РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прыгоды мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і Мікі Маўс
Мышка Пік-Пік прыбірае норку
Мышка Пік-Пік ідзе ў магазін
Мышка Пік-Пік рамантуе тэлевізар
Як тата стаў суперменам
Нячысцік, які біў арэхі
Мышка Пік-Пік i пан Абадран
Пік-Пік i Пепіта на паляванні
Завяшчанне пана Абадрана
Пепіта i высакародны разбойнік
Конкурс прыгажосці
Мышка Пік-Пік робіць сабе макіяж
Мышка Пік-Пік заблукала
Мышка Пік-Пік робіць прыпасы
Мышка Пік-Пік піша верш
Мышка ў кавуне
Мышка Пік-Пік і роварчык
Мышка Пік-Пік і халадзільнік
Мышка Пік-Пік ідзе на Вераніччын дзень народзінаў
Мышка Пік-Пік ладзіць дзень народзінаў
Пік-Пік i брацік
Мышка Пік-Пік гуляе ў бальніцу
Веранічка ідзе на вайну
Шакаладнае дрэва
Як Мышка Пік-Пік сустракала Новы Год
Мышка Пік-Пік на сцэне
Мышка Пік-Пік робіць фрызуру
Мышка Пік-Пік як навуковае адкрыццё
Мышка Пік-Пік займаецца бізнесам
Мышка Пік-Пік едзе ў вёску
Мышка Пік-Пік і папугайчык
Вайна з лялькамі
Мышка ў космасе
Мышка Пік-Пік есць арэшкі
Мышка Пік-Пік і пясочны торцік
Мышка Пік-Пік плыве за бананамі
Мышка Пік-Пік і мыла
Мышка Пік-Пік – гангстэр
Тата лечыць мышку Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і гітара
Мышка становіцца птушкай
Мышка Пік-Пік і рыбкі
Мышка і дамавік
Партрэт мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік пячэ торт
Мышка Пік-Пік танчыць
Падступныя мурашкі
Мышка Пік-Пік і спроба гвалту
Мышка ў падарунак
Прывід мышкі Пік-Пік
Пік-Пік у казіно
Мышка Пік-Пік сачыняе казку пра сябе
МЫШКА ПІК-ПІК ІДЗЕ НА ВЕРАНІЧЧЫН ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ
        
МЫШКА ПІК-ПІК ІДЗЕ НА ВЕРАНІЧЧЫН ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ

        
        З кухні пахла так смачна, што мышка апынулся там, яшчэ не паспеўшы расплюшчыць вочы ад салодкага сну. А чаго іх расплюшчваць, ясная справа – Мама зноў пячэ прысмакі.
        – Ну, давай кавалачак, і вярнуся дагледжваць сон... – прамармытала мышка, працягнуўшы лапку.
        – Прабач, але гэта не для цябе, – пачуўся строгі Мамін голас.
        – Што?!! – Мышка так пакрыўдзілася, што канчаткова прачнулася.
        На стале стаяў толькі што ўпрыгожаны крэмам, падобны да маленькай клумбы кветак, самы лепшы ў свеце торт. Мама якраз пасыпала яго зверху рознакаляровымі маленечкімі зорачкамі.
        – Як гэта не для мяне? Яго што, нельга есці? Ён не салодкі? Атручаны?
        Мама, падазрона зірнуўшы на аматарку салодкага, акуратна пераставіла торт у халадзільнік.
        – Заўтра ў Веранічкі дзень народзінаў. Вось усе, хто прыйдзе яе віншаваць, і будуць гэты торцік есці.
        – А як гэта – віншаваць?
        Мама паціснула плячыма:
        – Дарыць падарункі, гаварыць добрыя словы.
        – А без падарункаў нельга? – тужліва прамовіла мышка.
        – Не, – цвёрда сказала Мама. – Я, напрыклад, купіла для Веранічкі ляльку і спякла вось гэты торцік. А з пустымі рукамі ісці на дзень народзінаў – непрыстойна.
        Мышка незадаволена пайшла прэч. Аказваецца, свой кавалачак торціка трэба яшчэ выкупіць... На канапе ляжала Пепіта і назірала за кончыкам свайго пушыстага хваста. Хвост гуляў з гаспадыняй у гульню «не зловіш».
        – Пепіта, а ты будзеш заўтра Веранічку віншаваць? – спытала Пік-­Пік.
        – Зразумела, – важна прамовіла Пепіта. – Я падару ёй букецік з маргарытак. З ружовай стужачкай.
