РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прыгоды мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і Мікі Маўс
Мышка Пік-Пік прыбірае норку
Мышка Пік-Пік ідзе ў магазін
Мышка Пік-Пік рамантуе тэлевізар
Як тата стаў суперменам
Нячысцік, які біў арэхі
Мышка Пік-Пік i пан Абадран
Пік-Пік i Пепіта на паляванні
Завяшчанне пана Абадрана
Пепіта i высакародны разбойнік
Конкурс прыгажосці
Мышка Пік-Пік робіць сабе макіяж
Мышка Пік-Пік заблукала
Мышка Пік-Пік робіць прыпасы
Мышка Пік-Пік піша верш
Мышка ў кавуне
Мышка Пік-Пік і роварчык
Мышка Пік-Пік і халадзільнік
Мышка Пік-Пік ідзе на Вераніччын дзень народзінаў
Мышка Пік-Пік ладзіць дзень народзінаў
Пік-Пік i брацік
Мышка Пік-Пік гуляе ў бальніцу
Веранічка ідзе на вайну
Шакаладнае дрэва
Як Мышка Пік-Пік сустракала Новы Год
Мышка Пік-Пік на сцэне
Мышка Пік-Пік робіць фрызуру
Мышка Пік-Пік як навуковае адкрыццё
Мышка Пік-Пік займаецца бізнесам
Мышка Пік-Пік едзе ў вёску
Мышка Пік-Пік і папугайчык
Вайна з лялькамі
Мышка ў космасе
Мышка Пік-Пік есць арэшкі
Мышка Пік-Пік і пясочны торцік
Мышка Пік-Пік плыве за бананамі
Мышка Пік-Пік і мыла
Мышка Пік-Пік – гангстэр
Тата лечыць мышку Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і гітара
Мышка становіцца птушкай
Мышка Пік-Пік і рыбкі
Мышка і дамавік
Партрэт мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік пячэ торт
Мышка Пік-Пік танчыць
Падступныя мурашкі
Мышка Пік-Пік і спроба гвалту
Мышка ў падарунак
Прывід мышкі Пік-Пік
Пік-Пік у казіно
Мышка Пік-Пік сачыняе казку пра сябе
МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ ПРЫПАСЫ
        
МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ ПРЫПАСЫ

        
        Мама Веранічкі кожны дзень хадзіла па крамах, стаяла ў чэргах і спрабавала нешта купіць. А калі вярталася дадому з пакупкамі, Тата задаволена казаў: «Ну вось і ў нас прыпасы ёсць, як у людзей. Неяк пражывём!»
        «Відаць, прыпасы – вельмі важная рэч, – вырашыла мышка Пік-­Пік. – Трэба і мне зрабіць прыпасы! А то не пражыву!»
        Вядома, давялося дачакацца ночы, калі ўсе паснулі і можна было са спакойным сумленнем цягаць з кухні ўсё, што спатрэбіцца.
        «А дзе ж я буду ўсё гэта захоўваць? – задумалася мышка. – Норка паўнюткая. Да таго ж яе могуць захапіць ворагі. Не, месца для прыпасаў павінна быць таемнае і бяспечнае».
        Бегала, бегала мышка па кватэры, заглядала ва ўсе шчыліны. Можа, у лазенцы рабіць хованку? Не, мокра... А можа, у гітары – вунь якая зручная круглая дзірка і месца пустога шмат? Не, мышка ўжо спрабавала залазіць у яе... Ледзь выбралася. Нарэшце пад Татавым ложкам знайшла Пік-­Пік вялізныя пантофлі.
        «О, гэта тое, што мне трэба! – узрадавалася мышка. – Месца цёмнае, патаемнае. Знізу – гума, значыць, вада не намочыць. Акрамя таго, маю адразу два сховішчы».
        І шэрая гаспадыня пачала цягаць з кухні прыпасы. Запхнула ў адну пантофлю палову плаўленага сырка, катлету, пяць цукерак, кавалак чорнага хлеба ( калі голад настане – і чорны хлеб з’ясі!). А яшчэ – дзве сушкі, пернік і чатыры слівы з кампоту. У другую пантофлю змясцілася свежае яйка з лядоўні, шэсць грэцкіх арэхаў, учарашні сырнік, пакусаны Веранічкай, адна мармеладка, салёны агурок, палова яблыка і жменя семачак. Зразумела, мышка не забывалася складаць прыпасы і ў свой жывоцік, і таму пайшла спаць цалкам задаволеная.
        Раніцай сонны Тата апусціў на падлогу ногі, намацаў пад ложкам пантофлі... Паспрабаваў уздзець...
        Нешта хруснула, па нагах пацякло халоднае і ліпкае...
        На Татаў крык прыбеглі Мама, Веранічка і котка Пепіта.
        Не сказаць, каб тое, што яны ўбачылі ў Татавых пантофлях, выглядала прыгожа. Калі папраўдзе, дык выглядала яно проста агідна.
        Але пантофлі так­сяк пачысцілі, Тату супакоілі... Ён уздзеў чаравікі і адправіўся на працу вельмі пакрыўджаны.
        Мышка Пік-­Пік праспала ў сваёй норцы цэлы дзень, і ёй сніліся горы прыпасаў велічынёй з пяціпавярховы дом. І ўсе належалі ёй, кемнай мышцы! Як толькі Пік-­Пік прачнулася, то пабегла правяраць свой скарб. Пантофлі стаялі на ранейшым месцы, але былі зусім пустыя!
        – Гвалт! – запішчэла мышка. – Мяне абрабавалі! Я цяпер не выжыву!
        Прачнуўся Тата, запаліў лямпу, бачыць: з­пад яго ложка вылазіць тоўстая мыш, цягне за сабой яго пантофлі, як чоўны, і верашчыць:
        – Аддавай мае прыпасы!
        – Дык гэта ты запхнула ў мой абутак розную дрэнь? – здагадаўся Тата. – Вось я табе зараз...
        Спалохалася мышка, кінула пантофлі, плітанула ў норку.
        «Гэх, памылілася я! – горка раздумвала небарака. – Трэба было ў Маміны боты прыпасы скласці... Нічога, наступнай ноччу буду разумней».

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.