|
МЫШКА ПІК-ПІК ЗАЙМАЕЦЦА БІЗНЕСАМ
|
|
|
МЫШКА ПІК-ПІК ЗАЙМАЕЦЦА БІЗНЕСАМ Любіла мышка Пік-Пік пачытаць перад сном газеты. Апошнім часам найбольш цікавілі яе рэкламныя аб’явы. У кожнай газеце друкавалі іх вельмі шмат, часам на цэлую старонку. I якія смачныя рэчы там прапаноўвалі! Шакаладкі, цукеркі, салодкія напоі з імпартовымі таямнічымі назвамі! Цудоўны тавар куплялі, прадавалі, абменьвалі... Мяркуючы па колькасці аб’яў, займаліся гэтым у кожнай прыстойнай сям’і. «Толькі мае гаспадары нічога ў бізнесе не кемяць! – дзьмулася мышка. – Сядзяць на адных «ганарарах», галадаюць. Не, трэба, каб у кватэры знайшлася хоць адна разумная, дзелавая істота!» I мышка вырашыла заняцца бізнесам. Галоўнай мэтай мышчынага прадпрымальніцтва мусіла быць як мага большая колькасць імпартовых шакаладак. Але як яе дасягнуць? Першапачатковага капіталу мышка не мела, кажучы прасцей – грошай у Пік-Пік не было. Заставалася адно – абмен! Але што магла Пік-Пік прапанаваць у абмен? На што маглі б паквапіцца будучыя дзелавыя партнёры? Мышка аббегла кватэру, але ўсе рэчы былі або вельмі патрэбныя сям’і, або надта ўжо непрыглядныя. Перачытала мышка ўважліва ўсе рэкламныя аб’явы і заўважыла, што побач з тэлевізарамі, дыванамі і парфумай у абменных аб’явах сустракаюцца пародзістыя шчанюкі і кацяняты. «А ў нас ёсць дарослая пародзістая кошка! – узрадавалася Пік-Пік. – Пепіта, напэўна, каштуе не менш, чым скрыня шакаладак! I да таго ж гэтая котка – самая лішняя рэч у хаце. Якая ад яе карысць? Валяецца на канапе, чытае ды жарэ. Мне ж гаспадары ўдзячныя будуць!» I мышка ўзяла Вераніччыны алоўкі і аркуш паперы і напісала аб’яву: «Мяняецца вельмі прыгожая і вельмі пародзістая кошка на каробку шакаладак». Унізе Пік-Пік не забылася пазначыць адрас і пачапіла аб’яву ў двары на слупе. Аб’ява вісела нізкавата, але жадаючы ўсё-ткі мог яе прачытаць. Вечарам у дзверы пазванілі. Мама пайшла адчыняць, і Пепіта з цікавасці рушыла за ёй. На лесвічнай пляцоўцы стаяла тоўстая цётка ў белых штанах і яркай стракатай кашулі. Цётка трымала ў руках невялікую каробку. Пабачыўшы Пепіту, незнаёмка завохкала ад захаплення: – Айяй, якая цудоўная кошка! Вырашана, я яе бяру! Трымайце вашы шакаладкі! – Чаму гэта вы будзеце забіраць нашу кошку? – абурылася Мама. – I не трэба нам ніякіх шакаладак! Цётка доўга тлумачыла Маме прычыну свайго візіту, нарэшце раззлавалася і пайшла. Але тут жа ў дзверы пазванілі зноў – на гэты раз дзядзька ў цёмных акулярах з каробкай большай і прыгажэйшай. Мама паклікала Тату, і на гэты раз удалося разабрацца, што прычына наплыву гасцей – аб’ява на слупе. – Значыць, я тут лішняя?! – са слязьмі прагаварыла Пепіта. – Добра, я не буду казаць пра гуманнасць і элементарную прыстойнасць. Можаце мяне прадаць, абмяняць, здаць на мясакамбінат... Мама, Тата і Веранічка пачалі запэўніваць Пепіту, што не пісалі тае аб’явы, і нагаварылі столькі добрых слоў абражанай кошцы, што яна нарэшце супакоілася. – Але хто ўсё-ткі зрабіў такую подлую справу? Усе пераглянуліся між сабою і моўчкі пайшлі да норкі мышкі Пік-Пік. – Выходзь, мыш! – строга сказаў Тата. – Я абмяняў цябе на новую машынкудрукарку. Цябе забірае Акадэмія навук для доследаў. Збірайся, паслужы нарэшце чалавецтву! Але з норкі ніхто не паказваўся. Мышка залезла ў Татаву пантофлю, якую выкарыстоўвала ў якасці канапы, і трэслася ад жаху. Ноччу Пік-Пік пабегла на двор і зняла сваю аб’яву. I яшчэ некалькі дзён не паказвалася нікому на вочы... Яна зразумела, што сяброў ні на што не абменьваюць, што яны і ёсць самая найвялікшая каштоўнасць.
|