29. МІКАЛАЕЎ Нядоўгi час пасьля я правёў у стралковай дывiзii пад Бургасам, але i тую расфармавалi, вывеўшы на станцыю Кодыма Адэскай вобласцi. Са станцыi Унгены мы iшлi пешым маршам – якраз па тых месцах, дзе два гады таму ваявалi. У тое лета на поўднi панавалi страшэнная засуха i яе звыклы спадарожнiк – голад. Малдаўскiя сёлы стаялi панiклыя, безь людзей, людзi сышлi на поўнач – Украiну, Чарнаўцы. Забег я ў сяльцо пад вышынёй, куды хадзiлi ўначы i дзе нас ледзьве не захапiлi ў палон. У тым сяльцы я не сустрэў нiводнага чалавека, яно зусiм абязьлюдзела. Не было i гаспадара, якi частаваў нас курацiнай. Адна лебяда ў дварах, поле чорнае, выпаленае сьпякотай. У вайну не было гэткага... Улетку я быў ужо ў Мiкалаеве, у тамашняй стралковай дывiзii. Дывiзiя стаяла ў летнiх лягерах пад Цярноўкай за Бугам. Упершыню тады давялося напоўнiцу зьведаць усе пяшчоты стэпавага поўдню. Найперш далiся ў знакi вецер, пыл i пясок. Страшэнная сьпёка, i нiдзе нiводнага дрэўца. Усё ў пыле – пасьцелi ў палатках, пыл на сталах у летняй сталоўцы, на посудзе, на апратцы людзей. Неаднойчы тады ўспамiнаў я нашы мiлыя лясы-пералескi, клёны i дубы прысадаў, iх паласатыя ценi цераз вулiцу. Прыгажуны – лясныя азёры... Праўда, тут блiзка была рака, але ля ракi патрулi – пiльнуюць, каб нiхто не падышоў i блiзка. Такi ўжо спрадвечны прынцып у войску: куды трэба, туды не пушчаць. I гнаць, куды нiкому ня трэба. Усе заняткi на голай, без травы, стэпавай роўнядзi, усё назiраецца са штабнога пагорку. Як заўсёды ў мiрны (ды i ваенны) час, заняткi, страявая i палiтпадрыхтоўка. Усё на сьпёцы, з ранку да вечару. Там мяне ўпершыню пасадзiлi на гаўптвахту – утапiўся салдат. Пасьля заняткаў пайшоў самавольна на Буг, бухнуўся ў ваду i ня вынырнуў. Можа, знарок, а можа, i не. Але хто вiнаваты? Вядома ж, камандзiр узводу. Хоць камандзiр у той момант быў на iнструктажы па палiтзанятках. Ды ўсё роўна пасадзiлi. На гарнiзоннай гаўптвахце парадкi катаржныя, – нi сядзець, нi ляжаць. У пяць пад’ём, лежакi выносяць. Каб не садзiлiся, на цэмэнтную падлогу вылiваюць пару вёдзер вады. Камэндант – зьвер. Мала банальных зьдзекаў, яшчэ ўносiць асабiсты элемэнт – увесь дзень люта лаецца, абражае апошнiмi словамi, бы ўласных заклятых ворагаў. Пад восень захварэў, паклалi ў шпiталь. На гэты раз у самы здатны для таго час – перад iнспэктарскай праверкай. Шпiталь вокнамi выходзiў на пляц фiзгарадку. Iнспэкцыю прыехаў рабіць сам камандуючы Адэскай вайсковай акругай маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў. Мы назiраем з другога паверху шпiталю, як ён тое робiць. Усiх афiцэраў – маладых i старых – пастроiлi ў шэраг ля фiзкультурнага снараду «кабылы». Камандзiр палку камандуе: упярод! Да кабылы валюхаста бяжыць якi-небудзь лысы, таўставаты, гадоў пад 50 маёр, камандзiр батальёну, робiць спробу пераскочыць, ды дзе там, саступае ўбок. Наступны – тое ж самае. Ну, маладзейшыя, узводныя пераскокваюць, i то ня ўсе. Хто не пераскочыў – у асобны шэраг. Такiх апынулася бальшыня. I маршал пачынае мацюгацца: зажралiся, распанелi, ня хочаце добрасумленна служыць савецкай радзiме, вялiкаму таварышу Сталiну... Во як трэба – вучыцеся! Падтыкае пад дзягу полы шыняля, кароткая разьбежка i – гоп! Пераскочыў. I загадвае камандзiру палку: трэнiраваць! Як натрэнiруюцца, далажыць. Сеў у свой «вiлiс» i паехаў. «Дурак, хоць i Жукаў», – кажа яму ўсьлед сiвы начфiн артпалку. Увечары адзiн хворы, капiтан-артылерыст, якi ў вайну служыў на Першым Украiнскiм фронце, распавёў, як камандуючы