|
МЫШКА ПІК-ПІК І МІКІ МАЎС
|
|
|
МЫШКА ПІК-ПІК І МІКІ МАЎС Веранічка вельмі любіць салодкія жуйкі. Яны – у прыгожых каляровых абгортках з малюнкамі. Веранічка жуйку – у рот, а абгортку – на падлогу. А мышка Пік-Пік толькі таго і чакае. Схопіць тую паперку, занясе ў сваю норку, абліжа і разглядае. Асабліва спадабаліся мышцы малюнкі з Мікі Маўсам, прыгожай замежнай мышкай. На адным Мікі Маўс еў торт, на другім – марозіва... Мяркуючы па малюнках, меў Мікі хату з выгодамі і нават аўтамабіль. «Вось бы пазнаёміцца з гэтым прыгажуном! – марыла мышка. – Пасябраваць з ім, а пасля, можа, і жыць разам...» I Пік-Пік вырашыла напісаць Мікі Маўсу, каб прыехаў і забраў яе да сябе ў Амерыку. Праз некалькі дзён пасля адпраўкі ліста па тэлевізары пачалі паказваць амерыканскія мульцікі. I мышка ўбачыла на экране жывога Мікі Маўса. – Вось малайчына! – узрадавалася мышка. – Прыехаў! Калі тэлевізар выключылі, Мікі Маўс знік. Мышка доўга чакала яго ў сваёй норцы. «Мабыць, з тэлевізара вылезці не можа», – падумала Пік-Пік, пабегла ў залу і пастукала па тэлевізары: – Мікі! Выходзь! Гэта я, Пік-Пік! Было ціха. «Заснуў», – падумала мышка і стукнула мацней, так, што ёй падалося, што ў тэлевізары пачуўся нейкі шоргат. – Ага, ты ўсё-такі там! Ану, выходзь, я цябе бачыла! Мікі не выходзіў, як мышка ні старалася. Так што давялося ёй ісці спаць, не дабіўшыся свайго. Вечарам наступнага дня Веранічка зноў глядзела мульцікі. Прачнулася мышка ад знаёмага голасу, прыбегла ў залу – а на экране Мікі Маўс скача. «Ну, чакай, я цябе выбаўлю адтуль», – раззлавалася Пік-Пік, выбрала са сваіх прыпасаў самыя смачныя цукеркі, паклала іх перад тэлевізарам і схавалася пад канапу. Цяпер амерыканскі прыгажун дакладна вылезе з тэлевізара! Чакала мышка, чакала і заснула. А калі прачнулася, цукерак ужо не было. «Ага, не вытрымаў, выпаўз!» – зазначыла мышка. На самай справе цукеркі прыбрала Мама. Але мышка гэтага не ведала і таму была ўпэўненая, што Мікі тут і трэба да яго дабрацца. Калі наступны раз Веранічка глядзела мульцікі, мышка падбегла да тэлевізара і паспрабавала залезці ў яго з другога боку, там, дзе свяціліся лямпачкі... I тут яе ўдарыла токам! Упала Пік-Пік на падлогу, і вочкі яе заплюшчыліся. Спалохалася Веранічка, прынесла з кухні кубачак халоднай вады ды як ліне на небараку... Пік-Пік апрытомнела... «Ну і ну! Мікі – гангстэр! Амерыканскі бандыт! Ледзь не забіў мяне. За што?! Няўжо я так яму не спадабалася?..» I мышка пацягнулася ў сваю норку. I ўсе малюнкі з Мікі Маўсам выкінула ў сметніцу.
|