РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прыгоды мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і Мікі Маўс
Мышка Пік-Пік прыбірае норку
Мышка Пік-Пік ідзе ў магазін
Мышка Пік-Пік рамантуе тэлевізар
Як тата стаў суперменам
Нячысцік, які біў арэхі
Мышка Пік-Пік i пан Абадран
Пік-Пік i Пепіта на паляванні
Завяшчанне пана Абадрана
Пепіта i высакародны разбойнік
Конкурс прыгажосці
Мышка Пік-Пік робіць сабе макіяж
Мышка Пік-Пік заблукала
Мышка Пік-Пік робіць прыпасы
Мышка Пік-Пік піша верш
Мышка ў кавуне
Мышка Пік-Пік і роварчык
Мышка Пік-Пік і халадзільнік
Мышка Пік-Пік ідзе на Вераніччын дзень народзінаў
Мышка Пік-Пік ладзіць дзень народзінаў
Пік-Пік i брацік
Мышка Пік-Пік гуляе ў бальніцу
Веранічка ідзе на вайну
Шакаладнае дрэва
Як Мышка Пік-Пік сустракала Новы Год
Мышка Пік-Пік на сцэне
Мышка Пік-Пік робіць фрызуру
Мышка Пік-Пік як навуковае адкрыццё
Мышка Пік-Пік займаецца бізнесам
Мышка Пік-Пік едзе ў вёску
Мышка Пік-Пік і папугайчык
Вайна з лялькамі
Мышка ў космасе
Мышка Пік-Пік есць арэшкі
Мышка Пік-Пік і пясочны торцік
Мышка Пік-Пік плыве за бананамі
Мышка Пік-Пік і мыла
Мышка Пік-Пік – гангстэр
Тата лечыць мышку Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і гітара
Мышка становіцца птушкай
Мышка Пік-Пік і рыбкі
Мышка і дамавік
Партрэт мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік пячэ торт
Мышка Пік-Пік танчыць
Падступныя мурашкі
Мышка Пік-Пік і спроба гвалту
Мышка ў падарунак
Прывід мышкі Пік-Пік
Пік-Пік у казіно
Мышка Пік-Пік сачыняе казку пра сябе
МЫШКА ПІК-ПІК САЧЫНЯЕ КАЗКУ ПРА СЯБЕ
        
МЫШКА ПІК-ПІК САЧЫНЯЕ КАЗКУ ПРА СЯБЕ

        
        Аднойчы на кухні Мама чысціла бульбу. І раптам пачула вісклівы голас:
        – Толькі і думаем пра тое, каб жывот чымсьці напхаць. А пра ежу духоўную і не ўспамінаем!
        Мама вельмі здзівілася з такіх прачулых слоў і агледзелася вакол. На зэдліку сядзела, звесіўшы хвосцік, мышка Пік-­Пік.
        – Пра што ты гаворыш, зверанятка? – перапытала разгублена Мама.
        – Як гэта пра што? Ты чаму казкі перастала пра мяне сачыняць? – абурана працягвала мышка. – Артыкулы нейкія ўзялася пісаць, як быццам без цябе навуковак не хапае. Вунь адна цётка Ірка чаго вартая, што хацела мяне ў лабараторыі вывучаць як невядомы навуцы від мышы!
        – Ведаеш, – абурылася ў сваю чаргу Мама, – на свеце ёсць шмат цікавага, акрамя мышэй.
        – Я – адзіная і непаўторная мышка ў свеце! – упэўнена заявіла Пік-­Пік. – Таму неадкладна давай сачыняй пра мяне казку! А я дапамагу. Можа быць, нарэшце нешта талковае і атрымаецца.
        – Здаецца, раней я без цябе цудоўна абыходзілася, – пакрыўдзілася Мама, нават бульбіну ачышчаную міма каструлі кінула.
        – «Цудоўна!» Насачыняла пра мяне рознай лухты, на смех выставіла! Хіба такой павінна быць сапраўдная казка?
        – А якой жа?
        – А вось паслухай. Вучыся! – Мышка натхнёна заплюшчыла вочы і пачала расповед: – У адным трыдзевятым царстве жыла-была чароўная прынцэса мышка. І такая яна была прыгожая, як... як сметанковы торцік. І аднойчы скраў гэтую чароўную мышку злосны вогненны цмок... па мянушцы Мурзік. Заплакала ўсё царства­каралеўства слязьмі горкімі, а цар Мыш, бацька, значыць, гэтай прыгожай мышкі, аб’явіў па ўсім свеце, што той добры рыцар, які вызваліць прынцэсу з кіпцюроў паганага цмока Мурзіка, возьме яе сабе за жонку і палову царства ў пасаг...
        Тут на кухню забег Максімка.
        – Мама, печыва хачу, што ты ўчора вечарам спякла! Не, два печывы давай...
        Мышка абурылася:
        – Не перашкаджай мне казку расказваць!
        – Якую казку? – зацікавіўся Максімка, хрумкаючы печывам.
        – Ды вось Пік-­Пік пра сябе сачыняе, – патлумачыла Мама. – Як чароўную мышку­прынцэсу скраў пачварны цмок...
