся ў Беластоку, што стала падставай для арышту Васілька с ь м е р ш а м пасьля вызваленьня, і ён дужа пашкадаваў, што разам зь іншымі не падаўся на захад. Нейкі час патрымаўшы ў Лідзкай турме, пасьля допытаў і катаваньняў яго, аднак, выпусьцілі. Але не пакінулі без увагі цераз увесь час да самае сьмерці, падазраючы ў ім калябаранта, нямецкага агента.
        Між тым, як мне распавёў з крыўдай другі гарадзенскі пакутнік Г. Цьвятніцкі, яўныя агенты хадзілі побач па гарадзенск іх вуліцах, ніхто іх не лавіў. Рэч у тым, што ў 41-м годзе немцы вельмі хутка захапілі Горадню, а слаўныя чэкісты так порстка ўцяклі, што не пасьпелі зьнішчыць картатэку ўласных агентаў. Завалодаўшы ёю, гестапа зусім ня рупілася расстрэльваць савецкіх сэксотаў – яно іх хуценька перавербавала і змусіла працаваць на нямецкія ўлады. Так яны і працавалі аж да вызваленьня ў 44-м годзе. А як прыйшлі «другія саветы» (так мясцовыя жыхары называлі тагачасную рэстаўрацыю савецкай улады), чэкісты прывезьлі з Масквы захаваныя там дублікаты даваенных картак, і тыя самыя людзі зноў пачалі працаваць на старых-новых гаспадароў. Тое доўжылася шэраг гадоў, іх пасьпяхова выкарыстоўвалі без увагі на іх нядаўняе гестапаўскае мінулае, аж пакуль яны былі патрэбны. Пасьля прыбралі патроху – бяз гвалту і шуму. Але ж людзі ўсё бачылі. Толькі не абураліся. Прывыклі за гады ліхалецьця.
        
        У кватэры было малаўтульна i сьцюдзёна, па ваду трэба было хадзiць праз тры двары. Але я ўвесь дзень быў вольны i пачаў пiсаць. Пазьней, калi ўжо стаў аўтарам кнiжак, у мяне пыталiся: як i чаму сталася тое? Што хацеў сказаць чалавецтву, якой iсьцiне яго навучыць? Мабыць, – нiякiх iсьцiн; адразу адчуў, што па натуры я не прапаведнiк. Тады для мяне важна было намацаць свой шлях у жыцьцi, неяк вызначыцца. Мне iшоў 32-гi год, а ў галоўных адносiнах – пошуках свайго месца сярод людзей – я быў пачаткоўцам. Пэўнага месца ў жыцьцi ў мяне не было, што, безумоўна, не магло не турбаваць мяне, як i кожнага чалавека ў гэткiм становiшчы. Тое ж, чым я займаўся зь юначых гадоў, аказалася зманам, пустэчай, поўнаю непатрэбнасьцю. Суцяшала хiба меркаваньне, што ўсё тое адбывалася не па ўласнай волi. На тое быў змушаны. Лёсам, жыцьцём, людзьмi – добрымi i злымi. А найбольш уладай, якая ў нас тады намагалася вызначаць усё – ад глабальных мэтаў да лёсу маленькага чалавека.
        У тую зiму пiсаў шмат, менш перапiсваў i амаль усё рваў на шматкi. Мала што даводзiў да фiналу. Звычайна з ахвотай пачаўшы, неўзабаве трацiў цiкавасьць. Усё здавалася кепска. Даўшы паляжаць зь месяц, выбраў адно апавяданьне, аднёс у рэдакцыю. Мiхась Васiлёк сказаў, што будзе паседжаньне лiтгуртка, дзе i абмяркуем.
        Toe паседжаньне абласных аматараў лiтаратуры было першым i апошнiм, у якiм я ўдзельнiчаў. Прыйшло паўтара дзясятка чалавек розных узростаў – студэнтаў i пэнсiянэраў, адна дзяўчына. Галоўным арбiтрам быў выкладчык пэдiнстытуту, якi няшчадна грамiў нас, бы ворагаў прыгожага пiсьменства, пасягацеляў на лiтаратурныя асновы. Iншыя раўнялiся на кiраўнiка. Мне там дасталося болей за ўсiх. Рэдакцыйны супрацоўнiк пападкрэсьлiваў чырвоным алоўкам усе займеньнiкi ЁН, атрымалася дужа страката i ўражлiва. Toe i вырашыла прысуд: дрэнна ва ўсiх адносiнах. Зрэшты, у iншых было ня лепш. Пасьля Мiхась Восiпавiч суцяшаў, што напачатку так бывае заўжды, хаця для мяне тое было слабым суцяшэньнем. Няхутка пасьля таго наважыўся паслаць новае апавяданьне ў часопiс «Маладосць», якi нядаўна пачаў выходзiць у Менску.
        
        Дзеля праўдзівасьці мушу зазначыць, што перад «Стратай» напісаў невялікую вайсковую аповесьць пад назовам «Апошні баец», якую паслаў у «Маладосьць». Аповесьць, на мой погляд, была беззаганнай у ідэйных адносінах, але ў друк яе не прынялі. Загадчык аддзелу прозы Іван Навуменка, паморшчыўшыся, сказаў аўтару, што для часопісу не падыходзіць. Тады я быў гатовы пакрыўдзіцца, а неўзабаве стаўся ўдзячны будучаму акадэміку і народнаму. Праўда, каб зразумець тое, спатрэбілася надрукаваць аповесьць – з працягам у «Чырвонай зьмене». Болей яе не друкаваў нідзе58.
        
