39. ЗАМЕНА. ЛАПІЧЫ У адпаведнасьцi зь iснуючымi законаўстанаўленьнямi афiцэры на Далёкiм Усходзе павiнны былi служыць тры гады i пасьля замяняцца зь iншымi на цэнтральныя i заходнiя акругi. Але то – павiнны. На справе ж служылi па чатыры, пяць i шэсьць гадоў без замены i адпачынкаў, кожны год пiшучы рапарты, якiя заставалiся без адказу. Звычайна прасiлiся ў болей камфортныя Маскоўскую або Кiеўскую цi Закарпацкую акругi, часам у Прыбалтыйскую. У Беларускую было мала аматараў, лiчылася, што там жыцьцё беднае. Калi з дэмабiлiзацыяй у мяне нiчога не атрымалася, я пачаў дамагацца замены i напiсаў, што жадаю паехаць у Беларускую акругу. Нечакана на шостым годзе далёкаўсходняй службы прыйшоў загад аб маёй замене. Належала здаць батарэю, разьлiчыцца са службамi i адбыць у горад Асiповiчы, БССР. Я асьцярожна парадаваўся i пачаў складаную працэдуру разьвiтаньня з палком. Здаць батарэю, яе маёмасьць, зброю i тэхнiку аказалася надзвычай складана. Суцэльныя недахопы. Нешта згубiлася, нешта ў час ня сьпiсана i, хоць даўно знасiлася, значыцца ў наяўнасьцi. Штось даўно перададзена iншаму падразьдзяленьню, а ў палкавых дакумэнтах таго не адзначана. Калi ўжо шмат з чым разабралiся, выявiлася, што не хапае аднаго буйнакалiбернага кулямёта, якi некалi выкарысто ўвалi для iмiтацыйных стрэльбаў. Праз той кулямёт я рызыкаваў застацца зiмаваць на Сахалiне. Выйсьце падказаў адзiн вопытны служака. Ён сказаў: «У цябе знойдзецца восем дваццаць? Схадзi ў краму, купi бутэльку каньяку, пастаў начальнiку боепiтаньня». Так i зрабiў. Калi мы з начбоем выходзiлi ўвечары з забягалаўкi, я папытаўся, дзе ўсё ж ён знойдзе той кулямёт? Цi хоць бы дастане на замену? А маёр кажа: нашто мне яго шукаць? Я яго проста выкрасьлю з кнiгi ўлiку... Нарэшце ўсё было скончана, усе бегункi падпiсаныя, атрымаў дакумэнты на праезд ад Сахалiну да ст.Асiповiчы, што ў Беларусi. Зноў прыйшлося з тыдзень цi больш нудзiцца на бакавых палiцах плацкартнага вагону, пакуль даехалi да Масквы. Ехалi спрэс афiцэры, што адслужылi сваё на дзiкiм Усходзе i цяпер радыя былi, што дапялiся цывiлiзаванага Захаду. У Маскве жонка з сынам паехалi наведаць яе сястру, што жыла ў Монiна, а я пайшоў паглядзець сталiцу, у якой па сутнасьцi яшчэ ня быў. Пачаў, вядома ж, з Чырвонай плошчы, якая зусiм не здалася мне вялiкай, якой уяўлялася на сьвяточных здымках, затое сьцены Крамля падалiся куды вышэйшыя, чым уяўлялася. У даўжэзную чаргу да маўзалею ня стаў, пайшоў па вулiцы Горкага ўгару. Хадзiў-хадзiў, захацелася дзе-небудзь перакусiць. Сярод сталiчнага люду адчуваў сябе, як i трэба было чакаць, няўклюдай – бы чалавек, што прыехаў з тайгi ў цывiлiзаваны край. Хадзiў спатнелы, у кiцелi, юхтовых ботах. Афiцыянтка кафэ, куды не без ваганьняў завiтаў, вядома ж, найперш зьмерала наведвальнiка пагардлiвым позiркам i праз зубы папытала, чаго ён жадае. Чаго я мог пажадаць? Сто грамаў i чаго-небудзь