МЫШКА ПІК-ПІК НА СЦЭНЕ Мама павяла Веранічку ў тэатр на спектакль «Тры парсючкі». Мышка Пік-Пік, якая ніколі ў тэатры не была і спадзявалася, што там смачна кормяць, залезла ў Вераніччыну сумачку і такім чынам адправілася ў тэатр таксама. Мышка добрасумленна праспала ўсё прадстаўленне. Але час ад часу ўсё-ткі прачыналася. А пад канец спектакля нават адплюшчыла абодва вокі. Уразіла мышку, як дзядзькі і цёткі ў масках парсюкоў ды ваўкоў выходзілі на край сцэны, павольна і прыгожа кланяліся, а ўсе гледачы пляскалі ім у ладкі, дарылі кветкі і крычалі нешта незразумелае, але, відаць, вельмі прыемнае. I вось па вяртанні дадому задумалася мышка. Жыццё ў яе шэрае, мышынае, ніхто не пляскае ёй у ладкі, кветкі не дорыць, ды што там! Калі такое было, каб усе, не адводзячы вачэй, глядзелі толькі на яе, Пік-Пік, і лавілі кожнае яе слова... I спакусілася мышка тэатральнай славай, і задумала зладзіць спектакль у хатніх умовах і сыграць у ім галоўную ролю... Пепіта актрысай быць не хацела. Ледзь угаварыла яе мышка. – Будзем ставіць «Трох парсючкоў»! – Гэта ж быў адзіны спектакль, які мышка ведала. – Рыхтуйся! Угаварыла мышка і Веранічку, пабегла дамаўляцца да Максімкі. Максімка па маладосці гадоў (дакладней, свайго аднаго годзіка) быў згодны на ўсё. Нарэшце будучыя акцёры сабраліся на адной канапе. – А хто каго будзе іграць? – пацікавілася практычная Пепіта. – Ну, – важна загаварыла мышка, – я сыграю парсючка Наф-Нафа, які пабудаваў каменны дом. А ты, Пепіта, будзеш парсючком Нуф-Нуфам... – Фі... – сказала Пепіта. – Парсюком! Я – высакародная кошка і свіннёй ніколі не буду! – Добра, добра... Тады парсючком Нуф-Нуфам будзе Максімка, парсючком НіфНіфам – Веранічка, а ты, Пепіта, сыграеш ваўка! – Яшчэ чаго! – абурылася Пепіта. – Як самую горшую ролю, дык мне! Сама ваўка іграй! – Я не магу ваўка іграць, – надзьмулася мышка. – Я ваш галоўны рэжысёр. Няхай Веранічка ваўка сыграе! – Не хачу! – пакрыўдзілася Веранічка. – Я дзяўчынка! Гэта роля для мяне непрыстойная! – Максімка, будзеш ваўком? – у адчаі звярнулася Пік-Пік да апошняга кандыдата. – Будзеш бегаць за ўсімі і лавіць... Вось так: ууу! Мышка паказала Максімку, як мусіць паводзіць сябе воўк, і Максімку спадабалася. Ён сказаў «ууу!» і пачаў зараз жа ганяцца за Пік-Пік. Ледзь яго спынілі. Дык каго ж збіраецца іграць Пепіта? – Прынцэсу... – сціпла адказала Пепіта. – Або каралеву. Кашэчую. – I я хачу прынцэсу! – заявіла Веранічка. – Але ў нашым спектаклі няма ніякіх прынцэс! – пачала злавацца мышка. – У нас тры парсючкі! – Ну вось і іграй сама сваіх парсючкоў, – вільнула хвастом Пепіта. Веранічка пайшла да сваіх лялек, а Максімка яшчэ доўга бегаў за Пік-Пік і хапаў яе за хвосцік. Так зза інтрыг і неразумення загінуў яшчэ адзін шмат абяцаючы тэатр.
|