|
МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ ПРЫПАСЫ
|
|
|
МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ ПРЫПАСЫ Мама Веранічкі кожны дзень хадзіла па крамах, стаяла ў чэргах і спрабавала нешта купіць. А калі вярталася дадому з пакупкамі, Тата задаволена казаў: «Ну вось і ў нас прыпасы ёсць, як у людзей. Неяк пражывём!» «Відаць, прыпасы – вельмі важная рэч, – вырашыла мышка Пік-Пік. – Трэба і мне зрабіць прыпасы! А то не пражыву!» Вядома, давялося дачакацца ночы, калі ўсе паснулі і можна было са спакойным сумленнем цягаць з кухні ўсё, што спатрэбіцца. «А дзе ж я буду ўсё гэта захоўваць? – задумалася мышка. – Норка паўнюткая. Да таго ж яе могуць захапіць ворагі. Не, месца для прыпасаў павінна быць таемнае і бяспечнае». Бегала, бегала мышка па кватэры, заглядала ва ўсе шчыліны. Можа, у лазенцы рабіць хованку? Не, мокра... А можа, у гітары – вунь якая зручная круглая дзірка і месца пустога шмат? Не, мышка ўжо спрабавала залазіць у яе... Ледзь выбралася. Нарэшце пад Татавым ложкам знайшла Пік-Пік вялізныя пантофлі. «О, гэта тое, што мне трэба! – узрадавалася мышка. – Месца цёмнае, патаемнае. Знізу – гума, значыць, вада не намочыць. Акрамя таго, маю адразу два сховішчы». І шэрая гаспадыня пачала цягаць з кухні прыпасы. Запхнула ў адну пантофлю палову плаўленага сырка, катлету, пяць цукерак, кавалак чорнага хлеба ( калі голад настане – і чорны хлеб з’ясі!). А яшчэ – дзве сушкі, пернік і чатыры слівы з кампоту. У другую пантофлю змясцілася свежае яйка з лядоўні, шэсць грэцкіх арэхаў, учарашні сырнік, пакусаны Веранічкай, адна мармеладка, салёны агурок, палова яблыка і жменя семачак. Зразумела, мышка не забывалася складаць прыпасы і ў свой жывоцік, і таму пайшла спаць цалкам задаволеная. Раніцай сонны Тата апусціў на падлогу ногі, намацаў пад ложкам пантофлі... Паспрабаваў уздзець... Нешта хруснула, па нагах пацякло халоднае і ліпкае... На Татаў крык прыбеглі Мама, Веранічка і котка Пепіта. Не сказаць, каб тое, што яны ўбачылі ў Татавых пантофлях, выглядала прыгожа. Калі папраўдзе, дык выглядала яно проста агідна. Але пантофлі таксяк пачысцілі, Тату супакоілі... Ён уздзеў чаравікі і адправіўся на працу вельмі пакрыўджаны. Мышка Пік-Пік праспала ў сваёй норцы цэлы дзень, і ёй сніліся горы прыпасаў велічынёй з пяціпавярховы дом. І ўсе належалі ёй, кемнай мышцы! Як толькі Пік-Пік прачнулася, то пабегла правяраць свой скарб. Пантофлі стаялі на ранейшым месцы, але былі зусім пустыя! – Гвалт! – запішчэла мышка. – Мяне абрабавалі! Я цяпер не выжыву! Прачнуўся Тата, запаліў лямпу, бачыць: зпад яго ложка вылазіць тоўстая мыш, цягне за сабой яго пантофлі, як чоўны, і верашчыць: – Аддавай мае прыпасы! – Дык гэта ты запхнула ў мой абутак розную дрэнь? – здагадаўся Тата. – Вось я табе зараз... Спалохалася мышка, кінула пантофлі, плітанула ў норку. «Гэх, памылілася я! – горка раздумвала небарака. – Трэба было ў Маміны боты прыпасы скласці... Нічога, наступнай ноччу буду разумней».
|