МЫШКА ПІК-ПІК І РОВАРЧЫК Неяк ноччу вылезла мышка Пік-Пік з норкі. Бегае па кватэры, шукае, што паесці. І знайшла на стале цэлы пачак пернікаў, кругленькіх, паліваных белай цукровай глазурай... З’ела адзін, другі, трэці, чацвёрты, пяты, шосты... А сёмы пернік перасеў недзе ў горле так, што ў мышкі заняло дыханне. «Кепскія справы, – падумала мышка Пік-Пік. – У мяне знік апетыт! Гэтак я ад голаду памру... Трэба тэрмінова нагуляць апетыт!» Нядаўна па тэлевізары паказвалі фільм, дзе цётактанцорак, каб тыя худзелі, змушалі ездзіць на нейкіх дзіўных роварах, прымацаваных да падлогі. І цёткі пасля дужа хацелі есці. А ў Веранічкі якраз нядаўна з’явіўся трохколавы роварчык! Пабегла мышка да яго, ускараскалася... А да педаляў – не дастае! Раззлавалася, саскочыла і моцнамоцна папхнула роварчык, так, што ледзь паспела зноў на яго ўскочыць. Але роварчык праехаў зусім мала. Давялося ўсё паўтарыць. З кожным разам мышка штурхала непаслухмяную трохколавую машыну ўсё мацней і нарэшце штурх нула так моцна, з такой злосцю, што роварчык разам з мышкай адарваўся ад падлогі і вылецеў праз расчыненае акно. «Ойёйёй! – падумала мышка Пік-Пік. – Гэта, мабыць, не роварчык. Гэта самалёцік. Ён падмануў мяне, прыкінуўся роварчыкам...» І тут роварчык абагнаў варону. Звычайную мясцовую варону, якая ляцела сабе, уцякала ад бяссоння. І раптам яе абагнала вялізная жалезная птушка, пранізліва сігналячы: – Пік-Пік! Пік-Пік! Варона нават прыпынілася з перапуду, але вырашыла высветліць, што ж гэта так нахабна лётае там, дзе толькі яна мусіць быць гаспадыняй. Дагнала страшыдлу... І ўбачыла, што гэта трохколавы роварчык, да якога прычапілася маленькае абледзянелае стварэнне з вісклівым голасам. «Недзе я ўжо бачыла гэты роварчык, – задумалася варона. – Ну так, ён належыць дзяўчынцы Веранічцы з таго двара, дзе я жыву! І сам лётае... Айяйяй! Непарадак!» І варона ўхапіла роварчык за нешта доўгае і тонкае, што матлялася за ім – гэта быў хвост мышкі Пік-Пік, – і развярнула роварчык у бок Вераніччынага акна. Бумс! Са страшэнным грукатам мышка і роварчык уваліліся ў кватэру. Пакуль Мама, Тата і Веранічка прачыналіся і здагадваліся, чаму прачнуліся, мышка пабегла ў норку, залезла пад коўдрачку і пачала адагравацца. Лёд на ёй раставаў і выцякаў зпад шафы ручаінкай. Мама, дзівячыся, выцірала ваду, выцірала, а яна ўсё цякла ды цякла. Мышка даўно забылася на падступны сёмы пернік, і ёй зноў дужа хацелася есці. Яна думала: «Я нагуляла такі добры апетыт, і ён прападае дарма! Ах, як шкада, што не ўдалося з’есці ўсе пернікі адразу!» Так мышка Пік-Пік думала, думала і заснула.
|