РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прыгоды мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і Мікі Маўс
Мышка Пік-Пік прыбірае норку
Мышка Пік-Пік ідзе ў магазін
Мышка Пік-Пік рамантуе тэлевізар
Як тата стаў суперменам
Нячысцік, які біў арэхі
Мышка Пік-Пік i пан Абадран
Пік-Пік i Пепіта на паляванні
Завяшчанне пана Абадрана
Пепіта i высакародны разбойнік
Конкурс прыгажосці
Мышка Пік-Пік робіць сабе макіяж
Мышка Пік-Пік заблукала
Мышка Пік-Пік робіць прыпасы
Мышка Пік-Пік піша верш
Мышка ў кавуне
Мышка Пік-Пік і роварчык
Мышка Пік-Пік і халадзільнік
Мышка Пік-Пік ідзе на Вераніччын дзень народзінаў
Мышка Пік-Пік ладзіць дзень народзінаў
Пік-Пік i брацік
Мышка Пік-Пік гуляе ў бальніцу
Веранічка ідзе на вайну
Шакаладнае дрэва
Як Мышка Пік-Пік сустракала Новы Год
Мышка Пік-Пік на сцэне
Мышка Пік-Пік робіць фрызуру
Мышка Пік-Пік як навуковае адкрыццё
Мышка Пік-Пік займаецца бізнесам
Мышка Пік-Пік едзе ў вёску
Мышка Пік-Пік і папугайчык
Вайна з лялькамі
Мышка ў космасе
Мышка Пік-Пік есць арэшкі
Мышка Пік-Пік і пясочны торцік
Мышка Пік-Пік плыве за бананамі
Мышка Пік-Пік і мыла
Мышка Пік-Пік – гангстэр
Тата лечыць мышку Пік-Пік
Мышка Пік-Пік і гітара
Мышка становіцца птушкай
Мышка Пік-Пік і рыбкі
Мышка і дамавік
Партрэт мышкі Пік-Пік
Мышка Пік-Пік пячэ торт
Мышка Пік-Пік танчыць
Падступныя мурашкі
Мышка Пік-Пік і спроба гвалту
Мышка ў падарунак
Прывід мышкі Пік-Пік
Пік-Пік у казіно
Мышка Пік-Пік сачыняе казку пра сябе
ЗАВЯШЧАННЕ ПАНА АБАДРАНА
        
ЗАВЯШЧАННЕ ПАНА АБАДРАНА

        
        Гуляла мышка Пік-­Пік разам з Веранічкай на вуліцы. Была восень. З дрэў абляталі жоўтыя і чырвоныя лісты. У рознакаляровым дыване апалай лістоты мышка ўбачыла круглыя шакаладныя цукеркі! Ухапіла адну, укусіла... Страшэнна горкая і зусім не шакаладная!
        – Гэта каштаны, а не цукеркі! – засмяялася Веранічка. – Іх нельга есці!
        Але выглядалі каштаны так прыгожа: бліскучыя, апетытныя... I мышка назбірала іх проста так, а калі вярнулася ў норку, паклала ў пустую цукерачную каробку:
        – Буду глядзець на іх і думаць, што гэта цукеркі.
        Між тым падвальны пацук пан Абадран аніяк не мог забыцца прыемнага гасцявання ў мышкі Пік-­Пік. Часта ўспамінаў ён, галодны, мышчына сала і ўяўляў спакусныя яе прыпасы. I вось аднойчы наважыўся пацук наведаць багатую паненку, але на гэты раз без яе дазволу. Папоўз пан Абадран па вентыляцыйнай трубе, дабраўся да знаёмай дзіркі. Але яна аказалася замазанай пластылінам. Доўга важдаўся пацук, пакуль зрабіў ход у норку. Асцярожна высунуў нос: нікога няма! Скочыў пан Абадран у норку мышкі. I першае, што ён убачыў, была каробка з шакаладнымі цукеркамі! Кінуўся пан Абадран на ласунак, разжаваў адну цукерку, праглынуў... Вой, як зрабілася пану кепска!
        – Атрута! – завішчэў ён. – Гэтая скнарышча мышка спецыяльна пакінула тут атручаныя цукеркі, каб калі хто залезе, здох. Паміраю!
        I пан Абадран у жаху кінуўся дадому.
        У родным падвале небарака лёг на кучу пяску, задраў лапкі і падрыхтаваўся паміраць. На няшчасце, гэта заўважыў даўні вораг пацука – дзікі кот Мурзік.
        – Вось цяпер я нарэшце з’ем цябе! – мяўкнуў кот і ашчэрыў пашчу над Абадранам.
        – Нашто ж і табе паміраць... – прашаптаў Абадран. – Ты ж яшчэ малады...
        – А чаго гэта я буду паміраць? – спалохаўся Мурзік.
        – Бо я наскрозь атручаны... Таму і развітваюся з жыццём...
        – Вось яно што... – Мурзік прысеў і нават пашкадаваў паміраючага.
        А пан Абадран усё шаптаў:
        – Ты апошні, каго я бачу ў гэтым жыцці... Таму завяшчаю табе ўсё, што маю, – кавалачак каўбасы, хвост селядца і скарынку хлеба... Толькі выканай, сябра, маю апошнюю просьбу...
        – Добра, добра, – аблізнуўся Мурзік. – Выканаю, кажы.
        – Ідзі, сябра Мурзік, і з’еш зладзейку, што забіла мяне так падступна.
        – Лёгка сказаць – з’еш... А калі яна мяне з’есць? – засумняваўся Мурзік.
        – Не хвалюйся, дружа, хоць пані Пік-­Пік і хітручая, але яна проста адкормленая мыш.
        – А, мыш! – узрадаваўся Мурзік. – Гэта іншая справа. Гэта я з задавальненнем. А дзе мая спадчына?
        Знясілены пан Абадран паказаў у куток сваёй кучы:
        – Тут адкапаеш...
        – Ну, добра, на закуску мне будзе! Кажы, дзе тая мыш жыве!
        I Мурзік пайшоў на крывавую помсту. Між тым паміраючы ніяк не паміраў. Ляжаў, ляжаў, есці захацелася... Дастаў пан Абадран каўбасу, кату завешчаную, зжаваў... Пасля – хвост селядца. А там і скарыначка канец свой знайшла ў страўніку пана Абадрана. I тут вярнуўся Мурзік.
        – Як, ты яшчэ жывы?! – абурыўся кот. – Ну, усё роўна, давай маю спадчыну...
        Разгроб Мурзік пясок у кутку і падазрона паглядзеў на пацука:
        – А чаму ад цябе селядцом пахне?
        Засмуціўся пан Абадран. А Мурзік раззлаваўся:
        – Ну, я табе зараз памагу памерці! – і – на пацука...
        А пан Абадран, як і не хварэў, як дасць лататы, толькі хвост ягоны і разгледзеў кот у шчыліне...
        Што ж адбылося ў кватэры мышкі Пік-­Пік? Пра гэта – наступная казка.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.