        Па справах падпіскі ў Горадню прыехаў Георгі Шчарбатаў, беларускі пісьменьнік, намесьнік рэдактара часопісу «Маладосьць». Ён ужо чытаў мае першыя апавяданьні, адно зь якіх надрукавала і ягоная «Маладосьць». Увечары мы спаткаліся ў кафэ на Савецкай і добра пагутарылі. Георгій уважліва паставіўся да мяне, папытаўся, дзе, што? Дзе нарадзіўся, дзе вучыўся. Сказаў, што маеш талент, трэба толькі пісаць. Я сказаў, што філялягічнай адукацыі ня маю, ва ўнівэрсітэце не вучыўся. На тое Шчарбатаў заўважыў, што вучыцца, канешне, трэба, але тое не галоўнае. Галоўнае ўсё ж талент. Ні Талстой, ні Горкі, ні Бунін ня мелі ўнівэрсітэцкай адукацыі. У літаратуры ўсё дасягаецца працай. Таксама як нашыя Брыль або Танк. І калі Шамякін скончыў двухгадовую ПШ59, дык ці так ужо шмат набраў там у галіне літаратуры60. У партыйных школах літаратуры ня вучаць, вучаць зусім іншаму. Тыя ягоныя словы ўвогуле мне запомніліся, хоць Георгі Шчарбатаў зусім ня быў пісьменьнікам першай велічыні.
        Праз колькі гадоў Я. Еўтушэнка напіша, што вялікія мала чым могуць дапамагчы пачаткоўцам, якім звычайна плённа дапамагаюць сярэднія таленты. Тое – праўда61.
        
        Першага жывога пісьменьніка-празаіка я пабачыў у Гародні, то быў Піліп Пястрак.
        Неяк, будучы на Савецкай, згледзеў, як пажылы чалавек у саламяным капелюшы штось прыпыніўся на ходніку і азіраецца. Прытым з замілаваньнем вымаўляе адно толькі слова «кошык». Сапраўды, непадалёк пераходзіць вуліцу вясковая кабета з пустым лазовым кошыкам. У тым чалавеку я пазнаў знакамітага на той час пісьменьніка Піліпа Пестрака.
        То быў ці не апошні з арыгіналаў – заходнебеларускіх пісьменьнікаў-камуністаў, шмат год сядзеў у Гродзенскай турме, дзе, дарэчы, студыяваў марксізм, выхоўваючыся як пралетарскі рэвалюцыянер. Ім ён і застаўся на ўсё жыцьцё.
        Аднойчы, у час чарговае дэкады беларускай літаратуры, група беларускіх пісьменьнікаў езьдзіла па раёнах, дзе іх вадзілі па жывёлагадоўчых комплексах, паказвалі новыя сіласныя вежы. Як група ў белых халатах пайшла ў чарговы сьвінарнік, Піліп Сямёнавіч прытрымаў мяне за крысо – што, ты не нанюхаўся гаўна? Пойдзем у аўтобус.
        Мы зайшлі ў пусты аўтобус, і Піліп Сямёнавіч адразу выпаліў: парадку ня будзе. – Чаму? – Бо ўладу захапілі ворагі. – Якія ворагі? – Клясавыя.
        Пястрак памаўчаў. – У гэтага ж І. было аж 80 гектараў зямлі. А ў Б. – 40. А ў вашага Карпюка – 30. Во яны і кіруюць. Да чаго дакіруюцца…
        Гэта быў даўні пункцік Піліпа Сямёнавіча. А ўвогуле ён быў чалавек прыстойны, нават чалавечны. На пісьменьніцкіх мерапрыемствах заўсёды выступаў у абарону слабых і пакрыўджаных. Ня ладзіў з начальствам. Любіў Барадуліна – можа, ня так за вершы, як за ягоную апалітычнасьць. У паездку заўжды выпраўляўся з старым пацертым партфелікам, зь якога, як толькі займаў месца ў купэ, выстаўляў бутэльку, клаў ладны шмат сала, пару цыбулінаў. І пачынаў пачостку з размовай. Калі здаралася наведаць рэстаран, замаўляў гарэлку на вагу – але не па 200 грамаў, а адразу на ўсіх – 800. Заўжды плаціў сам.
        Ягоны канфлікт з уладамі пачаўся ў 39-м. Адразу пасьля вызваленьня з Гродзенскай турмы Пястрак кінуўся ствараць рэвалюцыйны камітэт, каб помсьціць палякам. Але чырвонаармейцы прывезьлі ў Горадню свой рэўкам, а шматгадоваму вязьню сказалі – асадзі назад. Ён, натуральна, пакрыўдзіўся, ды стрываў. Пасьля яшчэ шмат разоў крыўдзіўся, бо яго асаджвалі ўсё ніжэй і ніжэй. Памёр ён на адзіноце, ці ня ўсімі забыты, аўтарам ці не аднаго, хоць і таўстога, раману «Сустрэнемся на барыкадах».

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.