РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прыгоды мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і Мікі Маўс
Мышка Пік-Пік прыбірае норку
Мышка Пік-Пік ідзе ў магазін
Мышка Пік-Пік рамантуе тэлевізар
Як тата стаў суперменам
Нячысцік, які біў арэхі
Мышка Пік-Пік i пан Абадран
Пік-Пік i Пепіта на паляванні
Завяшчанне пана Абадрана
Пепіта i высакародны разбойнік
Конкурс прыгажосці
Мышка Пік-Пік робіць сабе макіяж
Мышка Пік-Пік заблукала
Мышка Пік-Пік робіць прыпасы
Мышка Пік-Пік піша верш
Мышка ў кавуне
Мышка Пік-Пік і роварчык
Мышка Пік-Пік і халадзільнік
Мышка Пік-Пік ідзе на Вераніччын дзень народзінаў
Мышка Пік-Пік ладзіць дзень народзінаў
Пік-Пік i брацік
Мышка Пік-Пік гуляе ў бальніцу
Веранічка ідзе на вайну
Шакаладнае дрэва
Як Мышка Пік-Пік сустракала Новы Год
Мышка Пік-Пік на сцэне
Мышка Пік-Пік робіць фрызуру
Мышка Пік-Пік як навуковае адкрыццё
Мышка Пік-Пік займаецца бізнесам
Мышка Пік-Пік едзе ў вёску
Мышка Пік-Пік і папугайчык
Вайна з лялькамі
Мышка ў космасе
Мышка Пік-Пік есць арэшкі
Мышка Пік-Пік і пясочны торцік
Мышка Пік-Пік плыве за бананамі
Мышка Пік-Пік і мыла
Мышка Пік-Пік – гангстэр
Тата лечыць мышку Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і гітара
Мышка становіцца птушкай
Мышка Пік-Пік і рыбкі
Мышка і дамавік
Партрэт мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік пячэ торт
Мышка Пік-Пік танчыць
Падступныя мурашкі
Мышка Пік-Пік і спроба гвалту
Мышка ў падарунак
Прывід мышкі Пік-Пік
Пік-Пік у казіно
Мышка Пік-Пік сачыняе казку пра сябе
ЯК МЫШКА ПІК-ПІК СУСТРАКАЛА НОВЫ ГОД
        
ЯК МЫШКА ПІК-ПІК СУСТРАКАЛА НОВЫ ГОД

        
        Мышка Пік-­Пік чула ад Вераніччыных Мамы і Таты, што хутка настане Новы год і тады прыйдзе Дзед Мароз з падарункамі. А ў падарунках абавязкова будуць цукерачкі. Мышка Пік-­Пік была вельмі вучонай мышкай, і яна
        ведала, як выглядае Дзед Мароз: ён быў намаляваны на ўсіх навагодніх паштоўках, якія прыносілі ў кватэру. У Дзеда Мароза вялікая белая барада і вусы, чырвоная шапка, доўгі чырвоны кажух, у адной руцэ – доўгі кій, у другой – самае галоўнае – вялікі мех з падарункамі!
        I вось аднойчы вылезла мышка з норкі і адразу адчула пах мёду. Пабегла Пік-­Пік на пах і ўбачыла ў куце залы сапраўдную ёлку, з рознакаляровымі шарыкамі, абвешаную доўгімі бліскучымі ніткамі. А яшчэ на ёлцы віселі мядовыя пернікі, якія на кожны Новы год пякла Мама. Пернікі былі вельмі прыгожыя: пеўнікі, конікі, лісічкі, зайчыкі, сэрцайкі, домікі, анёльчыкі, зоркі. А як яны пахлі мядком! Віселі даволі высока, але на ніжняй галінцы гайдаўся вельмі спакусны зайчык. Сарвала яго мышка, і тут у дзверы пазванілі.
        – Пэўна, Дзед Мароз прыйшоў, – падумала Пік-­Пік і хутчэй пачала кусаць пернік, каб вызваліць лапкі для падарунка.
        Каля ёлкі сабралася ўся сям’я – Тата, Мама, Веранічка, котка Пепіта. Пазвалі яны і мышку Пік-­Пік, але яна сядзела пад ёлкай і душылася пернікам.
        Дзед Мароз быў сапраўдны – праўда, кія ў яго не было, але мех з падарункамі меўся. І чаравікі жоўтыя – зусім як у дзядзькі Сяргея, артыста нейкага гумарыстычнага тэатра, які сябраваў з Татам і неаднойчы сядзеў разам з ім за бяседным сталом.
        