фронтам Жукаў лiквiдоўваў увосень 43-га нямецкi прарыў пад Жытомiрам. Езьдзiў, як заўсёды, на «вiлiсе» з бронетранспарцёрам галаварэзаў-аўтаматчыкаў i бартавым аўтамабiлем ваеннага трыбуналу. Дзе якая няўстойка, хапаў першых жа, хто трапляў пад руку, – салдат цi афiцэраў – загадваў аўтаматчыкам расстраляць. З кiшанёў яшчэ не астылых трупаў трыбунальшчыкi даставалi дакумэнты і афармлялi прысуд. Маршал сам не забiваў i нiчога не падпiсваў, тое рабiлi iншыя – паводле ўсiх правiлаў вайсковай юрыспрудэнцыi. Позьняй восеньню перайшлi на зiмовыя кватэры. Салдаты – у старыя, мiкалаеўскага часу казармы, афiцэры – хто куды, на прыватныя кватэры. Перад тым я спаткаў майго сябра Вальку Бахцiгозiна, зь якiм разлучыўся ў Сафii. Валька ўсё малодшы лейтэнант, але служыць у артпалку, дзе, канешне, болей прэстыжна i спакойна, чым у стралковым. Валя ўзяў мяне да сябе на кватэру, якую нядаўна зьняў у старой адзiнокай бабулi. Бабуля пусьцiла нас з умовай, што на зiму мы дастанем ёй дроў. Мы абяцалi, хаця дзе iх дастаць, ня ведалi самi. Зрэшты, так i не дасталi i перажылi зiму ў няпаленай хаце, амаль не распранаючыся нанач. Харчавалiся ў сталоўцы, разам з салдатамi: суп вермiшэлевы, каша пярловая, чай, часам кампот. I то добра. Гараджане i таго ня мелi, жылi голадна, прадукты – па картках. У горадзе можна было купiць шклянку вiна – сухога цi паўсухога. Звычайна вырашалi, колькi градусаў, што будзе мацней? Што мацней, тое i пiлi. Але, як вядома, напой зь вiна слабы... Вайна ў гэтым паўдзённым горадзе нiбы i не спынялася. Стралялi на вулiцах, асаблiва ўначы. Былi выпадкi нападу на нашыя каравулы, што ахоўвалi прадуктовыя склады. Нападалi на афiцэраў, рабавалi ўначы. Адзiн камандзiр роты, позна iдучы з казармы дадому (жыў далекавата, за паркам Пятроўскага), прыхапiў з сабой пiсталет, што ўвогуле не дазвалялася. Якраз ля парку яго спаткалi двое: зьнiмай шынэль, давай сапагi... Ротны дастаў пiсталет i стрэлiў, забiў аднаго. Другi ўцёк. I во суд ваеннага трыбуналу: за забойства грамадзянiна такога грамадзянiн такi (наш капiтан) прыгаворваецца да шасьцi гадоў лягероў. Пасьля суду капiтан кажа: «Якi ж я дурань! Хай бы яны мяне да кальсонаў распранулi, голы б дабег дамоў. А так...». Судзьдзi яму спачувалi, але – закон! Я i тут падаў два рапарты на дэмабiлiзацыю, ды марна. I памалу страцiў надзею вырвацца з войска. Шкада было Вальку, якi сапраўды хацеў служыць, ды напрыканцы зiмы яго дэмабiлiзавалi. На разьвiтаньне мы выпiлi ў забягалаўцы, i я праводзiў яго на вакзал. Валька ехаў у свой сiбiрскi Ачынск да мацi. Для яго i вайна, i вайсковая служба скончылiся бяз радасьцi. Не выслужыў Валька нi чарговага званьня, нi ўзнагароды. Хоць ваяваў i служыў ня горш за iншых. А можа, нават i лепш. Але быў надта малады, дужа сумленны. I – наiўны. Хаця i я ня надта прыдбаў за вайну i службу – адну зорку на грудзi ды адну на пагоны. I ўсё. Ня тое што iншыя. Неяк спаткаў у кiнатэатры Валерыя К., былога аднакашнiка па Саратаўскiм вучылiшчы. Той ужо старшы лейтэнант i два ордэны на грудзях, служыць iнструктарам палiтаддзелу па камсамолу. I тады мне ўспомнiлася, як ён клапацiўся перад выпускам, зьбiраў рэкамэндацыi ў партыю. Мы яшчэ кпiлi: ня ўсё роўна, кiм цябе закапаюць – беспартыйным цi бальшавiком? Ён бы ня чуў нiкога i перад ад’ездам на фронт усё ж пасьпеў атрымаць кандыдацкую картку. А на Дняпры ў аддзеле кадраў, як сталi разьмяркоўваць па дывiзiях, яго пакiнулi ў палiтаддзеле. Тады мы i сьцямiлi – разумны ён чалавек, хоць i малады. Так i аказалася.
|