МЫШКА ПІК-ПІК І ГІТАРА Аднойчы мышка Пік-Пік гуляла па кватэры. Яна бегала па падлозе, а потым пачала залазіць на фатэлі і скакаць па канапе. Скокскок! Скокскок! I тут мышка заўважыла, што, калі яна падскоквае, нешта наверсе тоненька звініць: «Дзінь-дзінь-дзінь!» Мышка агледзелася і ўбачыла, што над канапай вісіць гітара. Але Пік-Пік не ведала, што гэта за прадмет. Зацікавіла яе толькі круглая чорная адтуліна ў жоўтым дрэве. Мышка вырашыла, што гэта – норка. А ў норцы жыве яшчэ адна мышка. «Трэба пазнаёміцца з гэтай незнаёмкай, – падумала Пік-Пік. – У кожнай прыстойнай мышкі ёсць у норцы нешта смачнае». I Пік-Пік пачала падскокваць на канапе: скок-скок! Гоп-гоп! Скок!.. I апынулася ў чужой норцы. Але там было зусім пуста. Там не было ні мышкі, ні прысмакаў... I Пік-Пік захацелася вылезці адтуль, але гэта зрабіць яна не змагла. – Пі-ік, пі-ік... – заплакала мышка. І нехта тоненька паўтарыў у яе над вухам: – Пі-і-ік, пі-і-ік!.. – Хто тут? – спалохалася мышка. – Гэта я, музыка! – празвінела ў адказ. – Я тут жыву. – А што ты ясі? – адразу пацікавілася мышка. – Нічога... – Ах, нічога? Тады выпусці мяне адсюль як мага хутчэй! – Ты што, не хочаш мяне паслухаць? – пакрыўджана прагаварыў тоненькі галасок. – Мяне ўвесь свет слухае! Мяне любіць нават Мама... Ды вось нешта зусім рэдка апошнім часам яна бярэ гэтую гітару ў рукі. Так што пайграю я для цябе! – А што ты мне дасі за тое, што цябе паслухаю? – спытала Пік-Пік. – Асалоду прыгажосці! – урачыста прагаварыў прывідны галасок, і струны пачалі ўжо назвоньваць нешта прыгожанькае... – А што, гэтая «прыгажосць» падобная да смаку торціка са сметанковым крэмам? Альбо на шакаладную цукерачку з вафелькай унутры? – зацікавілася мышка. – Гэта нашмат, нашмат лепей! – запэўніла нябачная суразмоўніца. І струны зноў зазвінелі... – Што гэта з маёй гітарай робіцца? – раптам пачуўся здзіўлены голас Мамы. Пік-Пік адчула, што яе прытулак кудысьці рухаецца, і заверашчала ад страху. – Гэта ты, Пік-Пік, сюды залезла? – абурылася Мама, перавярнула гітару і патрэсла над канапай, на якую і вывалілася Пік-Пік. – Ну, калі ты сапсавала інструмент, шкодніца... – пагрозна пачала казаць Мама, але Пік-Пік жаласліва прапішчэла: – Ды я проста музыку вельмі хацела паслухаць! Музыка там, у норцы гітарнай, жыве. Але ж ты рэдка яе выпускаеш на волю. Ёй там сумна... Ад гэтых слоў Мама аж разгубілася: – Вось не ведала, што наша аматарка цукерачак так любіць музыку. Ну, добра, зараз сыграю... Мама села на канапу і пачала іграць на гітары вясёлую песеньку. Хутка на гукі музыкі сабраліся Тата, Веранічка, Максімка, Пепіта. Усе сядзелі, слухалі, а потым нават пачалі падпяваць. І ў гэты момант мышцы было так прыемна, нібыта яна ела смачны салодкі торцік.
|