|
МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ САБЕ МАКІЯЖ
|
|
|
МЫШКА ПІК-ПІК РОБІЦЬ САБЕ МАКІЯЖ Аднойчы днём прыснілася мышцы Пік-Пік каўбаса. I так захацелася мышцы яе з’есці, што і сон прапаў. Пік-Пік думала: «Котцы Пепіце далі цэлую палку каўбасы за прыгажосць. А я – самая прыгожая мышка ў свеце! Чаму ж ніхто не прапануе каўбасу мне? Што ж зрабіць, каб на мяне звярнулі ўвагу?» I ўспомніла мышка, як Вераніччына Мама робіць макіяж – фарбуе павекі рознакаляровымі парашкамі, якія называюцца «цені», зачарняе вейкі тушшу, пудрыцца, намазвае вусны памадай, а пасля Тата ёй кажа: «Якая ж ты ў мяне прыгожая!» «Трэба зрабіць макіяж!» – вырашыла мышка. Залезла мышка на пісьмовы стол, зняла з паліцы скрынку з Мамінай касметыкай і села перад люстэркам. Больш за ўсё мышцы спадабалася памада ў прыгожым залатым футаральчыку. Пафарбавала мышка памадай нос. Ах, як прыгожа! Нафарбавала яшчэ вушы і хвосцік. Пасля Пік-Пік зачарпнула лапкай туш і нафарбавала вусы. «Гэтага мала», – падумала мышка і абвяла вочкі чорнымі кругамі. Што б яшчэ памазаць? Адкрыла мышка Пік-Пік каробку з Мамінымі ценямі. Там было многамнога рознакаляровых квадрацікаў. «Ну, не буду ж я па адной фарбе важдацца!» – вырашыла мышка, лягла проста на цені і некалькі разоў па іх пакачалася. Скурка ў Пік-Пік зрабілася стракатая, рознакаляровая, як вясёлка. Знайшла мышка яшчэ футаральчык з блішчынкамі, адкрыла яго і ўсе блішчынкі на сябе высыпала! У давяршэнне Пік-Пік зачарпнула пудры і напудрыла шчокі і лоб. «Вось цяпер ва ўсім свеце няма нікога прыгажэйшага за мяне!» – падумала мышка і важна пайшла, задзёршы носік, паказацца ўсім. У зале сядзеў Тата і чытаў газету. Раптам нехта перад ім сказаў: «Пі-пі!» Тата падняў вочы і ўбачыў, што на яго ідзе стракатая, бліскучая істота, з чырвонымі вушкамі, чорнымі вусамі, белымі плямамі на шчоках і доўгім чырвоным хвастом! «Гэта іншапланецянін! – падумаў Тата. – Зраблю выгляд, што мяне няма, а то ён забярэ мяне ў лётаючую талерку!» I Тата падціснуў ногі і схаваўся пад газету. «Што гэта з Вераніччыным Татам?» – здзівілася мышка Пік-Пік і пашыбавала на кухню. А там сядзелі Мама, Веранічка і Пепіта і пілі цёплае малако. І вось зайшло на кухню стракатае, бліскучае страшыдла з чырвонымі вушамі і чорнымі вусамі. Мама вырашыла ратаваць сям’ю і лінула на страшыдла сваё малако. А з другога боку на страшыдла абрынулася малако з кубачкаў Веранічкі і Пепіты. На падлозе ўтварылася вялікая белая лужына з рознакаляровымі разводамі. А ў лужыне сядзела разгубленая шэрая мышка. Засмяяліся Мама, Веранічка і Пепіта. А мышка Пік-Пік заплакала. Яна так старалася, а тут усю прыгажосць змылі!.. Усе перасталі смяяцца, і Мама дала мышцы кавалак каўбасы, каб тая не плакала. Схапіла мышка Пік-Пік каўбасу і пабегла ў норку. А Мама, Веранічка і Пепіта пайшлі ў залу і там убачылі пад газетай Тату. – Што ты робіш? – здзівілася Мама. – Тссс! – сказаў Тата. – За мной прылятаў іншапланецянін. Можа, ён яшчэ шукае мяне!.. Паглядзелі Мама, Веранічка і Пепіта вакол і не знайшлі ніякага іншапланецяніна. Тады Тата згадзіўся злезці з крэсла і схаваўся пад коўдру на ложку. А мышка Пік-Пік з’ела каўбасу і заснула, думаючы: «Я ўсё-ткі самая прыгожая мышка ў свеце!» I спала яна так крэпка, што яе не разбудзіў нават роспачны крык Мамы, якая знайшла на сваім стале тое, што засталося ад яе касметыкі!
|