         Я да вас ішоў здалёк,
         I цяжкі прынёс мяшок.
         І цяпер ля ёлкі вашай
         Хто мне вершыкі раскажа? –
        
        сказаў Дзед Мароз і патрос мехам. – Вось тут у мяне падарункі. Хто раскажа вершык – той і атрымае. Ну, дзе тут дзяўчынка Веранічка? Гавары мне вершык!
        Але Веранічка спалохалася Дзеда Мароза, засаромелася і схавалася за Маму.
        Дзед Мароз па-ўсякаму яе ўгаворваў:
        – Я ж не халодны, я цёплы, я гарбату гарачую піў! Падыдзі, не бойся! Няўжо цукерачак не хочаш?
        Але Веранічка не адчаплялася ад Мамінай спадніцы і хавала тварык.
        Мышка Пік-­Пік, між іншым, даела пернік і цяпер была настроена вельмі рашуча. Яна выскачыла з­пад ёлкі, стала перад Дзедам Марозам і запішчала:
        – Я раскажу вершык! Самы лепшы! Я паэтэса, я колькі хочаш вершаў напішу і раскажу! А ты, стары, цукеркі рыхтуй!
        – Гэта хто? – здзівіўся Дзед Мароз.
        – Гэта наша мышка Пік-­Пік! – растлумачыла Мама.
        – Ну, добра, няхай хоць мыш мне нешта раскажа! – згадзіўся Дзед Мароз.
        Тата прынёс з кухні зэдлік, пасадзіў на яго мышку, і яна прачытала верш:
        
         Новы год, Новы год,
         Цябе чакае ўвесь народ.
         Ты прыходзіш к нам зімой,
         I ёлка з цацкамі з табой.
         І Дзед Мароз прыходзіць к нам
         З падарункамі дзецям!
        
        – Малайчына, мышка! – сказаў Дзед Мароз. – Адразу відаць, што гэты вершык ты напісала сама. І пра народ у цябе гэтак душэўна гучыць... Амаль як у тэлевізары на беларускім канале, – і даў ёй цэлафанавы мяшэчак з цукеркамі.
        Веранічцы зрабілася крыўдна, што Пік-­Пік перш за яе атрымала падарунак. Перастала Веранічка хавацца за Маму і сказала:
        – А я таксама вершык ведаю!
        – Ну, расказвай хутчэй! – абрадаваўся Дзед Мароз.
        Веранічка таксама ўзлезла на зэдлік і пачала:
        
         Завіруха-завірэнь
         Завявала цэлы дзень.
         Хоць маленькія сняжынкі,
         А схавалі ўсе сцяжынкі.
         Ды ўсё роўна Дзед Мароз
         Падарункі нам прынёс!
        
        – Ай ды Веранічка! Добры вершык расказала! Таксама, відаць, сама сачыніла? Разумная дзяўчынка, здагадалася, што Дзеду Марозу холадна і твой Тата павінен будзе даць яму пагрэцца...
        І Дзед Мароз даў Веранічцы падарунак – прыгожую каробку з цукеркамі.
        Тады пакрыўдзілася Пепіта.
        – I я, між іншым, вершыкі ведаю! – і скасавурылася на Дзеда Мароза.
        Той развёў рукамі:
        – Ну што з вамі зробіш?! Каты, мышы – усе вершы расказваюць! У вас, выпадкова, іншых жывёл няма?
        – Ёсць, рыбкі! – сказала Веранічка.
        – Што-о? – спалохаўся Дзед Мароз.
        – Не бойцеся, яны цукерак не ядуць, – супакоіла яго Пепіта і ўскочыла на табурэт. – А я прачытаю вам сапраўдную паэзію! Пра зіму і пра высокае каханне!
        
