|
ПЕПІТА I ВЫСАКАРОДНЫ РАЗБОЙНІК
|
|
|
ПЕПІТА I ВЫСАКАРОДНЫ РАЗБОЙНІК У той час, калі дзікі кот Мурзік пайшоў выконваць апошнюю просьбу з’еўшага каштан пана Абадрана, котка Пепіта ляжала на канапе і чытала раман. «Ах, калі б у жыцці былі такія высакародныя разбойнікі, як у кнігах!» – марыла Пепіта. I раптам на падаконнік адчыненага акна ўскочыў незнаёмы горды кот. Яго зялёныя вочы злавесна ззялі, вусы грозна тапырыліся, а шматлікія шнары і выдраныя кавалкі поўсці сведчылі пра сапраўдную ваяўнічасць. – Ах! – усклікнула Пепіта. – Хто вы? – Я – дзікі кот Мурзік! – адказаў госць. – Я прыйшоў пакараць зладзейку Пік-Пік, якая атруціла майго лепшага сябра пана Абадрана. – Як так? – здзівілася Пепіта. – Мышка Пік-Пік – мая сяброўка, яна нікога не можа атруціць. Тут нейкая памылка. – Ну раз так, – сказаў Мурзік, – толькі дзеля вашых чароўных вочак... Не буду шукаць тую асобу. Толькі, прызнацца, я не падсілкаваўся перад паляваннем... Пепіта была разумнай коткай. Хутка Мурзік ужо еў катлеты і запіваў малаком, адначасова размаўляючы з Пепітай: – Зразумела, чароўная дама, жывяце вы сытна, чыста, але сапраўднага жыцця не ведаеце. Хіба кошка можа сядзець у чатырох сценах! Няўжо ні разу вы не пабывалі на даху, не глядзелі на поўню? Пепіта слухала Мурзіка з захапленнем. Нарэшце яна пабачыла вольнага ката – разбойніка, які нікога не баіцца! А кот працягваў: – Самая смачная ежа – якую ты сам скраў ці здабыў у бойцы. Мне шкада вас, чароўная пані! Калі б вы захацелі, я паказаў бы вам, як жывуць сапраўдныя кошкі! Пепіта гатовая была ісці за Мурзікам хоць зараз, але той прасіў пачакаць да ночы, бо мае важныя справы ў падвале. Як вядома, Мурзік пайшоў за спадчынай пана Абадрана. Калі ж нічога не атрымаў, не надта засмуціўся: па-першае, ён ужо пад’еў, а па-другое, яго вельмі ж цікавіла прыгожая хатняя котачка Пепіта. I калі сцямнела, вольны кот ускочыў на падаконнік знаёмай кватэры. Пепіта чакала свайго героя. – Ну, што, – горда сказаў Мурзік, – скокнулі ўніз? – Ой, баюся! – спалохалася Пепіта. Але кот скочыў на зямлю, спіхнуўшы і Пепіту. I пачаліся начныя прыгоды. Мурзік знаёміў Пепіту з іншымі вольнымі катамі, вадзіў на дах, спяваў кашэчыя серэнады і біўся з чорным аблезлым катом. Пад раніцу Пепіта стамілася ад уражанняў і захацела есці. Мурзік павёў яе да сабачай будкі, сказаў пільнаваць, а сам сунуўся туды і выскачыў з кавалкам сасіскі. Адначасова з будкі выскачыў вялізны сабака. I каты ледзь уцяклі. Мурзік прапанаваў Пепіце палову здабытай сасіскі. Пепіта пажавала і не змагла праглынуць пачастунак: сасіска была сапсаваная, брудная і да таго ж са слядамі сабачых зубоў. – Ну, цяпер можна і адпачыць... – заявіў Мурзік і павёў Пепіту ў падвал. – Як, тут я павінна спаць?! – жахнулася Пепіта, убачыўшы халодную смярдзючую кучу пяску. – Мы, вольныя каты... – пачаў Мурзік, але Пепіта яго не даслухала: – З мяне хопіць! Пайду дадому. I пайшла. Мурзік доўга мяўкаў ёй услед, што з яе ніколі не атрымаецца сапраўднай коткі, але Пепіта была абыякавай. Галодная, сонная, ледзь дабрыла яна да сваёй кватэры. А назаўтра прачнулася ад моцнага свербу... Мама заўважыла, што Пепіта чухаецца, уважліва прыгледзелася да ейнай поўстачкі... – Блохі! Фу! Адкуль толькі ў нашай Пепіты такая брыда? Бедная Пепіта... Яна згарала ад сораму і агіды... Давялося выцерпець купанне са смярдзючым мылам і спецыяльнымі лекамі... Пасля гэтага Пепіта перастала марыць пра высакародных разбойнікаў і вольнае кашэчае жыццё...
|