на закусь. Спытала – амлет? Хай будзе амлет. Асаблiва выпiваць аднаму не хацелася, але мусiў. Памятаў, як колiсь у Мiкалаеве, iдучы ранкам на службу з Валькам Бахцiгозiным, заўжды хацелi есьцi. На вулiцах у латках прадавалi бутэрброды з кiлькай i тут жа гарэлку на разьлiў. Купляць адны бутэрброды было сорамна, дык мы дадавалi: ну i сто грам. Тады бойкiя цёткi-прадаўшчыцы роблена зьдзiўлялiся: ай-яй, такiя маладыя, што вам па сто грам! Бярыце па дзьвесьце! Даводзiлася браць па дзьвесьце. Гэтак i тут. Выпiў сто, пасьля яшчэ сто. Ну i добра! Настрой стаў весялейшы i Масква прыгажэйшая. У вайсковай камэндатуры станцыi Асiповiчы, канчатковага пункту майго падарожжа, дазнаўся, што патрэбны мне полк зусiм ня тут, а ў Лапiчах, гэта дзесьцi далей, у лесе. Што гэта – буйнакалiберны (152-мм гаўбiцы-гарматы) армейскi полк. Як дабрацца туды? Звычайна – на шашу i галасаваць. Так i зрабiлi. Неяк ускараскалiся на паўзагружаную трохтонку, куды падсеў яшчэ адзiн капiтан, якi таксама ехаў у Лапiчы. Я зь цiкавасьцю азiраў восеньскiя палеткi наўкола, застаўленыя белымi мяхамi, – сяляне выбiралi бульбу. Дзе-нiдзе ў неба вiлiся празрыстыя дымкi. Надвор’е было цiхае, стаяла пара бабiнага лета. Хвойныя бары абапал дарогi выклiкалi ў мяне шчымлiвае замiлаваньне – столькi год гэтае хараство я бачыў толькi ў снах на Усходзе. Сусед-капiтан распавёў, як хораша цяпер ловiцца на блясну шчупак, толькi ўчора ён выцягнуў з рэчкi трохкiлаграмовую рыбiну. Цяпер там пасьля службы ўсе афiцэры размахваюць сьпiнiнгамi. Я слухаў яго i раптам падумаў: буду служыць! Хай, калi так сталася, ня змог вырвацца там, дык тут застаюся. Усё ж дома, не на чужыне. Беларусь – не Курылы. Той увогуле супакоена-iдылiчны настрой трохi апаў, калi ўбачыў ля ракi будучую сваю казарму – старую, абшарпаную, яшчэ мiкалаеўскiх часiн збудоўку з чырвонай цэглы, якая невядома якiм цудам захавалася пасьля дзьвюх войнаў. Але падумалася: можа, i добра, затое не згарыць, ня прыйдзецца за яе нiкому адказваць. Усё тут я хацеў бачыць лепшым, чым там, на Усходзе. Аднак iдылiчны настрой прадаўжаўся нядоўга, у штабе мне далi прачытаць загад па акрузе, дзе я прызначаўся зусiм не камандзiрам батарэi, а крышку нiжэй, на штабную пасаду. Трохi разважыўшы, вырашыў: можа, i лепш, спакайней будзе. Там жа сказалi зайсьцi да нампалiта, якi задаў толькi адно пытаньне: «У партыi быў?» – «Не, – кажу, – ня быў». – «Ну, усё, iдзiце». Пайшоў, трохi, аднак, задумаўшыся над тым невыпадковым пытаньнем. На кватэрнае ўладкаваньне было дадзена два днi, за якiя я яго i вырашыў: знайшоў куток у калгаснiка з суседняй вёскi. Цёмны i даволi сьцюдзёны. Гаспадар ляжаў п’яны, гаспадыня лаяла апошнiмi словамi i яго, i савецкую ўласьць. Пэўна ж, я тут аказаўся ня самы жаданы. Жонка з сынам паехала ў Горадню да сястры, якая некалi засталася ў нашай кватэры, а пасьля выйшла замуж. Як пiсала, – таксама за афiцэра.
|