        «І з’ясі кавалак майго торціка», – з горыччу падумала мышка. Паназірала, як Пепіта беспаспяхова палюе на ўласны хвост ( і нехта яшчэ лічыць гэтую котку разумніцай!), і пашыбавала да Таты, які падскокваў у фатэлі перад тэлевізарам. На экране бегалі фігуркі, якія раз­пораз білі нешта маленькае нагамі. Мусіць, ганялі па зялёным полі няшчасную мышку або пацука. Вось жахі...
        – Го­ол! – закрычаў Тата і стаў вельмі вясёлы.
        Мышка скарысталася Татавым настроем, каб спытаць, што ён падорыць Веранічцы.
        – Што з тых лялек ды кветак карысці! – зазначыў практычны Тата. – Я ёй будзільнік падару, каб у школу не спазнялася!
        «Яшчэ кавалка торціка няма», – у роспачы падумала мышка. Пайшла ў норку і пачала перабіраць свае прыпасы. Чым можна павіншаваць Веранічку? Вось гэтая цукерачка ў ружовым фанціку... Шкада. Вось гэтая палова пячэнніца... Не так шкада... Але ці будзе Веранічка есці абгрызеную палову печыва, ды яшчэ выкачаную ў пяску? У параўнанні з торцікам гэта ўсё роўна што агідная памыйная муха ў параўнанні з прыгажуняй мышкай.
        Лепей на вуліцы пашукаць...
        Назаўтра раніцай мышка выправілася на пошукі. Першае, што трапілася ля пад’езда, – пустая бляшанка з­пад кансерваванай кукурузы. Мышка пакруціла яе так і гэтак і адкінула: Веранічка не ацэніць. Потым трапілася паламаная прышчэпка для бялізны... Не тое.
        Пік-­Пік ішла, не паднімаючы вачэй ад травы. І раптам на гэтай траве заўважыла прыгожы скураны пасак. Зусім новенькі! Узрадаваная мышка ўхапілася за яго з усяе моцы і пабегла на дзень народзінаў.
        Вось толькі Пік-­Пік не заўважыла, што другі канец прыгожага паска быў замацаваны на ашыйніку маленькага кудлатага шчанючка.
        Напачатку шчанючок паслухмяна бег туды, куды яго цягнулі. Але неўзабаве разгледзеў, што павадок трымае не гаспадар, а тоўстая мыш! Нейкі час бедны сабачка не мог даўмецца, што яму рабіць. Такога ў ягоным жыцці яшчэ не здаралася. Не, гэта няправільна, гэта, падобна, ганьба для сумленнага сабакі! І шчанючок загаўкаў.
        Мышка азірнулася і ўбачыла над сабой ашчэраную сабачую пысу.
        «Адабраць пасак хоча!» – здагадалася мышка. І – ходу, уверх, па лесвіцы, не выпускаючы з лап сваё права на торцік.
        Веранічка і другія дзеці сядзелі за сталом, торт узвышаўся перад імі дзівоснай крэмавай вежай, з сямі ружовых свечак ішоў дымок – Веранічка толькі што задзьмула на шчасце іх агеньчыкі... І тут у пакой уляцела мышка. А за ёй з гаўканнем – шчанючок. Мышка і сабачка як шалёныя бегалі вакол стала і пад ім, чулася толькі «Пік-­Пік!» ды «Гаў-гаў-гаў!». Адзін з гасцей паваліўся разам з крэслам, другі ўпусціў кубак...
        – Ці-ха! – крыкнуў Тата так гучна, што шчанючок падкурчыў хвосцік і лёг на падлогу. – Ты што тут творыш, Пік-­Пік? – строга запытаўся Тата.
        – Як што? Я падарунак прынесла! – задыхана патлумачыла мышка.
        – Які?
        – Ды вось жа ён! – абурылася Пік-­Пік, паказваючы лапкай на шчанючка. – Вялікі, калматы, зубасты! Ды за яго мне чатыры кавалкі торціка належыць!
        Дзеці зноў завішчэлі, і гучней за ўсіх – Веранічка, на гэты раз – ад радасці. І пачалі гуляцца з жывым падарункам. А мышка ўмомант ускараскалася на стол.
        Калі госці вярнуліся да стала, на талерцы, дзе толькі што квітнеў крэмавымі кветкамі прыгожы торт, спала жыватом уверх мышка, трымаючы ў роце абкусаную ружовую свечку.
        Вось так адсвяткавала Веранічка свой дзень народзінаў.
        Шкада толькі, што шчанючка давялося вярнуць гаспадарам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.