        – А, ведаю, што далей! – радасна закрычаў Максімка. – Цмок прынёс мышку ў сваю кватэру і кажа: «Гэта ты скрала маю партыю наркотыкаў?!» А мышка скідае з сябе сукенку і крычыць: «А я не мышка, я робат­паліцэйскі! Імем закону я цябе арыштоўваю!» І дастае вось такі пісталет-аўтамат­кулямёт з ракетным рухавіком! А цмок націскае на кнопачку, і з прыбіральні выбягае банда гангстэраў! – пры гэтых словах Максімка ўзяў са стала яшчэ печыва і парассоўваў па кішэнях. – Ну, добра, я пайшоў. Расказвайце далей без мяне.
        – Значыць, робат­паліцэйскі... Дакладней, прынцэса-мышка...– дрыготкім голасам працягнула свой аповед Пік-­Пік, але дзверы кухні зноў расчыніліся, і ўвайшла Веранічка.
        – Я таксама хачу печыва! – сказала яна. – А пра што вы гаворыце?
        – Ды вось Пік-­Пік казку пра сябе сачыняе, як яе цмок скраў, а яна аказалася робатам­паліцэйскім, – цярпліва патлумачыла Мама.
        – А, ведаю, ведаю, што далей! – узрадавалася Веранічка. – Цмок ёй кажа: «Мы будзем уладарамі свету! Паглядзі, у мяне пад ложкам схаваны тры атамныя бомбы, і калі ўсе краіны не пакарацца мне, я гэтыя бомбы скіну на самыя вялікія гарады свету!» А мышка, уся такая ў белым, з фальбонамі і карункамі, а ў доўгіх белых валасах банцікі, банцікі, кажа: «Падзяліць уладу з такім вар’ятам? Нізавошта!» Цмок дастае пісталет, але ў гэты момант праз акно ўрываецца Бэтман: «Я спыню цябе, зладзюга!» Ну добра, я пайшла гуляць. Мае лялькі таксама печыва хочуць. Я ім толькі што кожнай аперацыю зрабіла.
        І Веранічка, напхаўшы кішэні печывам, пайшла.
        – І адважны Бэтман... Дакладней, рыцар... дастае зачараваны меч... – паспрабавала працягнуць свой сюжэт мышка, але на кухню зайшла Пепіта.
        – Кажуць, тут пячэнніцы смачненькія даюць, – прамуркатала яна. – А, вось яны! Добранька... Пра што гамонім?
        Мышка, уся ў кепскіх прадчуваннях, не хацела дзяліцца інфармацыяй. Але Мама зноў усё пераказала, і Пепіта з задавальненнем прапанавала сваю версію:
        – Цмок пасадзіў мышку ў электрычнае крэсла і кажа: «Прызнавайся, ты – руская шпіёнка Каця!» І тут электрычнае крэсла ўстае і накіроўвае на цмока пісталет: «А я – амерыканскі агент нуль-нуль-нуль! Мы разам з Кэт высочвалі цябе па ўсім свеце! Крылы ўгару, нягоднік!»
        Калі Пепіта пайшла, мышка, паверашчаўшы наконт некультурных котак, якія не ведаюць смаку ў добрых казках, працягнула:
        – Рыцар адсек цмоку сваім зачараваным мечам усе тры галавы, так што цмок ледзь паспеў тры разы сказаць «мяў», і апусціўся... Рыцар, вядома, а не цмок... на калена перад чароўнай прынцэсай...
        І тут на кухню зайшоў Тата. Зразумела, нягледзячы на слабыя пратэсты мышкі, казка атрымала новую версію.
        – Цмок аказаўся касмічным прышэльцам, – з задавальненнем казаў Тата. – Ён хацеў замяніць мышчыны мазгі на свае, каб у мышчыным целе захапіць уладу над зямлёй. Але мышчыны мазгі былі занадта маленькія, і цмокавы не змясціліся на іх месца. Цмок пхаў іх у мышку, пхаў, і ў рэшце рэшт яны расплавіліся і выцеклі ў мышкі з вушэй. Мышка апрытомнела, вымыла галаву кока-колай і вярнулася дадому. Яна так і не даведалася, што прадухіліла вялізарную катастрофу зямной цывілізацыі. А што, пячэнне яшчэ засталося?
        Калі за Татам зачыніліся дзверы кухні, мышка нейкі час сядзела моўчкі, пасля пачала ціха ўсхліпваць:
        – Такую казку сапсавалі...
        – Не плач, не плач, даражэнькая, – пашкадавала яе Мама. – Цяпер раскажы ўсё наноў.
        – Не магу... Я зусім заблыталася...
        – Ну добра, я дапамагу, – супакоіла мышку Мама. – Слухай. Пайшла мышка на цмокаву кухню. А там у вазач­цы ляжалі смачненькія цукерачкі. Узрадавалася мышка і давай іх есці. Ела, ела. І не ведала, што зробленыя тыя цукерачкі цмокавы былі не з цукру, а з...
        – Не! Гэта невыносна! – ускрыкнула небарака Пік-­Пік і, не жадаючы даведвацца, з чаго робяць цукеркі для цмокаў, кінулася бегчы з кухні.
        Праўда, не забылася прыхапіць са стала апошняе пячэнніца.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.