         Белы снег, сіні лёд,
         горды кот па дарозе імчыцца.
         Поўсць ягоная,
         быццам пад поўняю снег, серабрыцца.
         Горды кот, ён самотны,
         і ён не баіцца нікога.
         Ён ваўка задзярэ
         і да котачкі знойдзе дарогу.
        
        Пепіта сціпла склала лапкі і пазірала ў столь, чакаючы воплескаў захопленых слухачоў.
        – А чаму ў тваім вершы нічога няма пра Новы год? – запытаўся Дзед Мароз.
        – Які Новы год? – абурылася Пепіта. – Гэта высокае каханне! Рамантычны герой!
        – Ну, добра, добра, – згадзіўся Дзед Мароз. – На і табе падарунак!
        – А Тата і Мама без падарункаў засталіся! – закрычала Веранічка.
        – Папярэджваю, цукерак у мяне больш няма! – усклікнуў Дзед Мароз.
        – Ах, што вы! – сказала Мама. – Мы з Татам дарослыя, нам цукерак не трэба!
        – Чаму ж гэта?! – запярэчыў Тата. – А я б з задавальненнем з’еў цукерачку! Ці ўвогуле што­небудзь смачненькае!
        Дзед Мароз уздыхнуў, але палез у свой мех, пакорпаўся ў ім і сказаў:
        – Ну, добра, можаце і вы расказваць!
        Мама зрабіла крок наперад, адкашлялася і прачытала:
        
         Цыганкай злой гуляе замець
         Па чорным горадзе маім.
         Такая ноч – што толькі плакаць.
         Было, было, сплыло, як дым...
        
        – Ой! Божухна! Толькі не гэта! – Дзед Мароз замахаў рукамі. – Толькі давайце не будзем псаваць дзецям свята! Пасля такіх вершаў мне проста неабходна добра пагрэцца...– зірнуў дакорліва на Тату і ўручыў Маме апельсін.
        – Цяпер я! – закрычаў Тата. – Я гэтых вершаў столькі напісаў, што магу да наступнага Новага года расказваць! Зараз, толькі ўспомню!..
        Дзед Мароз трохі занерваваўся, але прамаўчаў.
        Тата пахадзіў туды-сюды перад ёлкай, пацёр лоб і прачытаў:
        
         Дзед Мароз прыйшоў да ёлкі,
         На той ёлцы дзве іголкі!
        
        – Не, няправільна! – хорам закрычалі ўсе.
        – Ну, добра, зараз успомню дакладна:
        
         Дзед Мароз прыйшоў да ёлкі
         I злавіў на ёй тры пчолкі!
        
        – Не, зноў няправільна!
        – Ну што вам усё не падабаецца?! – абурыўся Тата. – У мяне цудоўная памяць. Зараз усё ўспомню:
        
         Дзед Мароз прыйшоў да ёлкі
         I залётаў, як анёлкі!
        
        – Усё, хопіць! – не вытрымаў Дзед Мароз у жоўтых чаравіках. – Трымай свой падарунак! – і даў Тату яблык. – А я, між іншым, так змёрз, а мне ўсё яшчэ пагрэцца не далі...
        Пасля гэтага Тата паклікаў Дзеда Мароза на кухню грэцца. Невядома, як гэта адбывалася, мусіць, госця пасадзілі на гарачую пліту, але з кухні Дзед Мароз выйшаў вясёлы і расчырванелы. Тады ўсе яшчэ доўга хадзілі карагодам вакол ёлкі і спявалі. Дзед Мароз з Татам час ад часу кіраваліся на кухню, яшчэ грэцца, а пасля спявалі гучней за ўсіх.
        А мышка Пік-­Пік не магла спяваць, бо рот у яе быў увесь час забіты цукеркамі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.