РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прыгоды мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і Мікі Маўс
Мышка Пік-Пік прыбірае норку
Мышка Пік-Пік ідзе ў магазін
Мышка Пік-Пік рамантуе тэлевізар
Як тата стаў суперменам
Нячысцік, які біў арэхі
Мышка Пік-Пік i пан Абадран
Пік-Пік i Пепіта на паляванні
Завяшчанне пана Абадрана
Пепіта i высакародны разбойнік
Конкурс прыгажосці
Мышка Пік-Пік робіць сабе макіяж
Мышка Пік-Пік заблукала
Мышка Пік-Пік робіць прыпасы
Мышка Пік-Пік піша верш
Мышка ў кавуне
Мышка Пік-Пік і роварчык
Мышка Пік-Пік і халадзільнік
Мышка Пік-Пік ідзе на Вераніччын дзень народзінаў
Мышка Пік-Пік ладзіць дзень народзінаў
Пік-Пік i брацік
Мышка Пік-Пік гуляе ў бальніцу
Веранічка ідзе на вайну
Шакаладнае дрэва
Як Мышка Пік-Пік сустракала Новы Год
Мышка Пік-Пік на сцэне
Мышка Пік-Пік робіць фрызуру
Мышка Пік-Пік як навуковае адкрыццё
Мышка Пік-Пік займаецца бізнесам
Мышка Пік-Пік едзе ў вёску
Мышка Пік-Пік і папугайчык
Вайна з лялькамі
Мышка ў космасе
Мышка Пік-Пік есць арэшкі
Мышка Пік-Пік і пясочны торцік
Мышка Пік-Пік плыве за бананамі
Мышка Пік-Пік і мыла
Мышка Пік-Пік – гангстэр
Тата лечыць мышку Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і гітара
Мышка становіцца птушкай
Мышка Пік-Пік і рыбкі
Мышка і дамавік
Партрэт мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік пячэ торт
Мышка Пік-Пік танчыць
Падступныя мурашкі
Мышка Пік-Пік і спроба гвалту
Мышка ў падарунак
Прывід мышкі Пік-Пік
Пік-Пік у казіно
Мышка Пік-Пік сачыняе казку пра сябе
МЫШКА ПІК-ПІК ЗАБЛУКАЛА
        
МЫШКА ПІК-ПІК ЗАБЛУКАЛА

        
        Мышка Пік-­Пік прачнулася ад таго, што ёй стала холадна.
        «Трэба коўдрачкай накрыцца», – падумала Пік-Пік. Але коўдрачка аказалася такой бруднай, што накрыцца ёю было немагчыма. Аднаго варэння на яе выліўся цэлы слоік. Паставіла мышка коўдрачку да сцяны, як кавалак кардону, і, уздыхнуўшы, вылезла з норкі шукаць новую.
        А ў кватэры чамусьці было занадта светла. Святло струменіла ад акна.
        «Што такое? – здзівілася мышка Пік-­Пік. – Сонца ж няма! Неба шэрае!»
        І ўзлезла на падаконне.
        – Ах!
        Усё за акном было пасыпана нечым белым і пухнатым – і зямля, і дрэвы, і дамы.
        – Гэта цукар! – здагадалася мышка Пік-­Пік. – Колькі цукру! Хутчэй туды, пакуль яго ніхто не з’еў!
        Мышка выскачыла за дзверы, выбегла з пад’езда і кінулася на цукар... Але ён аказаўся зусім не салодкі і вельмі халодны.
        – З вады яго зрабілі, ці што? – зазлавала мышка. – Пакаштую вунь ля тых кусцікаў – можа, там саладзейшы?
        Але і ля кусцікаў цукар аказаўся не салодкі.
        – А можа, там, на горачцы, смачнейшы? – не губляла надзеі мышка.
        Але і на горачцы, і на другой горачцы Пік-­Пік не засмакавала белая спакуса. Бегала мышка, бегала, змерзла і вырашыла вяртацца дадому... Агледзелася – авой! Вакол усё белае, аднолькавае – і дамы, і пад’езды.
        – Дзе ж мая кватэра, мая норка і мае цукерачкі? – разгубілася бедная. – Куды ісці?
        Закруцілася мышка на месцы, але сказала сабе: «Спакойна! Я – самая разумная мышка ва ўсіх гэтых бязглуздых дамах. Калі я падумаю, то абавязкова прыдумаю... А што я прыдумаю? Як бы даведацца, што я прыдумаю?»
        І тут мышка заўважыла, што на халодным нясмачным цукры яе лапкі пакідаюць сляды.
        «Калі я пайду назад па сваіх слядах, я дайду да свайго пад’езда», – узрадавалася мышка.
        І Пік-­Пік пабегла па сваіх слядочках. Бегчы давялося доўга і складана, увесь час кругамі. Але нарэшце апынулася мышка ў пад’ездзе. Пабегла ў сваю кватэру, а дзверы – зачыненыя!
        «Ах, так! – раззлавалася мышка. – Ну, дык вам будзе горай!»
        І прагрызла ў куточку дзвярэй дзірку. Забегла... А там як загаўкае сабака! Чужая кватэра аказалася.
        Мышка – да другіх дзвярэй. І тыя зачыненыя! Зноў папрацавала зубкамі. Забегла ў кватэру... А там нехта вельмі гучна спявае: «Ой, маро-з, маро-з...» Мама і Тата, ці што?
        Не, проста зноў чужая кватэра...
        Толькі наступныя дзверы былі расчыненыя... І гэта аказалася менавіта мышчына кватэра!
        Нарэшце Пік-­Пік дома.
        «Я сёння была вельмі разумнай, – разважала мышка. – А цукру не з’ела. І коўдрачкі не знайшла!»
        Але тут мышка заўважыла Вераніччыну пухнатую ружовую рукавічку.
        – Так, коўдрачкі ў мяне няма, але затое будзе цалкам прыстойны спальны мех! – прамовіла Пік-­Пік і пацягнула рукавічку ў норку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.